Перайсці да зместу

Кастусь Каліноўскі (Перцаў, 1945)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі
Гістарычная праца
Аўтар: Уладзімір Перцаў
1945 год
Крыніца: Полымя. — 1945 — №9-102

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Акадэмік В. ПЕРЦАЎ

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

У літаратуры, прысвечанай паўстанню 1863 года, ёсць думка, што народныя масы, у асаблівасці сялянства, адыгрывалі ў ім слабую ролю і нават былі варожа настроены супроць паўстання. Думку аб няўдзеле і нават варожасці сялянскіх мас да паўстання ўзмоцнена падтрымлівала руская рэакцыйная прэса і часткова самі прадстаўнікі рускай улады часоў паўстання - на чале з Мураўёвым-вешацелем. Рускаму ўраду таго часу было важна прадставіць паўстанне 1863 года, як выключна дваранскую зацею, якая мела сваёй мэтай адарваць Польшчу ад Расіі з яе добрачыннымі для народа самадзяржаўнымі парадкамі і падпарадкаваць народныя масы невялікай кучцы польскіх арыстакратаў. Удзельнік падаўлення паўстання і адзін з бліжэйшых памочнікаў Мураўёва генерал Чэрэвін пісаў у сваіх мемуарах, што «сялянства заставалася дакуль магчыма верным ураду»[1]. У тым жа духу пісаў ідэалагічны правадыр усерасійскай рэакцыі Каткоў у чорнасоценных «Московских ведомостях»: «Польскае паўстанне зусім не народнае паўстанне, паўстаў не народ, а шляхта і духавенства». У яго-ж мы чытаем: «Пра польскі народ амаль не можа быць гутаркі. Мы ведаем польскіх паноў, польскае шляхецтва..., польскага народа мы не ведаем»[2]. У адносінах да насельніцтва Віцебскай губерні такую-ж характарыстыку вернападданіцкіх яго пачуццяў дае ў сваім дакладзе цару генерал-маёр Вяроўкін: «Палякі не ведалі рускага народа, яны не ведалі, што ў масе прыгнечанага імі насельніцтва свята захаваліся любоў да прастолу і айчыны і што пачуцці вернападданіцкага абавязку не маглі пахіснуцца ў сялянах»[3].

На гэтых думках чорнасоценных «пісьменнікаў» не варта было-б спыняцца, калі-б аналагічныя меркаванні часамі не выказваліся і ў сур'ёзнай літаратуры. Так, у вельмі распаўсюджанай кнізе «История ХІХ века» пад рэдакцыяй прафесараў Лавіса і Рамбо, якая была выдана ў рускім перакладзе ОГІЗ'ам у 1939 г., мы сустракаем такія словы: «У Літве і на Украіне маса сельскага насельніцтва адносілася індыферэнтна або варожа да паўстанцаў»[4].

Такое меркаванне няправільна нават у адносінах да карэннай Польшчы, у якой дваранства адыгрывала ў часе паўстання значна большую ролю, чым у беларуска-літоўскім раёне. Факты паказваюць, што і ў карэннай Польшчы сяляне часта ўступалі ў паўстанцкія атрады. Нават у дакладзе цару Мураўёў, які імкнуўся змаліць удзел сялян у паўстанні, гаворыць пра высылку з польскага края «да 5000 просталюдзінаў, пераважна з дробнай шляхты і іншых розначынцаў з сялян»[5]. Наадварот, памешчыкі, як маса (а не перадавыя элементы шляхты, прымкнуўшыя да паўстання з энтузіязмам), не асабліва ахвотна падтрымлівалі паўстанне. Арыстакратычны ўдзельнік паўстання граф Страйноўскі ўказвае ў сваёй брашуры на велізарныя намаганні, якія прышлося ўжыць Центральнаму Камітэту, каб прыцягнуць на свой бок памешчыкаў.

Калі несправядліва думка пра нязначную ролю сялянства ў рэволюцыі 1863 года ў дачыненні да карэннай Польшчы, то тым менш яна справядліва ў адносінах да Беларусі і Літвы, дзе сялянскі рух прыняў надзвычай шырокі характар. Польскі гісторык паўстання 1863 года Ліманоўскі піша, што ў Жмудзі «гатоўнасць сялян была такой вялікай, што узброены рух мог адразу набыць масавы характар, - аднак нехапала зброі і начальнікаў». Пра тое-ж гаворыць і Энгельс у пісьме да Маркса ад 8 красавіка 1863 г. «Літоўскі рух цяпер - самае важнае, бо ён 1) выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы і па 2) у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне, бліжэй да Курляндыі ён набывае нават проста агрэсіўны характар»[6].

Для абвяржэння байкі, што працоўныя, галоўным чынам сялянскія масы, не прымалі ўдзелу ў рэвалюцыі 1863 года, дастаткова толькі ўспомніць славутую дзейнасць Кастуся Каліноўскага і яго надзвычайную папулярнасць сярод сялян. Каліноўскі быў сялянскім рэвалюцыянерам таго часу. Усё яго кароткае дваццацішасцігадовае жыццё было цесна звязана з сялянствам. Яго велізарная папулярнасць сярод сялянскіх мас грунтавалася на яго адданасці народным інтарэсам і на тым, што ён умеў выразіць думку народа і голасна, сялянскай мовай абвясціць патрабаванні і жаданні, якія жылі ў душы кожнага селяніна. Недарма пад яго артыкуламі і адозвамі стаяў сялянскі подпіс: «Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Памяць аб Кастусе Каліноўскім дарагая нам яшчэ і таму, што ён адным з першых узняў сцяг палітычнай самастойнасці Беларусі і абараняў права беларускага народа на яго ўласную незалежную дзяржаўнасць. У той час, калі велізарная большасць дзеячоў польскай рэволюцыі 1863 г. патрабавала аднаўлення Польшчы у межах 1772 г., зн. уключэння ў яе склад Беларусі, Літвы і Украіны, Каліноўскі стаяў за стварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі, незалежнай і ад панскай Польшчы, і ад самадзяржаўна-чыноўніцкай царскай Расіі. Хоць гэтым ён выклікаў з боку шляхецкіх удзельнікаў польскага паўстання жорсткія папрокі ў сепаратызме і нават у здрадзе рэволюцыі, але гэтым-жа ён выклікаў да сябе сімпатыі народных мас Беларусі, у свядомасці якіх аднаўленне Польшчы ў межах 1772 года азначала захаванне ўлады польскіх паноў над беларускім сялянствам. Працоўны народ Беларусі памятаў пра векавое прыгнечанне, у якім яго трымалі памешчыкі і ксяндзы Польшчы, і не мог не адносіцца варожа да лозунгаў, якія патрабавалі і ў будучым далучэння Беларусі да Польшчы. Таму патрабаванне беларуска-літоўскай незалежнасці, якое выстаўляў К. Каліноўскі, знаходзіла сабе спачувальны водгук у сялянскіх масах Беларусі і Літвы і яшчэ больш узвышала яго ў іх вачах як сапраўднага абаронцу іх інтарэсаў. Грунтуючыся на народным спачуванні і не гледзячы ні на якія папрокі, Каліноўскі смела ішоў сваім шляхам, верачы ў тое, што Беларусь можа і павінна мець і сваю дзяржаўнасць, і сваю культуру, і добра разумеючы, што незалежнае існаванне Беларусі цесна звязана з вызваленнем сялянства ад панскай улады і з надзяленнем яго зямлёй.

Абагульняючы найбольш характэрныя рысы рэволюцыйнай дзейнасці Каліноўскага, мы можам сказаць, што ў асноўным ён ставіў перед сабою дзве мэты: па-першае, дасягнення нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасці Беларусі (у межах праектуемай ім Літоўска-Беларускай рэспублікі) і, па-другое, дэмакратызацыі ўсяго яе соцыяльна-эканамічнага ладу, з надзяленнем сялян зямлёй, знішчэннем сялянскіх павіннасцей і рэштак баршчынных служб, для чаго трэба было знішчыць феадальную падпарадкаванасць беларускага селяніна польскаму памешчыку. Гэтыя дзве шчыльна звязаныя паміж сабою мэты - адна палітычная, а другая соцыяльна-эканамічная і былі кіруючымі вехамі, якія асвятлялі кароткі рэволюцыйны шлях Каліноўскага і натхнялі яго маладую і чыстую душу. Гэта ставіць яго на адно з першых месц сярод рэволюцыйных дэмакратаў 60 гадоў, і прытым дэмакратаў-практыкаў, дзейнічаўшых не толькі на словах, але і на справе.

У барацьбе за ажыццяўленне гэтых мэт прайшло ўсё кароткае жыццё Каліноўскага. Ён нарадзіўся 21 студзеня 1838 года ў вёсцы Якушоўцы, Гродненскай губерні (па іншых звестках у фальварку Мастаўляны). Бацька яго быў шляхцічам без памесця. Фармальна ён, як і значная частка шляхцічаў, быў залічан да дваранскага саслоўя, на справе-ж гэта быў бядняк, які ўсё сваё жыццё вёў цяжкую барацьбу за існаванне. Адзін час ён быў дробным чыноўнікам, але за нядобранадзейнасць яго зволілі са службы. Тады ён паступіў за прыказчыка ў невялікую ткацкую майстэрню на дваццаць станкоў у мястэчку Свіслач. Ранняя біяграфія самога Кастуся мала вядома. Ва ўсякім выпадку ў абстаноўцы, якая акружала гады яго маленства, не было нічога «дваранскага». Ён жыў сярод дзяцей сялян і рамеснікаў і пазнаў з ранніх год увесь цяжар і знявагі працоўнага жыцця. У мястэчку Свіслач, Гродненскай обласці, куды пераехаў яго бацька, была прагімназія, у якую і аддалі Кастуся. Пасля сканчэння прагімназіі і некаторай дадатковай падрыхтоўкі яму удалося паступіць у Маскоўскі універсітэт. Вучоба ў Маскоўскім універсітэце была, аднак, вельмі кароткай, бо ён хутка быў з яго зволены за рэволюцыйныя погляды. Тады ён пераехаў у Пецербург і паступіў там на юрыдычны факультэт універсітэта.

Студэнцкія гады Каліноўскага прайшлі пад двума ўплывамі: з аднаго боку, пад уплывам рускіх рэволюцыйных дэмакратаў канца 50-х і самага пачатку 60-х гадоў - Чэрнышэўскага, Дабралюбава, асабліва Герцэна, часткова Бакуніна, а з другога пад уплывам польскіх рэволюцыйных арганізацый. Ад першых Каліноўскі ўспрыняў гарачыя сімпатыі да народных мас, глыбокую нянавісць да прыгоннага права і да ўсіх форм народнага прыгнечання і перакананне, што будучае для народа прыдзе не ад цара і не ад урада, а ад народных мас і, галоўным чынам, ад шматмільённага працоўнага сялянства, якое здолее заваяваць сабе волю і зямлю рэволюцыйнай барацьбой. Трэба прыпомніць, што студэнцкія гады Каліноўскага супалі з тым ажыўленнем грамадскай думкі ў Расіі, якая ўзнікла пасля Крымскай кампаніі. Студэнцкая маса таго часу была вельмі рознастайнай, у ёй былі і дваранскія, і розначынныя элементы, - і яна адлюстроўвала тую ідэалагічную барацьбу, якая ішла тады ў рускім, у прыватнасці у пецербургскім, грамадстве. Частка студэнтаў, пераважна дваранская, была звязана з умеранымі лібераламі, якія ўсе свае надзеі ўскладалі на добрачынную дзейнасць урада, на рэформы зверху. Іх правадырамі былі Кавелі, Чычэрын, Аненкоў, браты Аксакавы, асабліва Канстанцін, якія ў вырашэнні сялянскага пытання думалі абыйсціся без знішчэння асноўных устояў старой Расіі — саслоўнага ладу, буйнага землеўладання, улады памешчыкаў у дзяржаве і грамадстве і т. п.

Студэнты-розначынцы, наадварот, спачувалі рэволюцыйным дэмакратам, якія не баяліся народных паўстанняў і верылі ў сілу народнай рэволюцыі. Яны думалі, што калі нават народ уступіць у рэволюцыю без дастатковай падрыхтоўкі, то ён набудзе рэволюцыйны вопыт у працэсе самой барацьбы. Асабліва ўважліва чытаўся сярод радыкальна-дэмакратычных груп студэнцтва герцэнаўскі «Колакал». У процілегласць умераным лібералам Герцэн пісаў у «Колакале»: «Мы з народам рускім, — мы з мужыкамі». Ён імкнуўся знішчыць манархічныя сімпатыі, якія жылі ў душы селяніна, і звяртаўся да яго з такімі словамі: «Ты ненавідзіш памешчыка, ненавідзіш пад'ячага, баішся іх, — і зусім правы; але яшчэ верыш у цара і архіерэя... Не вер ім. Цар з імі, і яны яго». А прыяцель Герцена Огараў, крытыкуючы палажэнне 19 лютага, проста пісаў, шта «ранейшае прыгоннае права заменена новым. Наогул прыгоннае права не адменена. Народ царом абмануты». Студэнцкая маса хвалявалася; у ёй ішлі гарачыя спрэчкі і ў бурных сутычках думак для яе далёка не усё было ясным.

К. Каліноўскі быў звязан з перадавой студэнцкай моладдзю, наведваў студэнцкія гурткі і сходы, чытаў дэмакратычную і рэволюцыйную літаратуру таго часу і не мог не стаць на бок рэволюцыйных дэмакратаў супроць умераных лібералаў тыпу братоў Аксакавых і Чычэрына. Мы не маем дакладных звестак, ці чытаў ён Чэрнышэўскага і Дабралюбава, але цяжка ўявіць, каб яго баявая натура засталася чужой рэволюцыйным дэмакратычным поглядам гэтых правадыроў тагачаснага перадавога рускага грамадства. Некаторыя думкі Чэрнышэўскага, якія ён выказаў у сваіх ранніх працах 50-х гадоў, напрыклад, думка, што ў гісторыі ні адзін поспех не дасягаўся без барацьбы, настолькі сугучны поглядам Каліноўскага, выказаным ім у яго «Мужыцкай праўдзе, што паміж тымі і другімі, вераемна, існавала нейкая сувязь. Таксама не мог не ведаць Каліноўскі артыкулаў Дабралюбава, у якіх той выражаў сваю глыбокую веру у здольнасць народа дзейнічаць, а не толькі гаварыць, і ўпэўненасць, што у хуткім будучым прыдуць сапраўдныя рэволюцыянеры, якія для перамогі сваіх людзей не пабаяцца смерці. Гэтыя чаканні Дабралюбава былі настолькі блізкімі ўсяму характару будучай самаахвярнай дзейнасці Каліноўскага, што і тут, асабліва калі пры няць пад увагу яго захапленне перадавой літаратурай таго часу, наўрад ці справа абышлася без сувязі і ўплыву. Але мы ведаем, што герцэнаўскі «Колакал» Каліноўскі чытаў, захапляўся ім і запазычаў з яго самыя радыкальныя і рэволюцыйныя погляды, якія яго сучаснікі лічылі (вядома, памылкова) «комуністычнымі». У Герцэне і Каліноўскі і ўся рэволюцыйная моладзь таго часу бачылі свайго агульна-прынятага правадыра. Пад уплывам яго ідэй аб «праве народа на зямлю» і аб «ураўняльным надзеле зямлі» яны гатовы былі ўзняць сцяг сялянскай рэволюцыі і лічылі сябе нават соцыялістамі, хоць у знішчэнні памешчыцкага землеўладання і перадачы зямлі сялянам ва ўласнасць соцыялізма, вядома, яшчэ не было.

З другога боку, Каліноўскі знаходзіўся ў часе свайго жыцця ў Пецербургу пад уплывам польскіх рэволюцыйных арганізацый. Пасля падаўлення польскага мецяжа 1831 года ў Польшчы рэволюцыйны рух не сціх. Там дзейнічалі дзве партыі: арыстакратычная, якая складалася з буйнай памеснай шляхты і называлася «белыя», і дэмакратычная, ядром якой былі рэволюцыйнанастроеныя шляхецкія і буржуазныя элементы, а таксама студэнты, афіцэры і розначынцы, што дабіваліся аддзялення Польшчы ад Расіі. З развіццём рэволюцыі да іх прымкнулі яшчэ больш дэмакратычныя элементы, якія вышлі з асяроддзя інтэлігенцыі. Гэтая партыя атрымала назву «чырвоных». «Белыя» разлічвалі дабіцца самастойнасці Польшчы з дапамогай дыпламатычнай падтрымкі з-за мяжы, баяліся народнага, у асаблівасці сялянскага, паўстання і спадзяваліся дабіцца ад царскага ўрада уступак шляхам перагавораў з ім, спадзяваліся атрымаць дапамогу з боку заходнееўрапейскіх канстытуцыйных дзяржаў, галоўным чынам Францыі і Англіі. Яны гатовы былі пайсці і на кампраміс з царскім урадам - толькі-б пазбегнуць страшнай для іх народнай рэволюцыі. «Чырвоныя», наадварот, стаялі за паўстанне; яны разумелі, што без мас, галоўным чынам сялянскіх, польская рэволюцыя не можа мець поспеху. Але сярод іх саміх былі людзі рознага роду адценняў, ад больш радыкальных, накшталт Дамброўскага і Врублеўскага, якія пазней сталі на абарону Парыжскай Комуны, да умераных, якія імкнуліся толькі ліквідаваць рэшткі прыгонніцтва ў Польшчы, знішчыць перажыткі феадальных павіннасцей і, не знішчаючы памешчыцкага землеўладання, замацаваць за сялянамі іх зямлю ва ўласнасць, а памешчыкам даць выкуп з рук дзяржавы, накіраваўшы гэтым самым іх гаспадаркі на шлях капіталістычнага развіцця.

У пытаннях аб межах Польшчы, якая адраджалася да самастойнага жыцця, і «белыя» і «чырвоныя» патрабавалі аднаўлення Польшчы у межах 1772 года, г. зн. уключэння ў склад будучай Польскай дзяржавы Беларусі, Літвы і Украіны.

Калі ў Расіі пасля няўдалай Крымскай кампаніі склалася рэволюцыйная сітуацыя, у Польшчы ажывіліся імкненні да нацыянальнага вызвалення. Да «чырвоных» пачалі прымыкаць шырокія дэмакратычныя кругі, і соцыяльная база, на якую яны апіраліся, пашырылася, бо іх сталі падтрымліваць рамеснікі, рабочыя і сяляне. У будучых паўстанцаў умацаваліся сувязі з заграніцай, галоўным чынам з эпігонамі польскай эміграцыі, якія сканцэнтраваліся пасля падаўлення паўстання 1830-31 года пераважна ў Парыжы. За граніцай узніклі і іншыя, больш шырокія арганізацыі і аб'еднанні, якія апіраліся на дэмакратычныя грамадскія кругі, падтрымлівалі польскіх рэволюцыянераў і дзейнічалі ў іх карысць. Там ішла падрыхтоўка да паўстання, ішоў збор грашовых сродкаў на барацьбу з царскім урадам, ішла закупка зброі. Замежныя арганізацыі, спачуваючыя палякам, галоўным чынам парыжская, якая насіла непасрэдна перад паўстаннем і ў часе паўстання назву «Цэнтралізацыя», развівалі шырокую дзейнасць у справе дапамогі палякам, імкнуўшымся да вызвалення. У выніку гэтага з'явілася неабходнасць у арганізацыі і ў самой Польшчы больш моцнага рэволюцыйнага цэнтра, які мог бы ўзяць на сябе кіраўніцтва рэволюцыяй па ўсёй краіне. Такім стаў арганізаваны ў кастрычніку 1861 г. у Варшаве Цэнтральны народны камітэт. Ён звязаўся і з замежнымі гурткамі, якія спачувалі рэволюцыі, і з рэволюцыйна-настроенымі палякамі, беларусамі і украінцамі, якія былі рассеяны па ўсёй Расіі.

Сярод асоб, спачуваўшых барацьбе супроць царскага ўрада, былі і члены некаторых рускіх рэволюцыйных гурткоў, -тайнага таварыства «Вялікарус», якое узнікла ў 1861 годзе, яго прадаўжальніка таварыства «Зямля і Воля», якое аформілася ў 1862 годзе, гуртка «Маладая Расія», некаторых украінскіх гурткоў і т. д. Гэтыя гурткі і таварыствы знаходзіліся пад уплывам герцэнаўскага «Колакала» і часткова Чэрнышэўскага (да яго арышту), хоць далёка не ўсе палякі, уваходзіўшыя ў іх склад, падзялялі герцэнаўскія погляды на характар рэволюцыі, якая падрыхтоўвалася ў Польшчы. Віленскі следчы па справе польскага паў стання Готель у сваёй запісцы пазней пісаў, што ў Пецербургу яшчэ да пачатку польскай рэволюцыі «існавалі асобныя гурткі, якія пад уплывам падзёншчыкаў польскай справы Герцэна, Огарава і К° - склалі некалькі тайных таварыстваў вялікарусаў, паўднёварусаў, «Зямля і Воля» і, падбухторваемыя гэтымі падзёншчыкамі, таварыствы, якія кіруюцца палякамі, паставілі сабе мэтай распаўсюджваць соцыялістычныя вучэнні і шляхам рэволюцыі звергнуць існуючы парадак у дзяржаве». Вядома, следчы сваёй празмернай жандарскай стараннасці пераўвялічваў уплыў польскіх рэвалюцыянераў на гэтыя гурткі, але той факт, што ўраджэнцы царства польскага ўдзельнічалі ў гэтых гуртках і што ў іх дэбатыраваліся пытанні, якія былі звязаны з польскім паўстаннем, не падлягае сумненню.

Апрача таго, у Пецербургу рабіліся, відавочна, спробы аб'еднаць усіх ураджэнцаў Польшчы ў адзіную рэволюцыйную пецербургскую арганізацыю. Гэтыя спробы зыходзілі ад прыкцеля і паслядоўніка Чернышэўскага Серакоўскага, які ў той жа час быў і прыяцелем вялікага украінскага паэта Шэўчэнка, і больш правага чыноўніка Агрызкі. Серакоўскі (інакш называўся Даленга) быў афіцэрам генеральнага штаба і пасля стаў вядомы, як арганізатар паўстанцкіх атрадаў у Літве. У Пецербургу у яго былі шырокія рэволюцыйныя сувязі. Пазней, у красавіку 1863 г., ён быў цяжка ранены ў баю з царскімі войскамі, узяты у палон і ў ліпені таго ж года пакараны смерцю. Агрызка-ж быў даволі відным пецербургскім чыноўнікам. Ён загадваў загадваў некалькімі аддзеламі Дэпартамента неакладных збораў (акцыз) на правах віцэ-дырэктара і меў шырокія сувязі ў пецербургскім грамадстве, сярод якога праславіўся «хадатаем за палякаў». Кіруючы справамі Карамзіной (маці вядомага багацея Дзямідава-князя Сан-Доната), ён на яе грошы арганізаваў польскую друкарню, у якой быў надрукаваны поўны збор польскіх законаў, і выдаваў польскую газету «Слова», якая хутка была закрыта ўрадам. Карыстаючыся сваім уплывам, ён накіроўваў сваіх аднадумцаў на пасады ў польскія губерні, трымаў сувязь з многімі будучымі ўдзельнікамі паўстання і наогул садзейнічаў яго падрыхтоўцы. У Пецербургу ён збіраў і падтрымліваў усіх спачуваючых паўстанню і накіроўваў іх у Літву і Беларусь з адпаведнымі ўказаннямі.

Лік асоб, якія згуртаваліся вакол Агрызкі і Серакоўскага Пецербургу, даходзіў да тысячы. У іх былі сувязі і з Вільнай. Але гэта былі людзі розных поглядаў і напрамкаў. У самога Агрызкі, відавочна, не было ні цвёрда ўстаноўленых меркаванняў на характар рыхтуемага паўстання, ні плана будучай дзейнасці. Пазней - у 1865 годзе - ён быў арыштаван і прысуджан да смерці, якую яму замянілі 20-гадовай катаргай.

Аднак, спаяную і трывалую арганізацыю ў Пецербургу не удалося стварыць. Бясспрэчна толькі, што непасрэдна перад паўстаннем урадженцы Польшчы, якія жылі ў Пецербургу, часта збіраліся на сходкі і жыва абмяркоўвалі польскія справы. Сярод збіраўшыхся было асабліва многа студэнтаў пецербургскіх вышэйшых навучальных устаноў. «Правяраючы спісы скончыўшых пецербургскія ВНУ у 50-60 гг., можна з упэўненасцю сказаць, што студэнты-палякі ўсюды складалі 50-60% атрымаўшых дыплом аб сканчэнні той ці іншай навучальнай установы»[7]. Сярод збіраўшыхся было даволі многа рэволюцыйна настроеных афіцэраў, частка якіх вучылася ў нецербургскіх ваенных акадэміях. Да іх, між іншым, належаў і Серакоўскі. Людзі, што збіраліся на гуртковыя сходы, былі розных палітычных поглядаў: сярод іх былі і больш умераныя і больш радыкальныя, але перавагу мелі «чырвоныя». Згодна паказанняў слухача пецербургскай ваенна-інжынернай акадэміі Вараўскага яму ў 1860 годзе было прапанавана ўступіць у таварыства, якое ставіла сваёй мэтай падрыхтоўку паўстання. Для сувязі з таварыствам ён атрымаў ад урача Лабудзінскага прапанову звярнуцца да «чыноўніка Віктара Каліноўскага» (брата Кастуся), які, па словах Вараўскага, упэўніў яго, што «пачуццё нацыянальнасці жыве ў сэрцах усіх класаў і што жаданне аднаўлення (Польшчы — В. П.) ёсць агульнае жаданне ўсяго народа, што з гэтай мэтай утварыліся таварыствы ў розных гарадах, і што гэтае таварыства ёсць і ў Пецербургу». Такім чынам, калі не зусім сфарміраваная арганізацыя, то вядомае еднанне паміж ураджэнцамі царства польскага і частыя сходы іх, якія асноўваліся на імкненні вызваліць Польшчу і сумежныя польска-беларускія губерні ад царскай улады, у Пецербургу тады, бясспрэчна, былі. «Колакал» вельмі цікавіўся польскімі справамі, у ім было многа артыкулаў, прысвечаных Польшчы і паўстанню, якое рыхтавалася. На сходах гурткоў і пецербургскай арганізацыі палякаў гэтыя артыкулы чыталіся на іх ішлі гарачыя спрэчкі.

Каліноўскі, бясспрэчна, быў актыўным членам многіх з гэтых сходаў. Яго гарачы і жывы характар штурхаў да ўдзелу ва ўсім тым, што так ці інакш датычыла яго радзімы. І калі ў паветры запахла рэволюцыяй, ён з усім запалам сваёй маладой і страснай душы стаў на бок тых, хто абяцаў вызваленне родных яму зямель з-пад уціску царскага самаўладства. Як у пытанні аб характары польскай рэволюцыі, так і ў пытанні аб вызваленні мужыкоў з-пад уціску памешчыцкай улады ён стаў на бок поглядаў Герцэна і часткова Бакуніна. Погляды Герцэна па польскаму пытанню ў асноўным зводзіліся да наступнага: па-першае, ён прызнаваў права Польшчы на аддзяленне ад Расіі і на незалежнае палітычнае існаванне. Ён лічыў, што вызваленне Польшчы будзе штуршком да вызвалення і ўсёй Расіі. «Вызваленне Польшчы ёсць палова вызвалення Расіі», - казаў ён[8]. За гэта спачуванне да Польшчы ён выклікаў да сябе шалёную нянавісць з боку рускага, так званага адукаванага грамадства, між іншым, нават з боку І. С. Тургенева. Але, гаворачы словамі Маркса, сваёй рашучай абаронай права Польшчы на самастойнае існаванне ён даказваў сваю «рэволюцыйную сумленнасць»[9].

Па-другое, Герцэн у вырашэнні сялянскага пытання ў Польшчы даволі значна разыходзіўся з кіраўніцтвам «чырвоных». Калі ў Варшаве ў кастрычніку 1861 года сфарміраваўся Цэнтральны народны камітэт, «чырвоныя», якія кіравалі ім, гатовы былі абяцань сялянам ва ўласнасць толькі апрацоўваемую імі зямлю без выкупу. Такім чынам па іх планах землі, якія апрацоўваліся памешчыкамі, заставаліся ў іх руках, г. зн. буйнае землеўладанне захоўвалася. Апрача гэтага, рэволюцыйнае кіраўніцтва «чырвоных» выказвалася за узнагароду памешчыкаў за кошт дзяржавы, што на справе азначала новае ўзмацненне падаткаў. Да таго ж гэта пакуль была дэкларацыйная заява, а не закон. У лісце да выдаўцоў «Колакала» «чырвоныя» адкладвалі аграрнае законадаўства да вызвалення Польшчы ад улады Расіі.

«Рускі рух, - пісалі яны,-земскі (соцыяльны), наш — нацыянальны. У Расіі соцыяльны рух разаўе палітычную свабоду; у нас-жа рэарганізацыя можа быць толькі вынікам вызвалення і аднаўлення нашага края». Інакш кажучы, яны адкладвалі канчатковае вырашэнне сялянскага пытання і перадачу сялянам зямлі ва ўласнасць да вызвалення Польшчы з-пад улады царскай Расіі, лічачы, што ў Польшчы нацыянальнае пытанне павінна быць вырашана раней соцыяльнага. Герцен з гэтым не згаджаўся і сцвярджаў, што папярэдняй умовай, залогам поспеху паўстання павінна быць сялянская рэформа, якая заключаецца ў надзяленні сялян зямлёю без выкупу. «Мы прысвяцілі сваё жыццё служэнню народу, а ў Вас на першым плане далёка не народныя інтарэсы. Калі я не памыляюся, дакажыце мне адваротнае: адпусціце сялян на волю, адпусціце іх з усёй зямлёй». Такім чынам, па думцы Герцэна ў рэвалюцыі першае месца павінны былі займаць соцыяльныя рэформы, і сярод іх перш за ўсё рэформа сялянская. У процілегласць польскім рэвалюцыянерам ён думаў, што поспех рэволюцыі можа быць забяспечан толькі яе народна-дэмакратычным характарам і што нацыянальнае вызваленне Польшчы залежыць ад шырыні і размаху дэмакратычных рэформ, а не наадварот.

Па-трэцяе, Герцэн не згаджаўся з «чырвонымі» і у іх патрабаваннях аднаўлення межаў 1772 года. Ён патрабаваў поўнай свабоды і самавызначэння і для беларусаў, і для украінцаў, і для літоўцаў. «Скажам разам з палякамі быць Літве, Беларусі і Украіне, з кім яны хочуць быць або ні з кім, толькі-б пра волю іх даведацца не падробленую, а сапраўдную»[10]. Калі Герцэн сваім прызнаннем права Польшчы на аддзяленне выклікаў супроць сябе нянавісць з боку рускіх лібералаў, то прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на аддзяленне ад Польшчы ён выклікаў супроць сябе такое-ж раздражэнне з боку польскіх шавіністаў. Яшчэ больш рашучыя погляды па нацыянальнавызваленчаму пытанню выказваў Бакунін. Ён асуджаў польскіх урапатрыётаў за агрэсіўныя імкненні і пісаў, што «Польшча павінна адмовіцца ад Русінаў і Галіцыі, ад Літвы і ад Белай і Малай Расіі... Гістарычнае права нічога не значыць, і мы яго не прызнаем».

Гэтыя думкі Герцэна і Бакуніна, якія датычылі польскага паўстання, К. Каліноўскі ўсвоіў у поўнай меры і за іх ён ве барацьбу з іншымі будучымі ўдзельнікамі польскай рэволюцый пакуль толькі ідэалагічна. Яго стройны стан і прыгожая галава юнака з гарачымі вачыма і звонкім голасам вабілі да сябе ўвагу на усіх сходках, і ён рабіўся ўжо прыкметнай асобай сярод беларуска-літоўскай групы пецербургскіх студэнтаў.

У 1861 годзе ён скончыў Пецербургскі універсітэт са ступенню кандыдата права. Гэта супала з агульным ажыўленнем палітычнага руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Цяпер яму прадастаўлялася магчымасць ажыццявіць свае думкі на практыцы і выйсці на вялікі шлях рэволюцыйнай дзейнасці. Яго клікала само жыццё.

З другой чвэрці ХІХ стагоддзя ў панскіх гаспадарках Літвы і Беларусі пачала развівацца авечкагадоўля, цукровая і вінакурная вытворчасць. Памешчыкам спатрэбілася больш зямлі. і яны пачалі захопліваць сялянскія землі, павялічваючы пры гэтым для апрацоўкі сваіх растучых маёнткаў сялянскую паншчыну. Паншчына вырастала да шасці дзён у тыдзень. Павялічвалася і падушная подаць, падаўшая на сялянскія двары. Сяляне не маглі звесці канцы з канцамі, елі хлеб з мякінай або гатавалі сабе праснакі папалам з травою і ліпавым лістам. Нават губернатары ў сваіх сакрэтных справаздачах міністру ўнутраных спраў і сам шэф жандармаў прызнавалі, што землеўласнікі і чыноўнікі прад'яўлялі несправядлівыя і празмерныя патрабаванні ў адносінах да сялян і «клапаціліся толькі аб уласных выгадах». У адказ на гэта па ўсёй Беларусі і Літве шырока разліліся сялянскія паўстанні. Яны набылі больш востры і шырокі характар, чым у астатняй царскай Расіі, і нездарма рэформа 1861 года пачалася якраз з беларускіх губерняў. Там для памешчыкаў склалася асабліва небяспечнае становішча, і ўзнікала неабходнасць унесці ў сялянскае асяроддзе супакой некаторымі рэформамі.

Але і пасля правядзення рэформы становішча сялян мала налепшылася. На іх лёг велізарны цяжар выкупной аплаты падаткаў. Прыгоннае рабства было фармальна скасавана, але на змену яму ішло капіталістычнае ярмо з усімі яго невыноснымі цяжкасцямі. Таму і ў перыяд правядзення сялянскай рэформы сялянскія хваляванні не спыняліся. Яны ахапілі амаль усе раёны Беларусі і Літвы Віленшчыну, Міншчыну, Беластоцкі павет, Магілёўшчыну, Віцебшчыну і іншыя обласці.

Кастусь Каліноўскі ведаў пра хваляванні ў Літве і Беларусі і прагнуў да сябе на радзіму. Пецербургская група дзеячоў польскай рэволюцыі накіравала яго ў Вільна для падрыхтоўкі паўстання ў Літве і Беларусі. Тут з чэрвеня 1862 года быў арганізаваны Літоўскі правінцыяльны камітэт, як аддзел Варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. У ім ішла з самага пачатку барацьба паміж «белымі», якія не жадалі падымаць сялян на паўстанне, і «чырвонымі», якія, наадварот, усе свае сілы накіроўвалі на арганізацыю і развіццё народнай рэволюцыі. Да «белых» належалі памешчыкі: Старжынскі, Лапа, Аскерка, Еленскі і інш. З прыездам Каліноўскага партыя «чырвоных» атрымала магутную падтрымку. Ужо ў жніўні 1862 года «белыя» былі адціснуты - галоўным чынам намаганнямі Каліноўскага на задні план, і Віленскі правінцыяльны камітэт прыняў «чырвоны» характар. У яго ўвайшлі сам Каліноўскі, віленскі ўрач Длускі, капітан генеральнага штаба Звірждоўскі, афіцэры рускай арміі Малахоўскі і Вярыга, адстаўны ваенны інжынер Казела і некаторыя іншыя.

Перад «чырвоным» Віленскім камітэтам узнікала пытанне, як трэба дзейнічаць. Паўстанне яшчэ не паднімалася, - ішла толькі надрыхтоўка да яго. Варшаўскі цэнтральны камітэт спачатку Хацеў назначыць паўстанне на сярэдзіну 1862 года, але ваенная арганізацыя адзначала недастатковую падрыхтоўку у войску, неабходнасць весці прапаганду сярод афіцэраў і салдат і прадаўжаць купляць зброю за граніцай. Для ўсяго гэтага патрэбен быў час, і таму паўстанне было адтэрмінавана. Што трэба было рабіць У гэты нязначны час, які заставаўся да паўстання? Кастусь Каліноўскі, не гледзячы на сваю фармальную прыналежнасць да дваранства, быў выхадцам з сялянскага вясковага асяроддзя: як сялянскі рэволюцыянер, ён прыродным чуццём зразумеў, што ў Беларусі, сялянскай краіне, неабходна скарыстаць час для пранаганды сярод народных мас. Для паспяховага выканання гэтай задачы ў яго былі ўсе даныя: веданне народа, уменне гаварыць з и на роднай мове, глыбокая любоў да прыгнечаных і кроўная блізасць да «мужыка», якая ўзнікае толькі пасля доўгага сумеснага жыцця з ім.

Таму ён, каб здзейсніць свае даўнішнія думкі пра сувязь з народнымі масамі, сам пайшоў у народ. Па сутнасці ён быў піонерам, зачынальнікам таго «хаджэння ў народ», якое атрымала такое шырокае распаўсюджанне дзесяцігоддзем пазней у 70-х гадах, з тою розніцай, што ён ішоў у народ, добра ведаючы яго патрэбы і разам з гэтым пры досыць паспеўшай рэволюцыйнай сітуацыі. У выніку гэтага яго прапаганда ў масах павінна была прынесці больш дзейсныя плады, чым прапаганда больш позніх народнікаў, якія не ведалі народа і не ўмелі абудзіць яго да рэволюцыйнай барацьбы.

Увосень 1862 года Каліноўскі едзе ў родную вёску Якушаўку. Але паліцыя даведалася пра яго прыезд, і ён вымушан быў, ратуючыся ад арышту, на другі-ж дзень пасля з'яўлення ў Якушаўцы ўцякаць адтуль. Тады ён паступіў валасным пісарам у м. Свіслач і гэтым здзейсніў другую мэту, якая таксама часта практыкавалася пазнейшымі народнікамі, а іменна — заняцце ніжэйшых адміністратыўных пасад у вёсцы. Зрабіў ён гэта зноўтакі таму, каб стаць бліжэй да народа і ў той жа час сваім афіцыйным становішчам пісара нібы легалізаваць сваю прапаганду сярод сялян. Звычайна валасныя пісары былі стараннымі і прытым баязлівымі і сляпымі клеўрэтамі паліцэйскіх улад, і іх у той час менш за ўсіх можна было западозрыць у палітычнай нядобрасумленнасці. Але хутка Каліноўскаму прышлося пакінуць і гэту пасаду, бо мясцовая паліцыя пачала адгадваць сэнс яго маскіроўкі. Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, ён узяў сабе імя «Васіль Світка» і пад гэтым іменем стаў весці вандроўнае жыццё, пераходзячы з вёскі ў вёску, ведучы сярод сялян агітацыйную работу прыслухоўваючыся да таго, што гавораць і чаго чакаюць народныя масы. Ён не выходзіў за межы Гродненшчыны, але ў яе межах ён набыў велізарнейшую папулярнасць сярод сялян. Сяляне склалі аб ім легенды, як аб народным героі. Паліцыя прабавала яго арыштаваць, але за моцнай агарожай народнай любві ён быў недасягальны.

У гэты перыяд вандраванняў па вёсках Беларусі Каліноўскі укладваў у сваю прапаганду і агітацыю тыя-ж думкі, якія ён запазычыў з знаёмства з рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай літаратурай у часы сваіх студэнцкіх год, праведзеных у Пецербургу. Цяпер гэтыя думкі ён вытлумачваў народу у простай форме і на зразумелай для яго мове. У гутарках з сялянамі ён гаварыў, што ў сялян ёсць два галоўныя ворагі: рускія чыноўнікі на чале з самім царом і польскія паны. Падрыхтоўваючы сялян да паўстання, ён пераконваў іх спадзявацца толькі на ўласныя сілы і дзейнічаць адпаведна з сялянскімі інтарэсам, «Паўстанне павінна быць чыста мужыцкім, - гаварыў ён, - шляхта, паколькі яна не пойдзе за мужыком, павінна загінуць». Разам з тым ён растлумачваў сялянам, што іх ворагі не здадуцца дабравольна і што для перамогі над імі неабходна ўзброенае паўстанне. Ён настойваў на тым, каб сяляне актыўна ўдзельнічалі ў рэволюцыі, верыў у іх рэволюцыйныя і арганізатарскія здольнасці і пераконваў сялян стварыць уласныя кіруючыя рэволюцыйныя арганізацыі.

Свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя погляды Кастусь Каліноўскі развіваў не толькі шляхам вуснай прапаганды. Ужо летам 1862 года яму удалося арганізаваць друкарню ў Беластоку, і з ліпеня месяца там пачала выходзіць яго газета, названая ім «Мужыцкая праўда». Ён выступаў у ёй пад рознымі імёнамі. Яська гаспадар з-пад Вільні, Васіль Світка, Макарэвіч і Чарнецкі. Мова яго артыкулаў была прасякнута палкім рэволюцыйным пафасам і верай у народныя сілы. «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, праляціць па свету!..» - усклікае ён у першым нумары «Мужыцкай праўды». Ён угаварвае сялян перадаваць тыя экземпляры «Мужыцкай праўды», што да іх дойдуць, іншым чытачам. у іншых вёсках. Лозунгамі, якія ён абараняе, з'яўляюцца ў асноўным «зямля і воля», і ў гэтым нельга не бачыць уплыву на яго лецербургскага рэволюцыйнага гуртка з аднаіменнай назвай. «... Мы пазналі, - піша ён у тым жа самым першым нумары «Мужыцкай праўды», - дзе сіла і праўда і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і волю». Як і Герцэн у «Колакале», ен намагаецца пахіснуць у сялян іх веру ў цара. «Абяцаў нам цар зямлю, чыноўнікі, паны ды маскалі, усе ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае ды дасць волю, справядлівую волю... У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяваліся на цара, даждалі волі ад яго,-ды як пабачылі, што цар толькі частычкамі душу вымае - з новымі падаткамі, некрутамі ды чыншамі астатнюю сарочку з іх здзерці хоча, от усе разам з віламі ды з косамі пайшлі дабівацца зямлі ды прауды... Падумайце добра ды, памаліўшыся богу, станьма дружна разам за нашу вольнасць! Нас цар ужо не падмане...»[11]

Намагаючыся ўцягнуць сялянскія масы ў паўстанне і ведаючы, што для іх перш за ўсё патрэбна зямля, вольная ад аброкаў і павіннасцей, Каліноўскі трактуе слова «вольнасць» у чыста сялянскім духу і нібы скрыта палемізуе з шляхецкім разуменнем гэтага слова, па якому яно тлумачылася ў фармальным і выключна палітычным сэнсе. «Мы сягоння ўжо ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак сваёй зямлі, за якую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць... Нам вольнасці трэба не такой, якую нам цар хоча даць, а якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зрабіма». Разам з тым, ён перасцерагае сялян ад небяспекі і падпарадкавання чужому (разумеецца, шляхецкаму) кіраўніцтву. «Няма чаго чакаць ад нікога, бо ужне толькі той, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, поўнаю рукою, не шкадуйце працы, каб мужык быў чалавекам вольным, як на цалюськім свеце». Толькі прыхільнік ідэй рускіх рэволюцыйных дэмакратаў - Герцэна, Чернышэўскага, Дабралюбава - Каліноўскі нёс гэтыя ідэі ў беларускія народныя масы і намагаўся зрабіць іх зразумелымі беларускаму селяніну, гаворачы з ім на яго роднай мове. Тут варта адзначыць і яшчэ адну рысу з дзейнасці Каліноўскага. Чалавек з шырокай адукацыяй, удзельнік палкіх спрэчак у гуртках, якія знаходзіліся ў цэнтры тагачаснай асветы Пецербургу, добры прамоўца, надзвычай добра валодаўшы рускай літаратурнай мовай і старанны чытач пецербургскіх часопісаў, у якіх друкаваліся артыкулы на складаныя палітычныя і філасофскія тэмы, Каліноўскі, аднак, не палічыў зневажаючым для сваёй інтэлігенцкай годнасці загаварыць з беларускімі сялянамі на той мове, якую нават польскія рэволюцыянеры лічылі мовай «хлопскай» і да якой з пагардай адносіліся нават і многія пецербургскія дэмакраты таго часу. Ён лічыў магчымым перадаць народу на гэтай мове перадавыя ідэі свайго часу і далучыць яго да лепшых дасягненняў рэволюцыйнай думкі. Тут у ім сказаўся не толькі рэволюцыянер, але і барацьбіт за беларускую культуру, бо ён разумеў, што заваёвы культуры толькі тады атрымаюць шырокае распаўсюджанне і будуць засвоены масамі, калі яны будуць перададзены ім на іх роднай мове. У гэтым сэнсe дзейнасць К. Каліноўскага набывае для нас новую каштоўнасць, як дзейнасць аднаго з піонераў у стварэнні беларускай літаратурнай мовы, як абаронцы годнасці беларускай народнай мовы, якую ён лічыць ужо даросшай да таго, каб на ёй весці рэволюцыйную прапаганду.

У канцы 1862 года Каліноўскі вярнуўся ў Вільню. Час адкрытага паўстання ўжо набліжаўся. Рэволюцыйная сітуацыя рабілася больш спрыяючай. І за граніцай і ў самой Польшчы ішло збіранне сродкаў на куплю зброі. У Італіі (Генуя) было нават арганізавана нешта накшталт ваеннага вучылішча для падрыхтоўкі афіцэраў для будучай польскай рэволюцыйнай арміі. У Францыі ў ваенных школах было размешчана многа палякаў, якія рыхтаваліся прыняць удзел у паўстанні. У Варшаве сярод «чырвоных» панавала думка, што паўстанне трэба паскорыць і падняць яго да набору рэкрутаў у царскую армію, які неўзабаве павінен быў праходзіць з мэтай узяць на ваенную службу найбольш рэволюцыйныя элементы польскага грамадства, галоўным чынам малазямельных сялян і гарадскую рамесніцкую моладзь. Паўстанне набліжалася. Яно не магло не захапіць Беларусь і Літву і мела патрэбу ў кіраўніцтве. Для рэволюцыянера такога маштаба, як Кастусь Каліноўскі, які сваімі здольнасцямі, сваёй блівасцю да мас і характарам сваіх рэволюцыйных лозунгаў быў нібы закліканы адыгрываць ролю правадыра, ужо немагчыма было заставацца ў вёсцы, і ён павінен быў выступіць на больш шырокую дарогу арганізатара рэволюцыйных сіл Літвы і Беларусі.

Гэта было тым больш неабходна, што сярод Літоўскага Аддзела Варшаўскага Нацыянальнага Камітэта (Літоўскага Правінцыяльнага Камітэта) ішлі спрэчкі, і ў кіраўніцтва Камітэта, не гледзячы на яго «чырвоны» склад, не было цвёрда склаўшыхся тактычных і нават прынцыповых поглядаў на характар паўстання і асабліва на адносіны Літоўскага аддзела да Варшаўскага цэнтра. «Чырвоныя» Літоўскага Камітэта прытрымліваліся традыцый першай французскай буржуазнай рэволюцыі[12]. Іх захаплялі якабінскія лозунгі свабоды, роўнасці і брацтва. Яны засвоілі сабе якабінскія внешнія прыёмы звароту, гаварылі адзін другому «ты», звярталіся да сваіх прыхільнікаў з словам «грамадзянін». Але соцыяльны змест якабінскіх лозунгаў ім быў незразумелы. Будучы гатовымі на паўстанне супроць царскага ўрада, яны стаялі далёка зд мас, асабліва сялянскіх і не ўмелі прыцягнуць іх на свой бок. Ім была таксама зусім незразумела своеасаблівасць соцыяльных і палітычных адносін на Беларусі. У духу якабінскіх традыцый, яны былі цэнтралістамі і лічылі абавязковым для сябе ва ўсім ісці услед за указаннямі Варшаўскага Нацыянальнага камітэта, да якога яны звярталіся па самых другарадных пытаннях. Тое, што ў Беларусі была вельмі слабая буржуазія і што тут сялянства з прычыны малазямелля і падаючых на яго павіннасцей і падаткаў лёгка можа быць уцягнута ў паўстанне і стаць яго асноўнай рухаючай сілай, - гэта яны дрэнна разумелі і хацелі прытрымлівацца ў арганізацыі і развіцці рэволюцыі часткова прыкладу карэннай Польшчы, часткова ўзораў якабінскай рэволюцыі.

У адсутнасць Каліноўскага на Камітэт сталі аказваць уплыў і «белыя» або вагаючыяся, але ў асноўным прымыкаўшыя да іх элементы. Да іх належалі буйны памешчык Аскерка — будучы начальнік гор. Вільні, Кошыц — будучы начальнік Навагрудскага павета, Елецкі — касір Літоўскага Камітэта і інш. Яны далучыліся да руху неахвотна і пасля, калі ён перайшоў у адкрытае паўстанне, прыклалі шмат сілы к таму, каб не даць яму шырокага дэмакратычнага размаху.

Погляды Каліноўскага былі больш выразныя і бліжэйшыя да жыцця, а яго рэвалюцыйны вопыт, не гледзячы на яго маладосць, багацей, чым погляды і вопыт большасці «чырвоных». Ён мог гаварыць у Камітэце смялей і больш упэўнена ад імя народа. Яго словы былі насычаны сапраўдным веданнем сялянскага настрою. Калі ён вярнуўся ў Вільню, то перш за ўсё стаў патрабаваць узмацнення прапаганды паўстання сярод сялян і павёў рашучую барацьбу з уплывам «белых», непрыхільнасць якіх да яго усё болей узмацнялася. Праз Камітэт ён прадаўжаў распаўсюджванне па Беларусі сваёй «Мужыцкай праўды» і другога свайго выдання «Гутаркі дзеда» (аб ім, на жаль, мы мала ведаем), прычым гэтыя выданні распаўсюджваліся незалежна ад Варшавы, галоўным чынам, па ініцыятыве самога Каліноўскага.

Падзеі між тым развіваліся з надзвычайнай хуткасцю. Чуткі аб прадстаячым рэкруцкім наборы па спецыяльных імянных спісах праніклі ў масы. Маладыя людзі, якія падлягалі набору, пачалі ўцякаць у лясы. Набор у рэкруты быў абвешчан 15 студзеня 1863 года. Варшаўскі Камітэт з мэтай папярэдзіць захоп моладзі ў рэкруты знайшоў патрэбным паскорыць паўстанне і назначыў ноч з 22 на 23 студзеня 1863 года яго пачаткам на ўсёй тэрыторыі царства польскага. З мэтай прыцягнуць на бок паўстання сялянскія масы Варшаўскі Камітэт у славутым маніфесце ад 22 студзеня 1863 года абвясціў знішчэнне паншчыны і ўсякіх грашовых арэндных плат і выкупаў, якія да гэтага сяляне неслі ў карысць памешчыкаў, і перадачу зямлі, якую апрацоўвалі сяляне, у іх поўную ўласнасць з умовай платы падаткаў і службы нацыянальнаму рэволюцыйнаму ўраду. Аднак для таго, каб не адштурхнуць ад рэволюцыі шляхецтва, у арт. 1 маніфеста гаварылася, што «ранейшыя ўладальнікі атрымаюць узнагароду з нацыянальнай маёмасці пры дапамозе ўрадавага капітала»[13]. Адносна беззямельных у маніфесце было дабаўлена, што «усе каморнікі і рабочыя, якія далучыліся да абаронцаў краіны... атрымаюць з нацыянальнай маёмасці ўчасткі адваяванай у ворагаў зямлі». Хоць гэты маніфест і быў прачытаны ва ўсіх касцёлах, аднак ні бядняцкіх, ні серадняцкіх слаёў вёскі, якія больш за ўсё адчувалі патрэбу ў прырэзках панскіх земляў і ў аслабленні падатковага цяжару, ён не задаволіў і задаволіць не мог. У ім нічога не гаварылася пра падзел панскіх земляў паміж сялянамі. Апрача таго, узнагарода памешчыкаў, хоць-бы з дзяржаўных сродкаў, яўна выклікала павелічэнне падаткаў.

Каліноўскі, які жыў у гэты час у Вільні, добра разумеў, што без удзелу сялян паўстанне асуджана на няўдачу. Але ён разумеў таксама і тое, што пакуль паўстанне не ўмацавалася і патрабуе падтрымкі ўсіх рэволюцыйных сіл, нельга адштурхваць ад яго і шляхецкія элементы. Таму ён палічыў за лепшае не пачынаць цяпер рэзкую крытыку маніфеста 22 студзеня і заклікаў сялян да падтрымкі паўстання, указаўшы ім на тыя выгады, якія для іх змяшчаліся (хоць-бы ў няпоўнай меры) у маніфесце. Ён тлумачыў маніфест у шырокім сэнсе, надаючы яму значэнне агульнага задавальнення старой цягі сялян да ўласнай зямлі. «Вышаў ужо польскі маніфест,-пісаў ён у «Мужыцкай Праўдзе». -Зямля вольна даецца ўсім мужыкам, бо гэта іхняя зямля дзядоў, прадзе дау, за гэту зямлю ніхто не мае адрабляць паншчыну і чыншоў ніякіх нікаму плаціць. Але цяпер самі разбірайце, дзе больш праўды: ці ў польскім маніфесце, ці ў царскім? Цар абяцаў даць ды не дау. Абяцаў не браць некрута, а цяпер ужо вольнасць другога загадвае. Польскі маніфест даў зямлю, не бярэ некрута, скінуў падушнае, павярнуў унію. Але, скажыце, браткі! Хто нам лепш думае»[14].

Праз некалькі дзён пасля выдання гэтага польскага маніфеста літоўска-беларускае паўстанцкае кіраўніцтва звярнулася да насельніцтва Літвы і Беларусі з маніфестам ад 1 лютага 1863 г., выданым у Вільні, вядома, не без удзелу К. Каліноўскага. У гэтым маніфесце пацвярджалася тое-ж, што было абяцана сялянам польскім маніфестам 22 студзеня, а іменна: рэволюцыйны ўрад аддае «панскім скарбовым сялянам на вечныя часы ў поўнае ўладанне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу»; абяцалася (таксама ў згодзе з маніфестам 22 студзеня) з нацыянальнай маёмасці даць беззямельным парабкам, адстаўным салдатам і ўсім неаселым, якія прымуць удзел у паўстанні, участкі зямлі не меней, чым па тры моргі.

Але ва ўсякім выпадку становішча, якое стварылася ў пачатку 1863 г. у Варшаве і Вільні, К. Каліноўскага не задавальняла. Мераслаўскі, назначаны ў самым пачатку паўстання дыктатарам, быў вымушан пасля двух панесеных ім у лютым паражэнняў уцячы ў Прусію. Назначаны на яго месца ў пачатку сакавіка Лянгевіч пратрымаўся толькі 9 дзён, бо, адціснуты к Галіцыі, ён трапіў у рукі да аўстрыйцаў. Пад уплывам гэтых падзей у Варшаве стала падаць вера ў поспех паўстання і атрымала перавагу надзея на ўмяшанне ў карысць паўстаўшых замежных дзяржаў — Францыі і Англіі. Цэнтральны Камітэт прадаўжаў заставацца «чырвоным», але ў ім атрымалі перавагу «умераныя» элементы, якія рабілі стаўку на згоду з «белымі», быўшымі ўвесь час скрытымі праціўнікамі паўстання, і на дыпламатычную дапамогу з-за мяжы

З такімі настроямі ў Варшаве К. Каліноўскі ніяк не мог змірыцца. Ён быў рэволюцыянерам па перакананню і па прызванню, і ўсе яго планы на будучае звязваліся з разгортваннем усенароднага паўстання, галоўнай сілай у якім павінна было быць, па яго думцы, сялянства. У 7 нумары «Мужыцкай Праўды» ён пісаў, звяртаючыся да сялян: «Пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды з косамі там, дзе дабіваюцца волі ды праўды, а мы іх бацькі ды жонкі нашы, будзем ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца». Яму былі вядомы ваганні, якія адбываліся ў Варшаве паміж стаўкай на паўстанне і надзеяй на дапамогу еўрапейскай дыпламатыі, і ён ніяк не мог змірыцца з такімі няўпэўненымі адносінамі да справы паўстання. Ужо тады ў яго галаве складвалася перакананне, якое выказана ім у фразе: «Такой бесталковай галаве, як Варшава, нельга даверыць справу Беларусі».

З другога боку ў К. Каліноўскага ўсё больш і больш абвастраліся адносіны і з многімі з удзельнікаў паўстання ў Беларусі і Літве. У сакавіку 1863 года, калі дыктатарам на кароткі тэрмін стаў Лянгевіч, больш прыемны для «белых», чым Мераслаўскі, партыя «белых» далучылася да паўстання, але гэта было зроблена «белымі» з вялікай асцярожнасцю і ў значнай ступені няшчыра. Па сведчанню нейкага ананімнага аўтара, напэўна былога ўдзельніка паўстання і добра ведаўшага «белых», многія з іх, «бачачы сябе вымушанымі выбіраць паміж безданню соцыялізма і даносам, схапілі самі, як некалі Мірабо, бразды кіравання, каб разам авалодаць ім, а затым пакарыць яго... Пазбаў мяне божа, прадаўжае аўтар, - змешваць з імі якіх-небудзь Каліноўскіх К., якіх-небудзь Борзабагатых[15] і ўсіх гэтых страшыдлаў, якіх выкідвае ўсякая грамадская разруха і якія карыстаюцца ва ўсякі час грамадскім няшчасцем, прымушаючы зарадзіцца — праз хітрасць, інтрыгі і пранырлівасць - нязгоду і завісць, пад іменем брацтва і роўнасці»[16].

Хоць гэтая характарыстыка ананімнага аўтара адносіцца да некалькі больш позняга часу, калі дзейнасць Каліноўскага набыла больш шырокі размах, але яна яскрава характарызуе і непрымірымую процілегласць паміж Каліноўскім і тымі з мнімых сяброў паўстання, якія далучаліся да яго, прытрымліваючыся вядомай формулы: «узначаліць рух, каб яго абезначаліць».

Да ліку такіх мнімых сяброў беларуска-літоўскага руху належаў і нейкі Нестар Дзюларан, агент Варшаўскага Камітэта ў Літве. Будучы раней блізкім да «чырвонага» Літоўскага Камітэта, ён пазней страціў давер'е ў «чырвоных» і завёў перагаворы з «белымі». Па паказаннях былога члена Жонда Авейдэ, «у самым пачатку рэвалюцыі наш быўшы агент Нестар Дзюларан, адцёрты «чырвонымі» літоўцамі, паспеў сыйсціся з «белымі» без усякага загаду аб тым з Варшавы»[17]. Яго асабліва палохала дзейнасць Каліноўскага і яго сябра ўрача Длускага, пачынаўшая ужо прыносіць плады. Можна дакументальна засведчыць, што ў лютым у розных месцах Беларусі пад уплывам «Мужыцкай Праўды» сялянскія паўстанні набылі больш шырокі размах. Яны мелі партызанскі характар, як аб гэтым гаворыць у сваім данясенні цару шэф жандармаў князь Далгарукаў. Не гледзячы на ўсё жаданне жандармаў паказаць увесь рух, як выключна дваранскую зацею, з данясення князя Далгарукава зусім ясна ўстае ўдзел у ім сялян і спачуванне іх да яго, бо, як гаворыцца ў данясенні, «сяляне захоўвалі строгую тайну (аб месцы знаходжання паўстанцаў. В. П.) і захоўвалі пад страхам смерці сляды мяцежнікаў». Пры гэтым сяляне, па данясенню генерала Манюкіна ваеннаму міністру, захоплівалі панскія землі і спальвалі статутныя граматы, «дабаўляючы, што зямлю ім уступаюць дарам». Такіх выпадкаў можна прывесці многа. Ва ўсім гэтым адчувалася дзейнасць К. Каліноўскага і вынікі яго прапаганды. У данясеннях жандармаў даволі часта сустракаюцца ўспаміны аб распаўсюджваемай у літоўскіх і беларускіх губернях «Мужыцкай Праўды» К. Каліноўскага і аб чытанні яе сялянамі.

Сялянскі рух у Літве і Беларусі яшчэ не ў поўнай меры разгарнуўся ў лютым 1863 г., але ужо тое, што тады адбывалася, напалохала Дзюларана і яго сяброў з лагера «белых». Дзюларан вырашыў зрабіць данос на К. Каліноўскага ў Варшаву. З слоў Авейдэ, ён у палавіне лютага 1863 года з'явіўся ў Варшаву і паведаміў члену Жонда Баброўскаму, вёўшаму ў ім справы Беларусі і Літвы, што Літоўскі Камітэт хоча адасаблення Беларусі і Літвы ад Польшчы і падымае ўсюды сялян супроць паноў. Да гэтага Дзюларан дадаў доказы і аб тым, што «чырвоныя» ў Літве і Беларусі слабыя, вялікім уплывам не карыстаюцца, што «белыя» больш моцныя і больш могуць садзейнічаць поспеху паўстання, дзякуючы міжнароднай падтрымцы і сваёй папулярнасці сярод шляхецтва. Яны, па словах Дзюларана, гатовы ўзяць у свае рукі кіраўніцтва рэволюцыяй і спадзяюцца на поспех.

Гэтыя аргументы не маглі не падзейнічаць на членаў Варшаўскага жонда. Данос Дзюларана прыпадаў якраз на той час, калі Францыя і Англія, не гледзячы на рашучыя пярэчанні Бісмарка, рыхтаваліся зрабіць сумеснае прадстаўленне Александру II аб неабходнасці пайсці на ўступкі палякам. Гэтыя спадзяванні на ўмяшанне еўрапейскай дыпламатыі ўзмацнялі ўплыў «белых» на Варшаўскі Жонд і аслаблялі пазіцыі тых яго членаў, якія арыентаваліся на ўсенароднае паўстанне. К тамуж нават і «чырвоныя» члены Жонда вельмі баяліся таго, што К. Каліноўскі і яго сябры на выпадак поспеху народнага руху ў Беларусі і Літве парвуць з Варшавай і будуць дзейнічаць у карысць стварэння самастойнай Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Аб неспачуванні варшаўскага рэволюцыйнага ўрада дзейнасці Літоўскага Камітэта і ў прыватнасці К. Каліноўскага вельмі выразна гаворыць касір Літоўскага Камітэта памешчык Антон Еленскі ў сваіх паказаннях, якія адносяцца к лютаму 1863 года: «Паступкі гэтай партыі (г. зн. «чырвоных» Літоўскага Камітэта. В. П.) дайшлі да такой ступені, што нават варшаўская крайняя партыя знаходзіла іх заўчаснымі і, каб спыніць «чырвоных», з Варшавы быў прысланы Нестар Дзюларан»[18]. Першапачатковыя паўнамоцтвы Дзюларана ў адносінах да Віленскага Камітэта былі, відавочна, даволі неазначанымі. Згодна паказанняў Авейдэ, які не асабліва добра быў асвядомлены аб становішчы ў Літве, Дзюларан і другі прыхільнік «белых» Гейштар[19] былі вылучаны са згоды Цэнтральнага Варшаўскага Камітэта кандыдатамі ў члены Віленскага аддзела (г. зн. Віленскага Правінцыяльнага Камітэта). Іх-жа прыхільнік Вацлаў Пшыбыльскі з'яўляўся звязваючым звяном паміж Варшавай і Вільняй. Згодна з некалькі разыходзячыміся з Авейдэ паказаннямі Еленскага, Дзюларан меў спачатку толькі «права прытрымліваць дзеянні чырвонай партыі»[20]. Параўноўваючы гэтыя даныя, можна зрабіць заключэнне, што «умераныя», ведучы барацьбу супроць К. Каліноўскага, дзейнічалі вельмі асцярожна. У якасці галоўнай дзеючай асобы, якую «умераныя» процістаўлялі Каліноўскаму і яго сябрам, яны выставілі не ярага прыхільніка «белых», а такога двурушніка, як Дзюларан, які быў раней звязаны з «чырвонымі». Ён, выходзячы з абставін, прымыкаў то да «белых», то да «чырвоных». Дзюларан не проста і не адразу ўвайшоў у Віленскі Камітэт, які заставаўся яшчэ некаторы час «чырвоным». Ён знаходзіўся ў адносінах да гэтага камітэта нібы ў становішчы назіральніка, прадаўжаўшага «асведамляць» Варшаву аб яго дзеяннях і у той жа час вядучага хітрую інтрыгу супроць Каліноўскага на месцы, завязваючы сувязь з «умеранымі» і проста «белымі» і падрыхтоўваючы глебу для перадачы ўлады ў іх рукі. У сваіх зносінах з Варшавай Дзюларан і яго сябры (Пшыбыльскі і інш.). па-ранейшаму запэўнялі Варшаўскі Нацыянальны Камітэт, што «чырвоныя» вядуць шкодную для поспеху польскай справы дзейнасць. Пад уплывам гэтага давер'е Варшавы да «чырвонага» Літоўскага Камітэта і асабліва да К. Каліноўскага ўсё болей хісталася. Варшава не магла адмовіцца ад падтрымкі народных мас, - гэта азначала б пагубіць паўстанне ў самым яго корані, - але тактыка Каліноўскага, які даволі пэўна хацеў адмежавацца і ад дваранскага паўстання, і ад варшаўскага кіраўніцтва і арыентавацца галоўным чынам на сялян, Варшаўскаму Камітэту не падабалася.

У той жа час «умераныя» саджалі ўсякім чынам палкі ў колы развіваючамуся народнаму руху. Той-жа Еленскі ў следчай камісіі паказваў, што ён з блізкімі сваімі знаёмымі Александрам Аскерка, Якавам Гейштарам і Фр. Далеўскім стараліся сваім уплывам не дапусціць у тутэйшым (г. зн. Беларуска-Віленскім) краі бязладдзя, бо у той час партыя «чырвоных» даволі яўна дабівалася парушыць супакой і з гэтай мэтай распаўсюджвала пракламацыі»[21]. «умераным» дапамагаў у гэтым і Дзюларан, які карыстаўся варшаўскай падтрымкай. Ва ўсіх акругах Літвы і Беларусі з'явіліся агенты «умераных», якія пад выглядам збору грошай на паўстанне імкнуліся пасеяць у народзе і асабліва сярод шляхты недавер'е да Каліноўскага і яго прыхільнікаў і распаўсюджвалі усялякія ганьбячыя іх чуткі.

Хутка «белыя» і прымыкаўшыя да іх знайшлі, што глеба для ліквідацыі «чырвоных» падрыхтавана. У выніку іх прошукаў і дамаганняў Варшаўскі Нацыянальны Камітэт у сакавіку 1863 г. вырашыў, нарэшце, распусціць «чырвоны» Віленскі Камітэт. У выпадку непадпарадкавання варшаўскія кіраўнікі пагражалі апублікаваць імёны членаў гэтага камітэта ў замежным друку як здраднікаў. Гэта мела-б дваякі вынік: па-першае, гэта дыскрэдытавала-б літоўска-беларускі рух у вачах заходне-еўрапейскага грамадства, а, па-другое, царскаму ўраду лягчэй было-б лавіць беларускалітоўскіх рэволюцыянераў. Пад уплывам гэтага «чырвоны» Камітэт Літвы і Беларусі вымушан быў падпарадкавацца. Каліноўскі, праўда, напісаў энергічны пратэст супроць роспуску камітэта і ўручыў яго Дзюларану для перадачы ў Варшаву. Але Дзюларан скрыў гэты дакумент і на працягу трох месяцаў нікому яго не паказваў.

Пасля роспуску «чырвонага» Літоўскага Камітэта новы камітэт быў складзен з «умераных» або прымыкаўшых да іх, -ва ўсякім выпадку з праціўнікаў разгортваўшайся сялянскай рэволюцыі. Пры гэтым Дзюларан быў назначан упаўнаважаным камісарам (ад Польскага Нацыянальнага Камітэта) у Літве, заняўшы У Літоўскім Правінцыяльным камітэце самае ўплывовае становішча ў якасці яго кіраўніка[22].

Уплыў Каліноўскага на рэволюцыйны рух у Беларусі быў, аднак, у той час ужо настолькі моцным, што без яго нельга было абыйсціся. Ён быў назначан камісарам Гродненскага раёна, і, паехаўшы ў Гродна, прадаўжаў там энергічна разгортваць сваю прапаганду і агітацыю сярод сялянскай масы. Як і раней -да пераходу на кіруючую работу ў Вільню - ён арганізоўваў сялянскія ўзброеныя атрады, якія, ухіляючыся буйных боек з царскімі войскамі, дзейнічалі партызанскімі спосабамі, таіліся ў лясах і з іх глыбіні нападалі на царскія войскі. Побач з гэтым Каліноўскі агітаваў за спыненне сялянскай працы на паноў і супроць выканання сялянамі ўсялякіх павіннасцей. «Мужыцкая Праўда» і адозвы Каліноўскага распаўсюджваліся далёка за межамі Гродненшчыны і ўсюды аказвалі на сялян вялікі ўплыў. У самой-жа Гродненшчыне настрой паўстаўшых рабіўся ўсё больш непрымірымым. Так, у данясенні жандармскага маёра Лелякова князю Далгарукаву ад 13 красавіка 1863 года аб Гродненскім раёне гаворыцца: «На жаль павінен далажыць вашаму сіяцельству, што тыя, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў мецяжах, не гледзячы на факты, выкрываючыя іх злачынствы, не толькі ўпарцяцца ў свядомасці, але яскрава выяўляюць нянавісць сваю да рускіх (чытай: да царскіх улад. В. П.) і на міласць царскую глядзяць раўнадушна»[23].

У той жа час паўстанне ахоплівала і іншыя раёны, у якіх дзейнічалі сябры і прыхільнікі К. Каліноўскага. У Літве сялянскія атрады фарміравалі капітан Серакоўскі, Калышка і афіцэр Карэва, а таксама ксёндз Мацкевіч, дзейнасць якога асабліва шырока разгарнулася пазней — пасля арышту Серакоўскага. Адносна Ковенскай губерні нават чарнасоценны аўтар «Виленских очерков», якія адносяцца к 1863 - 65 гг., генерал Масолаў, схільны па прыкладу іншых рэакцыянераў паказваць усё паўстанне, як панскую зацею дваран, павінен быў прызнаць, што «уся губерня ўзнялася на ногі: нідзе сяляне не ішлі на мяцеж з такім уздымам. Толькі на Жмудзі Серакоўскі і Калышка маглі сабраць такія шматлікія полчышчы». У данясенні начальніка 4-й акругі (Дзінабургскі раён) корпуса жандармаў князю Далгарукаву ад 8 мая 1863 года гаворыцца: «Мяцежнікі не толькі не знішчаюцца, але яшчэ ўзмацнілі ў апошні час сваю злачынную дзейнасць у тутэйшым краі. Шайкі з'яўляюцца ў мностве, парушаючы ўсюды наладжаны парадак. Земская паліцыя, можна сказаць, не існуе больш, - яна ахоплена жахам ад з'яўлення мяцежнікаў на пунктах, дзе іх зусім не чакаюць... Нарэшце, горшае за ўсё ў тым, што сяляне, да гэтага справядлівыя свайму абавязку, пачынаюць вагацца». Такім чынам пад уплывам Каліноўскага і яго сяброў, не гледзячы на часовую «апалу», у якую папала «чырвонае» кіраўніцтва, з боку варшаўскага цэнтра, сялянскі рух шырока разліваўся па ўсёй Беларусі і Літве і прымаў характар сапраўднай аграрнай рэволюцыі.

У той час як пад уплывам Каліноўскага сялянскі рух на Беларусі ўступіў у рашаючую фазу, «белыя» і прымыкаўшыя да іх двурушнікі выявілі сваю поўную няздольнасць кіраваць паўстаннем. Нават і вядомы нам Гейштар у сваіх пазнейшых успамінах, якія значна разыходзяцца з яго паказаннямі, данымі на следстве, павінен быў прызнацца, што паўстанне мела поспех толькі там, дзе народ падтрымліваў яго[24]. «Белыя» толькі развальвалі рух. Член Варшаўскага Жонда Авейдэ, адзначаючы недахопы «белага» кіраўніцтва ў Літве і Беларусі, у сваіх паказаннях следчай камісіі гаворыць, што «белыя», атрымаўшы ўладу ў свае рукі, пастараліся пазбавіць удзелу ў кіраўніцтве жывы, малады, уласна рэволюцыйны элемент. Важныя пасады камісараў, начальнікаў ваяводстваў і паветаў даставаліся амаль выключна вельмі добрым і надта спакойным, проста кажучы, гнілым дваранам-памешчыкам»[25].

Пасіўнасць новага віленскага кіраўніцтва даходзіла да смешнага. Адзін з членаў варшаўскага жонда гаварыў аб членах пераўтворанага Віленскага Камітэта: «Віленскія сябры нашы да такой ступені не ведалі, што рабіць і куды пасылаць афіцэраў (наехаўшых з Петербурга), што, напрыклад, пасланы намі ў іх распараджэнне Гейдэнрэйх (Крук), які жадаў ваяваць у Літве, вярнуўся пасля некаторага часу ў Варшаву і гаварыў, што не мог дабіцца 1 дачакацца ніякага даручэння[26]. Па сутнасці ніякага кіраўніцтва рухам з боку «белых» не было. Масы да іх не ішлі, шляхта-ж ухілялася ад далейшага ўдзелу ў рэвалюцыйным руху Беларусі і Літвы, бо, з аднаго боку, яна была запалохана царскім урадам, а з другога - баялася, каб аграрная рэволюцыя не павярнулася супроць яе самой.

У гэты час К. Каліноўскі часам наязджаў у Вільню і спрабавай улунуць энергію ў новых віленскіх кіраўнікоў і іх прыхільнікау[27]. Але яны праяўлялі такое маладушша і баязлівасць, што Каліноўскі хутка спыніў гэтыя спробы зрабіць уплыў на шляхецкае кіраўніцтва.

У красавіку - чэрвені перад рухам у Беларусі і Літве ўзніклі вялікія цяжкасці. Рад правадыроў паўстання быў схоплены і пакараны смерцю. 4 красавіка быў схоплены Серакоўскі (Даленга) і праз два месяцы павешан. 30 красавіка быў арыштаван і архі-умераны Гейштар; яшчэ раней 19 сакавіка трапіў у рукі аўстрыйскіх улад сам польскі дыктатар Лянгевіч. Другарадных удзельнікай паўстання арыштоўвалі тысячамі, і расправа над імі была хуткая і жорсткая. Сярод арыштаваных былі людзі рознага грамадскага стану, ад сялян, да буйных памешчыкаў - і розных поглядаў ад выпадковых і баязлівых спадарожнікаў руху да рашучых рэволюцыянераў - накшталт Серакоўскага. Арышты і расправа з арыштаванымі канчаткова запалохалі «белых» і усіх прымыкаўшых да іх. Гэты цяжкі час вызначыў, хто з'яўляецца сапраўдным і непахісным сябрам паўстання, гатовым ісці на ўсе ахвяры, і хто падышоў да паўстання з боку і гатоў быў кінуць яго пры пачаўшыхся цяжкіх выпрабаваннях. Сярод першых найбольш яркай фігурай быў К. Каліноўскі, рэволюцыйная энергія, якога толькі загартоўвалася цяжкасцямі барацьбы; сярод другіх найбольш відную ролю адыгрываў Нестар Дзюларан. Да чаго вялікай была паніка сярод членаў пераўтворанага Віленскага Камітэта, відаць з паказанняў касіра камітэта Антона Еленскага, які на следстве заявіў: «... Мы былі ўразумлены падзеннем Лянгевіча, паланеннем Серакоўскага і энергічнымі мерамі законнага Урада, і камітэт у канцы мая 1863 года звярнуўся з прадстаўленнем у Варшаву аб немагчымасці трымацца, просячы, каб яго распусцілі або ўпаўнаважылі прыпыніць няшчасце»[28]. Інакш кажучы, «белы» камітэт, які так энергічна дамагаўся ўлады і адхілення Каліноўскага ад кіруючай ролі, цяпер сам распісваўся ў сваім поўным бяссіллі і прасіў, каб улада з яго была знята. Просьба варшаўскім урадам не была задаволена, але бяссілле «белага» камітэта рабілася зразумелым для ўсіх. Гэта яшчэ раз падкрэслі вае няправільнасць думкі тых, якія прыпісвалі ў паўстанні выключную ролю памешчыкам і лічылі яго толькі дваранскім. Зусім правільна пісаў ананімны паляк з Амерыкі следчаму капітану Гогелю пісьмо, мэтай якога было жаданне зняць з шляхцічаў адказнасць за паўстанне перад царскім судом: «Згадзіцеся самі, што не на гэтых няшчасных памешчыкаў павінна падаць адказнасць за гэтыя падзеі»[29], г. зн. за паўстанне, прымаўшае ў Літве і Беларусі пад уплывам К. Каліноўскага ўсё больш шырокія размеры. І безумоўна, у поўнай меры быў няпраў вядомы рэнегат Леў Ціхаміраў, які, імкнучыся паказаць усё паўстанне, як нікчэмную шляхецкую зацею, пісаў у сваёй брашуры, прысвечанай паўстанню 1863 г.: «Белыя» адыгрывалі самую энергічную ролю і разам з тым і самую здрадніцкую. Яны паспелі дабіцца нават афіцыяльнага падпарадкавання сабе «чырвоных». На «белых» трымаўся ўвесь мяцеж»[30]. Факты і прызнанне саміх «белых» - удзельнікаў паўстання-выяўляюць зусім іншую ролю «белых».

Упадніцкі настрой сярод «белых» яшчэ больш узмацніўся пасля таго, як рушыліся надзеі на міжнародную дапамогу. Ні Напалеон ІІІ, ні Англія ніколі сур'ёзна не думалі ваяваць з Расіяй з-за Польшчы. Аўстрыя вагалася, а Прусія ў асобе Бісмарка заняла ў адносінах да паўстання ярка варожую пазіцыю і ў хуткім часе запалохала хісцкую Аўстрыю. Рускі ўрад у хуткім часе зусім пераканаўся ў бяссіллі еўрапейскай дыпламатыі, і ўжо ў чэрвені 1863 г. князь Гарчакоў рашуча заявіў замежным дыпламатам, што польскае пытанне датычыць толькі Расіі і што Расія чужога умяшання ў яго вырашэнне не дапусціць. Карты «белых» гэтым былі канчаткова бітыя. Для шчырых сяброў паўстання рабілася Усё больш ясна, што калі паўстанню суджана мець поспех, то толькі ў тым выпадку, калі кіраўніцтва ім пяройдзе ў моцныя рукі сапраўдных рэволюцыянераў, разлічваючых не на дапамогу з-за мяжы, а на сілу народнага руху. У Літве і Беларусі першае месца сярод такіх шчырых прыхільнікаў рэволюцыі магло належаць толькі К. Каліноўскаму, папулярнасць якога ў масах не зменшылася, а павялічылася пасля яго вымушанага уходу ад кіруючай работы і пераезду ў Гродна.

Развал сярод членаў «белага» камітэта стаў поўным пасля таго, як некаторыя члены яго былі арыштаваны, а Дзюларан уцёк за граніцу. Улада сама сабой выпала з рук «белых», і «чырвоным» нічога іншага не заставалася, як узяць яе ў свае рукі. Тэта адбылося ў чэрвені 1863 года, калі ў Вільні была ўтворана новая цэнтральная ўлада пад іменем Літоўска-Беларускага Чырвонага жонда. У хуткім часе ўпаўнаважаным (Варшавы) камісарам гэтага ўрада стаў К. Каліноўскі, і яму належала цяпер да канца паўстання кіруючая ў ім роля. З восені 1863 года ён пачаў адыгрываць у адносінах да Беларусі ролю рэволюцыйнага дыктатара. У данясенні нейкага жандармскага штабс-капітана князю Далгарукаву ад 10/III 1864 года гаворыцца, што Каліноўскі «пасля ўцёку Дзюларана ў жніўні мінулага года прыняў на сябе абавязак галоўнага кіраўніка мецяжа ў краі, выдаваў ад імені польскага Жонда рэволюцыйныя адозвы і распараджэнні, выдаваў намінацыі начальнікам шаек, забяспечваў іх грашыма і быў у пастаянных зносінах з рэволюцыйным кіраўніцтвам у Парыжы і Варшаве[31]. Аналагічна і данясенне палкоўніка Лосева Мураўёву: «Упаўнаважанаму камісару (маецца на ўвазе К. Каліноўскі. В. П.) была перададзена вышэйшая ўлада і нагляд за ходам мецяжа; ён назначыў правінцыяльных ваяводаў і камісараў, атрымліваў ад іх данясенні аб ходзе інсурэкцыі і асабіста меў зносіны з Варшаўскім і Парыжскім цэнтральнымі камітэтамі» [32].

Наступныя месяцы месяцы былі гераічным перыядам у дзейнасці К. Каліноўскага. У другой палавіне 1863 года гэты 25-гадовы юнак развівае велізарную рэволюцыйную работу. Ён знаходзіцца увесь час у руху, піша адозвы, выдае распараджэнні і, хаваючыся ад царскіх праследаванняў, увесь час мяняе сваё прозвішча. Цэнтрам яго рэволюцыйнай дзейнасці быў гор. Вільня, дзе прадаў. жала друкавацца «Мужыцкая Праўда» і адкуль ён рассылаў свае загады і заклікі. Гэты горад быў цэнтрам прабывання і Мураўёва-вешацеля, назначанага Віленскім генерал-губернатарам. Здаралася, што ў адзін дзень Каліноўскі некалькі разоў мяняў сваю вопратку і яму прыходзілася часта пераязджаць з кватэры на кватэру.. Яго папулярнасць сярод сялянскіх мас увесь час узрастала, і імя «Яські гаспадара з-пад Вільні», якім ён у большасці выпадкаў падпісваўся, рабілася шырока вядомым па ўсёй Беларусі. «Гэты адзін чалавек, - гаворыць пра яго польскі гісторык, -меў значэнне соцень, таму што ён умеў працаваць, ахвяраваць сабою і хавацца. Яго абзывалі «хамам» і ён сам сябе так абзываў і ганарыўся гэтай назвай, жорстка змагаючыся супроць шляхты».

У супрацоўніцтве з Каліноўскім і часткова пад яго кіраўніцтвам у Беларусі і Літве дзейнічалі тады многія іншыя правадыры сялянскіх паўстанняў. Імкнучыся пашырыць і паглыбіць народны рух, К. Каліноўскі стараўся вылучаць здольных арганізатараў з асяроддзя народных мас. Становішча фактычнага дыктатара давала яму на гэта поўнае права. У гэты час пад яго непасрэдным уздзейнічаннем і ва ўсякім выпадку па яго прыкладу і пад яго ўплывам, а часта і па яго загаду ў розных месцах Беларусі і Літвы сталі ўзнікаць новыя сялянскія ўзброеныя атрады (апрача ўжо раней дзейнічаўшых). Яны ўхіляліся рашучых сутычак з буйнымі сіламі царскай арміі, дзейнічалі метадамі партызанскай барацьбы, трымаючы ў страху ўрадавыя ўлады. Аб гэтым часе Мураўёў-вешацель пісаў: «Паўстанне было страшна не колькасцю узброеных атрадаў, а сілаю і таямнічасцю рэволюцыйнай арганізацыі, якая пакрыла сваёй сеткай увесь край»[33]. Вядомы нам Гейштар, які добра ведаў ход паўстання ў Беларусі і Літве, пісаў у сваіх мемуарах, што К. Каліноўскі «пасадзіў ва ўсіх ваяводствах людзей чырвоных, людзей крайняга напрамку». У сувязі з ім знаходзіўся ксёндз Мацкевіч, які вышаў з сялянскай сям'і сфарміраваў у Ковенскай губерні атрад паўстанцаў; ён быў непасрэдным намеснікам па ўладзе ў Ковенскай губерні выбыўшага са строю Серакоўскага і апіраўся ў сваёй барацьбе, галоўным чынам, на сялян, з якіх і складаліся сфарміраваныя ім атрады[34]. Пад уплывам Каліноўскага дзейнічалі і іншыя сялянскія правадыры: Пуйдак у Расіенах, Біціс і Лукашунас у Літве[35].

Каліноўскаму прыходзілася мець справу не толькі з узброеным ворагам у выглядзе царскіх атрадаў. Яму неабходна было пераадольваць і дэмагагічную дзейнасць, якую развіваў царскі ўрад. Яшчэ да назначэння дыктатарам паўночна-заходняга края Мураўёва-вешацеля, рускі ўрад, жадаючы адвесці сялянскія масы Літвы і Беларусі ад удзелу ў паўстанні, выдаў 1 сакавіка 1863 г. указ, па якому абавязковыя адносіны паміж памешчыкамі і сялянамі ў паўночна-заходнім краі спыняліся, і ўсе сялянскія павіннасці належалі неадкладнаму выкупу. Указ гэты не зрабіў колькі-небудзь прыкметнага ўплыву на сялян, бо ад рэволюцыйнай польскай улады сяляне ў сілу маніфеста ад 22 студзеня атрымалі больш, і, як ужо ўказвалася, сялянскі рух у Літве і Беларусі у наступныя месяцы не спыняўся, а развіваўся. З назначэннем (1 мая 1863 г.), на пасаду Віленскага генерал-губернатара Мураўёва сістэма дэмагогіі ўзнавілася.

Будучы ярым прыгоннікам, Мураўёў у Літве і Беларусі быў не супроць таго, каб паказаць сябе абаронцам сялянства ад прыгнёту памешчыкаў. Сялянам былі звернуты адрэзаныя землі, ім дазволілі карыстацца памешчыцкімі лясамі, якія высякаліся па абодва бакі дарог з мэтай папярэдзіць магчымасць паўстанцам хавацца ў іх, што насіла характар нацкоўвання сялян на ўдзельнікаў паўстання з дваран, і сяляне сапраўды маглі атрымаць такім шляхам даволі вялікую колькасць лесу. Разам з тым у рады сялян быў пушчаны паклёп, што паўстанне выдумана панамі для таго, каб адабраць у сялян усё тое, што даў ім маніфест 19 лютага.

Але і гэта дэмагогія не зрабіла на сялян вялікага ўплыву. Перад імі ўставала пытанне, чаму да іх паўстанняў царскія ўлады не давалі ім такіх абяцанняў, а пачалі даваць - і прытым вельмі умераныя толькі ў часе паўстання. Нібы ў адказ указ ад 1 сакавіка Яська Гаспадар з-пад Вільні гаварыў сялянам: «Замест таго, каб аддаць нашу зямельку, ды якую зямельку гэту, што з дзядоў-прадзедаў, кроўнаю працай дзесяць раз ужо на яе зарабілі ды заплацілі. За гэту зямлю цар паказуе нам чыншы плаціць у казначэйства. Ды якія-ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам ды судовым крывапіўцам, ды яшчэ з кожным годам усё большыя ды большыя»[36].

Тлумачэнні Каліноўскага давалі сялянам зразумець, што царскія абяцанні даюць ім менш таго, што абяцаў рэволюцыйны урад, і што абяцанні гэтыя з'яўляюцца вымушанымі, прадыктаванымі баязлівасцю перад сялянскімі паўстаннямі.

Але сілы былі няроўнымі. У руках рускага ўрада было да 85000 салдат усіх родаў зброі, і сілы гэтыя ўсё больш і больш павялічваліся; сяляне былі распыленыя і дрэнна ўзброеныя. Як ні намагаўся К. Каліноўскі аб'еднаць сялянскія атрады, - зрабіць гэта ў сілу самой прыроды партызанскага руху было немагчыма. Каліноўскі быў вельмі буйным арганізатарам, у яго былі здольныя памочнікі і адданыя сябры, але ўсё-такі партызанскі рух не мог вытрымаць доўгай барацьбы з шматлікай, добра ўзброенай арміяй.

Таму побач са стаўкай на разгортванне масавага сялянскага руху Каліноўскі і яго сябры ўступілі на шлях тэрарыстычных дзеянняў. Першапачаткова гэтыя дзеянні былі накіраваны супроць тых белых дваран, якія здрадзілі руху і перайшлі на бок царскага ўрада. Мураўёў, бачачы разгубленасць сярод літоўскабеларускага дваранства, стаў наштурхваць дваран падаваць «всеподданнейшие» адрасы цару аб літасці. Першы прыклад падало віленскае дваранства, затым дваранства іншых літоўскіх і беларускіх губерняў. Асаблівую стараннасць прыкладаў у збіранні подпісаў пад «верноподданническим» лістом да цара з выказваннем пакаяння віленскі губернскі кіраўнік дваранства Дамейка. Супроць яго па загаду рэволюцыйнага камітэта Літвы 29 ліпеня 1863 г. і быў зроблен першы тэрарыстычны акт. Дамейка быў не забіты, а толькі ранены. Чалавеку, які рабіў замах на яго, удалося схавацца. Улады былі надзвычайна напалоханы. «Горад (Вільня), — гаворыць Масолаў, быў увесь абкружан войскам, па ўсіх напрамках былі пасланы раз'езды казакаў і паведамлены прыкметы забойцы.... Горад быў ахоплены агульным непакоем. Вечарам пасля 9 гадзін зусім было забаронена выходзіць з дому: на плошчах пастаўлена варта і на ноч быў наладжаны паўсямесны вобыск. Па некалькі чалавек уваходзілі ў кожную кватэру, патрабавалі агню, аглядалі ўсіх жыльцоў, заглядалі пад ложкі, за печы, за шафы, ва ўсе куткі... Вобыску не пазбеглі і мужчынскія манастыры, але ўсё было дарэмна»[37].

Кім быў зроблен замах? Як кажа той-жа Масолаў, чалавек, які рабіў замах, пакінуў на месцы пастанову Вярхоўнага Народнага Трыбунала, згодна якога ўсе асобы, падпісаўшыя адрас цару, выходзяць з-пад заступніцтва закона і аддаюцца ваенна-палявому суду, а Александр Дамейка, як адзін з галоўных віноўнікаў гэтай справы, павінен быць неадкладна пакараны смерцю як здраднік бацькаўшчыне. У выніку узмоцненых пошукаў жандармаў і сышчыкаў па гэтай справе крыху пазней было арыштавана і пакарана смерцю 7 чалавек, прычым адзін з іх (Белькоўскі) аказаўся віноўнікам замаху, а астатнія 6 былі членамі тэрарыстычнага таварыства «кінжальшчыкаў». Ці быў К. Каліноўскі непасрэдна звязаны з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй, у нас няма прамых указанняў, але паколькі на прыгавары стаяла пячатка з надпісам: «Печать Народного Комитета. Отдел Литвы», то яго санкцыя на гэты тэрарыстычны акт была ва ўсякім выпадку абавязковай.

Уступленне К. Каліноўскага ў той час на шлях канспіратыўнай тэрарыстычнай дзейнасці пацвярджаецца і іншымі данымі. Але тэрарыстычныя акты рабіліся і ў іншых месцах паўстання, магчыма, што і незалежна ад Каліноўскага, - напрыклад ксяндзом Мацкевічам у адносінах да шляхціча Карэва, які быў прыгавораны да павешання за выданне рускім войскам двух паўстанцаў, і т. д.[38]. Сістэма тэрора насіла шырока разгалінаваны і арганізаваны характар. Тэрор прымяняўся ў адносінах да прадажнікаў, здраднікаў, контррэволюцыянераў, караліся смерцю таксама дэзертыры і зладзеі. Прыгаворы выносіліся рэволюцыйнымі судамі, якія па магчымасці захоўвалі фармальныя патрабаванні законнасці. Тэрарыстычныя акты наводзілі страх на царскіх катаў. Мураўёў настолькі баяўся іх, што загадваў знішчаць ушчэнт тыя вёскі, дзе мясцовыя жыхары давалі прытулак «кінжальшчыкам».

Між тым трагічны канец літоўска-беларускага руху набліжаўся. «Белыя» былі запалоханы і шукалі ратунку у царскай літасці або ва ўцёках за граніцу. Для партызан да старых цяжкасцей з надыходам зімы далучыліся і новыя: холад і недахоп харчавання. К восені стральцамі імператарскай гвардыі былі знішчаны атрады Люткевіча, Ябланоўскага, Багдановіча, ксяндза Нарэйка, Шымкевіча, к зіме - атрады ксяндза Мацкевіча. Зыходзілі са сцэны і гінулі на эшафоце і сябры К. Каліноўскага: Здановіч, які загадваў гаспадарча-фінансавым аддзелам паўстання ў Літве (сын прафесара Віленскага універсітэта, кандыдат правоў), Даманоўскі - рэволюцыйны камісар Віленскай губерні, Ціт Далеўскі-найбольш блізкі супрацоўнік Каліноўскага, студэнт Маскоўскага універсітэта. Усе яны былі арыштаваны ў канцы 1863 года і затым пакараны смерцю. У снежні быў захоплен і хутка затым пакараны смерцю ксёндз Мацкевіч. Быўшы рэволюцыйны начальнік г. Вільні Малахоўскі, які належаў да тэрарыстычнай арганізацыі, уцёк за граніцу. Апрача таго, як кажа Масолаў, была выкрыта амаль уся рэволюцыйная арганізацыя Мінскай губерні. Былі выяўлены ўсе павятовыя начальнікі, камісары, касіры, акруговыя, участковыя паліцэйскія і г. д.[39]. Усё гэта вельмі цяжка адбівалася на паўстанні. З буйных правадыроў на волі заставаўся адзін К. Каліноўскі, якога шукалі ўсюды, між іншым і ў Мінску.

На пошукі Каліноўскага ў Мінск быў накіраваны жандармскі палкоўнік Лосеў, які арыштаваў удзельніка паўстання нейкага шляхціча - студэнта Кіеўскага універсітэта Вітальда Парфіяновіча, і гэты са страху выдаў К. Каліноўскага. На допыце ён паведаміў, што Каліноўскі пражывае па пашпарту гродненскага двараніна Ігната Вітаржэнца ў касцёле св. Яна ў Вільні. Данос Парфіяновіча быў атрыман у Вільні ў 9 гадз. вечара 7 (19) студзеня 1864 года, і ў тую ж ноч будынкі касцёла, якія займалі амаль цэлы квартал, былі акружаны. У гэтых будынках знаходзіліся гімназія, музей старажытнасцей, Цэнтральны архіў, абсерваторыя і многа кватэр для служачых. Спатрэбіліся цэлыя дзве роты салдат з некалькімі афіцэрамі і чыноўнікамі паліцыі, каб акружыць увесь квартал. Вітаржэнц наймаў пакой у кватэры аднаго настаўніка гімназіі. Яго засталі ў той час, калі ён вышаў са свечкаю насустрач награнуўшым агентам паліцыі. Ужо к раніцы на усяму гораду разнеслася вестка, што арыштаваны галоўны начальнік Літоўскага Жонда. Сам Мураўёў цікавіўся ходам допыту і пасылаў на следства сваіх чыноўнікаў, каб даведацца аб падрабязнасцях справы. К. Каліноўскі адказваў толькі на пытанні, якія датычылі асабіста яго, прызнаў, што ён сапраўды стаяў на чале Літоўскага Жонда, але адмовіўся назваць каго-небудзь з іншых асоб, уваходзіўшых у яго склад. Пасля арышту К. Каліноўскага адправілі ў Дамініканскую турму. У турме ён напісаў ліст, адрасаваны беларускаму народу. «Няма, браткі, пісаў ён,-большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тады толькі, памаліўшыся богу, заслужыць неба, бо, збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць... Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную».

Перад тварам смерці, калі дні яго жыцця былі ўжо злічаны, ён не забываў, якое велізарнае значэнне маюць навука і веды ў рэволюцыйнай барацьбе.

10 сакавіка 1864 г. ён быў па прыгавару ваеннага суда павешаны. Калі чыноўнік, які чытаў прыгавар, абвясціў яго званне і імя: «Дваранін Канстанцін Каліноўскі», ён перапыніў яго словамі: «У нас няма дваран, - усе роўныя». Як расказваюць сведкі, на эшафот ён узышоў смела, высока ўзняўшы галаву.

Так скончыў сваё жыццё гэты слаўны сын беларускага народа. Ідэолаг і практык сялянскай рэволюцыі, ён пранёс свой сцяг незаплямленым праз сваё кароткае дваццацішасцігадовае жыццё. Не яго віною, а яго бядою было тое, што рух, які ён узначальваў, не мог мець поспеху. Для нас ён дарагі і як зматар за нацыянальную незалежнасць беларускага народа, і як абаронца векавых імкненняў сялян да зямлі і волі. Да гэтага трэба дадаць крыштальную маральную чыстату К. Каліноўскага і яго выключную адданасць грамадскім інтарэсам роднай краіны. Нездарма ў яго жыцці і дзейнасці цяжка знайсці што-небудзь асабістае, не звязанае з інтарэсамі яго народа і з матывамі барацьбы за яго шчасце. Яго чыстае імя беларускі народ ніколі не забудзе, а яго трагічны лёс будзе заўсёды абуджаць пачуццё нянавісці да прыгнятальнікаў народных мас і натхняць масы на гераічную барацьбу за сваё шчасце.


  1. Черевин. «Воспоминания». «Русская старина», № 36, 1884 г., стр. 621. Гл. таксама «Донесение шефу жандармов князю Долгорукову, полковника Рейхарта от 14 февраля 1863 года» (Апублікавана ў выданні: «1863 г. на Меншчыне». Інстытут Беларускай культуры. Польскі аддзел, стар. 11, 1927 г.)
  2. Цытыруецца па выданню «История ХІХ в.», т. III, стар. 321.
  3. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, т. II. 1940 г., стар. 484.
  4. Гісторыя XIX в., т. VI, стар. 88.
  5. Муравьев. «Всеподданейший отчёт». «Русская старина», 1902 г., июль, стр. 507.
  6. Маркс і Энгельс. Творы, т. ХХІІІ стар. 142.
  7. Драницин. «Польское восстание 1863 г.», 1937 г., стар. 262.
  8. Такіх-жа поглядаў на тое, што перамога рэволюцыі ў Польшчы — ёсць справа ўсерасійскага прагрэса, трымаўся і Бакунін. У пісьме да афіцэраў, якія служылі ў Польшчы, Бакунін пісаў: «Паражэнне партыі руху ў Польшчы будзе мець абавязковым вынікам часовую перамогу царскага дэспатызма ў Расіі».
  9. Маркс і Энгельс. Творы, т. ХХІІІ, стар. 134.
  10. Герцэн. Творы, т. VII, стар. 126.
  11. Дакументы і матэрыялы, т. II, стар. 482-483.
  12. Гэтыя традыцыі дайшлі да 1863 года праз Кракаўскае паўстанне 1846 года, удзельнікамі якога былі і некаторыя з дзеячоў 1863 года. У маніфесце, апублікаваным рэволюцыйным урадам у Кракаве 22/11 1846 г., выразна гучаць якабінскія лозунгі.
  13. "Historja ruchu narodowego", 1882, г., т. 11, стар. 242.
  14. Дакументы і матэрыялы, т. 1, стар. 483.
  15. Маецца на ўвазе «чырвоны» начальнік Навагрудскага павета.
  16. Apxiy M. І. Семеўскага. Цытыравана па кнізе Драніцына «Польское восстанне 1863 года», стар. 183.
  17. Архіў князя Далгарукава (цытыравана па кнізе Драніцына, стар. 176).
  18. Даклады Віленскай следчай камісіі 24 ліпеня 1864 г. № 451.
  19. Гейштар, згодна яго паказанняў следчай камісіі, «ніколі не спачуваў тайным таварыствам..., змагаўся за рэформы супроць паўстання». Ён-жа паказваў, што чутка аб узняўшымся ў царстве Польскім паўстанні ўразіла яго глыбока, бо ён і яго прыхільнікі лічылі гэтае паўстанне «бядовым для Польшчы». Да «чырвонага» Віленскага Камітэта Гейштар быў настроены варожа і характарызаваў яго, як установу, «якая не ведае краіны, лічыўшую, што развіццю народнай вайны нібы перашкаджаюць памешчыкі». З гэтымі меркаваннямі Чырвонага Камітэта, які знаходзіўся пад уплывам К. Каліноўскага, Гейштар, вядома, быў у корані не згодзен.
  20. Даклады Віленскай следчай камісіі 24 ліпеня 1864 г., № 451.
  21. Там-жа
  22. Гл. выд. Інстытута белар. культуры. Польскі аддзел. «1863 г. на Міншчыне», № 67, а таксама запіску палкоўніка Лосева М. Н. Мураўёву (Дак. і матэр., т. 1, стар. 553).
  23. Дакументы і матэрыялы, т. II, стар. 508.
  24. Gogsztor. Pamieniki. Вільня, 1913 г.
  25. Драніцын. «Польское восстание 1863 г.», стар. 178.
  26. Справа ад 13 ліпеня 1864 г., № 422.
  27. Гедройц расказаў следчай камісіі, што... ён сустрэў у Вільні К. Каліноўскага, Дмухоўскага і Казела. Яны ўгаварылі яго прыняць удзел у паўстанні, але Гедройц на гэта не згаджаўся (Драніцын. «Польское восстание», стар. 179). Гедройц быў міравым пасрэднікам і буйным памешчыкам.
  28. Драніцын. «Польское восстание в 1863 г.», стар. 172-173.
  29. Там-жа, стар. 182.
  30. Леў Ціхаміраў. «Варшава и Вильно 1863 г.». Масква, 1897 г., стар. 34.
  31. Дакументы і матэрыялы, т. II, стар. 545.
  32. Гл. данясенне палкоўніка Лосева у «1863 г. на Міншчыне», выданне Інст. белар. культ. Польскі аддзел, 1927 г., № 67, стар. 104, a таксама дак. і матэр., т. II. стар. 553.
  33. М. Н. Мураўёў. «Отчёт по управлению Северо-Западным краем».
  34. Ён быў схоплены і пакараны смерцю ў снежні 1863 г.
  35. Трэба сказаць, што і ў паўднёвых ваяводствах царства польскага паўстанне падтрымлівалася, галоўным чынам, атрадамі, на чале якіх стаялі сялянскія ж кіраўнікі.
  36. «Мужыцкая Праўда» № 7. Дакументы і матэрыялы, т. 1, стар. 482.
  37. Масолаў, «Виленские очерки», стар. 49-50.
  38. Старажэнка. «Ксёндз Мацкевіч». Вільня, 1866 г., стар. 7.
  39. Масолаў. «Виленские очерки», стар. 122.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.