Перайсці да зместу

Кароткі нарыс псыхолёгіі/Элемэнтарныя псыхічныя зьявішчы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступ Элемэнтарныя псыхічныя зьявішчы
Артыкул
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1932 год
Віды складанае душэўнае дзейнасьці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭЛЕМЕНТАРНЫЯ ПСЫХІЧНЫЯ ЗЬЯВІШЧЫ[1].

Чуцьцё. Элемэнтарным псыхічным зьявішчам, якое ня можна разлажыць на больш простыя, ёсьць чуцьцё (sensation). Я бачу, я трымаю пяро, я чую і г. д. Тэрмін чуцьцё стварыўся ад дзеяслова чуць (я чую боль, я адчуваю боль). Усё, што мы чуем, адчуваем, успрыймаем, як вынік дзеяльнасьці нашых ворганаў, называем чуцьцямі. Праз чуцьці мы пазнаем вонкавы сьвет. Калі я трымаю пяро, то я адначасна пазнаю яго, я здабываю веду аб даным пяры, я ведаю, якое яно: яго колер, цьвёрдасьць, гладкасьць і г. д. Усё гэта я пазнаю ворганамі зроку і дотыку. Чуць­ці гэтыя ўжо ня можна разлажыць.

Чуцьцё паўстае ў нашай сьведамасьці пасьля пэўнага раздражненьня нэрваў нашых вор­ганаў (зрокавага, слухавога і г. д.). Але гэтыя раздражненьні ў нашым арганізьме не прадстаўляюць яшчэ сабой чуцьця: мы мусім здаць сабе справу, што нам баліць, што мы бачым, інакш, усьведаміць гэты акт.

Пры бліжэйшым разглядзе, мы пазнаем у чуцьці тры мамэнты: фізычны, (прыходзячы з вонку), фізіолёгічны (адбываючыся ў на­шым арганізьме) і псыхічны (паўстаючы ў на­шай сьведамасьці). Псыхічныя зьявішчы, у чыстым выглядзе, самыя па сабе не сустракаюцца: яны злучаны з рознымі чуцьцёвымі працэсамі. Значыцца, элемэнтам псыхічнага жыцьця чалавека будзе ўсьведамленьне тых пабуджэньняў, якія дзеюць на яго ворганы. Фізіолёгічна гэта тлумачыцца тым, што падчас псыхічнага працэсу дзеюцца молекулярныя зьмены ў нэрвах з вельмі хуткай скорасьцю.

Каб выклікаць чуцьцё, неабходна адпаведная сіла ўзбуджаньня або інтэнсыўнасьць, бо калі парушэньне нэрву ня дойдзе й не перадасца ў мазгавы цэнтр, дык не атрымаем чуцьця (усьвядомленага рэфлексу), а толькі нясьведамы рух у нэрвах. Чуцьцё адзначаецца яшчэ якасьцю (квалітай) г. ё. асаблівасьцю, дзякуючы якой адрожніваем і ня зьмешваем чуцьцяў (напр. смак ня зьмешваем з слухам, дотыкам або наадварот і г. д.) і таксама чуласьцю, бо чуцьцё выклікае пачуцьцё прыемнасьці або няпрыемнасьці. Кожны наш ворган рэагуе на нешта яму ўласьцівае й толькі. Можна было-б пералічваць шмат уласьцівасьцяў чуцьцяў, як напрыклад: зьмястоўнасьць, неперадавальнасьць, нязьмернасьць, суб‘ектыўнасьць ды інш.

Прынята разглядаць у псыхолёгіі пераважна толькі пяць чуцьцяў, як падставовыя: узрок, слух, нюх, смак і дотык. Яле апрача гэтых, істнуе цэлы рад іншых чуцьцяў цялесных (перадусім мускульных; значэньне гэтых апошніх другараднае. Разгледзім цяпер кожнае з вонкавых чуцьцяў паасобку.

Зрок. Чуцьцё, якое дае нам вока ад узбу­джаньня адпаведных ворганаў, зьвязаных з ім, называем зрокам. Пры помачы зроку мы найлепей, пазнаем акружаючы нас сьвет. Зрокавая дзейнасьць, галоўным чынам, палегае ў успрыйманьні сьвятла й распазнаваньні коляраў. Калі-б мы хацелі шукаць фізычную прычыну зрокавага чуцьця — дык прышлі-б да выніку, што гэта нішто іншае, як хваляваньне этэру. Пры помачы спэктру (прапушчэньня касуляў сьвятла праз прызму) распазнаем сем аснаўных колераў у наступным парадку: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні і фіалёвы. Агулам-жа іх ёсьць вельмі многа. Паміж чырвоным і фіялетавым колярамі ў спэктры фактычна каля 150 розных адценяў. (Гл. рыс. № 3).

Рыс. № 3. Зорка коляраў.


Рыс. № 3. Зорка коляраў.

Колер залежыць ад даўжыні сьветлавое хвалі і ад яе дрыжаньняў. Найдаўжэйшай сьветлавой хваляй ёсьць чырвоная — 395 біліёнаў дрыжаньняў; найкарацейшая хваля—фіалетавая, мае 760 біліёнаў дрыжаньняў. У азначаным вышэй парадку колераў, ад чырвонага да фіалёвага, хвалі становяцца карацейшымі, але лік дрыжаньняў павялічваецца.

Будова нашага вока такая, што ўзрокавы нэрв і сеткавіца рэагуюць на прыходзячыя з вон­ку хвалі і дрыжаньні сьветлавых касуляў. Пры гэтым зрокавы нэрв мае цэлы рад валокнаў.[2] Кожная трупа валокнаў мае тую ўласьцівасьць, што ўспрыймае толькі пэўны колер. Па тэорыі Гэльмгольца істнуе ў воку тры групы валокнаў. Падражненьне кожнае з гэтых групаў выклікае адчуваньне чырвонага, зялёнага або фіалёвага коляру. У залежнасьці ад ступені ўзбуджэньня пэўнае трупы валокнаў, атрымоўваем усемагчымыя адцені коляраў спэктру. Аднолькавае ўзбуджаньне трох групаў — дае белы колер. У доказ прыводзіцца наступны. досьлед: бярэцца кола і робіцца круцёлка з роўных паперак чырвонага, зялёнага і фіалетавага колеру. Пачаўшы круціць—атрымаем белы колер, бо яны зьліваюцца. (Гл. рыс. № 4). Калі-ж пэўная з азначаных групаў у воку пераважае, або мацнейшая за іншую, то атрымоўваецца хвароба нераспазнаваньня двух коляраў, або зьмешваньне. Асабліва распашырана зьмешваньне чырвонага колеру з зялёным (дальтанізм). Характэрна, што дальтанізм больш разьвіты ў мужчын чым у кабет. Закон фізыкі вучыць, што асьветленыя прадметы адбіваюць ад сябе ўсе, або большасьць сьветлавых касуляў і таму яны здаюцца нам белымі, а другія — праглынаюць і здаюцца нам чорнымі (абсорбцыя). Значэньне ўзроку для псыхічнага жыцьця чалавека ёсьць вельмі вялікае, бо праз яго атрымоўваем каля ¾ уражаньняў з вонкавага сьвету.[3]

Слух. Слух — гэта чуцьцё, якім мы распазнаем гукі.

Пад гукамі разумеем правідловае і неправідловае дрыжаньне паветра, якое рэагуе на нашае вуха (тоны, шумы, грымоты, акорды, актавы і г.д.). Фізычная прычына чуцьця слухавога — хваляваньне паветра. Чым хваля ёсьць карацейшая, тым тон будзе вышэйшы і наадварот. Наш слухавы апарат, які дзеліцца на вонкавае, сярэдняе і унутранае вуха, мае здольнасьць (як кажа Вэбэр і Гэнзэн) успрыймаць да 6.000 асобных гукаў. На слухавую перапонку дзеюць дрыжэньні і ад правідловага дрыжэньня хвалі, ўзьнікае тон, ад неправідловага — грымоты і трэскі. У музыцы распазнаём глыбіню і вышыню тонаў. Аснаўных тонаў сем: do, re, mi, fa, sol, la, si. Калі чуем адначасна аднолькавыя гукі ад do (нізкага) да do (вышэйшага) маем актаву. Нармальнае вуха распазнае да 15-ёх актаваў. Некалькі хваляў зьліваючыся ў вадну хвалю выдаюцца прыемнай, ці гарманічнай (консонанс), або няпрыемнай, ці немілагучнай (дысонанс). Высьвятляецца гэта тым: чым болей супольных у хвалях тонаў, тым гукі гарманічнейшыя.[4]

Рыс. № 4.


Рыс. № 4.

I слух мае вялізарнае значэньне для псыхічнага жыцьця. Усе псыхічныя праявы мы можам перадаць пры помачы гукаў. Адначасна пазнаем праз гукі акружаючую нас прыроду, якая бяз гу­каў здавалася-б нам мёртвай.

Нюх. Ворганам адчуваньня нюху зьяўляецца сьлізістая абалонка ў носе. Падражняць яе могуць прадметы ў газавым стане (г. ё. дробныя часткі ў паветры), якія асядаюць на нюхавы нэрв. Нюхам распазнаем пах або смурод. Чуцьцё гэтае вельмі далікатнае і чалавек карыстаецца ягонымі паслугамі для сваіх інтэлектуальных мэтаў. У прыродных навуках нюх мае асаблівае значэньне.

Смак. Чуцьцё смаку зьвязана з языком, які рэагуе на аснаўныя смакавыя асаблівасьці: 1) салодкасьць, 2) горкасьць, 3) кіслату і 4) салёнасьць. Рэшта смакаў — комбінацыі з аснаўных.

Дотык. Аснаўныя ўласьцівасьці датыковае чуласьці: цьвёрдасьць, мягкасьць, цяплыня, холад, жорсткасьць і цяжар. Чуцьцё дотыку залежыць ад сілы падражненьня паверхні скуры (знадворная і ўнутраная сьлізьніцы цела). Фізіолёгічна тлумачыцца асобнай пабудовай канцавых нэрваў залягаючых у ску­ры і рэагуючых на цісьненьне. Цісьненьне перадаецца па нэрвах у мазгавы цэнтр. Чуласьць на целе ня ўсюды аднолькавая, напрыклад кончыкі пальцаў і языка — чулейшыя ад іншых частак певерхні скуры. Як было ўжо зазначана, ёсьць цэлы шэраг іншых чуцьцяў, асабліва мускульных. Мускулы у залежнасьці ад падражненьняў (холаду, цяплыні і г. д.) дэформуюцца і выклікаюць адпаведные рухі й чуцьці.

Закон спэцыфічнае энэргіі. Вучоным фізіолёгам Мюльлерам устаноўлена, што кожны ворган успрыймае толькі ўласьцівыя яму раздражненьні; гэты закон носіць назош закону спэцыфічнае энэргіі.

Пры аднолькавым, гарманічным разьвіцьці ўсіх чуцьцяў і ворганаў у індывідууме адзначаем яго нармальным. Калі-ж разьвіваюцца некаторыя асаблівасьці дадатнія, альбо ад’емныя, ў чалавека,—гаворьщца аб здольнасьцях або дэфэктах. Здольнасьці, як напр. да музыкі, малярства, матэматыкі, і г. д., могуць быць уроджаныя (дэдычныя) або прыдбаныя штучна пэўнымі практыкаваньнямі. Удасканаленьне чуцьцяў дзеецца асабліва праз спэцыяльныя фаховыя школы і адпаведнае выхаваньне (асаблівую ўвагу зьвяртаюць на разьвіцьцё у дзяцінных садох).

Вонкавыя (прыродныя) варункі таксама з бе­гам часу ўплываюць на паасобнага чалавека, або і цэлыя пляменьні. Зьмены псыхічнага, а часамі фізыолёгічнага характару часта бываюць відавочныя, як даказывае нам антрополёгія, соцыолёгія ды іншыя ўспамагаўчыя дысцыпліны.

Псыхофізычны закон Вэбэра-Фэхнэра. Нямецкія вучоныя, Вэбэр і Фэхнэр акрэсьлілі адносіны між чуцьцём і раздражэньнем. Калі мы павялічым раздражэньне ў два, тры або некалькі разоў, то рэакцыя на гэтае раздражненьне (чуцьцё) ня будзе прапарцыянальна да гэтага павялічэньня. Калі ў пакоі мы чуем ігру аднаго патэфона, то чуцьцё, узьнікшае ад слуханьня двух патэфонаў (адно дадатковае раздражненьне), ня будзе ў два разы сільнейшае, чым ад слуханьня аднаго. Ня можам наагул мерыць чуцьця. Фэхнэр, пры досьледах, заўважыў, што дадатковыя раздражэньні павінны знаходзіцца ў сталых адносінах да дадзенага, каб чуцьцё, атрыманае ад сумы раздражэньняў, адрозьнівалася ад чуцьця папярэдняга (напр.: калі мы да 60 грамаў дадамо ня менш, як 30 грамаў, дык толькі тады пачуем розьніцу ў цяжары). Фізык Фэхнэр акрэсьліў лічбова гэтыя адносіны. Па яго закону для таго, каб нашыя чуцьці прырасталі ў арытмэтычнай прагрэсыі, трэба, каб раздражэньні павялічваліся ў геомэтрычнай прагрэсыі.[5]

Наіўны рэалізм. Наіўны рэалізм гэта такі сьветапагляд, падставай якога зьяўляецца цьверджаньне, што ўсё істнуючае ў вонкавым сьвеце і ўспрыйманае нашымі ворганамі, ёсьць запраўды такім, як нам выдаецца. У сутнасьці цьверджаньне гэткае неправідловае, бо на досьледах мы пераконваемся, што ворганы нашых чуцьцяў не дасканальныя й часта нас ашуківаюць. Напрыклад: кій устаўлены ў ваду выдаецца нам зломаным. Або і сьвятло на першы погляд істнуе рэальна, у сут­насьці фізычна мы яго раскладаем на цэлы шэраг колераў, якія прадстаўляюць з сябе дрыжачыя хвалі. Значыцца, цьверджаньні падобныя—наіўныя, памылковыя. Абумоўліваюцца ворганы нашы асобнай констытуцыяй. Каб былі зьменены ворганы нашы, то й сьвет прадстаўляуся-б нам зусім інакш.

Успрыйманьне і прадстаўленьне. Паасобныя чуцьці злучаны паміж сабой. Напрыклад, трымаючы яблыка ў руцэ трудна разглядаць ягоныя ўласьцівасьці: шурпатасьць, гладкасьць, коляр і г.д.; паасобную якасьць яблыка мы адчуваем, але ўсё разам успрыймаем. Так і з кожным прадметам. Вось-жа злучэньне й усьведамленьне намі некалькіх чуцьцёвых уласьцівасьцяў — завем успрыйманьнем. Але адчуваньне, прыдбанае намі ад паасобных прадметаў праз чуцьцё, ня зьнікае бязсьледна, яно застаецца нават тагды, калі прадмет перастаў дзеяць. Гэта завецца ўжо прадстаўленьнем. (Напр. я бачу дом і праз некалькі дзён аднаўляю яго выгляд у сваёй сьведамасьці, хоць больш і ня бачу). Так паўстаюць вобразы і прадстаўленьні. Здольнасьць-жа аднауленьня перажытых уражаньняў бяз новага раздражэньня—завем памяцьцю. Адноўленае, рэпрадукаванае ўражаньне ня будзе суцэльнае: будуць у ім пэўныя перарывы, будзе яно на пэўны час занікаць, як-бы ў імглу, а пасьля йзноў выразна зарысоўвацца. Пры гэтым мы будзем выразна, калярова бачыць рэпрадукаваны прадмет. Сіла прадстаўленьня ня розьніцца ад сілы ўражаньня. Розьняцца гэтыя псыхічныя факты якасьцю. Здольнасьць да атрымліваньня прадстаўленьняў фізіолёгічна тлумачыцца рожна, а перадусім тым, што ўражаньні пакідаюць сьлед у мазгу й якбы фіксуюцца.

Паміж прадстаўленьнямі істнуе сувязь, якая выяўляецца ў тым, што адно прадстаўленьне выклікае другое. Робіцца гэта часта паміма нашае волі, як-бы аўтоматычна.

Ассоцыяцыя прадстауленьняў. Прадстаўленьні знаходзяцца ў пэўнай сувязі паміж сабою, злучаюцца пэўнымі групамі й, аднаўляючыся, выклікаюць іншыя. Вось-жа гэтая сувязь прадстаўленьняў называецца ў псыхолёгіі ассоцыяцыяй (ад лацінскага слова associare—прылучаць). Уста­ноўлены чатыры законы ассоцыяцыі:

1) ассоцыяцыя па падобнасьці, калі прадстаўленьне аб адным прадмеце, падобным да другога, выклікае прадстаўленьне аб апошнім. Напр. калі мы гаворым аб вялікім паэце беларускім Янцы Купале, дык выклікаецца прадстаўленьне аб другім падобным па сіле творчасьці — Яку­бе Коласе і г. д.

2) Ассоцыяцыя па кантрасту — калі адно прадстаўленьне выклікае ў сьведамасьці працілежнае. Напр. вялікі — малы; цяплыня — холад; багаты — бедны і г. д.

3) Ассоцыяцыя па сумежнасьці — ка­лі ўласьцівасьці прадмету або асобы ўзьнікаюць адначасова, бо яны цесна зьвязаны між са­бою. Напр. пах бэзу выклікаў у нас прадстаўлень­не цьвітучага бэзу.

I урэшце 4) ассоцыяцыя у часе й наступнасьці, напр. прадстаўленьне маланкі вы­клікае адначасна прадстаўленьне грымотаў і г. д.

Памяць. Памяць гэта здольнасьць аднаўленьня прыдбаных намі раней прадстаўленьняў бяз вонкавага пабуджэньня, або інакш, памяць — гэ­та здольнасьць прыпамінаць. Памяць у людзей бывае неаднолькавая. Звычайна добрай памяцьцю лічыцца памяць быстрая, правідловая, зьмястоўная й даўгая. Памяць можна ўдасканаліць, у пэунай меры, адпаведнымі практыкаваньнямі, асабліва частым паўтарэньнем. Адсюль паходзіць і вядомая прыказка: repetitio est mater studiorum (паўтарэньне — матка вучэньня).

Пры разглядзе існуючых відаў памяці можна адзначыць наступныя, як вельмі пашыраныя: зро­кавая — калі пры прыпамінаньні карыстаемся ўражаньнямі прыдбанымі ўзрокам (напр. вучань, адказваючы лекцыю, прыпамінае сабе кнігу, старонку й зьмест завучанае лекцыі, як у кнізе); слу­хавая — калі пераважаюць слухавыя вобразы. Гэтак напр. чалавек, слухаючы, лепей можа паўтарыць і завучыць, чымся чытаючы. Памяць мяшаная ёсьць тады, калі мы ўспрыймаем уражаньні аднолькава ўсімі ворганамі. Ёсьць яшчэ памяць гэтак званая рухальна-мэханічная, разважная (калі шукаецца лёгічная сувязь) ды іншыя віды. Разьвіцьцё тыпаў памяці абумоўліваецца дэдычнасьцю й абставінамі, у якіх узгадоўваецца дзіця. Ёсьць спэцыяльная навука, мнэмоніка, якая падае спосабы завучваньня.

У сувязі з памяцьцю ёсьць працэс успамінаньня. Успамінаньне ёсьць сумыснае аднаўленьне прадстаўленьняў. Сам акт прыпамінаньня (фізычнага намаганьня) паказвае на недахоп сувязі й залежнасьці паміж прадстаўленьнямі сучаснымі й мінулымі. Апрача таго пры ўспамінаньні дзеюцца зьмены цялеснага выгляду. Калі-ж паміж прадстаўленьнямі нельга навязаць сувязі, дык наступае забыцьцё, як процілежнасьць успаміну. Забыцьцё, гэта ёсьць няздольнасьць аднаўленьня прадстаўленьняў. Наагул, калі ўражаньні мала паўтараюцца, дык хутка счазаюць (здараецца нават, што жывучы сярод чужых забываецца матчыная мова). Прычыны агульнага забыцьця могуць быць псыхічныя, фізіолёгічныя ды іншыя. За­быцьцё можа быць сталае, часовае і частковае. Да частковага забыцьця можна зарахаваць наступныя віды: a) афазыя — забыцьцё пэўных словаў, b) аграфія — забыцьцё пісаць, c) параграфія — неправідловае пісаньне словаў, d) парафразыя — неправідловае ўжываньне словаў. Часамі гэты хвараблівы стан праходзіць і тлумачыцца разрывам сувязі паміж прадстаўленьнямі й рухальнымі чуцьцямі. Затое здараецца так, щто ў чалавека праяўляюцца здольнасьці аднаўляць уражаньні з надзвычайнай сілай і яснасьцю. Гэткая празмерная здольнасьць аднаўленьня — завецца гіпэрмэнзыяй (hipermensie). Забыцьцё і прыпамінаньне не залежаць ад нашай волі.

Увага й выабражэньне. Увагай называем здольнасьць з цэлага раду ўражаньняў, дзеючых на нашую сьведамасьць, адцемліваць добра й яскрава толькі некаторыя з іх. Напр., калі мы зьвяртаем увагу на кнігу, якая ляжыць на стале, то хоць адначасова бачым стол, алавік ды іншыя прадметы апрача кнігі, усё-ж яны ня выклікаюць таго ўражаньня, якое выклікае кніга. Або напр., кляса з увагай сачыць за выкладаньнем вучыцеля, хоць на вуліцы раздаецца шум і гутарка. Гэткі від увагі ўнутраны, сьведама выкліканы. Ёсьць яшчэ від мімавольнае, вонкавае ўвагі. Напр.: падчас лекцыі, калі ўся кляса з напружаньнем працуе, раздаецца стук за дзьвярыма і ўся ўвага клясы раптоўна скіроўваецца ў кірунку дзьвярэй. Робіцца гэта мімаволі. Увага часамі зьмешваецца з разуменьнем цікавасьці, але ўвага й цікавасьць (момант прыемнасьці) паняцьці розныя, хоць зьяўляюцца бачынкамі аднаго й таго самага працэсу.

Выабражэньне—гэта форма нашае душэўнае дзейнасьці, калі мы на падставе прыдбаных уражаньняў творым новыя згрупаваньні й абразы. У залежнасьці ад удзелу нашае волі й сьведамасьці ў тварэньні новых вобразоў можам заўважыць два віды выабражэньня або фантазыі: 1) пасыўны (мэханічны), 2) актыўны (творчы). Пры першым відзе ў выабражэньне не дасягае нашая воля, тут адбываецца бязмэтная гульня прадстаўленьняў (лятуценьне); у другім прыпадку заўважваецца сумысьля выкліканая, творчая праца ў імкненьні да новых прадуктаў. Асабліва гэта заўважваецца ў творчасьці мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў, тэхнікаў, інжынераў й г. д. Але й тут усе комбінацыі творацца на падставе прыдбаных раней прадстаўленьняў. У жыцьці людзкасьці мо­мант выабражэньня-фантазыі гуляе калясальную ролю, бо ёсьць фактарам прогрэсу ў навуцы, культуры і цывілізацыі. У дзяцей фантазыя вельмі вялікая, бо выабражэньне не абмежана пазнаньнямі й жыцьцёвымі досьледамі, як гэта заўважваецца ў дарослых[6].

Аппэрцэпцыя. Такі псыхічны працэс, калі на падставе раней прыдбаных намі спасьцеражэньняў перапрацоўваем новыя прадстаўленьні, — называем аппэрцэпцыяй Адзін і той самы прад­мет у паасобных людзёў выклікае часта рожнае ўражаньне, а гэта таму, што папярэдня набыты пагляд на прадмет гуляе домінуючую ро­лю. Напр. старадаўная сярэбраная ваза выкліча не аднолькавы пагляд абсэрватараў. Гандляр будзе глядзець з матэр’яльнага пункту гледжаньня, мастак з эстэтычнага, гісторык — гістарычнага й г. д. Ёсьць значыцца пэўная дыспозыцыя (псыхічная ўласьцівасьць) для азначэньня прадмету, прыдбаная сьведама або нясьведама. Аднак часта дзякуючы апэрцэпцыі можна ўпасьці ў ільлюзыю г. ё. бачыць у рэчах тое, чаго ў іх запраўды няма, або інакш, неправідлова іх успрыймаць.

Час і прастор. Час не складае нейкую вонкавую адзнаку або якасьць у прадметах, а таксама не адчуваецца ворганамі чуцьцяў, за тое ёсьць адзнакай душэўных зьявішчаў, нашай сьведамасьці. Прадстаўленьне аб часе ўзьнікае так як і іншыя прадстаўленьні, але апрача таго зьвязаны з працэсам успрыйманьня пэўных падзеяў. У на­шай сьведамасьці разпазнаем час, як нейкую дыфэрэнцыю паміж зьместам слоў „яшчэ не“ і „ўжо“; нейкі момант няведамага пачатку й няведамага канца. Але разам з гэтым час у нашай сьведа­масьці ёсьць паняцьцем суб’ектыуным і адносным. Мерылам часу суб’ектыунага ёсьць нашае ўласнае „я“, меркай рэлятыўнага (адноснага) — нейкі апарат або аўтомат на кшталт гадзінніка.

Аналягічна да часу й прастор — прадстаўленьне ня ўроджанае, а прыдбанае намі. У нашых чуцьцях пераважна няма „прасторнасьці“, але без паняцьця прастору мы не маглі-б адцемліваць і ўяўляць палажэньне ня толькі прадметаў раскінутых навокала нас, але й самых сябе. Проектуючы палажэньне прадметаў у прасторы, мы якбы адводзім іх ад нашага „я“ і разьмяркоўваем у гэтым прасторы. Паасобныя атрыбуты спасьцярогі прастору будуць: адлегласьць, паверхня, цягласьць прадметаў (даўжыня, шырыня, глыбіня й вышыня.) Іх мы адчуваем галоўным чынам пры дапамозе ўзроку й дотыку. Гэтак узьнікае разуменьне нейкай пустаты, у якой зьмешчана наша зямная куля; узьнікае прадстаўленьне нейкай безканечнай пустаты, але гэтую пустату ўцяміць ня можам, а дзеля гэтага адсоўваем яе ад нас як найдалей. (Кажам: Бог стварыў сьвет з нічога, але гэтае „нічога“ ўявіць сабе ня можам).

Паводле вядомага філёзафа Эмануэля Канта час і прастор гэта толькі форма нашага спасьцеражэньня.

Гэтыя ўвагі аб часе й прасторы сумысьля аднесена да разьдзелу псыхолёгіі пазнаваньня, бо зьяўляюцца неабходным варункам нашага мысьленьня, а таксама тлумачэньня рэчаў і здарэньняў.



  1. Інакш гэты разьдзел можна назваць: „Псыхолёгія пазнаваньня“.
  2. Шырэй аб будове вока гл. у „Фізыцы“ (літ.) А. Н. Трэпкі і „Анатоміі і фізыелёгіі чалавека“ — Малышова.
  3. Зрэштай, усе нашыя ворганы чуцьцяў вельмі ўзалежнены між сабой, каб казаць аб пераважаючым значэньні адных або другіх.
  4. Вельмі добра выясьнены фізычна слухавыя зьявішчы у „Фізыцы“ інж. А. Н. Трэпкі (літ.) II частка.
  5. Адносіны між чуцьцямі і раздражэньнямі зусім та­кія, як адносіны між лічбамі і іх лёгарытмам. (раздражэньні — лічбы 1, 10, 100 чуцьці — лёгарытмы 1, 2, 3).
  6. У сучаснай псыхолёгіі (а пераважна ў псыхоаналізе) выабражэньню прыпісываецца роль „клапану бясьпечнасьці“, праз які задаваляюцца нашыя непраяўленыя імкненьні, жа­даньні й інстынкты. Гэты погляд можна пашыраць і на сфэру творчасьці.