Па камэры вузкай сную
Ад дзьвераў акутых да крат.
Шэсьць крокаў наперад-назад.
І песьні цэменту лаўлю:
Трах-тах-трах-тах!
У вушшу разьлягаецца стук,
Грахоча і стогне асфальт.
Сэрца канае ад мук,
А цэмэнт уторыць нагвалт:
Трах-тах-трах-тах!
Чагосьці мне жаль і туга,
Па чымсьці я сьветлым сумую.
Мо’ жаль мне вясну маладую?
Па чым так маркочуся я?
Што сяджу я за кратай сталёвай,
Мне ня шкода сябе анічуць.
Адно жаль, мо’ карысьці народу
Мае мукі зусім не дадуць. І чырвонага сонца над гаем…
Мне нічога ня шкода… Ды жаль,
Што ланцуг распасьцягся над краем
І гручыць перацёртая сталь.
Да крыві я шкадую балюча,
Што ня ўсё йшчэ для краю аддаў.
Маё сэрца шчыміць так пякуча…
Мяне-ж родны загон ўзгадаваў.
Вунь дзядоўскія наспы-магілы,
Як жальбоўна ў вочы глядзяць.
Ці-ж магу не аддаць краю сілы,
Каб няволі замазаць пячаць?
Не забуду я матчыны сьлёзы,
І пагляд беларуса рахманы…
Не забуду народныя раны…
Як дзяцінства салодкія крозы.
|