Перайсці да зместу

Качаргой па абразох (1930)/Без папа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вылечыла Без папа
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Дзе праўда

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЗ ПАПА.

У вёсцы — назваю Ячонкі —
Старым чынам — на дзевяты
Ў Шкурдзюка Лявона жонкі
Сын радзіўся — хоць у сваты!
Цераз тыдзень-два, ня болей,
Як належыцца па таксе,
Шкурдзюкі уласнай воляй
Запісалі сына ў „Загсе“.
І на гэтым дзела стала,
Хоць старая матка ў звычай
Па-даўнейшаму чакала,
Што Лявон папа пакліча:
„Ня хрысьціўшы-ж, не гадзіцца!
Трэ‘ й вадзіца, трэ й крапідла.
Бо інакш ня варт радзіцца, —
Як якое-небудзь быдла!
Ведзер з пяць патрэбна брагі,
Падсьвінака на салому,
Каб было чаго ад смагі
Пасмактаць таму-другому,
Бо забрэшуць, калі мала —
Хай іх высмакча хвароба!“
Гэтак матка разважала,
Паглядаючы з-пад лоба…
Дзень… другі… Ніхто ні слова
Пра папа ня кажа старай…
З дзіцем возіцца сынова…
Маці ў хаце ходзіць хмарай…
На чацьверты — ня стрывала,
Вышла ў шэпты да суседкі,
І у вечар засьпявала:
„Што-ж вы думаеце, дзеткі?
Ўсё па ўсім? Папа ні ў хату?
Хай няхрышчаным дзіцятка
Узрастае уровень тату,
Як якое „жыдзенятка“?
Вось дык сьвет настаў, мой божа!
Узялі ўладу недавяркі!“
Не сьцярпеў Лявон і кажа:
„Маці! годзе гэтай сваркі!
Вам, бацькі, мяне ня змусіць,
Бо папу ня дам я веры —
Ён у кожным слове хлусіць
І праз вокны, і праз дзьверы!
Ці-ж ён робіць па закону?
Веры ў бога сам ня мае!
І з мужыцкага загону
Толькі жыта падграбае…
Ён нас вучыць — ня судзіцца
І лагодным быць бясконца,
І з пакрыўджаным мірыцца
Ў той жа дзень, да змроку сонца…
Калі хто, з якога боку
Дзьмухане табе па вуху —
Падстаўляй адразу шчоку
Пад другую аплявуху
Або хто-нібудзь у полі
Абдзярэ цябе, як ліпку —
Не пярэч яму ніколі!
І капшук аддай і піпку!
Найважней — працуй да сьвету,
Хоць бяз солі, хоць бяз хлеба,
Бо душа твая за гэта,
Як па маслу, пойдзе ў неба!
Добра сьцеле — мякка сьцеле,
Але цьвёрда надта спаці
На паповінай пасьцелі…
Памяркуй сама ты, маці!
Папрабуй яму папасца…
Ў кіпцюрах сваіх, кудлаты,
Растрасе цябе, як трасца,
Дах і комін здыме з хаты!
Хай заблудзіць конь ў атаву…
Ці-ж даруе ён, харошы?
У папоўскую халяву
Шуфлем сып, Мікіта, грошы!
Бо іначай — перапіша,
Спанятуе ўсё да ніткі
І кадзідла так раздыша,
Што і гузік вырве з сьвіткі!
Чалавека — ня бывае?
Пахаваць прыходзіць жонцы…
Ён бяз літасьці спытае:
А рубель зьвініць ў машонцы?
Хай у тое ні крупінкі,
Рук няма за што зацяці.
І у хаце ні скарынкі
Для галоднага дзіцяці —
Аблупі і зад і перад
Да шаснаццатае скуры,
Бо ўсёроўна гэты верад
Так ня пойдзе пець хаўтуры!
А здавала-б, што удавіцы
Памагчы-б ён сам павінен,
Калі верыць у „пракімен“
І другія нябыліцы?!
Гэта сьведчыць толькі тое,
Што папу начхаць на бога
І на тое ўсё рабое,
Што ён радзіць для другога!“
Доўга так Лявон тлумачыў,
Мазгавіны рыхліў кніжкай
І усё, што чуў і бачыў,
Клаў у рот старым, як лыжкай…
Так давёў — ляпей ня трэба…
І бацькі сказалі ўголас:
„Калі так, ня трэба неба, —
Хай зямля нам поўніць колас!“
З тэй пары у хаце згода,
Пра папа няма гаворкі…
Гэта — розум! Толькі шкода,
Што шаптухі, як вавёркі,
Скачуць ў вёсцы з пня на шула,
Мелюць ў ступе языкамі:
„Мая кумка! ці ты чула?
У Лявона-ж сын з рагамі!
Далібог — казала Тэкля, —
Што капытаў ёсьць прыкмета
І як водзіцца у пекле,
Хвост да пят ад самай… гэтай…“
Проста брыдка за кабету!
Падурнелі бабы, мусіць?
Памялом заразу гэту
Трэба з нашай Беларусі!