Коннік без галавы (1941)/LXXXII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXXXI Коннік без галавы. Раздзел LXXXII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXXIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXXII

ДЗІЎНЫ СКРУТАК

Стары паляўнічы, выбраўшыся з зараснікаў, не спяшаючыся ішоў па следу капітана. На твары яго можна было прачытаць нецярплівасць і трывогу.

Прасоўваючыся памалу і насцярожана, Зеб, нарэшце, прыехаў на тое месца, дзе капітан сустрэўся з коннікам без галавы.

— Значыцца, гэтаму нягодніку ўсё-такі ўдалося знайсці яго, — сказаў Зеб, углядаючыся ў след. — Але гэта яшчэ не азначае, што капітану ўдалося злавіць конніка. Але чаго-ж я стаю тут, як дурань? Ці можна цяпер траціць час! Калі толькі Кольхаун дагнаў конніка без галавы і дастаў ад яго тое, што яму патрэбна, тады шукай ветру ў полі — мне нічога не ўдасца зрабіць. Трэба спяшацца! Паехалі, мая старэнькая! Пастарайся дагнаць таго шэрага каня, які прабег тут поўгадзіны таму назад. Пакажы мне цяпер, што ты ўмееш бегаць не горш за іх. Ну, пайшлі!

Стары паляўнічы ўдарыў у бок кабылу сваёй адзінай шпорай, і конь пабег трушком. Большай хуткасці ад яго пакуль і не патрабавалася. Зеб ехаў па-ранейшаму асцярожна і зорка глядзеў наперад.

— Мяркуючы па тым, як накіроўваецца яго след, — разважаў стары паляўнічы, — я магу вызначыць досыць дакладна, куды ён выйдзе. Усе дарогі як быццам там зыходзяцца. Гэтай-жа дарогай ехаў і небарака, якому не давялося вярнуцца назад. Ну, што-ж зробіш! Калі нельга яму вярнуць жыццё, то трэба адплаціць таму нягодніку, які забраў яго. Стой! Вось і ён! А вунь і коннік без галавы! Іосафат! Імчацца ва ўвесь кар‘ер. Клянуся, што шэры мустанг можа дагнаць гнедага. Яны не сюды едуць, нам з табою не трэба хавацца. Стой, спакойна! Бегчы цяпер нельга, інакш нас заўважаць. Не бойся! Ён занадта заняты сваёй гульнёй і нічога не бачыць, апрача таго, што проста перад ім. Так. Я гэтага і чакаў — проста ў прасеку. Ну, мая кабылка, паехалі далей!

Зеб Стумп, не спускаючы вачэй з прасекі, пад‘ехаў да зараснікаў.

Стрэл не надта здзівіў Зеба. Наадварот, ён чакаў яго з таго самага моманту, як заўважыў пагоню.

Здзівіўся стары паляўнічы пазней — калі ўбачыў, што Кольхаун у жаху імчыцца назад.

— Чорт пабяры! — прамармытаў Зеб. — Як усё гэта дзіўна! Там штосьці між імі адбылося. Ха-ха-ха! Уцякае, нібы за ім гоніцца нячыстая сіла! Магчыма, яны перамяніліся ролямі і цяпер безгаловы гоніцца за капітанам? Падобна да гэтага. Бадай, я афяраваў-бы срэбраны долар, каб палюбавацца на такое відовішча. Ха-ха-ха!

Паляўнічы злез з сядла і разам з кабылай схаваўся сярод зараснікаў, каб іх не заўважыў коннік, які выратоўваўся ўцёкамі.

Але Кольхаун імчаўся з такой хуткасцю і з такім збянтэжаным выглядам, што наўрад ці заўважыў-бы Зеба, нават калі-б той стаяў перад ім на адкрытым месцы.

«Іосафат! — усклікнуў у думках паляўнічы, як толькі ўбачыў скажоны жудасцю твар капітана. — Калі нячыстая сіла і не гоніцца за ім, то, напэўна, яна ў яго нутры. Я яшчэ ў жыцці не бачыў такой страшнай фізіяноміі. Загадзя шкадую жанчыну, якая будзе яго жонкай. Бедная міс Пойндэкстэр! Спадзяюся, што ёй удасца адкруціцца і яна не будзе мець мужам такога бандыта. У чым-жа ўсё-такі справа? Штосьці нікога не відаць, а ён усё яшчэ прадаўжае ўцякаць. Куды гэта ён цяпер накіроўваецца? Трэба будзе прасачыць».

— А, назад дадому! — усклікнуў Зеб, вышаўшы на ўзлесак зараснікаў і ўбачыўшы, што Кольхаун прадаўжае ехаць галопам у напрамку да гасіенды Каса-дэль-Карво. — Назад дадому, гэта ўжо напэўна! Цяпер, старэнькая, — прадаўжаў Зеб, калі шэры конь знік з вачэй, — мы з табой паедзем і даведаемся, дзеля чаго там стралялі.

Праз дзесяць хвілін пасля гэтага Зеб злез з кабылы і падняў з зямлі прадмет, да якога без уздрыгу і агіды наўрад ці мог-бы дакрануцца нават самы жорсткі чалавек. Але ў старога паляўнічага не было гэтага пачуцця. Ён асцярожна падняў галаву мерцвяка. Не гледзячы на тое, што твар быў скажоны смерцю, запэцканы крывёю, зморшчыўся, ён пазнаў у ім дарагія яму рысы нявінна загінуўшага юнака.

Зеб паспрабаваў зняць капялюш з галавы мерцвяка, але, не гледзячы на ўсе намаганні, яму гэта не ўдалося зрабіць: галава так распухла, што істужка, завязаная на абадку капелюша, гатова была трэснуць!

— Божа мой! Божа мой! — праказаў, нарэшце, паляўнічы. — Што за падарунак бацьку! Не трэба яе браць адсюль. Трэба пахаваць тут і нікому ні слова не гаварыць. Не, гэтага нельга рабіць: яна патрэбна будзе суду як сведка.

Сказаўшы гэта, Зеб расхінуў сваю старую байкавую коўдру і схаваў у яе галаву; пасля, павесіўшы гэты дзіўны скрутак на луку сядла, сеў на сваю кабылку і паехаў назад у сетлмент.