Перайсці да зместу

Лучынка (часопіс)/1/Сьляды старыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сыночку Сьляды старыны
Абразок
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1914 год
Нашэ гуменцэ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сьляды старыны.

З высокай гары, як красачка з зеляніны, паважна глядзіць на ваколіцу старынны замак, абведзены высокімі пасівеўшымі сьценамі.

Калісь — у даўные часы, як ля гэтых сьцен гарцавалі ворагі, жадаючы лёгкай пажывы і крыві, з байніц грымелі гарматы, шлючы, шалёные кулі ў непрыяцельскі стан.

Цяпер блізка веку тут ціха і спакойна; замак вясёла пазірае ў неба, меняючы час ад часу свой выгляд пад рукамі чэлавека.

Не гудзяць і не кратаюць старыны кулі, ня гінуць ад іх бяз ліку людзі; жыцьцё плыве, як вада ідзе…..

Высокі акамянелы вал, заросшы высмаленай ад сонца травой і мейсцамі вышчэрблены мінамі непрыяцеля, як даўней, так і цяпер горда трымае на сваіх магутных плячох старыну. З высокіх байніц, быццам лютые зьверы, нема глядзяць у туманную даль гарлачы загрышпанелых гармат, адкуль з адважных рук выляталі с шалёнай сілай кулі, нішчачы усё, што спатыкалася на дарозе.

З высокай вежы зіяе і пераліваецца ўселякімі калёрамі на сонцы крыжык, а там званы, што калісь сваім працяжным рэхам ззывалі ў невялічкую каплічку людзей.

Маліліся тут шчыра, з вялікай верай, пад вялікай верай, пад гром гармат, маліліся і ў часе спакою.

Адсюль ішлі на валы, а адтуль ужо каго куды пакіраваў лёс….

Прайшлі вякі, а пра гэта арлінае гняздо і тых ваякаў, што змагаліся тут да апошняго уздоху, баронючы сваё право — не забылі.

Вялікіе абшарные пакоі са старасьвецкімі мэблямі і партрэтамі знатных ваякаў сьведчаць памятнікам старыны. Глянуўшы на малюнкі партрэтаў, вочы не зразу адарвеш, жадаецца угледзіцца, узгадаць іх жыцьцё, добрые і благіе справы, і час сьмерці, каторая, ні звіжаючы ні на багацьце ні на славу, рабіла сваё.

Перад вачыма ў пекнай аправе, як жывы, малюнак вядомаго гэтмана, каторы калісь то, дбаючы толькі аб дачэснай карысьці, аддаўся у рукі ворагу і упоруч з ім праліваў братнюю кроў…

Побач з гэтым партрэтам вісіць малюнак адважнаго рыцара, каторы, накрыж трымаючы у руках знамя і меч, клянецца перад народам, што будзе змагацца з ворагам да апошняй каплі крыві. А далей партрэт яшчэ маладога, але ужо досыць вядомага і шчырага ваякі, што вядзе войска супраць ворага і, здаецца, у вачах яго гарыць іскра, каторая распаляе адвагу і як промень асьветляе надзею у змагаючыхся за свае правы і дарагую бацькаўшчыну.

Між малюнкаў скрось на сьценах вісяць іх жалезные латы і мечы, каторые мелі пры сабе тые бязсмертные багатыры.

Нічога не загінуло, усё іхняе тут, і з вялікай пашанай сьцеражэцца маладым пакаленьнем. Адвага і сьмеласць іх відаць ня толькі на партрэтах, а з большай праўдзівасьцью усе іх паступкі апісаны у гісторыі, гдзе на векі адбіліся, як у крыштальнай вадзе.

Вечка дамавіны прыкрыла толькі іх цела. Малюнкі-ж партрэтаў адбілі вырысы твароў, а гісторыя, як люстра, праўдзіва паказала, хто чаго варт.

Там відаць, хто да чаго быў здацен, хто змагаўся з ворагам за родну краіну, а хто прадаваў за золата і діамэнты роднаго брата і родную старонку.

Галубок.