Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LV Коннік без галавы. Раздзел LVI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LVI

СТРЭЛ У ЧОРТА

Цэлую ноч хворы не самкнуў вачэй. То ён ляжаў зусім ціхі, маўклівы, то кідаўся ў шалёным брэду. Цэлую ноч не адыходзіў ад яго стары паляўнічы і лавіў кожнае слова яго няскладнай гаворкі.

Сварка. Капялюш. Плашч. Думкі Зеба кідаліся нібы ў нейкім цёмным, таямнічым лабірынце. Ніколі ў жыцці цвярозы розум паляўнічага не стаяў перад такімі цяжкасцямі. Зеб Стумп стагнаў, адчуваючы сваё бяссілле.

Пад раніцу, калі святло месяца ўжо змешвалася з досвіткам, пачулася працяжнае, нуднае выццё Тары, які блукаў сярод зараснікаў.

Патушыўшы святло, Зеб ціхенька вышаў і пачаў прыслухоўвацца. Начныя галасы трапічных зараснікаў змоўклі. Але што прымусіла выць Тару?

Паляўнічы спачатку кінуў позірк на палянку перад домам, пасля агледзеў узлессе зараснікаў, затым пачаў углядацца ў цень дрэў. Нічога не было відаць. Змрочнымі контурамі выдзялялася круча на фоне неба. Лінія горнага рэльефа была змякчана абрысамі верхавін растучых там дрэў. Наверсе, за абрывам, рассцілалася раўніна. Месяц ярка свяціў проста над кручай, і ваколіца была настолькі выразна відаць, што, здавалася, змяя не магла-б прапаўзці незаўважанай.

Але нідзе нікога не было.

Пачуўся нейкі гук. Ён далятаў з боку раўніны і як быццам недалёка ад кручы. Гэта быў нібы стук падковы, якая ўдарылася аб камень.

Так здалося Зебу.

Стары паляўнічы не памыліўся. Неўзабаве з-за дрэва, сапраўды, паказаўся конь. На кані сядзеў чалавек. Цёмным сілуэтам выдзяляўся коннік на сапфіравым фоне неба. Абрысы яго фігуры былі відаць толькі ад сядла і да плячэй; паверх плячэй нічога не было відаць.

Зеб Стумп працёр вочы, але вобраз аставаўся тым самым.

Зеб доўга сачыў за дзіўным коннікам, у якога не было галавы. Гэта не была здань або галюцынацыя. Коннік аддаляўся павольна і паступова. Спачатку за дрэвамі абрыва схавалася галава каня, пасля яго шыя, пярэдняя частка корпуса, пасля і яго сядок — зданнёвы, страшны вобраз чалавека.

— Іосафат! — ускаікнуў збянтэжаны паляўнічы. Гэты выклік паўтараў ён заўсёды, калі бываў чым-небудзь усхваляваны. А цяпер, не гледзячы на ўсё яго бясстрашша, ён быў ахоплены жахам.

Некаторы час Зеб стаяў зусім маўкліва, нібы анямеў ад страшнага відовішча.

— Чорт вазьмі! — нарэшце ўсклікнуў ён. — Ірландзец усё-такі праўду казаў. Я думаў, што гэта яму здалося з п‘яных вачэй. Але не! Ён на самай справе бачыў, таксама, як і я. Нядзіва, што чалавек спалохаўся. У мяне ў самога ўсё нутро дрыжыць. Іосафат! Што-ж гэта можа быць? Што-ж гэта можа быць? — паўтарыў Зеб пасля некаторага задумення. — Чорт мяне пабяры, калі тым або іншым шляхам я не даб‘юся разгадкі. Каб гэта было ўдзень, я мог-бы добра разгледзець гэтага конніка. Трэба паспрабаваць падыйсці да яго бліжэй. Спадзяюся, што ён мяне не з‘есць, калі нават гэта сам чорт, а калі коннік без галавы сапраўды чорт, то я яшчэ праверу сваёй куляй, скіне яна яго з сядла ці не. Такім чынам, пойдзем і пазнаёмімся бліжэй з гэтай нечысцю. Усёроўна, хто-б ён не быў.

З гэтымі словамі паляўнічы накіраваўся да сцежкі, якая вяла да абрывістага берага.

Стрэльба была пры ім, — ён узяў з сабою яе, калі выскачыў з халупы, пачуўшы выццё сабакі. Зеб добра разлічыў свой намер: узбіраючыся па крутой сцежцы, ён неўзабаве ўбачыў конніка. Коннік спыніўся над самым абрывам.

Зеба затрэсла ад гэтай сустрэчы.

Аднак, паляўнічы цвёрда рашыў выканаць свой намер; яму трэба было ведаць, хто гэта — чалавек ці чорт.

Зеб схапіў стрэльбу і прыцэліўся. Момант — і куля прабіла-б таямнічага конніка. Але ў паляўнічага прамільгнула думка: магчыма, ён зробіць забойства. Зеб апусціў дула і хвіліну хістаўся.

— Ало, незнаёмы! — закрычаў ён. — Позна-ж вы тут катаецеся. І дзе гэта вы забыліся сваю галаву?

Адказу не было. Толькі конь фыркнуў, пачуўшы чалавечы голас.

— Паслухайце, незнаёмы! Стары Зеб Стумп з штата Кентукі гаворыць з вамі. Ён не з тых, з якімі можна жартаваць. Я хачу, каб вы растлумачылі ваш фокус. Калі вы прадстаўляецеся мерцвяком, то прашу вас падняць руку. Ну, адказвайце, інакш я стрэлю.

Зноў ніякага адказу.

Чорт-бы вас пабраў! — усклікнуў паляўнічы. — Яшчэ шэсць секунд, — я даю вам шэсць секунд, і, калі за гэты час вы мне не адкажаце, я страляю. Калі вы проста чучала, то гэта вам не пашкодзіць. А калі вы чорт, то гэта, напэўна, таксама не прычыніць вам шкоды. Але калі вы чалавек, які грае ролю мерцвяка, то вы заслугоўваеце кулі за вашу дурасць. Ну, адказвайце-ж, — прадаўжаў ён з узрастаючым раздражненнем. — Чуеце вы ці не? Вы не хочаце? Добра! Я страляю! Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць!

Услед за гэтым пачуўся стрэл. Смяротны зарад упіўся ў цела.

У адказ на стрэл дзіка заірзаў конь, а коннік па-ранейшаму спакойна сядзеў у сядле.

Конь паімчаўся, а Зеб астаўся ашаламлёны на месцы.

Некалькі секунд ён не мог рушыць з месца і прадаўжаў стаяць, як укопаны.

Зеб Стумп аслупянеў ад жаху. Стары паляўнічы быў зусім упэўнены, што яго куля трапіла ў сэрца, або, ва ўсякім выпадку, у тое месца, дзе павінна быць у чалавека сэрца.

Зеб хацеў уцякаць, але не мог. У поўным здрантвенні сачыў ён за аддаляючымся страшным вобразам. І толькі калі коннік без галавы схаваўся, Зеб знайшоў у сабе сілы, каб адправіцца назад да халупы і, толькі апынуўшыся пад яе страхою, супакоіўся да такой ступені, каб спакойна падумаць аб гэтым дзіўным здарэнні.

Доўга не мог ён вызваліцца ад неадчэпнай думкі, што гэта быў чорт. Аднак, урэшце, разумныя разважанні пераканалі яго ў поўнай невераемнасці такога меркавання. Але зразумець, што-ж іменна гэта было, яму так і не ўдалося.

* * *

Днела. Пара была будзіць Феліма, каб той уступіў у сваю змену ля ложка хворага. Ірландзец, які ўжо зусім працверазіўся, з ахвотай узяў на сябе гэты абавязак. Але, перш чым уступіць месца неспрактыкаванаму намесніку, стары паляўнічы нанава сам перавязаў раны.

Зеб добра ведаў лячэбныя ўласцівасці раслін. Ён прыклаў да ран адну з разнавіднасцей кактуса, вядомую пад назвай пораі. Стары ведаў з практыкі, што сок гэтай расліны акажа лячэбнае дзеянне, і што праз суткі раны пачнуць зацягвацца, а праз тры дні зусім загояцца.

Як і большасць жыхароў радзімы кактусаў, Зеб не верыў дактарам — ён ні за што не пазваў-бы да хворага ніводнага з іх, калі-б нават і была гэтая магчымасць. Да таго-ж стары знахар не бачыў ніякай небяспекі ў гэтых ранах. Небяспека для Морыса Джэральда заключалася ў іншым.

— Ну, містэр Фелім, — сказаў Зеб, заканчваючы перавязку, — мы зрабілі ўсё, што маглі, у гэтай справе, а цяпер трэба падумаць, як накарміць хворага. Ці знойдзецца ў цябе якая-небудзь ежа?

— Нічога няма, містэр Стумп. Але што горш за ўсё — няма ні кроплі віна.

— Ах, ты, нягоднік, ды гэта-ж твае прадзелкі! — злосна закрычаў Зеб. — Калі-б не ты, гарэлкі хапіла-б на ўвесь час хваробы. Што-ж цяпер рабіць?

— Вы дарэмна мяне крыўдзіце, містэр Стумп. Я выпіў толькі з маленькай флягі. Гэта індзейцы асушылі вялікую бутлю. Запэўняю вас!

— Няма чаго хлусіць! Хіба ты мог напіцца толькі тым, што было ў флязе? Я занадта добра ведаю тваё праклятае горла, каб паверыць гэтаму. Ты нямала хлёбнуў з вялікай бутлі.

— Клянуся ўсімі святымі!

— К чорту тваіх дурных святых, не турбуй іх, калі ласка! Ні адзін чалавек разумны не верыць ў гэтую нечысць. Досыць. Спынім гэтыя размовы. Ты высмактаў кукурузную брагу — вось і ўсё тут. За дваццаць міль не паедзеш па яе, а бліжэй дастаць нельга. Давядзецца абыйсціся без яе.

— Што-ж цяпер рабіць?

— Маўчы і слухай, што я табе скажу. Без выпіўкі мы абойдземся, але здыхаць з голаду няма падстаў. Я не сумняваюся, што наш хворы моцна прагаладаўся. Што-ж датычыць мяне, то я такі галодны, што гатоў з‘есці кайота, а ўжо ад індыка наўрад ці адвярнуся. Ты аставайся тут і пасядзі каля маладога хлопца, а я адпраўлюся на рэчку і пагляджу, магчыма, удасца што-небудзь падстрэліць.

— Не трывожцеся, містэр Стумп, я зраблю ўсё, што трэба. Чэснае слова.

— Змоўкні і дай мне дагаварыць.

— Больш ні слова не скажу.

— Ну, цяпер слухай мяне. Я хачу, каб ты не прамаргаў адной рэчы. Справа вось у чым: калі сюды хто-небудзь забрыдзе ў маю адсутнасць, паведамі мне. І не траць ні хвіліны, а зараз-жа паведамі.

— Будзьце ўпэўнены, я гэта зраблю.

— Глядзі-ж, не падвядзі.

— Усё гэта добра, але як мне гэта зрабіць, містэр Стумп? Калі вы зойдзеце далёка і майго голасу не будзе чуваць, што тады рабіць?

— Спадзяюся, што вельмі далёка ісці не давядзецца — дзікага індыка няцяжка падстрэліць і паблізу. А між іншым, невядома, — прадаўжаў Зеб пасля хвіліннага размышлення. — Ці знойдзецца ў цябе стрэльба? Пісталет таксама прыгодны.

— Ні таго, ні другога ў мяне няма. Гаспадар забраў з сабою.

— Дзіўна. Так, твая праўда, я магу і не пачуць твайго крыку.

Зеб пераступіў быў ужо цераз парог, але пасля спыніўся і задумаўся.

— Ёсць! — усклікнуў ён пасля некаторага размышлення. — Я прыдумаў! Бачыш маю старую кабылу?

— Як-жа не бачыць, містэр Стумп? Вядома, бачу.

— Добра. Глядзі далей — вунь там калючыя кактусы, на самым краі палянкі, бачыш?

— Бачу, як на далоні.

— Малайчына! Цяпер слухай. Сачы за дзвярыма. Калі хто-небудзь прыдзе ў часе маёй адсутнасці, бяжы проста да кактуса, зрэж адну галінку, ды больш калючую выбірай, і ткні яе пад хвост маёй кабыле.

— Святы Патрык! Навошта-ж гэта?

— Бачыш-жа, Фелім, мне трэба ведаць, калі хто-небудзь зазірне сюды. Я не пайду далёка, але ўсё-ж можа здарыцца, што я цябе не пачую. Няхай крычыць кабыла, у яе, бадай, голас мацнейшы за твой. Зразумеў, Фелім? Глядзі-ж, зрабі ўсё, як табе сказана.

Даўшы апошняе распараджэнне, стары паляўнічы ўскінуў стрэльбу на плячо і вышаў з халупы.

«А гэты стары не дурны», — падумаў Фелім.

Як толькі Зеб крыху адышоў ад хакале, Фелім таксама вышаў з халупы і стаў, як вартавы, ля яе парога.