Перайсці да зместу

Коляды і Новы Год/Кірылізацыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Коляды і Новы Год
Публіцыстыка
Аўтар: Фабіян Абрантовіч
1918 год
Крыніца: Krynica, - 1918. - №1 - с. 1-2
Арыгінальная публікацыя: Kolady i Nowy Hod. Усе публікацыі: Коляды і Новы Год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чытаў я дзесьці аб птушках нейкіх, ці іншых зверкох, каторые сколькіб разоў ні рабілі сабе норы ці дзюпла у дрэве, каб схавацца, заўсёды прабаджаюць наскрось, ня умеючы затрымацца у пору у сваей рабоце і дзеля таго вечна пачынаюць нанова свою работу і ніколі ні могуць зрабіць сабе трывалаго схаваньня.

Ці такія дурныя птушкі ёсьць на сьвеце—ня ведаю, ды ведаю, што ёсьць іншые стварэння, падобные да гэтых птушак, ня у тым што праз усё наскрось праходзяць, ды у тым, што у нічым не даходзяць да асеродка, але хаваюцца толькі пад кару, або у абалоніне, дзе ніколі не бывае безпечна. Зверкоў гэтых натта многа на сьвеце, а завуцца яны людзьмі. Капаюцца яны капаюцца, капошацца капошацца у землі як тые мурашкі,—ды ніколі такі спакою ні маюць. Даволі пачытаць гісторыю усіх народаў, даволі паглядзець цяпер на усіх людзей, каб стала нам ясна гэта праўда. Шукаючы сабе схавання трывалаго, людзі ня толькі зменяюць свае норы, будкі, хаты і палацы, вопраткі, але меняюць сваю рэлігію-веру, мову, характар, гаспадарку, суды, палітыку, нават цвет свае скуры, да усё надарма.

Такі стары народ як жыды зменяў: патрыярхаў на Майжэша, яго на судзяў, судзяў на каралёў, каралёў на няволю, няволю на гешэфт; грэкі, рымляне, бабілёнцы, эгіпцяне, кітайцы, мексіканцы—казаўбы усе народы света праходзілі розныя формы ураду, гаспадаркі, навукі, культу (чэсьці божай), але ніколі не маглі пахваліцца што ім было добра. Навейшые народы таксама робяць.

Вось хоцьбы недалёка шукаючы, расейцы, скінулі цара, пачалі касаваць чыны, паліцыю, вайну, вялікую ўласнасьць, банкі прыватныя, шлюбы і т.д. сказаўбы робяць рэвалюцыю палітычную, эканамічную і грамадзянскую і цешацца што цяпер будзе лепі, настане праўдзівае жыццё.

Не будучы саўсім контррэволюцыянерам можна сказаць, што нічога гэта ні паможэ, як нічога не памагло звяром з байкі: малпі, мядзведзю, аслу і казлу, што яны перасядалі з мейсца на мейсцо, каб зрабіць у чатырох музыку. Усё гэта толькі абалоніна, кара, формы каторыя жыцьця праўдзіваго ні дадуць. Вазьміце папсутую ваду, пералівайце яе у бочкі, шклянкі, карафкі, чаркі, збанкі, ці ні астанецца папсутая вада? Гэта сама і у жыцьці людзком, хоць ня ведама як зменяй формы: з манархіі на дыктатуру пралетарыята, з капіталізму на сацыялізм, са шляхецтва на дэмокрацыю—як дрэнна было, дрэнна і будзе. Ці гэта значыць, што ня трэба мяняць нічога на свеце? Саўсім не.—Ці з таго, што хтосьць лечачы хваробу меняе дахтароў, лекарства, значыць, што ня трэба яе лячыць, меняць лекарства?—Не. Значыць толькі, што трэба добрае лекарство знайсьці, каб выкараніць хваробу.—Гэта сама і з людзьмі. Лечучы свае хваробы жыццявые і зменяючы формы жыцця, ня вылечацца ад хваробы, каторая на бяду ня у гэтых формах сядзіць, але у асяродку чалавека у душы. Што з гэтаго што у Расеі формы пераменіліся, калі душа засталася тая самая цёмная, злая, рагатая. Што з таго, што уласьць перайшла з рук цара ў рукі народу, калі ўласьць ёсьць не асновай права, а яго граніцай, а граніцу ўсякую можна перайсьці. Што з гэтаго калі мы з уладаньня частнаго землёю пяройдзем да супольнаго, калі ў адной і другой форме чорная душа сваё можа зрабіць: у сёняшняй зрабіла капіталізм г. з. багацтво адных а беду другіх, а у супольнай беду і нэндзу усіх чыста, як гэта было у Кітаі у 12 сталецьцю. Душу трэба зрэформаваць, а тады формы нойдуцца. Былаб вада здаровая, а прылада будзе; сама прылада без вады дужо ні паможэ.

Коляды і Новы Год як раз прыпамінаюць нам Таго, хто прышоў душы лячыць, хто ваду жывую прынёс. Нарадзіўся Езус Хрыстус каб людзі жыцьцё мелі усе як адзін, каб багата мелі, каб была хвала Богу, а людзям пакой. Жыцьця і пакою гэтаго ня будзе на землі, пакуль людзі да Хрыста ні пойдуць і у Яго не навучацца, як душы лячыць, а ні формы жыцьця зменяць.

Любяць сёньня многіе часта казаць, што Хрыстус быў першым дэмократам, сацыялістам, рэвалюцыянерам. Няхайжэ тыя возьмуць эвангэлію і пачытаюць, ці Хрыстус пачынаў рэформы ад кары, ці ад асеродка, ці пачынаў ад палітыкі, земельнай справы, грамадзянскай, ці казаў што трэба звальваць троны, адбіраць багатым уласнасьць, ваяваць з буржуем.

Не прышоў ён бараніць каралёў, буржуяў, але ня прышоў ён бедных усіх краёў едночыць на барацьбу з другімі.

Хрыстус прышоў душы вылечыць, прыпомніць людзям, што ні самым толькі хлебам жыве чалавек, але словам божым; прыпомніць, што на землі раю ніколі ня будзе, тут іржа псуе, агонь паліць і зладзеі крадуць, прышоў багатым сказаць, што ім трудна да неба дастацца, прышоў бедным сказаць, што ні вайною а працаю будуюць. Прышоў усім чыста народам усіх краяў сказаць, што перш на перш трэба шукаць праўды божае і справедлівасьці, а рэшта усё само найдзецца.

Ня быў тады Хрыстус сацыялістам, рэволюцыяністам, але ня быў як мы бачым і абаронцам капіталізму. Ён быў над усім гэтым. Гэта усё формы, а Хрыстус ня быў формалістам. Каб душа была здаровая, людзі пераходзілі б ад формы да формы спакойна, без забойства, зладзейства, чужажонства, рэволюцыі, калі душа хворая перамены жыцьця не паправяць.

Коляды нам усё гэта прыпамінаюць, а Новы Год прыпамінае яшчэ тое, як мала таго, што Хрыстус нарадзіўся у Бэтлееме, трэба каб нарадзіўся у душы кожнаго. На Новы Год мы сабе жадаем шчасьця, а забываем, што Новы Год не прынясе гэтага шчасьця як дзед у мешку за плечамі, але шчасьце будзе толькі тады калі Хрыстус народзіцца у нас. Даўбыж Бог каб нашы браты Беларусы пачынаючы рэформу свайго жыцця вельмі важную, бо адраджэньне, пачалі не ад формаў самых, а і ад таго што нам прыпамінае Новы Год і Коляды.