Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/КАХАНЬНЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Плытнікі КАХАНЬНЕ
Аўтар: Якуб Колас
1907
Наша доля


КАХАНЬНЕ

Ці помніш ты, Ганна,
Шчасьлівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
І месячык ясны
На нас пазіраў.

Драў горла у лозах
За рэчкаю драч,
І грукаў у сьцену
Рагамі маркач.

На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком
І я прытуліўся
К табе плячуком.

Язык мне адняўся,
Я сьліну глытаў,
А потым нясьмела
Цябе запытаў:

«Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?»
«Люблю», ты сказала:
«Аж сэрца мне схне!»

І лапці з-за сьпіны
Мае ты зьняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.

Ганулька, Ганулька!
Павер, зразумей -
Я ў сьвеце ня бачыў
Каханьня шчырэй!

На вуліцы Мурза
Яхімаў брахаў,
І стражнік пасьвістваў,
Нагайкай махаў.

Я-ж быў шчасьлівейшы
На сьвеце батрак,
Ішоў, не баяўся
«Шнуроў» і сабак.

Ці помніш ты, Ганна,
Той сьветлы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

1907 г.