|
Да мяне вераб‘і прылятаюць
І садзяцца на краце маей.
Чык-чы-лік. Чык-чы-лік! — напяваюць,
Сэрцу стане цяплей і мілей.
Не пяі, не пяі, верабейка,
Бо ня ў сілах з табой паляцець, —
Дзе над рэчкай галосіць жалейка,
Стракацяць кавалькі ў траве.
Заржавела каса пад страхою,
Сіратліва глядзіць барана.
Не змагацца мне ў лузе з травою,
Не скародзіць мне родны дзірван.
О, хацеў-бы ляцець я з табою,
Дзе Вяльля ўецца стужкай, бяжыць,
Дзе над рэчкай вячэрняй парою
Асака аб былым шалясьціць.
Паляцеў-бы я ў родны куточак,
Да матулі сваёй дарагой.
Падзяліў-бы з ёй жаль, смутак ночак…
Разьвітаўся-б са смуткам, журбой.
Не пяі, не пяі, верабейка,
Бо ня ў сілах з табой паляцець, —
Дзе над рэчкай галосіць жалейка,
Стракацяць кавалькі у траве.
|