Перайсці да зместу

Качаргой па абразох (1930)/Сватава абора

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пановаму Сватава абора
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Дзяк-злодзей

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СВАТАВА АБОРА

Ой, як цяжка дачакацца,
Покуль бабы і мужчыны,
Змогуць розуму набрацца
І ня слухаць чартаўшчыны!
Бо у вёсцы ад знахарак
Ні пралазу, ні праходу,
Хоць бяры усіх за карак,
І прудзі ля млына воду!
Далібог — часамі веры
Мне ня даў-бы той і гэты,
Што да ўсякае халеры
Людзі едуць ў дзьве карэты…
Але тут, як на далоні —
Ці ты проста, ці ты крыва —
Глянь на бацькаўскія гоні:
Ўсё да кропелькі праўдзіва!
Распачну вам па парадку —
Мо‘ крыху ня надта плаўна —
Пра вясковую „нарадку“,
Што мне здарылась нядаўна…
На вясельлі у Рыгора,
Калі йшоў ён цераз сені,
Ад старых лапцей абора
Неяк выпала з кішэні…
(Хай другі сьмяецца ў жменю,
А па мне — чаго дзівіцца?
Ён абору ўзяў ў кішэню,
Каб ад дружак бараніцца,
Калі тыя грамадою,
Як на свата, на Рыгора
Стануць сыпаць збажыною —
Вось на што была абора!)
Заўтра зранку маці ўстала
І, угледзеўшы абору,
Як асіна задрыжала
І нагамі — брык! угору.
Посьле гвалт, як на пажары,
Падняла з усіх лапатак:
„Ой, ратуйце! мусіць чары
Нехта кінуў наастатак!“
Пазьляталіся шаптухі
Груганамі з цэлай вёскі
І залопалі-псяюхі!
Языкамі аб падноскі.
„Чары! чары, ня іначай!
Ой ты, ведзьма-чараўніца!
Не адзін дзянёк праплача
Малады і маладзіца!“
Ўсьлед за бабамі мужчыны
Барадой затрэсьлі ўгору:
„Праўда! праўда! Бяз прычыны
Ня падкінулі-б абору!
Прынясло-ж сюды паскуду!“
Малады за маладою,
Як пачулі, з перапуду
Бразь аб землю галавою!
Чым пазбыцца ад нарады,
Ад праклятай вераўчыны?
Ўзьняўся гоман — ані рады,
Як у школе на басіны!
„Не чапай, Сымон, рукою!
Ў печ яе! у печ, заразу,
Падчапіўшы качаргою,
І спаліць усю адразу!“
Затрасло ва ўсіх паджылкі
Запякла у горле смага,
Як Сымон, узяўшы вілкі,
Нёс абору у печ — адвага!
Ой ты, цемра і дурота!
З-за паршывае аборы,
Як халявы з тога бота,
Сталі самі чаратворы!
Калі вечарам дазналась
Пра знахарскую пацеху
Моладзь, — так нарагаталась,
Што жывот балеў ад сьмеху!