Праўду кажа пагалоска,
Што ў папоўскай павуціне
Наша хатачка і вёска
Бяз жыцьця і сьвету гіне.
Ой, каб ведалі, браткі, вы,
Як да нельгасьці абрыдла
Мне пісаць ужо пра грывы
І пра ўсякія кадзідлы.
Але што-ж рабіць поэце,
Калі ўзяў ён за ахвяру
Дзеркачом служыць у сьвеце
І у кут зьмятаці мару?
Прызнаюся вам — ніколі
Не хадзіў я сам да прошчы,
Бо з маленства чуў даволі,
Як папы рабілі мошчы.
Не на жарты і бяз злосьці,
Гавару — як трэба, стала,
Што яны на гэта косьці
Кралі-бралі, дзе папала.
На кладох ці ля стадолы —
Усёроўна — будзе добра! Хоць якой сабе жывёлы —
Абы чэрап, ногі, робра!
У мяшку — заместа скуры —
Ўсю трухлявіну манахі
Скруцяць, зьверцяць у фігуры…
І — гатоў: цягні пад пахі!
Людзям выставяць салому
У панчохах для прывабы,
І — глядзіш: сьвятому тому
У пяту ўжо плюшчуць бабы!
Дый мужчыны не ад тога —
Як і бабы, ў адну кроплю:
Цягнуць ў цэркву для сьвятога
Кужаль, зрэб‘е і каноплю.
Ў ліхтары наставяць сьвечак
І загрукаюць ў падлогу,
Як маркач сярод авечак
З маркачом у перамогу.
А на хвэст-дальбог умора
(З Новагрудчыны узята) —
Цэркаў проста, як абора:
Оўцы, куры, парасяты.
Лезуць ў самую бажніцу,
Лычам поруцца ў дзяругу,
Рвуць зубамі за спадніцу,
Хоць бяры у рукі пугу!
Поп на гэта не зважае
І, здаволены да сьмерці,
Цераз шчолку паглядае:
„Будзе чым кішку наперці!“ Дзяк таксама ня увалак:
Ў думках пхне у торбу-ляпу
То сьвіняціны кавалак,
То авечую ахлапу.
Добра гэтак і маліцца:
Горла ёсьць за што падраці,
Бо за гэта, „да сьвяціцца“
Ён паўгода будзе жраці…
Але глянем, што ў падзяку
Бог пашле — і то часамі —
Селяніну-небараку:
Толькі бульбу „з мундзярамі!“
Дык скажэце-ж-на хваробу
Слухаць мне паповы казкі,
Каб яны маю вантробу
Аб‘ядалі з „божай ласкі?“
Годзі ім сядзець на карку!
Я свайму дзіцяці лепей
Дам якую-небудзь скварку,
Чым трымаць на поснай рэпе!
|