Коннік без галавы (1941)/XC
← Раздзел LXXXIX | Коннік без галавы. Раздзел XC Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XCI → |
Раздзел XC
РАПТОЎНЫ ПЕРАПЫНАК У СУДЗЕ
Апошнія словы абвінавачваемага, якія напоўнілі радасцю сэрца Луізы Пойндэкстэр, на іншых зрабілі зусім адваротнае ўражанне.
Зноў нараканне ў натоўпе. Зноў шумяць супольнікі Кольхауна. Зноў маёр кідае многазначны позірк свайму атраду. Суддзя аўтарытэтным голасам заяўляе:
— Спакой!
Хваляванне падаўлена. Абвінавачваемы зноў атрымаў магчымасць гаварыць.
Ён прадаўжае свой расказ:
— Пазнаўшы Генры Пойндэкстэра, я выехаў з зараснікаў і спыніў свайго каня. Было дастаткова відна, і ён адразу пазнаў мяне. Ён па-сяброўску працягнуў мне руку і з першых-жа слоў папрасіў у мяне прабачэння за сваю нястрыманасць. Ці трэба гаварыць, што я горача паціснуў гэтую руку, руку гэтага цудоўнага юнака… Панове прысяжныя! Я не буду забіраць у вас часу перасказам размовы, якая адбылася паміж намі, — яна не мае ніякіх адносін да гэтага судовага разгляду. Мы праехаліся крыху разам, пасля спыніліся пад ценем дрэў. Абмяняліся сігарамі і выкурылі іх. І, каб замацаваць нашы сяброўскія адносіны, мы абмяняліся сваімі капелюшамі і плашчамі. З гэтым звычаем я пазнаёміўся ў каманчаў. Я аддаў Генры Пойндэкстэру сваё мексіканскае самбрэро і паласатае серапэ і ўзяў узамен яго плашч і капялюш. Пасля мы рассталіся. Ён ад‘ехаў, а я астаўся. Я не магу добра ўразумець, чаму я астаўся на гэтым месцы. Мне ўжо не хацелася прадаўжаць свой шлях на Аламо. Я рашыў пераначаваць тут-жа пад дрэвам, дзе адбылося прымірэнне. Я злез з каня, прывязаў яго, сам-жа закруціўся ў плашч і, не здымаючы капелюша, лёг на траве. Праз тры секунды я заснуў. Гэта са мною рэдка здараецца. Магу прыпісаць гэта толькі пачуццю прыемнага супакаення пасля ўсіх перажытых цяжкіх хваляванняў. Мой сон прадаўжаўся нядоўга. Не прайшло і некалькі хвілін, як мяне разбудзіў рэзкі гук, як мне здалося, стрэлу. Мой конь настаражыў вушы і захроп. Я ўсхапіўся і пачаў прыслухоўвацца. Але больш нічога не пачуў. Мустанг супакоіўся. Я рашыў, што мы абодва памыліліся. Я падумаў, што конь пачуў блізкасць блукаючага па лесе звера, а тое, што даляцела да майго слыху, магло быць трэснуўшай пад яго нагой галінаю. Я зноў лёг на траву і зноў заснуў. На гэты раз праспаў да самай раніцы і прачнуўся толькі ад халоднай сырасці, якая пранізвала мяне да касцей. Аставацца далей пад дрэвам было ўжо непрыемна. Я пачаў збірацца ў дарогу. Аднак, стрэл усё яшчэ гучэў у маіх вушах. Мне здавалася, што ён даляцеў з таго боку, куды паехаў Генры Пойндэкстэр. Ці было гэта ігрой уяўлення ці не, але я мімаволі звязваў гэты гук з юнаком. Мяне нястрымна пацягнула пайсці і высветліць, у чым магла быць справа. Ісці давялося недалёка. Нябесныя сілы! Што я ўбачыў! Я ўбачыў…
— Коннік без галавы! — крычыць нехта з натоўпа, і ўсе паварачваюцца назад.
— Коннік без галавы! — водгуллем разлягаецца пяцьдзесят галасоў.
— Вунь ён едзе. Туды! Туды!
— Не, ён едзе сюды! Глядзіце! Ён імчыцца проста да форта!
Сапраўды, коннік без галавы мчаўся ў гэтым напрамку. Але раптам ён спыняецца пасярод прэрыі, насупроць натоўпа, які сабраўся навокал дрэва.
Каню, як відаць, не спадабалася карціна, якую ён убачыў. Ён моцна захроп, а затым яшчэ мацней заірзаў; вось ужо ён імчыцца назад у прэрыю.
Напружаная цікаўнасць, выкліканая паказаннямі абвінавачваемага, адразу зменшылася.
Большасць кінулася да коней. Нават прысяжныя не з‘явіліся выключэннем і прынамсі шэсцера з дванаццаці далучыліся да пагоні за таямнічым коннікам.