Курганная кветка (1914)/На магілках

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Курган На магілках
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
⁂ (Ваал! — Я ўсё ужо спаліла на аўтары…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: На магілках (Буйло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На магілках.

На магілках так ціха, спакойна. Чуць шэпчуць с сабою бярозы,
Паспускаўшы галінкі свае аж да самай халоднай зямлі;
Між лісточкаў гараць каплі рос, як гарачые сьлёзы,
Бытцам з жалю па тых, што у гэтых магілах зляглі.

Ціш немая тут… Вецер лісточкаў бяроз не чэпае;
Адзін раз адважней ён між іх закруціў, зашумеў,
Посьле, якбы прыпомніў, што ўмершых спакой нарушае,
Сьціх і негдзе, сарваўшыся, ў даль паляцеў…

Гдзесь над берэгам рэчкі, што тут ля магіл працекае,
Сьвіснуў раз і другі заблудзіўшысь якісь салавей.
Не, у царстве памершых пеяць ён ня можа, ня ўмее:
Ён — каханьня песьня, ён песьняр маладзёжы усей!

І замоўк… І нішто ужо больш цішыні не трывожыць.
Між пахілых крыжоў нейкі сумны, пануры спакой.
Ні жывое душы. Толькі часам матыль крыльля зложыць,
Задзержаўшысь на міг над магільнае кветкі расой.

Жадзен голас жывы не даходзіць с паветрэнай хваляй
Ў царства тых, што з зямлі ужо нашай зышлі.
І так добра між тымі, што сьвет і жыцьцё пакідалі
І на вечны спачынак у матцы-зямельцы ляглі!..