Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XLIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLVIII Коннік без галавы. Раздзел XLIX
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел L

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XLIX

ЛАСО РАЗВЯЗАНА

Пасля гутаркі з Зебам Стумпам маладая крэолка пайшла ў свой пакой і, апусціўшыся перад мадоннай, пачала маліцца. Як усе крэолы, яна была каталічкай і цвёрда верыла ў заступніцтва святых. Дзіўнай і сумнай была яе малітва: яна малілася за чалавека, якога лічылі забойцам яе брата.

Луіза ні хвіліны не сумнявалася, што Морыс Джэральд не быў вінаваты ў гэтым жудасным злачынстве. Яна малілася не аб дараванні, а аб абароне. Плач заглушаў словы яе малітвы, Луіза любіла свайго брата з усёй пяшчотнасцю сястры. Яна была глыбока ўзрушана горам, але гэты сум не мог заглушыць другога пачуцця, больш моцнага, чым сваяцкія сувязі. Гаруючы аб страце брата, дзяўчына малілася аб выратаванні любімага.

Калі яна ўстала з кален, позірк яе выпадкова быў звернуты на лук, які так добра служыў ёй у яе любоўнай перапісцы.

«О, калі-б я магла паслаць адну са стрэл, каб папярэдзіць Морыса аб небяспецы!»

Але адразу-ж яна задумалася і аб іншым: ці не магло астацца слядоў іх тайнай перапіскі ў тым месцы, куды яна пасылала свае стрэлы? Луіза ўспомніла, што Морыс пасля начнога спаткання пераплыў цераз раку, замест таго каб пераправіцца ў лодцы. Яго ласо, напэўна, асталося ў лодцы. Напярэдадні, прыгнечаная горам, яна не падумала аб гэтым. Таямніца іх начных спатканняў магла выявіцца.

Сонца паднялося ўжо досыць высока і ярка свяціла ў шкляныя дзверы. Луіза расчыніла іх, каб спусціцца ў сад і прайсці да лодкі. Але на балконе яна спынілася, пачуўшы галасы, якія даляталі зверху. Размова адбывалася паміж Фларындай і Плутонам, які ў адсутнасць свайго гаспадара рашыў падыхаць паветрам на азотэі. Унізе можна было выразна чуць кожнае слова, але Луізу мала цікавіла іх размова. Толькі калі да яе слыху даляцела дарагое ёй імя, яна пачала прыслухоўвацца.

— Яны называюць маладога хлапца Джэральда. Морыс Джэральд яго імя. Яны гавораць, што ён ірландзец, але калі гэта праўда, то ён зусім не падобен да тых ірландцаў, якіх я бачыў у Новым Орлеане. Ён больш падобны да сапраўднага джэнтльмена-плантатара. Вось да каго ён падобны.

— Ты не думаеш, Плутон, што ён забіў містэра Генры?

— Нічога падобнага я не думаю. Хо! Хо! Ён забіў містэра Генры! Вось яшчэ што прыдумалі! Гэта ўсёроўна, што сказаць, быццам я забіў містэра Генры. Але што там такое? Глядзі туды, Фларында. Бачыш?

— Дзе?

— Вунь там, на тым баку ракі. Бачыш мужчыну на кані? Гэта-ж Морыс Джэральд, той самы чалавек, якога мы сустрэлі ў чорнай прэрыі… Той самы, які падараваў міс Лу крапчатага каня. Той самы, якога цяпер усе шукаюць там, дзе яго няма!

— О, Плутон, я ўпэўнена, што ён не вінаваты. Ён такі прыгожы і храбры паніч!

Луіза далей не стала слухаць. Яна вярнулася ў свой пакой і накіравалася на азотэю. Ёй цяжка было скрыць сваё хваляванне перад слугамі.

— Аб чым вы тут размаўляеце? — з напускной строгасцю запытала Луіза.

— О, міс Луіза, паглядзіце вось туды! Малады хлапец.

— Які малады хлапец!

— Той самы, якога шукаюць, той самы…

— Я нічога не бачу.

— Хо! Хо! Ён толькі што схаваўся за дрэвамі. Глядзіце туды, туды. Вы бачыце чорны бліскучы капялюш, аксамітную куртку і бліскучыя срэбраныя гузікі? Гэта ён. Я ўпэўнен, што гэта ён, той самы малады хлапец.

— Ты, напэўна, памыляешся, Плутон. Тут многія так апранаюцца. Адлегласць занадта вялікая, каб пазнаць чалавека, асабліва цяпер, калі яго ўжо амаль не відаць. Ну, усёроўна, Фларында. Бяжы ўніз, прынясі мой капялюш і амазонку. Я хачу пакатацца конна. А ты, Плутон, асядлай мне Луну як мага хутчэй. Я баюся, што сонца падымецца надта высока. Ну, хутчэй, хутчэй!

Як толькі слугі зніклі на лесніцы, Луіза яшчэ раз з хваляваннем падышла да парэнчаў азотэі. Цяпер ёй ніхто не перашкодзіць разгледзець добра, хто там, на ўзгорку, сярод зараснікаў.

Але ўжо было позна. Коннік знік.

«Падабенства вялікае, і ў той-жа час гэта як быццам-бы не ён. Калі гэта Морыс Джэральд, то чаго яму ехаць у гэтым напрамку?»

Праз дзесяць хвілін Луіза ўжо была на другім беразе і ўязджала ў зараснікі, у якіх знік коннік. Хутка едучы, яна ўважліва глядзела наперад. Падняўшыся на вяршыню ўзгорка, Луіза раптам спыніла каня. Галасы, якія пачуліся, прымусілі яе гэта зрабіць.

Яна прыслухалася. Хоць гукі даляталі яшчэ здалёку і былі ледзь чутны, але можна было ўжо адрозніць, што гэта было два галасы: жанчыны і мужчыны. Якога мужчыны, якой жанчыны? Зноў балюча ўздрыгнула яе сэрца. Дзяўчына пад‘ехала бліжэй. Зноў спынілася. Зноў прыслухалася. Гаварылі па-іспанску. Крэолка ведала гэтую мову досыць добра, каб зразумець сэнс размовы. Але яна была яшчэ занадта далёка, і слоў нельга было адрозніць. Тон быў прыўзняты; абое, здавалася, былі надзвычай усхваляваны. Луіза пад‘ехала яшчэ бліжэй. Мужчынскага голасу ўжо не было чуваць. Голас жанчыны зусім выразна гучэў пагрозай.

Галасы даляталі з паляны, якую Луіза добра ведала, — з гэтым месцам у яе былі звязаны дарагія ўспаміны. Дзяўчына яшчэ раз спынілася, ужо зусім блізка. Яна баялася ехаць далей, баялася адкрыць горкую праўду.

Нарэшце, яна кранула павады.

На паляне ўзад і ўперад бегаў асядланы конь. На зямлі ляжаў нейкі чалавек са звязанымі рукамі.

Самбрэро і серапэ валяліся недалёка, але, як відаць, не належалі гэтаму чалавеку. Што-ж тут магло здарыцца?

Мужчына быў апрануты ў маляўнічы касцюм мексіканца. На кані прыгожы чапрак мексіканскай работы.

Сэрца Луізы напоўнілася радасцю. Мёртвы гэта чалавек ці не, але ён безумоўна той, каго яна бачыла з азотэі. І гэта — не Морыс Джэральд. Луіза пад‘ехала бліжэй і пачала глядзець на распасцёртага на зямлі чалавека. Ясна было, што гэта мексіканец.

«Прыгожы твар», — падумала крэолка.

Але не гэта прымусіла Луізу саскочыць з каня і ўважліва нахіліцца над ляжачым. Радасць, што звязаны чалавек аказаўся не тым, каго яна баялася знайсці, штурхнула яе на гэты гуманны ўчынак.

«Ён не памёр, я чую, як ён дыхае».

Яна расцягнула пятлю ласо.

«Цяпер ён можа свабодней дыхаць. Але што-ж магло здарыцца тут? Ах, ён апамятваецца. Дзякуй богу! Я зараз ўсё даведаюся».

— Вам лепш, сэр?

— Сен‘ёрыта, хто вы? — запытаў дон Мігуэль Дыяз, падымаючы галаву і з трывогай зіраючыся навокал. — Дзе яна?

— Аб кім вы гаворыце? Я тут нікога не бачыла, апрача вас.

— Карамба! Як дзіўна! Хіба вы не сустрэлі жанчыны конна на шэрым кані?

— Я чула жаночы голас, калі пад‘язджала сюды.

— Правільней сказаць — д‘ябальскі голас, гэта лепш вызначыць Ісідору Каварубіо дэ Лос-Ланос.

— Хіба гэта яна зрабіла?

— Будзь яна проклятай! Так! Дзе-ж яна? Скажыце мне, сен‘ёрыта.

— Я не ведаю. Мяркуючы па конскім тупаце, яна, напэўна, спусцілася па сцежцы ўніз. Напэўна, гэта так. Я пад‘ехала з другога боку.

— А! Значыць, яна паехала дадому. Вы вельмі добрая, сен‘ёрыта. Я вам вельмі ўдзячны, што вы вызвалілі мяне з гэтай пятлі. Магчыма, вы прадоўжыце сваю ласкавасць і дапаможаце мне ўскарабкацца на каня? Я спадзяюся, што ўтрымаюся ў сядле, трэба толькі ўзлезці туды. Ва ўсякім выпадку, я не павінен больш аставацца тут. Мае ворагі недалёка адсюль. Ідзі сюды, Карліто, — сказаў ён каню і ў той-жа час неяк асабліва свіснуў. — Падыйдзі бліжэй, не палохайся гэтай мілай жанчыны. Не яна сыграла над намі гэты злы жарт і разлучыла нас. Ну, ідзі сюды, мой конь, не бойся!

Конь, пачуўшы свіст, падбег да гаспадара і дазволіў яму ўзяць сябе за аброць.

— Невялікая дапамога з вашага боку, і, мне здаецца, я ўзбяруся ў сядло. Як толькі я буду на кані, мне няма чаго баяцца праследавання.

— Вы думаеце, што вас будуць праследаваць?

— Магу вас запэўніць, што ў мяне ёсць ворагі. Але гэта ўсё нічога. Я адчуваю вялікую слабасць. Вы не адмовіцеся дапамагчы мне?

— Вядома, не. Я з ахвотай акажу вам любую дапамагу, якую толькі змагу.

— Вельмі вам удзячны, сен‘ёрыта. Вельмі вам удзячны.

З вялікай цяжкасцю ўдалося маладой крэолцы падсадзіць мексіканца на сядло.

— Бывайце, сен‘ёрыта! — сказаў Эль-Кайот. — Я не ведаю, хто вы. Бачу толькі, што вы не мексіканка. Амерыканка, я думаю. Але гэта ўсёроўна. Вы такая-ж добрая, як і прыгожая. І калі толькі калі-небудзь будзе выпадак, Мігуэль Дыяз аддзякуе вам за гэтую паслугу.

Сказаўшы гэта, Эль-Кайот крануў каня. Ён ехаў крокам, бо з цяжкасцю ўтрымліваў роўнавагу. Хутка ён знік за дрэвамі.

Маладой крэолцы ўсё гэта здалося сном, і хутчэй дзіўным, чым непрыемным.

Але гэты настрой у яе хутка змяніўся, калі яна падняла пісьмо, што валялася на зямлі. Яго пакінуў Дыяз. Пісьмо было адрасавана Морысу Джэральду. Подпіс — Ісідора Каварубіо.

Луіза ледзь узабралася на сваё сядло.

Пераязджаючы Леону, вяртаючыся ў Каса-дэль-Карво, яна спыніла каня на сярэдзіне ракі. Доўга яна глядзела нейкім дзіўным, спыніўшымся поглядам на ваду. На яе твары адлюстравалася страшэнная роспач. Варта было рушыць крыху далей, і хвалі Леоны захляснулі-б яе навекі.