Лучынка (часопіс)/1/Міхаська
← Да сьветлых зор! | Міхаська Апавяданьне Аўтар: Цётка 1914 год |
Тытаніка → |
Міхаська.
Міхась вельмі не ахвотна на гэты сьвет прыходзіў. Тры дні радзіўся. Людзі рукамі махнулі: „нічога ня будзе ні з мацеры, ні з дзіцяці“, казалі. Толькі на чацьвёрты дзень: „угай, угай“, загаласіў на ўсю хату народжаны хлопчык.
Матка глянула: Божэ, якіж брыдкі! хаця б шчасьлівы быў… зашэптала бедная кабета, хацела пацалаваць дзіця, адкрыла вусны, але не стала сілы…. заціхла…. Заціхла так, як песьня часам ціхне на найжаласьнейшым сваём слові….
У хлопчыка насок з добрую бульбачку; барада — брылём закручана, праз усенек левы тварычак чырвоная пляма радзіма. Адно вочка глядзіць у правы бок, другое — ў левы. „У Імяйца i Сына“ ось гдзе Божа кара!!“.… ледзь здоляла прабалбатаць бабуля, купаючы першы раз дзіця.
Міхася-сірату запіхнулі ў запечак; так ён там і рос, не мяркуючы, як тое дзікае зельечка пад абваліўшымся тынкам.
Адзін раз зімой парасяты, гуляючы, адкінулі качаргу, памялу і розны іншы гаспадынін рыштунак. Запечак разявіў чорны рот, а у ём, як белы зуб, паказалася сьветларусая галоўка Міхася. Сонейка на тую пару, праз вакно улезшы, блудзіла па хаці і, убачыўшы Міхася, падумала: бедны хлопчык! Улезла на прыпечак, ды давай забаўляцца з Міхасём: лып, лып! па галоўцы дзіцяці колькімі праменямі. Хлопчык у кудлачках аж паскрабецца з дзіву. А слонка лып, лып! дрэчыцца далей. Міхась пачаў лавіць — сонейка за косы, а тое с прыпечку — гоц, ды за дзьверы. Міхалюк у аднэй сарочцы ў дагонку на падворак: пазаплоткамі ляціць, цешыцца, сьмяецца. Ажно скуль ня вырвенца Воспа і ідзе, брыдзе, пад нос мармочэ; спаткаўшы Міхася, аж заіржала з радасьці, паганка. „А мой ка сякі, а мой ты такі“…. кінулася да Міхася цалаваць, абымаць…. „Адхініся, лупатая!“…. чуць ня ўдэрыў яе Міхась, дый лататы ў хату.
Калі распаліць пасьля хлопца; мурашкі па скуры гіжаць і у падошвы смаляць.
„Гвалт“ — крычыць мачыха, „гэтаж у Міхася воспа, ён і мае дзеткі заразіць“. Што тут рабіць? Параіліся, ды яшчэ глыбей Міхася у запечак засунула.
Сколькі хварэў Міхась, хіба сам час знае, ды тые прусакі, што с хлопчыкам разам грэліся ў запечку. Толькі пасьля воспы, як паказаўся Міхась на хаці, дык ажно куры закудакталі с перапуду. Певень хоць куды сьмялейшы, аднак стуліў і ён у трубку хвост. „Р-а-б-ы, Р-а-б-ю-ю-т-а-н-ь-к-і!“ закукарэкаў і схаваўся ў падпечак, хітры. Выдзярыкуст адразу як ма быць пазнаўся на пекнасьці хлопца, бо аб Міхася твар, хоць хрэн дзяры. Столькі вываратняў на ём воспа накачала.
Пачаў Міхась у поле скаціну ганяць. Чураўся ўсіх, хадзіў насупіўшыся, ня верыў нікому. Як хто на яго глянуў, зараз Міхасю здавалося, што той аб ём думае „у-у які рабы, страшны хлопец“. На тую пару якраз пасыпаліся прозвішчы ад пастухоў: „Рабы, Галдабыр, Касьня“…. куды — на валовай скуры тых прозьвішчаў усіх ня спішыш. Міхась маўчаў, зубы сьцяўшы, а ў патайне ўсіх ненавідзіў. Кожнаму мсьціў колькі мог: гдзе катораго пастуха птушку асочану з гнезда выпарэ, то торбачку с хлебам у балота закіне і чужую скаціну у шкоду нажане. Жывіна так сама не зазнала ад Міхася ласкі: бізуном рэзаў кожну скуру; Мацеяваму бычку рог скруціў; падцёлцы Канцавога Лукаша зьбіў клуб. Нат сорамна расказываць, такіе ліхаты выкідываў.
„Па што ты майму Рэбчыку хвост адарваў, касавокі ты асмоляк, гад!…. сварыцца, на чым сьвет стаіць, старая Алена. А Міхась — не, не — ды новую закавыку прыдумае. А як ужо німа да чаго прычапіцца, то хоць мухі ловіць і скрыдлы абрывае. „Вірутны чорт“, думалі аб Міхасю людзі. Пастухе збрыдзілі, не падпускалі хлопца да сябе, як вужаку і Міхась асобна пасьвіў сваю скаціну. Праўду сказаць і сыпалі хлопцу не раз да жывога, але Міхась неяксьце заціснуўся ў сабе, што ні пісьне, ні ёйкне, хоць ты яго засячы да сьмерці. „Божухна, што гэта за дзіця! проста апускаюцца рукі, ахвота прападае біць“, скаржацца тые людзі, каму Міхась шкоду, зробіць.
Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць, такая пэўна выраслаб з Міхася цацка, каб не адно здарэньне.
Была ўжо позная восень; холадна, туманна і дробны дожджык сыпаў імглой і пачарнелые поле і луг лежалі ў некім моташна-мёртвым сьне….
Пастухе разлажылі агонь. Вялікае вогнішчэ рагатало і пеклася бульба. Яська, па прозьвішчу Даўгавязы, дуў з усей сілы у трубу: „Тру-тру-ў-ў-ў…. ішло рэхам па апусьцелым полі, ды шчэ сумнейшэй ставала восень. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозі, водаль ад пастухоў. Галоўка яму нешта балела, пылалі шчокі. Скуліўся у клубок, бытцам тая шэрая купінка, наточана кротам. Думкі яго былі невясёлые, поўные сьлёз, бы тые васеньніе хмаркі, ня выплаканые дажджом. Часам нават скаржыўся: „праўда, казаў, нягодны я хлопец, усім прыдумываю ліха, але хто для мяне добры? Усе як на ліхога сабаку: „а ту… а та-та“!….
Горкіе словы каціліся з дзіцячых губак, як цяжкіе каменьні на мужыцкую ніву. Бычок чорны недалёка хадзіў. Міхась, натрапіўшы касымі вочкамі на бычка, яшчэ горэй даўся ў жаль. „Такі чорны гад, як гэты бычок, і той мяне ня слухае!…. Нябось, іншых пастухоў баіцца: толькі крыкнуць, зара адверне рыла ад шкоды, а мяне…. каб с це скуру!!“ Ня вытрываў хлопец, схапіўся і з усяго маху сьцебануў па хрыбляціне чорнаго бычка. Бычок падскочыў, адбег, аглянуўся: „павесься“! здавалося закляў ён сваім бычачым розумам і пашоў да стада. „А-а-а! паскаржся“ крыкнуў у дагонку бычку Міхась і раптам заплакаў: Агэ, гэ, гэ….
Ня вытрывала дзіцяча сэрца ў маркотны васеньні дзень, каб не пажаліцца над сваёй сірочай доляй. Міхасю стала завідна, што нават бычок і той мае для сябе прыхільнае стада….
„Дзяржы! бяры!…. Янук! Ігнат!…. лаві, ата-та!.… загрухацелі цэлай грамадой хлопцы. Беглі, гналіся упапярок загонаў за падстрэляным жоравам. Птушка ляцела, падала, уздымалася, бегла, з леваго скрыльля капала кроў. Нага была перабіта. Хлопцы немала што ўжо хваталі за перье акалечану птушку, але яна недавалася, уцякала, выбіваючыся з апошніх сіл. Угледзіўшы Міхася, мо падумала што куст, або што іншае…. згадаеш птушку.
Але, толькі даляцеўшы да хлопца, удэрылася ўсім целам у яго грудзі „Крр- крр“…. жалосна запішчала. Міхасю здалося быццам птушка просіць: „ратуй…. ратуй“….
Шасьць — Міхась абхінуў жорава поламі рванай сьвіткі і растапырыў рукі — „Аддавай, рабы“! закрычалі хлопцы — „Не дам!“ — „Аддавай!“ — „Не дам“ — „Аддавай“, крычалі пастухе, абступіўшы цесным кругам, турзалі Міхасём, як высахшай галінай.
— Адыдзіце, ёй, не турзайце, застагнаў Міхась, пад сэрцам цісьне…. Пусьціце! Хлопец хапіўся за грудзі…. ёй…. ёй…. штож гэта…. нне…. не пасьпеў дагаварыць, зьбялеў, як палатно, і асунуўся ў разору. Пастухе перапалохаліся. „Вады!“ скамандаваў найстаршы“…. Міхась, Міхаська, братка, мы табе жорава аддамо“, пачалі ўгаварываць, падымаць, качаць. Хлопец, лежаў, бы надломаная саломінка. Задыханы прыляцеў Янук с поўнай шапкай вады. Адчынілі козікам зубы, ўлілі колькі капляў вады. — „Міхась, братка, ці чуеш?“ Цераз поўмінуты Міхась уздыхнуў, губы пачалі чырванець. „Перанясём“, азваўся каторысь з хлопцаў. Асьцярожна ўзялі пастухе Міхася на рукі і перанесьлі да вогнішча. Міхась, як адкрыў вочы, бачыць вогнішчэ пылае, пастухе каля яго кратаюцца, кажушок пад галаву падлажылі, гальля ў вагонь падкідаюць, каб цяплей было; жораву скрыдлы падвязываюць, хлеб крышаць; „на — кажуць птушцы — еш, пасьля Міхась цябе накорміць ячменем“. Міхася сірочае сэрца улёт дабрату хлопцаў зразумела. Хочэ да іх загаварыць, падзякаваць, але галоўка цяжкая, векі ліпнуць, а нешта у нутры шэпчэ: пасьля, пасьля….
Ледзь пастухе адвялі Міхася да хаты. Жорава забраў с сабой. — „А гэта што?“ накінулася мачыха і хапіла жорава за скрыльля і выкінула ў сенцы, „Ты зноў хворы? Думаеш буду с табой цацкацца, дармаедзе?!“.
Міхась прысланіўся ў качарэжніку, стаіць, бы асінавы пеньчык. „Спаць, спаць“…. ласяцца думкі. „А гыля…. а гыля“ выляцела мачыха гусей адагняць ад карыта.
Міхась, азірнуўся сонна, зачэрпнуў жменяю гароху з апалушак, падняў жорава і палез у запечак.
Цёмная чэлюсьць скрыла дзьве бязсільныя крыўды….
Пастухе ураіліся Міхасёву скаціну пасьвіць. Часам каторы з хлапцоў забегаў на птушку падзівіцца.
Птушка хутчэй папраўлялася ад Міхася; але сядзелі разам у запечку, нераз страшэнна галодные, бо мачыха абодвых ненавідзела. Як выходзіў жораў, то зараз гналася с пожахам за ім. — „Бедны клыбачка, галодны“ літуецца Міхась над жоравам. — „Крр“, як бы адказуе птушка. — „Нудна табе, сірата ты мой: радня выляцела далёка, пакінула цябе аднаго. Не плач! бо і я таксама адзін, як той калочак у плоце; матулька ў пясочку ляжыць, ня прыдзе сынка хворэнькаго адведаць…. Як выздаравееш, — узьнімемся на скрыльля і паляцімо далёка, далёка…. аж пад сонейка яснае…. Праўда, клыбочка? — „Крр“ — „Эх, ты, жораўка, братка ты мой родненькі“, цалуе па перья хворы Міхась птушку.
Жораў Міхася слухае, аднак свой розум мае. Хутка прыгледзіўся і зжыўся з хатнім парадкам. Гаспадыні пад ногі ня лезе. Парасяты, як лішне прыстаюць да малога дзіцяці, так іх зараз дзюбом карае. Над курмі стаў праўдзівым ваеводай: да парадку прыводзіць і ні адна не адважыцца узьляцець на лаву. — „Каб ты здохла, якая ты разумная, птушка“, падчас ўдабрухаецца мачыха і падсучэ жораву сьвінога цеста.
Ужо былі добрые прымарозкі, як Міхась пачаў выходзіць на хату. Бляды як сьняжыначка, нічога не баліць, толькі часам закашляе. Зрабіўся паслухняны, спакойны, задуманы. Бульбу мачысе скрабе і дзіця гадуе, хату падметае. А жораў — бытцам хвост хлопцаў: ззаду ходзіць — не адстае.
Аднэй лыжкай ядуць, разам сьпяць. Міхась, здаецца, сваю сарочку ўлажыў бы на жорава, каб гэта выпадала.
„Жораўка, пацалуй“ Міхась падстаўляе шчокі. Птушка грымзае дзюбам па твару, а сіраце здаецца, што яго і сапраўды цалуе. Цешыцца, — не нацешыцца хлопец. „Пачкай, клыбачка, прыдзе весна, пажэнем кароўкі ў поле і скруцім дудку, будзем іграць!! Жупяць, не нажупяцца сабе два хваравекі.
Час ім хутка ідзе, быццам вада плыве. Вечарам бывае, што прыдуць вясковые хлопцы палядзець на жорава, казкі часам расказываюць….
Міхась пад вясну неяксьць стае лянівейшым: усё яму хочэцца больш полежаць; з хлопцамі адпала ахвота кумпанства вадзіць. Работа, празначэная мачыхай, часта ляжыць не пачынанай, а за гэта мачыха часьцей куксае хлопца. Міхась з жоравам вытварылі сабе нейкае асобнае жыцьцё; бяз слоў разумеюць адзін другога; с сабой не разстаюцца.
Хутка праляцела зіма; павеяў цяплейшы вецяр; пачаў сьнег сходзіць і мухі забарабаналі на вокнах. Але Міхась ужо ня прывітаў вясны, ня выбег на вуліцу. Лежаў, як аплатачак сухенькі, таяў як васковая сьвечачка. Усе ведалі, што Міхасёвы дні ужо палічаны.
Мачысе сэрца падказывала: „Хутчэй бы дайшоў“…. Жораў не хадзіў, як калісь па хаці, але стаяў у кутку, скрыльля апусьціўшы, і думаў нейкую людзям незгаданую птушыную думу. Ня было каму птушку накарміць, ня было каму с птушкай пажупіць.
У чацьверг раніцай сонейка цэлай галавой укацілося да хаты.
Куры кудкудахталі з вялікай курынай радасьці. Кот Мацей, скочыўшы с печы, пачаў мыцца. Гудзелі на шыбах мухі.
Паршучок рабенькі разваліўшыся ля парогу: „рох….-рох-рох“ славіў сьвінскім абычаем прышоўшую вясну. Мачыха набільніцамі — та-та-та-та — стукала, ажно рэха на вуліцы ёй адгуківала — ткала шарак.
„Мама“…. азваўся зьменяным голасам Міхась. У мачыхі сьціснулося горла ад страху. „Смерць“ — віхром праляцела ў галаве кабеты, бо Міхась ніколі яе не зваў мамай: неяксьць бяз гэтаго абыходзіўся ў гутарцы.
„Мама…. мамачка!“ клікаў прысьпешаным голасам. — „Зараз бягу, Міхаська, чаго хочэш?“, „Дай мне жорава.“ — „Міхаська, а мо хочэш малачка?“…. „Не, нічога не хачу, дай мне толькі жорава!“ Мачыха паднесла жорава, паставіла на пасьцелі, а сама бягом на вёску склікаць баб.
Пакуль зышліся кабеты, Міхась ужо лежаў мёртвы. Жораў лапатаў скрыдламі, тоўкся с кута ў кут…. „крр-крр“ жаласна пішчаў, куры кудахталі…. „куд-куда, куд-куда;“ „а-у-у-у“ — ня вытрываў пад сталом Лыска і жаласна завыў і толькі падсьвінак рабенькі лежаў ля парогу і радасна „рох-рох“ — хваліў сьвінскім абычаям вясну.
На хаўтуры сабраўся народ. Нават старая Алена, у каторай калісь Міхась Рэбчыку хвост адкруціў, стаяла пры мачысе, ды
адчытывала аванэлю па нябошчыку — Міхасю.
— „Бедная ты, суседачка, отож табе смутак, гэтакі хлапец удалы быў! Гэтаж жарты? каб ён, каму грушачку зглуміў або агурочак вырваў“….
Жораў, забіўшыся ў качарэжнік, прымкнуў вочы. Хто яго знае, ці ён спаў, ці яму было брыдка слухаць Аленіных слоў…. а мо хацеў сабе запамятаваць ноту хаўтурнай песьні.
„Вечны пакой яго душачцы!!“ Загула ўся хата. Прыкрылі станом дамавіну і пачалі выносіць на могільцы. Жораў заварухаўся, азірнуўся па ўсіх кутах і вышаў за дамавінкай. Людзі дзівам задзівіліся і далі дарогу птушцы. Сумна, важна, як сплаканая маці, жораў першы пашоў за Міхасём.
„А-у-у-у“, завылі бабы ад птушынай мудрасьці. Пастухе цеснай грамадкай дзеркаліся ўсю дарогу па блізкасьці жорава.
Прышлі на магілкі і апусьцілі дамавіну з Міхасём у выкапаны дол. Пачалі засыпаць.
„В-е-ечны п-а-акой“…. застагнала песьня…. над сьвежай магілай; жораў задрыжэў, колькі разоў пахіснуўся на нагах і лоп-лоп…. узмахнуў шэрымі скрыдламі і узняўся да лёту.
Паволі, цяжка птушка падымалася ў ваблакі, бо несла с сабою вялікі жаль зоркам ясным, хмаркам белым…. „Крр-крр“, скаржылася гарачаму сонейку; „крр- крр“ расказывала напатканым брацейкам жоравам.
Цяпер могілкі ўжо парасьлі дзёрнам і там зялёна кругом. Як вокам сьцяць — густы лес шуміць. На магілцы Міхася крынічка стаіць і зьвецца яна „Жураўліные Сьлёзы“.
Васеньні вецяр гудзе, казку сумну нясе.
Жоўты ліст сьцеліцца зямлёю, і ціха, ціха на задушкі ў цёмную ночку шепчэцца с крынічкі вадою. Я падслухала гоман той, пажоўклага лісьця с крынічкі чыстай вадой і цяпер вяду сказ, як калісь жыў Міхась у запечку нашых хат, беларус малы брат.
Цётка.