Кудой дарога?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Кудой дарога?
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1913 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 1, 4 студня 1913 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кудой дарога?

Наша мэта адрадзіць нашу культуру, нашу мову, наш народ; — гэта кожны з нашых чытачоў ведае, але кудой дарога? Вось-жэ, ідучы да адраджэньня усяго беларускаго роду і яго культуры, павінен кожны з нас падняцца да шырокаго культурнаго жыцьця душой і целам. Кожны беларус з асобна гэта часць нашаго народу, і з гэтых асобных часцей складзецца народ.

Беларускі народ, як і кожная жывая істота, як кожны іншы народ, можэ развівацца, можэ разрастацца, красаваць, але гэтак сама можэ і выраджацца, слабець, гібець і марнець паволі. Быў час калі беларускі народ развіваўся і красаваў, але краскі памарозілі марозы. Сумна. Але калі хто гібее, то гібее не без прычыны. Прычына ўпадку нашаго ў тым, што калісь нашы краскі, нашу інтэлігенцію замарозілі марозы і змялі віхры. І цяпер прыйшоў час ізноў нам выдаць свае краскі. С каранеў, с пня нашаго пашлі сокі ў верх: наша весна прыйшла, народ пачаў будзіцца з векавечнаго сну і бяздольля. На нас і на ўсіх, хто жыве ў часе вясны народу, ляжыць вялікі атказ перад гісторыей, перад патомнымі пакаленьнямі нашымі. Ці нашы дзеці і ўнукі кінуць на нашы магілы камень, ці с пашанай будуць памінаць нашэ імя—ад нас гэта цяпер залежыць.

Кінуць на нашу магілу камень, калі мы у гэткі важны момэнт будзем пуста праводзіць жыцьцё, за пустымі гутаркамі, забавамі леньню; пашануюць, калі мы возьмемся за працу найперш над сабой, а пасьля над нашымі братамі.

Сябры-таварышы! Усе, хто працёр вочы, хто маець у душы іскарку. Божу, любоў да праўды і народу, ды цьвёрдую веру ў панаваньне праўды, хто хочэ даведацца, пазнаць, як што было, ак што ёсць і як быць павінна, бярэцеся дружна да працы! Ніхай ў кожнай ваколіцы, ідзе ёсць два-тры чытачы «Нашай Нівы», яны разам, памагаюць адзін аднаму, працуюць над тым, каб узраслі ў кожным куточку сьветлые, шчырые, справядлівые людзі, каб зрадзілася крэпкая, мужыцкая інтэлігенція, каторая павінна быць суцэльнай, ня гледзячы на тое, ці іншые з іх будуць мужыкамі-хлебаробамі, ці адватамі, ці вучыцелямі, ці фэльчэрамі, ці дактарамі,—бо ўсе мы браты, дзеці аднэй зямлі, аднаго роду, аднаго племені і усе павінны працаваць дзеля лепшай будучыны роднай старонкі.

Падаючые ў вашы беларускіе сэрцы, зёрны асьветы і культуры звайдуць сьвежую, ураджадайную глебу і дадуць багатае жніво. Беларуская культура, як пасеў на чыстай сьвежай ніве, закрасуе багатымі краскамі. Закрасуе народ беларускі на сваей спрадвечнай зямельцы зробіцца дужым і паважаным у сямьі славянскай.

Але каб проста да сваей мэты ісьці, трэба ведаць дарогу. Калі мы знойдзем гэту дарогу тады ўжо лягчэй пойдзе работа над асьветай саміх нас і нашых братоў. Вось-жа гэтай дарогай для нас павінна быць грамадзянская праца.

В—т.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.