Курганная кветка (1914)/Курган

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Русалкі Курган
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
На магілках
Іншыя публікацыі гэтага твора: Курган (Буйло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Курган.

Там, дзе быстраю хвалею рэчка плыве,
У даліне між цёмнаго лесу,
Прытаіўся высокі зялёны курган
Пад плакучых бярозак завесай,
Рож зьдзічэлых кустамі зарос ён увесь, —
Хто садзіў іх — ніхто тут не знае, —
Між рож камень стаіць; пазалоту з яго
Сьцёрла часу рука векавая.
А на камені напіс: «Пад тым курганом
Лежаць двое — хлапец і дзяўчына:
Пад бярозкай зялёнай схаваны Янук,
Пад кустом рожы дзікай — Галіна».
Хто іх тут пахаваў і былі кім яны, —
Напіс гэты не кажэ нічога.
Аб усім давялося даведацца, мне
Ад вандроўнаго дзеда старога.
— «Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё», —
Пачаў дзед, — «на гары над далінай
Двор вялікі стаяў. У двары тым жыў пан
Нейкі з дочкай прыгожай, Галінай.
Тут, бывала, што-ноч цэлы двор у агнях;
Шмат паноў адусюль наежджае,
Цэлу ноч п’юць, пяюць і гуляюць яны;
Без устанку музыка іграе,
А чуць сьвіт раз’ежджаюццца ўсе, хто куды;
Спаць кладзецца і пан і дружына.
Як замрэ цэлы двор… Адна толькі ня сьпіць
У дварэ маладая Галіна.
Яна хутка ўстае, бо пад дубом ужо
Янка ціха на дудцы іграе, —
Тут, бывала, што-дзень стада белых авец
Ён на пашу у лес прыганяе.
І прыгожы-ж быў Янка: хлапец, хоць глядзі!
Твар, як кроў з малаком памешана;
А яго валасы чорны й цёмны, як ноч,
У стручочкі былі пазьвіваны,
Там, бывала, пад дубам пасядуць яны,
Ціха-ціха на дудцы ён грае, —
Стада белых авечак паляжэ укруг,
А Галіна вяночкі сплетае.
Але трэба-ж бяды. — Адзін пан малады
Прысылае сватоў да Галіны.
Бацька рад, на вясельле склікае гасьцей,
Хоць ня хочэ йсьці замуж дзяўчына.
У дварэ зноў банкет: пьюць, гуляюць, пяюць,
Рой дзеўчат маладую ўбірае:
Яна-ж, вочы самкнуўшы, на крэсьлі сядзіць,
Толькі белые рукі ламае…
Посьле ўстала, памалу ідзе да дзьвярэй…
— Пачэкайце, вярнуся! — сказала.
На дварэ чэкаў Янка, — на рукі яго,
Абамлеўшы, Галіна упала.
Час ляцеў — маладая назад не ішла.
Пралеталі мінуты, гадзіны…
Над ракой нейкі крык… скалыхнулась вада…
Ў ёй прапалі Янук і Галіна…
Тут, пад тым курганом, бацька іх пахаваў»…
Скончыў дзед і закрыў твар рукою;
Па сівой барадзе ў перагонку с сабой
Плылі ціха сьляза за слязою.
— «А скажы мне, стары, аткуль ведаеш ты
Ўсю гісторыю Янкі й Галіны?»…
Тут стары памаўчаў і, ябцёршы сьлязу,
Мне сказаў: — «Янук быў маім сынам»…