Коннік без галавы (1941)/XXVIII
← Раздзел XXVII | Коннік без галавы. Раздзел XXVIII Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XXIX → |
Раздзел XXVIII
ЗАБАРОНЕНАЯ РАДАСЦЬ
З таго часу як у Техасе з‘явіліся каланісты-еўрапейцы, адносіны з індзейцамі зрабіліся самай актуальнай тэмай, якая хвалявала цехаскае грамадства.
Ці ішлі індзейцы адкрытай вайной на каланістаў, ці быў перыяд зацішша, — усёроўна аб іх гаварылі. У першым выпадку гаварылі аб навісшай небяспецы, у другім абмяркоўвалася пытанне, ці надоўга чырвонаскурыя правадыры рашылі скласці свае тамагаўкі.
Гэта тэма абгаварвалася ўсюды — у часе снедання, абеда і вячэры; у гасіендзе плантатара ці ў халупе паляўнічага словы «мядзведзь», «пума», «пекары»[1] ўжываліся радзей і са значна меншым страхам, чым слова «індзеец». Індзейцамі ў Техасе палохалі дзяцей; расказы аб індзейцах трывожылі сон не толькі дзяцей, але і бацькоў. Нават высокія каменныя сцены Каса-дэль-Карво не пазбавілі жыхароў гасіенды ад гэтых непрыемных перажыванняў. Сям‘я Пойндэкстэраў падзяляла страх амерыканскіх бледнатварых перад чырвонаскурымі.
Атрыманае афіцыяльнае паведамленне з форта пацвердзіла рэальнасць гэтай небяспекі. Гэта вестка прышла праз два тыдні пасля пікніка.
Досвіткам, калі сям‘я плантатара яшчэ сядзела і снедала, коннік з форта перадаў Пойндэкстэру нейкі пакет.
— Непрыемныя навіны! — усклікнуў Пойндэкстэр, быстра прабегшы вачыма паперу. — Паколькі ў гэтым пераконаны сам маёр, значыцца, не даводзіцца сумнявацца.
— Непрыемная навіна, тата? — запытала дачка, моцна пачырванеўшы.
І адразу-ж падумала:
«Што-ж гэта маёр мог напісаць? Я сустрэла яго ўчора ў гаі. Ён бачыў мяне з… Ці можа гэта быць? Божа, калі толькі бацька дазнаецца!..»
— «Племя каманчаў на ваеннай сцежцы» — так піша маёр.
— І гэта ўсё?.. — сказала Луіза з палёгкай, як быццам у гэтым паведамленні не было нічога застрашаючага. — Ты напалохаў нас. Я думала, што паведамляюць аб чым-небудзь больш страшным.
— Больш страшным! Што за глупства ты гаворыш, дзіця маё! У Техасе няма нічога страшнейшага за каманчаў. Гэта самая вялікая небяспека.
Луіза больш не пярэчыла, хоць яна была іншай думкі.
Кольхаун запытаў:
— Ці ўпэўнены маёр, што індзейцы пайшлі на нас вайною? Што ён піша, дзядзя?
— Піша, што раней ён гэтым чуткам не надаваў значэння. Учора-ж ноччу ў форт з‘явіўся Дзікі Кот — правадыр семінолаў — з некалькімі прадстаўнікамі гэтага племя. Яны паведамілі, што па ўсім Техасе каманчы выставілі ў сваіх становішчах фарбаваныя слупы, што ўжо цэлы месяц гэтыя дзікуны танцуюць танец вайны, што некаторыя з іх ужо рушылі ў паход і што іх можна чакаць кожную хвіліну ў ваколіцах сетлмента.
— Дзікі Кот? — запытала Луіза. — Хіба гэтаму здрадніку можна давяраць? Ён, напэўна, такі-ж вораг каланістаў, як і свайго народа.
— Правільна, дачка мая. Маёр у гэтым пісьме дае яму дакладна такую-ж характарыстыку. Ён раіць быць асцярожным з гэтым двурушным нягоднікам, які, вядома, пяройдзе на бок каманчаў, як толькі гэта пакажацца яму выгадным. Ну, што-ж, — прадаўжаў плантатар, адкладаючы ўбок паперу і вяртаючыся да свайго кофе з вафлямі, — будзем спадзявацца, што, вышаўшы на ваенную сцежку, каманчы адступяць перад зубчатымі сценамі Каса-дэль-Карво і не асмеляцца закрануць нашу гасіенду.
У гэты час на парозе сталовай, дзе сядзелі ў часе снедання, з‘явіўся негр. На яго твары ззяла шырокая ўсмешка.
— Што табе патрэбна, Плутон? — запытаў ў яго гаспадар дома.
— Я не да вас, містэр Вудлі. Я толькі хацеў сказаць міс Луізе, што конь асядланы. Крапчатаму не падабаецца стаяць на каменнях у дварэ, ён рвецца на мяккую траву прэрыі.
— Ты едзеш катацца, Луіза? — запытаў плантатар з яўна нездаволеным выглядам.
— Так, бацька. Я хацела праехацца.
— Ты не павінна гэтага рабіць.
— Чаму?
— Я не хачу, каб ты ездзіла адна. Гэта непрыстойна.
— Чаму-ж, тата? Ды я-ж часта ездзіла адна.
— Так, на жаль, вельмі часта.
Апошняя заўвага прымусіла дзяўчыну злёгку пачырванець. Але што азначала яна, Луіза ўсё-ж не зусім зразумела.
— Калі ты супроць гэтага, тата, я не паеду. Але няўжо ты рашыў трымаць мяне пад замком у гэтым доме? Вам, мужчынам, добра — вы ўсе едзеце на работу. Цікавае-ж ты для мяне прыдумаў жыццё ў гэтым мілым Техасе!
— Ты мяне не так зразумела, Луіза. Я зусім не супроць таго, каб ты ездзіла катацца. Катайся, колькі тваёй душы захочацца, але няхай цябе хто-небудзь суправаджае. Выязджай з Генры або Касіем. Але я не хачу, каб ты ездзіла адна. Для гэтага ў мяне ёсць свае падставы.
— Падставы? Якія?
Гэта пытанне мімаволі сарвалася ў Луізы. Пасля яна пашкадавала, што не стрымалася, і з трывогай чакала адказу.
Адказ крыху супакоіў яе.
— Якія падставы, ты хочаш ведаць? Не забывайся, што Техас — не Луізіяна, дзе маладая дзяўчына можа ехаць спакойна, куды яна толькі захоча. Тут, у Техасе, небяспека на кожным кроку. Вазьмі хоць-бы індзейцаў.
— Індзейцаў баяцца мне няма чаго. Я ніколі не аддаляюся ад гасіенды далей чым на пяць міль.
— Пяць міль! — усклікнуў капітан саркастычна. — Гэта тое-ж самае, што ад‘ехаць на пяцьдзесят міль. Ты з такім-жа поспехам можаш сустрэць індзейцаў на адлегласці ста крокаў ад варот дома, як і на адлегласці ста міль. Калі яны на ваеннай сцежцы, іх можна чакаць у любым месцы і ў любы час. Па-мойму, дзядзя Вудлі праўду кажа. З твайго боку надзвычай неасцярожна ездзіць адной.
— Ты так думаеш? — з пагардай запытала крэолка, павярнуўшыся да стрыечнага брата. — Скажы мне толькі калі ласка, у чым будзе заключацца твая дапамога, калі я сапраўды сустрэну каманчаў, хоць я наогул у гэтым вельмі сумняваюся. Прыгожая будзе карціна — нас двое сярод ваяўнічага племя расфарбаваных дзікуноў. Ха-ха! У небяспецы апынешся ты, а не я. Я не сумняваюся, што я выскачу ад іх і пакіну цябе для расправы. Страшная небяспека на адлегласці пяці міль ад дому! Пашукай вось у Техасе конніка, які мог-бы дагнаць мяне на на маёй мілай Луне. Наўрад ці ўдасца табе гэта, Касій!
— Замоўкні, Луіза! — строга сказаў Пойндэкстэр. — Мне не падабаецца, калі ты так размаўляеш. Не звяртай на яе ўвагі, Касій. І апрача індзейцаў тут шмат усялякага зброду. Запомні, што я забараняю табе ездзіць адной, як ты гэта рабіла раней.
— Няхай будзе па-твойму, тата, — адказала Луіза, устаючы з-за стала. — Вядома, я павінна падначаліцца табе. Але ведай, што я рыскую страціць здароўе, седзячы без руху. Ідзі, Плутон, — звярнулася яна да негра, які ўсё яшчэ стаяў у дзвярах і ўсміхаўся. — Пусці Луну ў кораль, на пашу — куды хочаш. Няхай яна бяжыць у сваю прэрыю, калі гэта ёй падабаецца. Яна мне больш не патрэбна.
Пры гэтых словах дзяўчына вышла з пакоя.
Накіроўваючыся да сябе, яна прашаптала:
— Што мог бацька даведацца? Магчыма, гэта толькі яго падазрэнні? Хто мог яму расказаць? Ці ведае ён пра нашу сустрэчу?
- ↑ Пекары — амерыканская дзікая свіння.