Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LXXXIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXXXVIII Коннік без галавы. Раздзел LXXXIX
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XC

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXXIX

ПРАМОВА АБВІНАВАЧВАЕМАГА

Абвінавачваемы выходзіць наперад, варта ідзе за ім на адлегласці двух крокаў. Запаноўвае абсалютнае маўчанне. Усе глядзяць на мустангера, не зводзячы вачэй. Затаіўшы дыханне, напружваюць слых, каб не прапусціць ніводнага слова прамовы, якая павінна быць споведдзю.

— Суддзі і панове прысяжныя! — гаворыць Джэральд, пачынаючы сваю прамову згодна прынятай у Техасе форме. — Я надзвычай удзячны, што вы мне далі магчымасць гаварыць. Перш за ўсё, я павінен сказаць, што не гледзячы на таямнічыя акалічнасці, якія ўпаміналіся тут, мой расказ будзе вельмі просты і растлумачыць частку загадкі. Не ўсё, што вы тут чулі, праўда. Частка паказанняў — хлусня, таксама як хлуслівы і той чалавек, які іх даваў.

Абвінавачваемы пільна глядзіць на Касія Кольхауна. Той увесь аж скурчыўся ад гэтага позірку, як быццам на яго накіравалі дула рэвальвера.

— Зусім правільна, што я сустрэўся з міс Пойндэкстэр. Гэта благародная дзяўчына сваім шчырым прызнаннем дала і мне магчымасць гаварыць тут зусім шчыра, інакш я не асмеліўся-б сказаць усю праўду. Прашу вас верыць усямў, што я буду і далей гаварыць. Правільна таксама і тое, што наша спатканне было таямнічым і што яно было спынена Генры Пойндэкстэрам. Правільна і тое, што мы з ім пасварыліся, або, правільней, ён лаяў мяне. Але тое, што наша сварка аднавілася, — гэта хлусня. І той, хто кляўся ў гэтым, не асмеліўся-б гэтага сказаць, калі-б я меў магчымасць запярэчыць яму.

Зноў вочы абвінавачваемага накіроўваюцца на Кольхауна, які палахліва хаваецца ў натоўпе.

— Наадварот, — прадаўжае Джэральд, — Генры Пойндэкстэр выказаў мне сваё шкадаванне аб здарыўшымся. Што-ж датычыць мяне, то я быў шчаслівы, што мы памірыліся.

— Значыць, вы ўсё-такі памірыліся? — пытаецца суддзя, скарыстаўшы паўзу ў расказе. — Дзе гэта адбылося?

— Каля чатырохсот ярдаў ад таго месца, дзе адбылося забойства.

Суддзя ўстае. У натоўпе гледачоў чуваць выгукі здзіўлення: абвінавачваемы першы ўспамінае аб месцы злачынства.

— Вы маеце на ўвазе тое месца, дзе была праліта кроў? — нерашуча пытаецца суддзя.

— Я маю на ўвазе тое месца, дзе быў забіты Генры Пойндэкстэр.

Новы выбух здзіўлення. Чуваць перашэптванні і глухія ўскліканні. Адначасова чуецца стогн старога Пойндэкстэра, які цяпер ужо больш не сумняваецца ў тым, што ў яго няма сына. Да гэтага часу ў сэрцы бацькі ўсё яшчэ цяплілася надзея, што Генры, магчыма, яшчэ жывы. Да гэтага моманту яшчэ не было яўных доказаў смерці яго сына, былі толькі асобныя выпадковыя і не надта пераканаўчыя здагадкі. Цяпер-жа гэтай надзеі няма за што больш учапіцца — сам абвінавачваемы сцвярджае факт забойства.

— Вы, значыць, упэўнены, што Генры Пойндэкстэр памёр? — пытаецца ў арыштаванага мустангера абвініцель.

— Зусім упэўнены, — адказвае абвінавачваемы. — Калі-б вы бачылі тое, што бачыў я, вы зразумелі-б, наколькі бескарыснае ваша пытанне.

— Значыць, вы бачылі труп? — зноў пытаецца абвініцель.

— Я павінен запярэчыць супроць такога метада допыту, — умешваецца абаронца. — Гэта простае парушэнне статута.

— Суд нашай краіны гэтага не дапусціў-бы, — дадае ірландскі адвакат. — У нас абвініцель не мае права гаварыць да таго часу, пакуль не наступіць момант перакрыжнага допыту.

— Такія-ж законы і нашай краіны, — гаворыць суддзя, зрабіўшы пагражальны жэст па адрасу парушальніка судовага парадку. — Абвінавачваемы, вы можаце прадаўжаць ваш расказ. Ваш абаронца можа задаваць вам пытанні, якія ён знойдзе патрэбным, але ніхто больш, да таго часу, пакуль вы не скончыце гаварыць. Прадаўжайце. Мы хочам чуць усё, што вы можаце нам сказаць.

— Я гаварыў аб прымірэнні, — прадаўжае абвінавачваемы, — і сказаў вам, дзе гэта здарылася. Я павінен цяпер растлумачыць усё астатняе. Вы ўжо ведаеце, як мы рассталіся, — міс Пойндэкстэр, яе брат і я. Пакінуўшы іх, я кінуўся ўплаў цераз раку, таму што мне не хацелася, каб Генры даведаўся, як я трапіў у сад. У мяне былі свае падставы для гэтага. Пераплыўшы раку, я накіраваўся да сетлмента. Ноч была вельмі цёплая, як, напэўна, многія з вас памятаюць, і пакуль я дайшоў да гасцініцы, мая вопратка амаль зусім высахла. Таверна была ўсё яшчэ адкрыта, і гаспадар стаяў за сваім прылаўкам. Мне не хацелася аставацца пад гэтым дахам, які, трэба сказаць, не быў для мяне асабліва гасцінным. Я рашыў вярнуцца на Аламо, скарыстаўшы начны халадок. У сетлменце мне наогул не было дзеля чаго больш аставацца. Я адаслаў свайго слугу наперад, а сам думаў адправіцца ў наступную раніцу. Але тое, што здарылася ў Каса-дэль-Карво, прымусіла мяне паспяшацца з ад‘ездам. Расплаціўшыся з Обердоферам, я паехаў.

— А грошы, якімі вы расплаціліся? — запытаў абвініцель. — Адкуль вы іх…

— Я пратэстую, — перапыніў абаронца прамову абвініцеля.

— Вось дык парадкі! — усклікнуў ірландскі адвакат, задзёрыста паглядзеўшы на абвініцеля. — Калі-б гэта адбывалася ў Ірландыі, з вамі, бадай, пагаварылі-б інакш.

— Спакойна, джэнтльмены! — распарадзіўся суддзя загадным тонам. — Няхай абвінавачваемы прадаўжае сваю прамову.

— Я ехаў памалу, спяшацца мне не было чаго. Заснуць-бы я не змог у тую ноч, і ці не ўсёроўна мне было, дзе яе правесці — у прэрыі ці пад страхой свайго хакале? Я ведаў, што да раніцы дабяруся да Аламо, і гэтага для мяне было зусім дастаткова. Я не азіраўся назад. У мяне не было ніякага падазрэння, што хто-небудзь можа ехаць за мною. І толькі калі я ўжо праехаў каля поўмілі па лясных зарасніках і апынуўся ў месцы, дзе праходзіць дарога на Рыо-Грандэ, я пачуў тупат капытоў, які далятаў ззадў. Я толькі што павярнуў, — дарога там крута паварачвае, — і бачыць конніка не мог. Але я чуў, што ён набліжаецца трушком. Мяне гэта мала трывожыла. Толькі па прывычцы, выпрацаванай жыццём у прэрыі, я звярнуў у гушчу зараснікаў і аставаўся там, пакуль коннік не пад‘ехаў бліжэй. Можаце ўявіць маё здзіўленне, калі я ўбачыў чалавека, з якім мы незадоўга перад гэтым рассталіся з пачуццём злосці. Калі я ўпамінаю аб злосці, я не гавару аб сабе, гэта датычыць толькі яго. Я не ведаў, у якім ён быў стане. Магчыма, цяпер ён запатрабуе ад мяне задавальнення, падазраючы, што я зняславіў яго сястру. Я не стану адмаўляць перад судом, што гэта думка прачнулася ў маім сазнанні, калі я ўбачыў Генры. Я не хацеў хавацца ад яго, бо не адчуваў сябе вінаватым. Праўда, мы сустракаліся патаемна з яго сястрой, але ў гэтым былі вінаваты іншыя, а не я і не яна. Я кахаў яе ўсім сэрцам, самым чыстым і пяшчотным каханнем. Гэта-ж пачуццё гарыць ва мне і цяпер.

Луіза Пойндэкстэр, хоць і сядзіць за крыху апушчанымі фіранкамі карэты, чуе кожнае слова абвінавачваемага. На яе бледных шчоках успыхнуў яркі румянец, але гэта не быў румянец сораму, — яе твар загарэўся радасцю.