Крыху ўзрушаны і рады…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Крыху ўзрушаны і рады… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1923 Крыніца: http://library.by/portalus/modules/belpoetry/readme.php?subaction=showfull&id=1096123292&archive=&start_from=&ucat=13& |
* * *
Крыху ўзрушаны і рады,
Спатыкаюся з табой,
І цвітуць твае пагляды
І ўва мне і нада мной…
Ты варожыш, ты чаруеш,
О чароўная, бы світ,
Абяцала — падаруеш
Губ вясёлых аксаміт.
І вясною веюць пасмы
Хмелю светлага валос;
Уступаем ў светлы пас мы, —
З намі, з намі светлы лёс.
З намі кволасць, з намі казкі,
Летуценняў лёгкі лёт.
Пацалункаў плюскат, ласкі —
Ўсё ў адзіны карагод.
Толькі мовіць мне нясмела
Ўсё пабожна, што таю,
Толькі ўзяць рукой знямелай
Руку дробную тваю…
Ды, халодны і стрыманы,
Не скажу патрэбных слоў,
Адыду ў мае туманы,
Ў неазначнасць белых сноў.
І адтуль, як сказ балады,
Сутуняючай парой
Будуць згадвацца пагляды,
Дараваныя табой.
(1923)