Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Каханьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Плытнікі Каханьне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Наша доля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каханьне (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАХАНЬНЕ

Ці помніш ты, Ганна,
Шчасьлівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
І месячык ясны
На нас пазіраў.

Драў горла у лозах
За рэчкаю драч,
І грукаў у сьцену
Рагамі маркач.

На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком
І я прытуліўся
К табе плячуком.

Язык мне адняўся,
Я сьліну глытаў,
А потым нясьмела
Цябе запытаў:

„Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?“
„Люблю“, ты сказала:
„Аж сэрца мне схне!“

І лапці з-за сьпіны
Мае ты зьняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.

Ганулька, Ганулька!
Павер, зразумей —
Я ў сьвеце ня бачыў
Каханьня шчырэй!

На вуліцы Мурза
Яхімаў брахаў,
І стражнік пасьвістваў,
Нагайкай махаў.

Я-ж быў шчасьлівейшы
На сьвеце батрак,
Ішоў, не баяўся
„Шнуроў“ і сабак.

Ці помніш ты, Ганна,
Той сьветлы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

1907 г.