Распрануў рабіну вецер каля плоту,
І дзяўбець пажоўклы, дзюркаваты ліст.
Хлюпаціць ля хатаў сьвежае балота.
Доўгія разоры мокнуць на дажджы.
Сьлёзы ціхамоўкам глытае рабіна,
Пырхаюць, трапечуцца лісьця-валасы;
Мокрыя спусьціла да зямлі галіны,
Поўныя раскошы, кволасьці, красы.
Пурпурай жаўрэюць ягадаў каралі.
Зерацца зайздросныя вочкі хлапчукоў:
Хочацца ім ягадак сакаўных нарваці,
Бегаюць, дурэюць з жэрдкай ля платоў.
Палажыла восень жоўтую пячатку
На лугі шырокія, на гаі і сад.
Лес зялёны скінуў летнюю апратку
І паклаў на карак збэрсаны халат.
Чэраслы драўлястыя сьвецяцца галечай,
Хмарамі спавіта далячынь, блакіт.
І вада дажджовая даль разораў лечыць,
Вяжучы красёнцаў вядзяністы ніт.
Квокчуць пад страхою куры на баронах,
Прыплюшчыўшы вочы сіняю плявой.
Каркаюць у небе трывожна вароны,
Лётаюць, віхрацца хмарай над зямлёй.
Як бацян з нагою, паднятай угору,
Згорбіўся ля студні, ля страхі асьвер.
Васеньнім дыханьнем, вее у прасторы,
Вецер жве на рэчцы асаку, аер.
Распаўзьліся стрэхі, як стагі саломы.
Смутна пазіраюць вокны ў сіню даль.
І скаваў мне грудзі смутак невядомы,
І чагосьці сэрцу непазбытна жаль.
|