Крыху цікавых слоў
Крыху цікавых слоў Навукова-папулярны артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 год Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 50, 18 сьнежня 1914 г., б. 3 |
Крыху цікавых слоу.
Кожны культурны народ стараецца пазнаваць сваю мову ды разьбіраць значэньне паасобных слоў і іх гісторыю, каб знаць родную мову і родную гісторыю. Дужые народы маюць дзеля выўчэньня сваей мовы асобные вышэйшые школы, вучуць яны роднай мовы і сваю моладзь па сярэдніх і ніжэйшых школах, бо мова родная адбівае ў сабе ня толькі цяперашнюю душу народу, але і расказывае яго гістарычные перэжываньня. Кожны народ павінен пазнаваць сваю жывую мову, ад’жыўшые паасобные словы з яе, каб разумець дух мовы, а гэто і мы, беларусы, павінны рабіць дзеля таго-ж самаго.
Гісторыя мовы, гэта—абшырная навука і ўсю яе абхапіць у кароткіх нарысах цяжка, дзеля гэтаго прашу не марокаваць на мяне, што агранічуся толькі тлумачэньнем горсткі паасобных слоў.
Ёсьць у нашай мове слова «сачыць», каторае азначае—сьлядзіць, дашуківацца. Калісь, за князёўскіх часоў былі паміж іншымі службавые людзі, каторые даглядалі лясоў і зьверыны і на іх павіннасьці пежало устраіваць аблавы. Людзі гэтые называліся «асо́чнікі». Выбіралі іх с паміж селян князеўскіе рэвізары. Асо́чнік не адбываў ніякіх іншых павіннасьцей, апрача дагляданьня лясоў і зьвярыны, і за гэта карыстаўся раней двумя, а пазьней аднэй валокай зямлі. Слова «сачыць» дужа старое,—сустрэчаецца і ў старславянскай мове, паміж іншымі памятнікамі і у «Рускай Праўдзе» і гэтак сама азначае разследаваньне, розыск. Жывая беларуская мова ва ўсіх закутках Беларусі знае гэтае слова у старым яго значэньні, а ў іншых мейсцох і ў разшырэнным. Гэтак, у Вітэбшчыне і заходняй часьці Віленшчыны пад словам «сачыць» разумеюць ня толькі—сьлядзіць, патпілновываць (сачыць курыцу, дзе яна нясецца), але кажуць такжэ: «сын бацьку пасачыў», у значэньні, што сын падобен да бацькі, ўнасьледаваў па бацьку падобнасьць с твару, ці характэру. Ёсьць такжэ слова «асачыць», значэ акружыць што кругам каб узяць—акружыць розыскамі.
Друк. Слова гэта пачаткова азначало—палку, кіёк. І цяперу нас называюць «друкамі» сукастые калы, на каторых сушуць льняные галоўкі перэд малацьбой (дзісенскі пав.); а у іншых мейсцох (магіл. губ. на поўдзень) кажуць «вазьмі дручок і прыжані гусей», гэта значэ: «вазьмі палку (кіёк) і прагані гусей».
Пляніца. У жывой беларускай мове—пляніца называюць расток; ад гэтаго слова пайшло «пляніцца»—знача раскарэняцца, «племя» значэ грамада аднаго карэня, расплод—«пакінуць на племя»,—значэ на расплод, «племянік», «плён» і інш.
Шчыр. Кажуць на Беларусі «шчыр-бор», «зачапіў лемешам шчырэц», «шчырка». Заўсёды у значэньні цэліны. «Шчыр-бор» — значэ бор, у каторым не ступіла людзкая нага; «шчырэц» — значэ слой зямлі, катораго не крануў да таго лемеш, «шчыр-дзяўчына» кажуць у значэньні расейскаго слова «дѣвственница». Апрача гэтаго пачатковаго значэньня, ад гэтаго карэня распленілося многа іншых слоў; «шчыры», што па расейску значэ «искренній», — «шчырасьць», «зашчырэць» (значэ засмягнуць, засохнуць, сціснуцца, стацца падобным да суцэльнаго)—і інш.
Сябр. Слова знанае як у старой беларускай літэратуры, так і ў жывой мове. Пачатково «сябароство» азначало тое самае, што і «пабратымство» у другіх славянскіх народоў. Сябрамі ставаліся людзі сабе чужые, але каторые надрэзаўшы мезіные пальцы, змешалі сваю кроў і праз гэта сталіся як-бы братамі аднэй крыві. Ў пазьнейшые часы слово гэта утраціло сваё пачатковае значэньне, ці было заступлена іншым, толькі ўжо У XVI сталецьці, прыбрало такое значэньне, якое яно і цяпер у жывой нашай мове мае: — таварыш, хаўрусьнік, супольнік. У статуце Літоўскім (1588 г.) сябрамі называюць людзей, каторые маюць якую сумесную маетнасьць; было нават асобнае «сябрэннае» право, у каторым гаварылося, на якіх варунках людзі могуць дзержаць супольную маетнасьць і як іх разсудзіць. На Падзьвіньню кажуць беларусы «сябра» да кожнаго беларуса у значэньні «земляк», «таварыш». «Сябраваць» кажуць у значэньні — дружыць, быць с кім у дружбе, мець с кім супольные справы і т. п. Калі купляюць двое — трое людзей у складку пшчол, кажуць—«на сябры купілі пшчол».
В. Л.