Перайсці да зместу

Качаргой па абразох (1930)/Вылечыла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Спрэчка Вылечыла
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Без папа

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫЛЕЧЫЛА

Каб яны ня ўбачылі сьвету,
Ні кавалачка хлеба, ні скваркі!
Бо квактухі-шаптухі знахаркі
Не адну маладзіцу-кабету
Без часіны загналі ў магілу!
На дзяцей-жа — ня хваціць і ліку,
Пра калек — і казаць цераз сілу,
Аж дрыжаць усе вёскі ад крыку!
Той бязвокі, другі з качарэжкай,
Трэці нема хістае рукамі,
Або землю матычыць даўбежкай —
Парабілі людзей жабракамі!
Ой, вы шэпты — знахарскія лекі!
І зімой, і вясной, і у леце
Цераз вас жабракі і калекі
Ходзяць з торбай і кіем па сьвеце!
Цераз вас і ўдава, і сіроты!
Цераз вас і труна і хаўтуры!
Не паб‘е вас пярун, абармоты,
Так, каб мяса адстала ад скуры!
Ах, чаму-ж вы, браточкі-сяляне,
Жывяце у знахарскім палоне?
Хай ён у сьвеце навукі растане
І у віры навекі затоне!
Вось паслухайце — толькі з увагай —
Да бацькоў зварачаюсь і матак,
Каб ня беглі за ўсякай брадзягай
І сваіх ня губілі дзіцятак!
На звычайную, мусіць, хваробу
Неяк раптам ў вадной маладзіцы
Захварэла дзіця і праз добу
Ня ўзяло ўжо матчынай цыцы.
Цераз ноч у агні запылала…
Усё горай і горай дзіцяці —
Ажно ў корчы, зьвіваць яго стала!
Што-ж рабіць табе, бацька і маці?
Па маему — належыць нямнога:
Я-б параіў, як роднаму брату —
У бальніцу завезьці малога
Або фэльчара клікнуць у хату!
Распазналі-б з якое прычыны —
Мо‘ дзіця, як дзіця, перассала?
Ён-бы даў з той напарстак рыцыны
І пад вечар яно-б ачуняла…
Але дзе там? Як бобам у сьцену!
І дзядзькі, і бацькі адурнелі…
Разбудзілі дачушку Алену
І паслалі да бабкі Марцэлі —
Па вядомую ў вёсцы шаптуху,
Што гандлюе сьвятою вадою…
Бегла ведзьма старая бяз духу
І старою трасла барадою…
Як прыбегла — дзіцятка схапіла,
Ручніком яму ножкі зьвязала
І з гадзіну яго калаціла —
Каб ты пропадам, лухта, прапала!
Посьле вынесла з цёплае хаты
І у цэбар з халоднай вадою
Раз пятнаццаць, узяўшы за пяты,
Акунула нырцом — з галавою!
Ад такога лякарства адразу
Спруцянела дзіця без астатку,
І ня дыхнуўшы нават ні разу,
Павітала і бацьку і матку…
Заўтра зрана зьвінела сякера —
Дамавінку малому рабілі…
Праз дурную у знахарак веру
Бацька з маткай дзіця пагубілі!
Ой, калі-ж гэта, добрыя людзі,
Сьвет загляне у наша ваконца?
І ў мазгі нам засьвеціць, і ў грудзі?
Бо мы гінем і згінем бяз сонца!