Перайсці да зместу

Курганная кветка (1914)/Кветка папараці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Ваал! — Я ўсё ужо спаліла на аўтары…) Кветка папараці
Драматычная паэма
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Сягоняшніе і даўнейшые
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кветка папараці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кветка Папараці.

Фантастычны абразок у адной дзеі.


АСОБЫ: ХамРусалкі.

Рэч дзеіцца на Яна Купалу. Лес. Месяц сьвеціць. Хам у мужыцкай вопратцы выходзе на акраіну лесу. Пагляд яго мутны; павароты цікаючыеся, перэпалоханые.


Хам.

Га́дзіны ўюцца кругом,
Выюць ў імшарах ваўкі…
Во!

(Атступаючы).

Чорт ляціць за чартом,
Бьючы хвастамі ў бакі…
Ведзьмы з балота паўзуць —
Ўсе у балотнай ціне —
Штосьці жудліва пяюць.

(Сьцеражэцца бытцам ад удару).

Гразьзю кідаюць ў мяне.
Енчэ пад ногамі мох,
Штосьці так вые ў кустах,
Валежнік ліпне да ног,
Па сьпіне бегае страх.

(Атходзе).

Пайду…

(Астанаўліваецца).

Во, ведзьмы — за мной!
Вочы гараць іх агнём…
Во, як лятуць грамадой!

(Слухае).

Во, во, аж стогне гдзесь лом.

(Бяссільна).

Не, я ўжо больш не магу!
За што-ж мук столькі здарма?!
Выбіўся c сілы ў бягу —
Кветкі-ж німа і німа.

(Агледаецца).

Лягу лепш; ўрыюся ў мох
Вочы схаваю ў руках,
Мо не ўглядзяць, гдзе я лёг,
Мо крыху ўвойміцца страх.

(Кладзецца і начынае дрэмець).

Лес раптам асьвечываецца сьветла зеленаватым сьветам. З горкі ў ніз да Хама спускаюцца русалкі, Валасы іх распушчэные; белые свабодпые вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавах даўгіе разрэзы, на галовах — зелень. На перадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараці.

1-я Русалка (становючыся над Хамам).

У верас прыкрыты,
На сілах разьбіты,
На моху як сонны ляжыць,
А над галавою
Цьвет-шчасьце зарою
Сьвятлістай, ірдзістай гарыць.

2-я Русалка.

Ачнісь! Гэта кветка
Адзін раз у летку
Хвіль колькі, адно бач, цьвіце.
Цяпер твая доля
Праміне; ніколі
Ня зловіш, ня згоніш нідзе.

3-я Русалка.

Сон мёдам заклеіў,
Сон макам засеяў,
Сон вочы мароча яго;
Сон сілы папутаў,
Сон думкі паблутаў,
А ён? — ён ня чуе таго.

4-я Русалка.

Ты сьпіш, але скора
Прачнешся…

2-я Русалка.

Ня ў пору.


4-я Русалка.

Другая сьвітае пара.
Тагды лес румотам,
Ні ведзьмы балотам
Цябе не пражэне мара.

5-я Русалка.

Ты сьпіш, як дзяціна,
А прыйдзе часіна —
Устанеш — твой прыйдзе чарод:
Блеск гор залаценькі,
Луч сонца ясьненькі
З блакітных дастанеш высот.

Усе Русалкі (бяручыся рузам за рукі).

Раскажмо сястрыцы
Пра ўсе небыліцы,
Каторые збудуцца з ім;
Хай чуе, хай знае,
Што яго чэкае,
Што збудзецца скора — аб тым
Раскажмо сястрыцы!

4-я Русалка (выпускае рукі, пасьля працягівае над Хамам, бытцым у гыпнотычным сьне).

Шырока граніцы
Раскінулісь ўладзтва твайго, —
Далёка, шырока,
Ня скінуці вокам,
Вумом не абняці таго!…
Во, рэчные хвалі,
Сінёвые далі,
Палёў каласістых абшар;
Барок во зялёны
Дрыжачэй каронай
Купаюцца ў небі без хмар.
Жыцьцё бье крыніцай,
Ажыўчай вадзіцай,
А чыстай, вось, бытцым сьлеза!

1-я Русалка (бярэ 4-ю за руку).

Гдзе бачыш ты гэта?

4-я Русалка.

Там вечнае лета,
Там вечная шчасьця краса!


2-я Русалка.

Чый край той шчасьлівы?

4-я Русалка.

Зноў бачу, о дзівы!
Штось рушыцца, сыплецца ў пух.


Русалкі (да сябе).

Аб чым гэта мова?

4-я Русалка.

Разбіты аковы

(Радасна).

Свабодна ўзлетае…

Русалкі.

Хто?

4-я Русалка.

Дух!

Русалкі.

Ды чый?

4-я Русалка.

Чэлавека!

Русалкі.

Якога?

4-я Русалка.

Ад века
Што лямку няволі цягнуў.

Русалкі.

Гдзе, гдзе? — мы не бачым.

4-я Русалка

(выпрастовуючыся, з моцай).

Досьць енку, досьць плачу:
Ўладар к сабе ўладзтва вярнуў!

Русалкі.

Ды гдзе ён?

4-я Русалка.

Зарою
Над роднай зямлёю
Усходзе… во — сонцэм гарыць.
Высока пад неба
Азвецца, і глеба,
Бы ліст на вышыне, дрыжыць.
С чэла дзьве зарыцы —
Дзьве родны сястрыцы
Праменьні сплетаюць свае.
Да хмар даланёю
Дастаў ён адною,
Другой да зямлі дастае.

Русалкі.

Ўладар наш! О, мілы!

Хам (начынаючы варушыцца, бармочэ праз нос).

Мяне — да магілы?
Да раю?.. Чэкайце!..

4-я Русалка (нагінаючыся над ім і ўпёршы ў яго вочы).

Чаго?

Хам (громка).

Я жыць, жыць хачу я!..

Русалкі.

Сон думкі бунтуе,
Сон марамі страшэ яго.

4-я Русалка (як выжэй).

Кажы, чаго трэба?

Хам (бармочэ).

Крывавае неба!..
Га! Ведзьмы дзьве душаць мяне…
Во — кажэ — цалуе.

4-я Русалка.

Кажы больш!

Хам.

Хачу я
Сваб…

(Абрывае і бармочэ).


Русалкі.

Зморы дзьве бачэ у сьне!..

Хам (бармочэ).

Во, ведзьмаў шчэняты,
Во, во, чэрценяты
Масьцяцца, каб як укусіць,
Вон!..

Русалкі (паміж сабой).

Што, што ён кажэ?

Хам.

Вон, племя уражэ:
Вон! Сонцэ маё ўжо гарыць.

4-я Русалка (бярэ кветку з рук 1-й і станавіцца над мармочучым Хамам).

Ўстаў дух твой, ды цела
Тваё абамлела, —
Яму йшчэ не час уставаць;
Ды йдуць часы тые, —
Яно ўміг ажые
І пойдзе ствараць, будаваць.

Рэха.

Як цемра загіне,
Як ночка праміне, —
Тагды пара прыйдзе ўставаць!

Русалкі(усе колам).

Глянь, — месяц бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць.

(Русалка кідае кветку яму на грудзі. Месяц гасьне. Хвіліна — цёмна саўсім, Руседкі сьпеваюць).

Глянь, — месяц, бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць!…

(Русалкі равьбегаюцца; голас ціхне; ў далі — за лесам — разгараецца зара раніцы).

Заслона.