Касьба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Касьба
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/892



Бяжыць час дзень за днём, — скуль вазьміся Пятрок
Наляцеў і пагнаў к касьбе жыва людзей;
Пайшлі ў ход малаток, і каса, і брусок, —
Стукі-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!

Сьвішччуць косы ў траве, проста дзіва, гульба;
Размахаліся рукі, ўзыгралася кроў,
Сонца паліць агнём, пот ліецца зь ілба —
Абмахнуў рукавом ды і далей пайшоў.

І пракос у пракос вырастае, як стой, —
Пан з карэтай бы пэўна праехаў між іх.
Эх, аддаўся рабоце люд бедны з душой!
Калі есьць — як Бог даў, як рабіць — за траіх.

Махай дружна касой, пакуль згіне раса —
Куй жалеза, пакуль не астыне яно!
Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,
А там далей — на лог няхай мчыцца каса.

Люба выйсьці, прайсьці па лагу, па гумне:
Гоман нейкі стаіць, сенам пахне укруг;
Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,
А ў траве конік шастае, радуе слух.

Вось падвяла крыху. Жыва, бабы, на лог!
Трэба скошанае разьбіваць, аграбаць.
Сюды-туды!.. глядзі, ўжо пракосы ў валох;
Глядзь… і копамі ўбралі усю сенажаць.

А тым часам ізь неба пасыпаўся страх:
Дожджык пырскаць начаў, гром азваўся глухі.
Шчыра цешацца людзі, што сена ў капах,
Бо ў пракосах счарнела б, ды й спор не такі.

Сена кожны шануе, бо ведама ўсім,
Калі хлеба няхват, то знасіць ўсё ж лягчэй,
Чымся б корму ня стала прадвесьнем зімным
Для скацінкі; тады… хоць душой загавей.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Дружна йдзі, бедны люд, калі сонца к касьбе
Кліча зь неба ды голадам мучысься ты;
Рэж траву, дабывай долю сілай сабе,
З часам выйдзеш і ты зь беднаты, зь цемнаты.

Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары
Працуй, біся, ня гніся пад лямкай цяжкой,
І за праўду сваю, дачакаўшы пары,
З касой вострай сваёй дружна, сьмела пастой!

(1905—1907)