Лучынка (часопіс)/1/Тытаніка
← Міхаська | Тытаніка Апавяданьне 1914 год |
Малады дубок → |
Тытаніка.
Шмат залежыць, як чалавекам кіруюць з маленькосьці. Калі дзіця стараюцца гадаваць так, што яно бачыць навакола сябе праўду, дабрату, справедлівасьць, то можна сьмела спадзевацца, што з гэткаго дзіцяці вырасьце і шчыры, справедлівы добры чалавек, і на адварот: дрэнна гадуючы дзіця, чэкай, і дрэннаго чалавека. Такжэ часам трапляюцца і вырадкі.
Гэтак сама бывае і з цэлымі народамі. Як які народ паставіць мэтай развіць у сабе добрые звычаі дзеля таго ён будзе старацца, каб у школах роднаго краю вучылі аб гэтых добрых звычаях, каб у кніжках аб іх пісалі, каб у хатнім жыцьцю сьцераглі гэтых звычаяў. Такім спосабам дабьецца гэты народ, што у супраўду сваімі добрымі звычаямі будзе вырожнівацца паміж іншымі народамі.
Прымерам такога народу могуць для нас быць англічаны. Англічаны з даўных давен стараліся развіць у сабе адвагу, сьмеласць, пашану для працы і для абавязку, помач сільнейшаго для слабшых і шмат-шмат ішчэ іншых добрых старон ў чалавечай натуры.
Багацьця сваей душы выказалі сыны англіцкаго народу летась, як тануў карабль Тытаніка.
Вечная ім слава ідзе і памяць ад усіх народаў!!
У 1912 гаду быў выбудаваны карабель Тытаніка, каторы па сваей вялічыне, быстраце і выгодзе меўся быць найважнейшым караблём паміж караблямі усяго сьвету. Даўжыня Тытаніка была больш чым чацьверта часьць вярсты; быстрата плыцьця — сорак верстаў у гадзіну.
Народу зьмясьціць мог у сабе столькі, колькі мае у нас сярэдняй вялічыні беларускае мястэчка. А ў сярэдзіні то ужо такая роскаш — багацьце было заведзена, што трудна апісаць. Было неколькі у Тытаніка паверхоў (этажоў), у кожным паверсі шмат пакояў, саляў. Былі у гэтым караблі устроены і лазні, і ванны, і асобные пакоі для куреньня паперосаў; салі для гімнастыкі, для балёў, канцэртаў. Была на Тытаніку і вялікая аркестра музыкаў. А як хто багаты ехаў, то мог хоць тры пакоі сабе наняць, ведама за вялікіе грошы.
Дзеля таго сабралося між пасажырамі шмат вельмі багатых і слаўных людзей. З нашаго краю было неколькі чалавек — але звычайных бедакоў, шаракоў, едучых за морам шукаць хлеба.
З літоўцаў ехаў малады ксёндз Монтвіч, кажуць, надта добры быў чалавек.
Тытаніка толькі першы раз выбіраўся ў дарогу і адплываў з Англіі у Амэрыку, як які вялізны пышны палац, асьвечаны электрычествам; музыка вясёла іграла. Пасажыры сьмела ад’ежджалі і сядзелі на Тытаніку спакойна, як у Бога за плячыма.
У ночы з другога красавіка на трэці быў вялікі канцэрт-баль на караблю Тытаніку. Паням і паненкам, прыбраным у лёгкіе сукні, нават у галаву не магла прысьці думка, што за гадзіну якую ім прыдзецца выскакаць у халодную ваду бязконца глыбокаго мора. Ноч цёмная, немая глядзела і вецер глуха выў, гудзелі фалі. Карабель на палавіну дарозі ад Англіі да Амерыкі, горда сьпяшыў наперад: ледзяная гара-сьмерць паволі збліжалася вадою да Тытанікі.
Пасажыры да позна весяліліся. Скончыўся баль. Некаторые пачалі разыходзіцца па каютах (пакоіках), а некаторые селі у карты іграць; іншые зноў шпацыравалі сабе спакойна.
Толькі некалькім пасажырам задалося, што карабель як бы аб штось крыху стукнуўся; але ніхто не спалохаўся. Пасажыры спакойна клаліся спаць.
Толькі адзін камандзер-капітан карабля зразумеў, што ратунку немашка, што тысячы людзей знойдуць сьмерць у моры. „Адчапляць чоўны, спушчаць на ваду! будзіць пасажыраў! Найперш ніхай садзяцца кабеты і дзеці малые“, скамандаваў ён спакойным голасам. „Музыкі, грайце найвясёлейшые рэчы, каб дадаць адвагі баязлівым!“ а у тэлефон спешна паведамляе маладзенькаго тэлеграфіста Філіпса: „Высылайце тэлеграмы усім караблём, што наш карабель прадзюраўлены, пасажыраў спасаем на чоўны і не трымаімся на моры доўга, хіба якіе дзьве-тры гадзіны“. Тэлеграфісты пры апараце збялеў як хустка, але цьвёрдай рукой бьець тэлеграмы ваўсе староны бязмернаго акеана! „Тонем…. ратуйце, карабель прадзюраўлены“….
Адзываюцца тэлеграмам кожные караблі, але найбліжэйшы карабль і той так далёка, што толькі можа прыплыць за шэсьць гадзін. Тэлеграфіст дае знаць камандзеру: найбаржджэй прыдзе помач толькі за шэсьць гадзін. Такая вестка для капітана тэлеграфісты усё роўна што пярун, бо яны добра ведаюць, што карабль не прадержыцца столькі па моры. Аднак ні малады тэлеграфіст неперерывае свае работы на тэлеграфі думкай аб старэнькай матцы; ні капітан не плачэ на сваімі, дзецьмі каторые хутка астануцца сіратамі, але ратуе чужых дзяцей. Як сядалі у лодкі кабеты і дзеці, то ні адзін мужчына англічанін не намагаўся, каб сесьці у лодку, хоць яго раздзелялі з жонкай, або дзеткамі. Калі вельмі старэнькаму мільянеру Шмідту сказалі: „Вы па сваей старасьці можэце сядаць у лодку:“, „Не“ адказаў Шмідт „цяпер сядаюць толькі дзеці і кабеты“. „І я не сяду, с табою астануся“, азвалася жонка Шмідта і после разам абое утанулі. Лодкі перапоўненые тонуць. Людзі, непасьпеўшые апрануцца, качанеюць у халоднай вадзе. „Ужо два паверхі пад вадою“ тэлефануе капітан тэлеграфісту Філіпсу. Філіпс кідае тэлеграму караблям: „Ужо два паверхі пад вадою, ратуйце!!“…. Музыканты іграюць, маракі даліі сядзяць пасажыроў; ніхто с каманды ня думае аб себе. Тонем! ужо чацьверты паверх пад вадою, зараз пойдзем на дно, спяшыць капітан паведаміць Філіпса…. Электрычества гасьне, карабль цёмны; навакола стаіць плач, крык. Сынок мой, сыночак, тоне, — ламае кабета рукі. Капітан кідаецца у мора лавіць хлопчыка, аддае мацеры, а сам варочаецца на карабель. Тытаніка устае адным канцом да гары, ківаецца. Музыкантам устаюць валасы на галаве, ускрыківаюць: тож мы тонем…. „Гімн на астатак заіграем!!“ крычыць задушеным голасам капельмэйстэр „Мы бліжэй к табе Божа“. Заплакалі інструмэнты у дрыжачых губах музыкантоў. „Ратуйце…. пасажыроў“….., пасьледніе словы выбівае Філіпс. Тытаніка ідзе на дно. Вада забульбатала, выгладзілася; і ані знаку страшнай магілы.
Сьпіце сном вечным капітан, Філіпс, музыканты, і ўсе тые, што аддалі сваё жыцьцё, за жыцьцё другіх: памяць аб вас не загіне; будзе яна будзіць у сэрцах людзкіх новых веліканоў-багатыроў і падымаць іх на нязьмерану высату чалавека над зьверам.!!
Б—а.