Коннік без галавы (1941)/XXXI
← Раздзел XXX | Коннік без галавы. Раздзел XXXI Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XXXII → |
Раздзел XXXI
УДАЧНАЯ ПЕРАПРАВА
Перапіска прадаўжалася нядоўга. Закаханыя шукалі сустрэчы. Каханне, якое ўспыхнула ў сэрцах Луізы і Морыса, не спынялася перад перашкодамі.
Шляхі да спаткання неўзабаве былі знойдзены.
Ужо двойчы закаханыя сустракаліся ў начной цішыні старога саду. Двойчы яны абмяняліся любоўнымі клятвамі пры мігаючым святле зорак. Было назначана і трэцяе спатканне.
А горды плантатар аставаўся ў прыемнай невядомасці. Ці мог ён падумаць, што адзіная дачка, яго гордасць, так жорстка ашукае яго? Ён даўно песціў думку, што паправіць свае справы, выдаўшы сваю красуню-дачку за багатага і знатнага чалавека. Ці мог ён падумаць, што яна, забыўшыся аб усіх традыцыях свайго соцыяльнага асяроддзя, сустракалася начамі з простым паляўнічым на коней?
Вядома, у яго не было цяпер і ценю падазрэння. Яму-б гэта здалося занадта непраўдападобным, занадта страшным. Ён быў здаволены, што Луіза цярпліва пакарылася яго патрабаванню і спыніла прагулкі конна. Яго крыху хвалявала такая незвычайная для яе пакорлівасць. Ён іншы раз нават шкадаваў аб сваёй забароне.
* * *
Была месячная ноч. Толькі на поўдні бываюць такія ночы. Срабрысты дыск месяца плаўна слізгаў па сапфіравым небе. У празрыстым паветры магутнымі контурамі вырысоўваліся горы. Нерухома замерла лісце дрэў, нібы прыслухоўваючыся да начных галасоў звяроў, птушак і насякомых. У такую ноч цяжка спаць закаханаму.
Было ўжо каля паўночы, калі коннік выехаў з варот гасцініцы Обердофера. Ён паехаў па дарозе, якая спускалася да нізоўя Леоны, і неўзабаве знік з вачэй спазніўшыхся падарожнікаў, якія спяшаліся ў сетлмент.
Гэта была тая дарога, якая ішла міма гасіенды Каса-дэль-Карво па супроцьлеглым беразе Леоны. Даехаўшы да зараснікаў акацый, коннік саскочыў з каня і прывязаў яго да дрэва. Затым ён зняў з лукі сядла доўгую вяроўку, звітую з конскага воласа, скруціў яе кальцом і, надзеўшы на руку, ціха рушыў у бок гасіенды.
Перш чым выйсці з-пад прыкрыцця густога ценю дрэў, ён ўважліва паглядзеў на неба і на ярка свяціўшы месяц.
«Няма сэнсу чакаць тут, пакуль гэты прыгажун схаваецца, — падумаў ён з заклапочаным выглядам. — Як відаць, ён рашыў панаваць тут да раніцы».
Пасля ён пачаў вымяраць вачыма адкрытае месца, якое аддзяляла яго ад берага ракі. Гасіенда Каса-дэль-Карво была размешчана якраз насупраць, на супроцьлеглым беразе.
«Што, калі цяпер хто-небудзь там блукае? Наўрад ці магчыма гэта ў гэты час ночы. Хіба толькі, калі каму не спіцца ад цёмных думак. Ба! Ды там-жа ёсць такі чалавек! Калі толькі ён не спіць, то напэўна заўважыць мяне. Але што-ж рабіць? Не дачакаешся-ж, пакуль зойдзе месяц, а на небе няма ніводнай хмаркі. Я не магу прымушаць яе чакаць. Я павінен рыскнуць. Такім чынам, наперад!»
Пры гэтых словах ён хуткімі і асцярожнымі крокамі пачаў ісці па адкрытым месцы ў напрамку да ракі і хутка падышоў да абрывістага берага Леоны.
Не затрымліваючыся тут, ён спрытна спусціўся па звілістай сцежцы абрыва і апынуўся ля самай ракі.
Якраз насупраць, ля другога берага, стаяла маленькая лодка пад ценем вялікага топаля.
Некаторы час чалавек нібы вымяраў вачыма шырыню ракі і адначасова ўважліва ўглядаўся ў зараснікі на супроцьлеглым беразе.
Пераканаўшыся, што там нікога няма, ён узяў сваё ласо і спрытным рухам перакінуў цераз ўсю шырыню ракі.
Пятля апусцілася на насавы выступ лодкі. Зацягнуўшы пятлю, ён перацягнуў лодку да сябе.
Пераправіўшыся і прывязаўшы лодку, начны госць Каса-дэль-Карво стаў у цені топаля.
Наўрад ці патрэбна гаварыць, што гэта быў Морыс-мустангер.