„У Халяўшчыне на кватэры селяніна Васілеўскага жыў дзяк. Скончылася тым, что ён упадабаў сялянскую жонку і ўцёк з ёю“.
Ні папа, ні дзяка
Ня пускай на парог,
Бо яны мужыка
Згубяць зразу — дальбог!
У Халяўшчыне — вось!
Ў Васілеўскага дзяк
Спачуваць стаў чагось
Да кабеціны смак.
Як каровам ў абед
Яна цэбар нясе,
Дзяк за ёю усьлед
Свае кудлы трасе.
Або пойдзе на ток —
Як той чорт, ён і тут:
То ухопіць за бок,
То пацягне у кут.
„Ой, суседзе, — бяда,
Ня хлушу я табе,
Але жонку брыда
У цябе заграбе…“
„Не!“ сусед у адказ:
„Дзяк ня пойдзе на грэх!“
Хоць якраз ў гэты час
Лезла шыла у мех…
Цераз тыдзень ці два
Васілеўскі у лес
Пасьпяшаў па дрыва
І ад холаду чэз.
Ён рукой у панарад:
„Э! забыўся кажух,
Трэ‘ вярнуцца назад,
А то вылезе дух“.
Як уздумаў — зрабіў:
Прыгуменьнем на двор.
Сьнег з лапцей абабіў
І у хату папёр.
Але раптам адтуль
З гвалтам выскачыў ён,
Быццам чорту папаў
Пад гарачы ражон,
Бо у хаце пустой
Не знайшоў кажуха,
Ні кабеціны той
Ні дзяка-трыбуха!
Ні папа, ні дзяка
Ня пускай на парог,
Бо яны мужыка
Згубяць зразу — дальбог!
|