Перайсці да зместу

Крыжовы паход дзяцей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыжовы паход дзяцей
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 1-2, 124
Лісты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЖОВЫ ПАХОД ДЗЯЦЕЙ.


Зьняверыўшысь у сілу рук,
у моц каванай сталі,
у чысьленасьць радоў ваяцкіх
і ў грэшных вусн сваіх малітвы, —
бацькі на поле бітвы
няведак шлюць дзяцей…
„Сьвяты Хрыстовы Гроб
сьвятымі возьмецца рукамі!“
І, вось, гасьцінцы рояцца дзяцямі…

* * *

Сотні, тысячы маленькіх
дзетак у паход
рушыла ахвоча ў край,
дзе Божы Гроб.
Кветнымі вянкамі здобілісь рады;
са званніцаў гучна білі у званы;
валваваў паветра кантаў голчны сьпеў;
нярупліва ў ветры сьцяг Хрыстоў гудзеў…
І плылі малітвы, зьмешаны з сьлязьмі
матак, сумна пазіраўшых
за сваймі дзяцьмі…

* * *

Многа страху, многа гора
кволы дзетак полк дазнаў:
бераг ўражы- бусурмацкі
сон трывожны іх пужаў.
Ў безбярэжнай вод пустэчы
сэрца дзетачак шчыміць,
і на вочках зсалавеўшых,
як брыльянт, сьляза блішчыць…

* * *

З верай крэпкай ў цудаў дзівы
буру ў моры прынялі,
ды аб бераг скальны-жорсткі
паразьбілісь караблі…
Над глыбежаю бяздоннай
апынулась дзецка раць:
між зубоў акул пражорных
ім прышлося паміраць…

* * *

Гэтакай ахвяры сьвет яшчэ ня знаў,
гэтку гатакомбу хто-ж калі складаў,
зьняверыўшысь у сілу рук
і ў моц каванай сталі!?..