Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XXIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXII Коннік без галавы. Раздзел XXIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XXIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XXIII

КЛЯТВА ПОМСТЫ

Кольхаун праводзіў увесь час хваробы ў сваім раскошным пакоі. Чорствы эгаіст, ён не верыў у дружбу, і ў яго не было сяброў. Яго фізічныя пакуты, надзвычай цяжкія, былі ўзмоцнены маральнымі мукамі, разуменнем поўнай сваёй адзіноты. Выжыве ён ці не? Каму да гэтага якая справа! Аб ім ніхто сур‘ёзна не трывожыўся, і ён гэта ведаў.

Калі да яго і была праяўлена нейкая ўвага, то гэта толькі ў меру сваяцкіх абавязкаў. Інакш не магло і быць. Яго паводзіны ў адносінах стрыечнай сястры і стрыечнага брата наўрад ці маглі выклікаць да яго павагу. Горды Вудлі Пойндэкстэр адчуваў да яго агіду, змешаную са страхам.

Праўда, у старога плантатара толькі нядаўна склаліся такія адносіны да пляменніка. Як ужо было сказана, Пойндэкстэр быў даўжніком свайго пляменніка. Гэта задоўжанасць павялічылася да такіх размераў, што фактычна Касій Кольхаун зрабіўся ўласнікам Каса-дэль-Карво. І гэта ён мог абвясціць у любы момант.

За апошні час Кольхаун узмоцнена спрабаваў скарыстаць сваё становішча, каб дабіцца рукі Луізы. Ён ужо даўно быў страсна закаханы ў яе. Заваяваць яе сэрца ён не змог, і яна гэтага ад яго не скрывала. Таму ён рашыў дабіцца свайго цераз бацьку, добра разумеючы сваю ўладу над ім.

Нядзіва, што пры стварыўшыхся адносінах да капітана ў часе яго цяжкай хваробы было праяўлена менш увагі, чым гэта магло быць у іншы час.

У той перыяд, калі хворы адчуваў яўную пагрозу смерці, ён як быццам быў мякчэйшым да акружаючых. Але гэта цягнулася нядоўга. Як толькі Кольхаун адчуў, што небяспека мінавала, у ім зноў прачнулася ўся дзікая нястрымнасць яго характару, узмоцненая разуменнем свайго ганебнага паражэння.

Ён любіў пускаць пыл у вочы; яму падабалася разыгрываць героя, паказваць сваю перавагу над натоўпам. Цяпер гэтая магчымасць адпала. Ён дыскрэдытыраваў сябе ў вачах цехаскага грамадства. І гэта разуменне прычыняла яму нечуванае мучэнне. Разумець-жа, што вінавайцам яго зневажэння быў яго-ж сапернік у каханні, было вышэй за яго сілы.

Морыс-мустангер павінен памерці. І калі не ад яго рукі, рукі Касія Кольхауна, то ад чыёй-небудзь іншай. Капітан не сумняваўся, што ў шырокіх прэрыях Техаса ён знойдзе наёмнага забойцу. Золата-ж усясільны метал. А Кольхаун уладаў золатам у дастатковай колькасці, і падкупіць забойцу яму было няцяжка.

У адзіноцтве свайго пакоя, выздараўліваючы ад ран, Кольхаун абдумваў план забойства мустангера. Ён хацеў знайсці падстаўную асобу — чалавека, які-б забіў мустангера за плату.

Ён успомніў аб адным чалавеку, які мог-бы выканаць гэтае даручэнне. Гэта быў мексіканец, такі-ж мустангер, як і Морыс. Кольхаун ведаў, што паміж гэтымі двума людзьмі не было сяброўскіх адносін.

Аб людзях гэтай своеасаблівай прафесіі склалася дрэнная слава ў Техасе. Рамяством мустангера займаліся звычайна толькі адкіды цывілізаванага грамадства.

Калі мустангеры жылі ў сетлментах, яны надакучалі мірным жыхарам сваімі заўсёднымі дэбошамі. Спаткацца-ж з імі ў пустыннай прэрыі — азначала рыскаваць жыццём.

Касій Кольхаун успомніў аб адным з іх. Ён успомніў, што сустракаў яго неаднаразова ў таверне, бачыў яго і ў ноч дуэлі. Гэты мустангер быў адным з тых, хто нёс яго на насілках пасля фатальнай дуэлі. Успомнілася яму і кінутая мексіканцам па адрасу Морыса Джэральда заўвага, якая яўна выдавала яго няпрыязныя адносіны да апошняга. Пасля Кольхаун даведаўся, што мексіканец быў злейшым ворагам Морыса.

Кольхаун рашыў спыніцца на ім. Ён выклікаў мексіканца да сябе, і пасля гэтага яны неаднаразова сустракаліся, гутарачы, замкнуўшыся ў пакоі.

У акружаючых гэта не павінна было выклікаць падазрэнняў. Наведвальнік Кольхауна быў прадаўцом коней і рагатай жывёлы. У іх маглі быць дзелавыя адносіны на гэтай глебе. Такое меркаванне было зусім натуральным. Нават сам мустангер-мексіканец спачатку іменна так і разглядаў свае сустрэчы з капітанам.

Размова іх досыць доўга насіла амаль выключна дзелавы характар, — хітры выхадзец са штата Місісіпі не стаў-бы выдаваць свае намеры чужому чалавеку. І толькі пасля адной вельмі выгаднай для мексіканца здзелкі, успырснутай добрай выпіўкай, Кольхаун пачаў дапытвацца больш падрабязна аб адносінах мексіканца да Морыса-мустангера.

Гутарка пераканала капітана, што на гэтага чалавека ён можа зусім спадзявацца, што той акажа яму любую паслугу і калі трэба забіць, то заб‘е.

Мексіканец не скрываў сваёй нянавісці да маладога мустангера, хоць і не растлумачваў прычын яе. Але Касій Кольхаун і сам мог здагадацца: прычына была тая-ж, што прымусіла і яго ненавідзіць Морыса. Нянавісць узнікла з-за жанчыны.

Морыс-мустангер час ад часу наведваў адну чарнавокую данселу на берагах Рыо-Грандэ. І яна аддала перавагу быць у кампаніі мустангера-ірландца перад кампаніяй мустангера-мексіканца.

Мексіканец не назваў імя дзяўчыны, а Кольхаун і не стараўся даведацца аб ім. Але мімавольна ў яго ўзнікла надзея, што, магчыма, пакароная дзяўчына пакарыць калі-небудзь сэрца свайго пераможцы.

За перыяд выздараўлення адбылася дастатковая колькасць нарад, каб выпрацаваць план помсты.

Ці быў ён скончаны, ці не і якія былі гэтыя д‘ябальскія намеры, гэта аставалася вядома толькі самім удзельнікам. Акружаючыя толькі заўважылі, што Касій Кольхаун і Мігуэль Дыяз, па празванню Эль-Кайот (Стэпавы воўк), зрабіліся закадычнымі сябрамі, і многія здзіўляліся гэтай дружбе.