Перайсці да зместу

Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны
Энцыкляпэдыя
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
Пачатак 1920-х (выд. 2003)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АКТЫ ТРЫБУНАЛЬСКІЯ*

Найвышэйшы суд — Трыбунал Вялікага Князьства Літоўска-Беларускага ня меў свайго асобнага архіву. Посьля кождай кадэнцыі акты здаваліся пісару земскаму: Новагрудскаму, Менскаму, або Віленскаму, залежна ад таго, дзе адбывалася кадэнцыя трыбуналу.

Акты складаліся: 1) З рэестру, або ўпісовай кнігі, 2) Сомтэнціонара, або пратаколу сэсыі, 3) Дэкрэтара, у каторы пісар галоўны трыбунальны, са слоў, пісаў судовую пастанову сама падробна.

На кожную кадэнцыю (сэсыю) трыбунальскую выбіралі судзьдзяў ад кождага воеводзтва. Трыбунал зьбіраўся штогод пачародна раз у Новагрудку, другі раз — у Вільні, пазьней — у Менску і Вільні.

АЛЬВАР

Гэтак усеагульна называлі лацінскую граматыку, напісаную езуітам Эмануэлям Альварусам. Альварус радзіўся ў 1526 г. на вострове Мадэры. Імя яго ўславілася праз напісаную ім граматыку, каторую першы раз езуіты надрукавалі ў Баварыі ў 1574 г. Кніжка гэта даволі тоўстая, малага фармату, перэдрукавывана была нешчысьленыя разы ў Беларусі і служыла блізка 200 гадоў падручнікам у езуіцкіх школах. Граматыка Альвара ў свой час лічылася найлепшай.

АЛЮМНАТ

Ад лацінскага слова alumnara** — жывіць, гадаваць, alumnas — выхаванец; называлі даўней у Беларусі вучнёўскія бурсы. У алюмнатах алюмны даставалі стол, кватэру і навуку з духоўных сум або з прыватных фундушоў. У Вільні для студэнтоў беларусоў пры Віленскай акадэміі ўтрымліваўся коштам Панства алюмнат русінскі — alumtatus ruthenikum*. Алюмнаты былі пры Почацкай акадэміі ў Пінску, Оршы, Вітэбску і Жыровіцах.

АРТЫЛЕРЫЯ БЕЛАРУСКАЯ

Найпершыя вядомасьці аб ужываньні гармат у Эўропе паходзяць з XIV ст. (у Італіі 1326 г., у Францыі 1340 г., у Нямеччыне 1346 г.). У другой палавіне XIV ст. у беларускім войску ўжо ўжываліся гарматы. 1390 году, у часе аблогі віленскаго замку Вітоўтам, быў забіты ў замку Тоўцівіч, брат Вітоўта. У 1410 г. у часе бітваў з Крыжакамі пад Грунвальдам і Мальборгам беларускія палкі карысталіся гарматамі. У 1514 г. пад Оршай беларускае войска арудуе гарматамі і навет дзякуючы ім выігрывае бітву. Старшым гарматнікам пад Оршай быў Стрэшкоўскі. Першая гута для адліваньня гармат заложана ў Вільні Вялікім Князем Літоўска-Беларускім Зыгмунтам I; першым літнікам гармат быў Сымон Бохвіч.

Да XVI ст. усе пагранічныя беларускія замкі ўзброены былі гарматамі, часьцю мейсцовага ліцьця, часьцю купленымі заграніцай. Першыя гарматы адліваліся з мэдзі і сьпіжу. У каждым замку, дзе былі гарматы, утрымлівалі патрэбны лік пушкароў, а шмат дзе такжа і каменаклеваў да вырабу каменных куль. Гарматам давалі імёны; спаміж імён гармат вядомы такія: Баба, Вітоўт, Салавей і да т. п. Найбольшая з гармат важыла да 130—140 фунтаў. На ўсё Вялікае Князства Літоўскае ў XVI ст. было менш 300 гармат. У часе вайны пры гарматах знаходзіўся заўсёды каваль, сьлесар, каладзей і сталяр. Порах для гармат прыгатаўлялі на мейсцох, серку і салетру куплялі ў Рызе, Мітаве і Каралеўцы. Малолі порах у замковых млынах. Прыгатаўленьнем пораху і адліваньнем куль найболей занімалісь манахі. Пастановай сойму 1637 г. была праведзена рэарганізацыя беларускай артылерыі. Начальнікам над усей дзержаўнай артылерыяй пастаўлен быў Мікалай Абрамовіч. У гэтым самым часе апрацаваны і апавяшчэны быў (у абозе пад Смаленскам) статут службы артылернай пад назовай: "Артыкулы Пушкарскія". За Яна Казіміра ўстаноўлен быў урад генэрала Артылерыі Вялікага Князства Літоўскага. Першым генэралам артылерыі быў Юдыцкі.

АРХІВЫ СУДОВЫЯ

Суды гродзкія і земскія павінны былі ўпісываць у свае кнігі ўсё, хто што толькі ўпісаць вымагаў. Дзеля гэтага акторвыя кнігі судоў гродзкіх і земскіх былі зазвычай вельмі чысьленныя. Суды дзеля пераховываньня сваіх актовых кніх павінны былі мець асобныя архівы са скляпеньнямі ў зямлі мураваныя. Старасты гродзкія павінны былі будынкі для актоў заўсёды ў парадку і бясьпечнасьці ад агня ўтрымліваць, а ў патрэбе новыя будаваць.

Падкаморыі, воеводы, а нават міністры важнейшыя выдаваныя імі дакумэнты павінны былі пераховываць у судовых архівах і толькі дакумэнты меншай вагі маглі затрымліваць у сябе.

АРХІКОНФРАТЭРНЯ* ЛІТЭРАЦКАЯ

Да ліку брацтв, перанесеных з Рыму ў Беларусь, належыць Архіконфратэрнія Літэрацкая. Архіконфратэрніі Літэрацкія знаходзіліся ва ўсіх бальшых беларускіх гарадох і нават пры некаторых местачковых парахвіях. Архіконфратэрніі з літэратурай мелі толькі адно супольнае, што статутам вымагалося, каб сябры брацтва ўмелі чытаць і пісаць. Сябры брацтва абодвага цела павінны былі аказываць узаемную сабе помач. апекавацца хворымі і калекамі і выховываць сірот на сяброх брацтва. У пачатку XIX ст. некаторыя з архіконфратэрній пробавалі займацца літэратурнай творчасьцю, але астаўшыяся пісьмы іх, адволі зрэшты скупыя, літаратурныя памятнікі, не гавораць у іх карысьць. Творы архіконфратэрній, напр[ыклад], Полацкай, Слуцкай і Оршанскай агранічаліся да сатырыстычных, дрэнна рыфмаваных кепскай польскай мовай вершоў на провінцыальных дзеячоў.

АРЫСТАКРАЦЫЯ

Пры Гэдымінавічах сталася важная перамена ў дзяржаўным ладзе з тэй прычыны, што ў гэты перыад значна ўзмацнілася арыстакрацыя, якая раздзеляла разам з князям уладу. У ранейшы перыад уладаньня Рагвалодавічаў, княжыя дружынікі самі па сабе не карысталіся ніякім значэньнем — за імі было значэньн вольных княжых слуг, прыбліжоных і даверэных. Вечэ зверталося да князя і знала аднаго князя, а да княжых баяроў яму не было ніякай справы. Запросіць вечэ к сабе князя — з ім прыйдуць і яго баяры, прагоніць вечэ князя — пагоняць і яго баяраў. Апроч княжых баяроў, былі і земскія баяры, якія карысталіся вялікай пашанай і былі сільныя, але яны былі толькі першакамі, нават бадай павадарамі на вечах, ды толькі іх грамадзянская чыннасьць не абасаблялася ад веча. Яны маглі выступаць толькі ад імені веча і пад яго кантролям.

З выступленьнем Гэдымінавічаў на кругазоры беларускай гісторыі гэты стары лад змяніўся. Літва, Жамойдзь, Латвія, увесь захад ад Беларусі да ўсьця Нёмна і Дзьвіны былі калоніямі прыслухаючымі Полацку і яго князём. Пры частых раздорах Рагвалодавічаў, абдзеленыя і выгнаныя князі знаходзілі сабе воласьці на гэтай заходнай тэрыторыі, абасновываліся там і ўзрасталі ў сілу і моц, перш за ўсё ў моц зямельную, захватываючы сабе вялікія абшары тамэчных пустых, або рэдка залюджаных тэрыторый. Гэткімі вялікімі землеўласьнікамі з’явіліся на арэне гісторыі Гедымінавічы. Зрэшта, зьявіліся даволі позна, бо аб Літве і Літоўскіх князёх рускія летапісі першы раз упамінаюць пад 1215 годам. Трэба думаць, што князі на літоўскіх абшарах паявіліся раней, раней XII сталецьця беларусы пачалі там сваю каланізатарскую, арганізатарскую і цывілізатарскую місыю. Вярутныя* басьні аб Палемоне і лаціна-арыстакратычным паходжэньні літоўскіх князёў і шляхты аткінуты даўно гістарычнай крытыкай. Басьні гэтыя сфабрыкаваны даволі позна, у кождым разе пазьней горадэльскага сэйму, у час расквіту беларуска-літоўскай арыстакрацыі, каторая, хапіўшая сперша за польскія гэрбы, пазьней хацела давясьці, што яна мае свае дый шчэ старэйшыя за гербы польскія.

Паміж Літоўскай арыстакрацыяй было шмат багатых беларускіх фамілій, якія як каланісты і ўрадоўцы былі разсыпаны па ўсёй Літоўскай і Жамойдзкай зямлі і валадзелі там вялікімі зямельнымі абшарамі. Найлепшым даказам таго, што Літоўская і Жамойдзкая землі былі арганізаваны палачанамі, яўляецца тое, што лад улады ў тых землях быў схожы з ладам у беларускіх землях, а такжа тое, што названьне грамадзянскіх станоў і ўраду былі беларускія. Па сягонешні дзень у літоўскай мове шляхціц называется «баерыс», купец — «купчас», пісьмо «грамата» і г. д. От жа гэта літоўска-беларуская зямельная арыстакрацыя, выступіўшы на кругазор гісторыі разам са сваімі князямі, адразу насіла кляйно беларускай цывілізацыі з усімі яе атрыбутамі: мовай, граматнасьцю і грамадзянскім укладам. Гэта арыстакрацыя змацнялася ў меру таго як Мэндаговічы і Гэдымінавічы пачалі злучаць каля сябе беларускія землі. Працэс аб’еднаньня беларускіх зямель каля новага цэнтру ешчэ болей змацніў арыстакрацыю, новадалучаныя цэнтры павінны былі пасылаць, дзеля пільнаваньня інтарэсаў зямлі, сваіх прэдстаўнікоў да Вялікага князя. З гэтых прэдстаўнікоў ад розных зямель у хуткім часе злажылася Княжая Рада.

Да Рады княжай Гаспадарскай перайшоў сувэрэнітэт даўнай мэтраполіі, Полацкага веча. Рада Гаспадарска складаліся з удзельных князёў, служылых князёў, валадзеючых землямі на правах княжых урадоўцаў, уплывовых земскіх баяроў і наогул людзей, якія маглі гаварыць за сваю зямлю. Паны Рады прыймалі ўчасьце ва ўсіх Вяліка Княжых парадах і без якіх вялікі князь ня мог нічога рабіць у дзедзіне дзяржаўнага справаваньня. Па сьмерці аднаго князя нступнік займаў яго мейсцо толькі са згоды Рады Гаспадарскай; гэтак па сьмерці Тройдэна, сын яго Рамант зьвярнуўся да паноў радных і сказаў: «вазьміце сабе гаспадара, каго ваша воля будзе» (Лет. Быхаўца. С. 13). Акром учасьця ў Радзе пры Гаспадару, у каторую ўходзілі толькі выдатнейшыя спаміж баяроў, арчстакрацыя мела яшчэ соймы, або зьезды, на якія час ад часу збіраліся прэдстаўнікі ад усіх аб’еднаных зямель. Само сабой, што на гэткія вечы зьежджаліся толькі знатнейшыя, багацейшыя людзі. Гэты соймы багацейшых замянілі сабой даўнейшае ўсенароднае вечэ і перэдалі ўладу ўсяго ароду ў рукі арыстакрацыі, якая, разьбіраючы значнейшыя ўрады, хутка багацела. Як сьведчыць Кояловіч, у 1264 гаду, пасьля збіцьця Тройната, рада назначыла сабрацца сойму дзеля выбараў Гаспадара ў Карнове. Сабраліся туды знатныя паны ў вялікім ліку. Уся Літва, — г. зн. Новагрудчына, Полацчына і Меншчына хацелі выбраць Войшэлка, Міндавага сына, а Жамойдзі і Ятвягі аб гэтым не хацелі і слухаць. Пасьля доўгіх спрэчак выбралі Войшэлка. Праглядаючы гісторыю Беларуска-Літоўскага Гаспадарства, мы бачым цэлы рад падобных соймаў, якія, у істоце, былі выражэньнем волі аднэй толькі арыстакрацыі, узяўшай на сябе тую самую ўладу, якая раней праналежала вечу, зложанаму з усяго народу, з усіх станоў, а не з аднаго багацейшага стану.

Для велікіх князёў соймы былі выгадней і згаворчывей веча; бо сябры сойму, як вышэйшыя, так і ніжэйшыя былі на службе ў князя, знаходзіліся ў залежнасьці ад яго, тады як вечэ складалося з людзей вольных, незалежных ад князя, і выражало праўдзівую волю народу, саўсім непадатную на службовыя прыманкі. Але за тое, калі пазьней Вялікім князем патрэбна была сіла народная супроць распанеўшай арыстакрацыі, то гэткай сілы ўжо не аказалося; яна ўся была па часьцёх разабрана і паняволена арыстакратамі, якія ўтварылі сваю сільную грамадзянскую ўладу, у істоце незалежную ад Вялікакняжай, хоць выглядаўшую на служэбную пры князі. Па сколькі пры вечавым ладзе ў нас не было высокіх чыноў, па столькі арыстокрацыя пастаралася іх размножыць. І мы ўжо ў XV ст. бачым разросшуюся многачысьленую службовую ерархію, якая да гэтага часу ўжо здалела расхапіць па часьцях уласьць над народам; так што беспасярэднія зносіны з народам і ўласьць перэйшлі да арыстакрацыі, займаўшай вышэйшыя дзержаўныя ўлады. Хоць усё спраўлялося ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве імянем князя, але ўлада фактычная прыналежала арыстакрацыі, асабліва пасьля Ягайлы, звязаўшагася з Польшчай. Злучэньне Беларуска-Літоўскага Гаспадарства з Польшчай давело ў рэшце рэшт да ўстаноўленьня мала-памалу ўсяго безмала польскага ладу ў дзержаўным справаваньні. Польская арыстакрацыя, ужо даўно здоліўшая паняволіць народ, такі зрабіла ўплыў на нашых арыстакратаў, што ешчэ пры Ягайле яны палічылі для сябе вялікай пашанай пайсьці ў прымацтво да польскай арыстакрацыі і ўзяць ад іх шляхоцкія гэрбы, а нават, закінуўшы свае даўные, папрыймаць польскія прозьвішчы.

Усьлед за гэтым скора ў Беларуска-Літоўскім Гаспадарстве зьявіўся сэнат з сэнатарамі (паперэдняя Рада) з рознымі прывілеямі арыстакратам, даваўшымі ім уладу, роўную княжай у ладзе ў іхніх, да гэтага часу, непамерна разросшыхся маётнасьцях; так што ў рэшце рэшт кожды арыстакрат у Беларусі стаўся ў сваіх уладаньнях самаістым манархам, на якога некуды было жаліцца яго нешчасьлівым падданым. Арыстакрацыя на соймах пісала законы для ўсёй дзяржавы, а ў свайго гаспадара вымагала прывілей за прывілеям, уладу за ўладай, для сябе, асобна ад сойму.

Ужо ў палавіне XV сталецьця пачаліся нарэканьня на ўзмацаваньне арыстакрацыі, захапіўшай у свае рукі ўсю ўладу над паасобнымі землямі і цэлай дзяржавай ды пільнаваўшай толькі сваіх асабістых інтарэсаў і нісколькі ня думаўшай аб агульна дзяржаўных і нацыанальных патрэбах.

БАНІЦЫЯ

Кара выгнаньня з краю, уважаная была даўней у Беларсі за найбольшую. Кожды, хто дапусьціўся праступку, пацягаючага ўтрату чэсьці, быў бязчэсным або інфамісам і мог бць выгнаны з краю. Права падзеляла гэту кару на неколькі ступенеў: Баніцыя вечная, злучэная з інфаміей — за справы крымінальныя — дзержаўную здраду, зьневагу маестату, — даводзілі да пазбаўленьня ўсіх правоў або цывільнай сьмерці. Кожды стараста гродзкі, які меў права меча, мог такога баніту злавіць і ўсьмерціць. Толькі сойм мог зьняць баніцыю. Баніцыя дачасная або меншая была карай за цывільныя справы, за непаслушнасьць судам, за гвалты, даўгі, за нарушэньне граніц і г. п., пацягала часовы спын цывільных правоў грамадзяніна, пакідаючы вінаватаму 12-ці тыднёвы тэрмін ад апавешчэньня баніцыі, дзеля паправы, выпаўненьня вымогоў права і стараньня аб зьняцьці баніцыі. Зьняць мог соймік або кожды вышэйшы суд. Засуджэны на такую баніцыю, калі хацеў прыбыць у суд з просьбай аб зьняцьці баніцыі, павінен быў дабыць сьперша ў Каралеўскай канцэлярыі жалезны ліст, каб унікнуць арэштаваньня, якому падлегаў па моцы баніцыі. Калі б баніта сілай спраціўляўся праву, то стараста гродзкі павінен сабраць шляхту і мячом падтрымаць аўтарытэт права. Незачэпнасьць памешканьня была так высока стаўлена, што калі баніта схаваўся ў чый дом і гаспадар лавіць яго ў сваім доме не дазволіў, то паліцыя ня мела права ўвайсьці. Баніцыя вечная была выгнаньнем з дзержавы: баніцыя дачасовая выгнаньнем з правінцыі, баніцыя гарадзкая выгнаньнем з гораду.

БАЯРЫ

Слова паходзіць ад славянскага «болій» што значэ большы, старшы. Баяры, як сама назова паказывае, былі людзьмі большымі, старшымі. Не падлегае сумніву, што ў досьвітках гісторыі край наш заваеваны быў варажскімі конунгамі, якія прыйшлі са сваімі дружынамі. Першапачаткова княжая дружына была чужаземнай, складалася з варагоў. Варажскія заваёўнікі адразу ўстроіліся ў нас гаспадарамі; княжая дружына стала вайсковай арыстакрацыяй. Палажэньне гэткае доўга цягнуцца ў нас не магло; каб утрымацца на сваім вярхоўным становішчы, варажскія князі павінны былі прыцягнуць «большых», «лепшых» людзей зямлі да дзержаўнай сумесна з імі працы. І ў пераходную стадзію, якой з’яўляецца для нашага краю IX і X сталецьці, пры князех мы бачым уласьць двох паходжэнь: князёўскага і земскага. Княжыя мужы проціставяцца балярам, агнішчанам і лепшым людзям зямлі, а княжая дружына земскаму апалчэньню. У гэту пару ўжо княжыя мужы не выяўляюць сабой адналікую чужаземную сілу, яны рэкрутуюцца з туземцаў добравольных — наёмнікаў. Яшчэ пазьней, каля XX сталецьця, патомкі быўшых варагаў дарэшты асымілююцца і перамешваюцца з мейсцовым жыхарствам. Вытвараецца новы грамадзянскі ўклад, пры каторым падзел жыхарства магчымы толькі на два разрады: людзей вольных і нявольных. Вольныя ўсе, акрамя ўзятых на вайне ў палон. Вольныя, свабодныя людзі адрожніваліся адзін ад аднаго толькі па дастатку, каторым і азначалася ў тыя часы палажэньне чалавека ў грамадзянстве. Багатыя людзі разам з родавымі старшынамі і княжымі мужамі пачынаюць называцца адным агульным імем «баляраў». Баяры з’яўляліся зазвычай і вялікімі землеўласьнікамі. Для таго, каб трапіць у баяры, не вымагалося знатнага паходжэньня, трэба было толькі мець для гэтага маёмны цэнз. Паміж беларускіх баяроў сустрэчаем ратаевічаў, сыноў ратайскіх і папоўскіх унукаў. Кожды баярын абавязан быў ісьці на вайну. Пры князю і далей істнуе дружына, становячая яго вайсковую сілу ў час вайны і ў спакойны час сілу адміністратыўную і паліцэйскую. Княжая дружына складаецца з добравольцаў, якія паступалі самахоць і самахоць маглі выйсьці з княжай дружыны. Княжая дружына каля XII сталецьця дзеліцца на старшую і малодшую. Розьніца паміж старшай і малодшай тая, што старшая дружына зложана з баяр, за кождым з каторых стаяла свая дружына, зложаная з узружаных людзей, а малодшы дружыньнік служыў князю толькі сам сваей асобай. У склад малодшай дружыны ўходзілі княжыя слугі і дзеці баяр (дзецкія, отракі). Малодшая дружына ў мірны час выпаўняла паліцэйскую службу, выконывала судовыя княжыя паста-новы. Пры эвалюцыйным падзеле грамадзянства на станы, наш баярскі стан пераліўся ўвесь у стан шляхоцкі.

БАЯРЫ ПУТНЫЯ І ПАНЦЭРНЫЯ

Путныя і панцэрныя баяры былі асобнай катэгорыей ця-глых людзей. У устаўнай грамаце (полацкай) 1529 г. у § 14 сказана: «Баяры нашы путные і сочнікі, каторыя старадаўна павінны вайну служыці і сена касіці, так жа тож рыбаловы, бортнікі і іншые падданыя двароў нашых; каторыя цяглае службы не служаць, тыі будуць павінны 12 дзён у гаду на талаку да двароў нашых служыці і кожны год да скарбу нашаго на дзень Сьв. Марціна будуць павінны асобнаго плаціці па капе грашэй» (Ак[ты] Зап[адной] Рос[сии], т. II, № 159). У гэтай грамаце гаворыцца аб путніках, паселеных на княжых землях, але былі ешчэ паселеныя на грамадзянскіх землях, і ўрэшце путнікі на землях, быўшых у веданьні намесьнікаў і стараст, як бы іх уласнасьць і на землях князёў і паноў.

1) Баяры путныя, паселеныя на землях княжых — дзержаўных, атрымлівалі па дзьве валокі зямлі; яны павінны былі плаціць за ўсе павіннасьці грашамі як людзі асадныя, г. зн. сідзячыя не на сваей, а гаспадаровай зямлі. Яны вольны ад цяглай службы і ад падводнай. А калі па гаспадараваму асобнаму загаду паедуць у дарогу, то ў той год нічога ня плоцяць. Пасьля рэвізара, глядзя па патрэбе, выбіраюць з путных баяроў, да таго або другога гаспадаравага двара, слугі гэты павінны езьдзіць з гаспадаравамі паперамі і адвазіць у Вільню сабраныя гаспадаравы падаткі дзеля перадачы іх у скарб і правозіць выкліканых на суд і за гэта звальняліся ад грашовай платы за зямлю. Гэткім чынам путныя баяры былі паезднымі слугамі пры гаспадаравых дварох і званьне іх пахадзіло ад дарогі — пуці. Калі ж путныя баяры запісываліся ў вайсковую службу, то атрымлівалі назову панцырных баяроў. Панцырную службу яны павінны былі адбываць на сваім каню і ў поўнай панцырнай зброі. За гэту службу звальняліся ад усіх іншых плат і служб. Землі панцырных, або путных, баяроў называліся іх вотчынамі і пераходзілі з бацькоў на сыноў-дзяцей: яны маглі распараджацца імі як поўнай сваёй уласнасьцю — дарыць, прадаваць, толькі з адным варункам, што, атрымаўшы ад іх гэту зямлю, павінен выпаўняць тую ж самую службу, як і яе паперэдні гаспадар.

2) Путныя, або панцырныя, баяры жылі не на землёх грамадзянскіх, прыпісаных да места, павінны былі зьяўляцца на абарону места пры нападзе ворага, плаціць усе падаткі разам з мешчанамі і быць у веданьні мешчанскага суда. Акром таго, іх абавязкам было адбываць падводнаю павіннасьць або даваць каней пад паслоў і ганцоў ад гаспадара або мястовага намесьніка. Урэшце, путныя баяры разам з мешчанамі павінны былі адбываць варту ў месьце. Зямлю маглі перэдаваць у спадку, прадаваць, дарыць, зрэшта, з дазваленьня намесьніка, але затое без абавязку пакупцу адбываць службу паперэдніка.

Путныя, або панцырныя, баяры, паселеныя на землях быўшых пад ведамам старастаў і ваеводаў, станавіўшых іх уласнасьць, а такжэ на землёх прыватнаўладчых — князёў і паноў, павінны былі адбываць вайсковую службу пад сьцягамі сваіх паноў. Зьверх таго, у стасунку да паноў былі абавязанымі рознымі павіннасьцямі і лічыліся ды запраўду жылі на сваіх землёх, а не панскіх. Усё ж такі іх не зраўнівалі з другімі селянамі, і галоўная іх служба была ваенная. Калі баярын не хацеў служыць гэтай службы, ён свабодна мог пакінуць свайго пана і паступіць на другую службу, але разам з гэтым траціў права на землю. Будучы на панцырнай, ці путнай, службе, яны звальняліся ад усіх павіннасьцей у карысьць гаспадарскага скарбу. Вось як апісваюцца правы і абавязкі путных панцырных баяроў у грамаце, дадзенай у 1506 г. беларускаму намесьніку і двараніну маршалу князю Міхайле Глінскаму: «А каторых баяр у Тураўскім павеце мы яму перш не далі іно, мы пане з ласкі нашае за яго к нам верную службу тых баяр, каторыя маюць маетнасьці свае ў Тураўскім павеце, яму аддаем з іменямі і саўсім тым, як яны нам служылі, а ежелі бы тыя баяры не захацелі яму служыць, то яны, аставіўшы свае іменья, могуць служыць каму хочуць, нам лі гаспадару, або панам радзе нашай. А князь Міхайла волен у тых іх іменьях, куды хочэць абернуць, а далі яму тых баяр з іх іменьямі і са ўсім вечна, непарушна яму і дзецям і патомкам» (Ак[ты] З[ападной] Р[оссии], т. І. С. 222).

Усе ведамасьці аб панцырных і путных баярох, дайшоўшых да нас, адносяцца ўжо да таго часу, калі краем владзела дынастыя Гедымінавічаў пад уплывам Польшчы, але пачатку інстытуту путных і панцырных баяроў трэба шукаць у далёкай мінуўшчыне. І там, у мінуўшчыне, мы знойдзем, што княжые і земскіе дружыньнікі атрымлівалі надзел зямлёй за сваю службу. Гэты путныя баяры — тая вайсковая сіла беларускай зямлі, на якой трымалася нашая незалежнасьць. Найбольш пагоршылося палажэньне служэбных баяроў пасьля уній з Польшчай, асабліва тые з паміж іх, каторые праз консэрватызм і вернасьць сваёй веры і роднасьці не пайшлі ў рады шляхоцтва. Рэдкіе паміж іх уберагліся ад прыгоннай павіннасьці.

БЕЛАРУСЬ У ЗЬВЯЗІ З ЛІТВОЙ

Полацкая земля, увайшоўшы ў склад Літоўска-Беларускай фэдэрацыі, доўгі час мела асобных князёў з роду Гедыміна. У палітычным змаганьні паміж Кейстутам і Ягайлам полацкі князь стаяў на старане першага. Ад часу ўмацаваньня Ягайлы на вялікакняжым пасадзе полацкія князі трымаюць сваю зямлю на фэодальным праве, пад сувэрынітэтам самога Ягайлы. У часе змаганьня Вітаўта з Ягайлам, Полацак стаяў на старане Вітаўта. Вітаўт, каторы кіраваўся да знішчэньня ўдзельных князёў, па сьмерці полацкага князя Андрэя, спрацівіўся выбару новага князя і замясьціў яго сваім намесьнікам. Праўдападобна, Вітаўт зацьвердзіў правы і вольнасьці Полацкай зямлі. Падобна Вітаўту паступалі В[ялікія] К[нязі] Зыгмунд, Казімір, Александр і Зыгмунд I. Урэшце ўсе вольнасьці, правы і прывілеі Полацкай зямлі былі пацьверджэны Зыгмунтам-Аўгустам 1547 г., лютага 21 дня.

Вітэбская земля перэшла пад уладу Ольгерда па жонцы. Пры Вітоўце Вітэбскае князство кіравалося вялікакняжымі намесьнікамі. Мабыць, і тут Вітаўт устанавіў мейсцовую констытуцыю. Пацьверджаючая грамата была дадзена В[ялікім] К[нязем] Александрам 1503 г. чэрвеня 16 дня; Зыгмунтам I 1509 г. і Зыгмунтам-Аўгустам у 1561 г. чэрвеня 6 дня.

Саўсім падобнай была доля і Смаленскага княжства, у каторым, пасьля скіненьня мейсцовага князя, Вітаўт пасадзіў свайго намесьніка. Пацьверджаючый прывілей быў выдан В[ялікім] К[нязем]Александрам 1505 г. марца 1 дня.

Турава-Пінскае князства найдаўжэй захавало незалежнасьць, бо апошні пінскі князь Iван Васілевіч Яраславіч памёр у 1531 гаду, пасьля чаго гэтае князства, як леннае, перэпало на Вялікага князя.

Устаўныя граматы, выданыя беларускім землям, не маюць адзінага плану і зьместу, але затое мелі адзінае значэньне. Гэта ёсьць мейсцовыя «констытуцыі», істотна абмежаўшыя сувэрэнітэт В[ялікага] К[нязя] у стасунку да беларускіх зямель. Калі можна гаварыць аб абсалютнай уласьці Вял. Кн. Літоўскіх у Літве, то гэта ўласьць не была такой у стасунку да зямель беларускіх.

Вярхоўным спраўцам усей зямлі яўлялося агульна-земскае сабраньне ўсіх станоў — вечэ. На агульна-земскім сабраньні прыймаюць учасьце духоўныя і сьвецкія дастойнікі, дробныя землеўласьнікі, мешчане, чорныя людзі і ўсё паспольство: «бояре і мешчане й весь город, вся земля полоцкая»; «князь и бояре, и слуги витебская и войт и мешчане места Витебского и вся земля витебская». Склад вечавых сабраньнеў ва ўсіх землях аднастойны. Ён дэмократычны. Становасьць пакуль што, да пачатку ХVI сталецьця, не пранікла глыбока ў недры грамадзянства. Ад імені ўсей зямлі агульна-земскае сабраньне мае права звертацца да вялікага князя. Вітэбскае і полацкае агульна-земскія сабраньня маюць права выбіраць кандыдатоў на ўрад воеводы, зацьверджанага Гаспадарам. Апошні такжа павінен быў зьмесьціць яго, калі «яго абновяць» перад Гаспадарам. У Смаленскай зямлі воевода назначаўся па загаду Гаспадара, бяз волі жыхарства, але затое ўсё провінцыальнае ўпраўленьне знаходзілося ў руках туземнага жыхарства «па стараму». Гэта аберэгало грамадзянства ад наплыву чужаземных урадоўцаў. Прэдстаўніком усёй зямлі быў Вялікі Князь. У часе яго нябытнасьці функцыі Вялікага Князя выпаўняюць воеводы. Перш за ўсё ў руках воеводаў знаходзілася судовая ўлада, ды толькі ёй ставілі некаторыя вельмі істотныя абмежаваньня. Воевода ў сваіх судовых пастановах, павінен быў кіравацца толькі мейсцовым правам. Суд адбываўся на мейсцы. Вызаў на суд гаспадарскі, у другую зямлю, не дапускаўся. На судзе воеводзкім заседаюць «князь, бояры, мешчане, досмотреныи с которыми» воевода выносіць судовую пастанову (Вітэбская [зямля]).

У Смаленскай зямлі воевода судзіць «съ окольничими и нашими врадниками». Усе гэты асобы, заседаючыя ў судзе, яўляюцца абаронцамі мейсцовага права і абычаю. Устаўныя граматы абаспечаюць жыхарству асабістую недатычнасьць. Разбор справы павінен адбывацца «на яўным судзе хрысціянским». Ніхто ня можэ быць пазбаўленым маемасьці, як толькі па суду. Жонка, дзеці не адпаведаюць за праступкі мужа і наадварот, калі толькі яны самі ня ведалі аб праступку або не прыймалі ў ім удзелу (Полацкая [зямля]).

Абыватэлі зямлі маюць права свабоднага выезду ў Літву (Вітэбская [зямля]) і «куды хто хочеть без кождое зачепки» (Полацкая [зямля]), выезд павінен быць яўным, а не тайным (Вітэбская [зямля]). Выежджаючый абыватэль мае права распарадзіцца сваёй маетнасьцю па сваей мысьлі. Гаспадар ня мае права «вступаться» ў зроблены распарадак. Граматы абяспечаюць жыхарству права свабодна распараджацца сваёй маемасьцю (Полацкая, Вітэбская, Смаленская [землі]). Безздадчына і адумэршчына (маемасьць не маючая спадкаберцоў) не спадаюць на Гаспадара (Полацкая, Вітэбская [землі]). Па сьмерці мужоў, жон нельга прымусам выдаваць замуж (Смаленская, Полацкая, Вітэбская [землі]). Запісаная мужам маемасьць астаецца ў распараджэньні жонкі, нават у выпадку выхаду замуж. Граматы абаспечалі старое процэсуальное права, тарговы суд, асобу і маемасьць ад уціску мейсцовай адміністрацыі і ўстанаўлялі павіннасьць жыхарства па адбываньню дзержаўных падаткоў (Полацкая, Смаленская, Вітэбская [землі]). Граматы пацьверджалі правы цэрквы і духавенства і замацовывалі розныя цывільныя і крымінальныя нормы. Граматы разглядаюць воласьць — зямлю, як адасобленую часьць тэрыторыі ў дзержаве, зьвязаную дзержаўнымі зьвязамі з Вялікімі князямі. Земля, як адасобленая часьць дзержавы, ня можа быць каму бы то ні было падарэна (Вітэбская [зямля]). Відавочна, што для беларуска-літоўскага гаспадара, земля гэта не яўляецца яго ўласнасьцю.

Граматы гавораць аб актыўным політычным жыцьці зямель. Крыніцы даюць магчымасьць устанавіць чыннае істнаваньне мейсцовых агульна-земскіх сабраньнеў у Полацку, Вітэбску, Смаленску. Склад такіх сабраньнеў далёка не адналітны, але вечэ паступае як вярхоўны спраўца зямлі. На вечавых сабраньнях заўважаецца партыйнае змаганьне «лепшых і меншых людзей». Фактычна адносіны паміж гэтымі двумя элемэнтамі былі такія: «меншыя людзі паміж сабой раду чыняць, а старэйшыя науку даюць». Зрэшта, такія адносіны па істоце былі толькі ў ідэале. Часам партыйнае змаганьне вымагало ўмешаньня ўлады, бо нічым іншым, як толькі партыйным змаганьнем, можна вытлумачыць пасылку граматы ў Полацак у 1456 гаду, з тым, каб мейсцовыя баяры, мешчане, дворане местовыя і ўсе паспольства былі «паміж сабою ў згодзе, а дзела бы нашы городзкія вяршылі ўсе з агульнай згоды». І ў Смаленскай зямлі гэтае партыйнае змаганьне ярка кідаецца ў вочы, асабліва ў палавіне ХV сталецьця, у момэнт сэпаратнага руху, абхапіўшага беларускія землі. Нават у ХVI ст. калі становасьць у грамадзянстве пусьціла ўжо глыбокія карэньня, усестановасьць беларускіх агульна-земскіх сабраньняў ешчэ ня зьнікла. Полацак «па стараму справаваў яко Вялікій Ноўгарад і Пскоў».

Беларускія землі, будучы ў складзе Літоўска-Беларускай дзержавы, сперша спраўляліся наместнікамі. Ад пачатку ХVI ст. назова «намесьнік» заменяецца назовай «воевода». Назова «земля» сталася роўназначнай назове «воеводзтво». Воласьць і паветы былі адміністратыўнымі адзінкамі, на якія дзяліліся воеводзтвы.

БІБЛІОТЭКІ

На зарэ нашай гісторыі навукамі і кнігамі займалося блізка выключна духавенства. Дзеля гэтага першыя сабраньня кніг знаходзіліся па манастырох і пры біскупскіх сталіцах. Дзеля таго, што ешчэ ня зналі друкарскага мастацтва, духавенство аддавало неацэненыя ўслугі, перапісуючы і перакладуючы кнігі. Пісалі гусінымі пёрамі на асобна прыгатаванай скуры-пэргаміне. Бібліотэкі з гэткіх кніг, беручы пад увагу кошт пэргаміну і вялікі час, патрэбный дзеля стараннага перэпісаньня кнігі, былі нячысьленые і вельмі каштоўные. З летапісей ведаем, што Смаленскі князь Росьціслаў (…) зьбіраў кнігі і ўзасобіў кнігамі адкрытую ім у Смаленску ў 1128 г. акадэмію. Клімант Смаляціч быў сам вялікі староннік «кніжнага пачытаньня» і, як відаць з яго пасланьнёў, быў добрэ азнаёмлен з творамі грэцкіх філёзофаў: Арыстотэля і Плятона, а дзеля гэтага мусіў мець добрую бібліотэку пры сваёй біскупскай сталіцы. Сьв. Ефрасінія княжна Полацкая з манашкамі свайго манастыра займаецца перапіскай і грамаджэньнем кніг.

Кароль Зыгмунт-Аўгуст, уміраючы, (…) запісаў сваю бібліотэку, зложаную з тысячы колькі сот кніг, езуітам у Вільні. Баторы, фундуючы ўнівэрсытэт, памножыў езуіцкую бібліотэку. У XVII ст. маюцца па беларускіх гарадох, пры школах даволі вялікія бібліотэкі; найбольшымі былі ў 1756 г. бібліотэкі Домініканская ў Горадні, Базыльянская ў Вільні і Езуіцкая ў Полацку; кождая з гэтых бібліотэк мела ня меней 10.000 томаў кніг. У канцы XVIII ст. гэтые бібліотэкі вельмі памножыліся, напрыклад, адна Полацкая мела звыш 60.000 томаў, акадэміцкая Віленская каля 50.000 т. Акром гэтага, старанна зьбіралі кнігі чысьленныя беларускія магнаты: Тышкевічы, Радзівілы, Тызенгаўзы, Огінскія, Хрэптовічы і інш. Кожды манастыр меў таксама сваю большую або меншую бібліотэку і архіў. Пасьля заняцьця Беларусі Расеяй беларускія бібліотэкі былі павывожаны ў Маскву, Петраград, Казань, Харкаў і Кіеў.

БІЧОЎНІКІ

Бічаваньнеся дзеля стлумленьня парываў цела і дзеля пакуты здавён даўна займая пачэснае мейсцо паміж рэлігійных практык. У канцы XVI ст. езуіты звычай бічаваньня завялі і на Беларусі. Бічаваньнеся асабліва практыкавало брацтва міласэрдзя, да каторага належала многа сэнатараў. Альброіх Станіслаў Радзівіл, сам найсуроўшы паміж бічаўнікаў свайго часу, у сваіх спамінах кажэ, што ў 1638 г. Кароль Ладыслаў IV у часе працэсыі дысцыпліны* на сябе зажываў. Бічаўнікі станавіліся парамі і ішлі ў кружок са сьпеваньнем рэлігійных песень узаемна бічуючыся; кожды біў рэменнай дысцыплінай па голых плечах перад сабой стаячага.

БРАЦТВЫ

У старабеларускай мове называлі брацтвам кождую сувязь ці супалку. Пачатку беларускіх брацтвоў трэба шукаць яшчэ ў дахрысьціянскія часы. Імкненьне заарганізаваньня было на гэтулькі вялікае, што ў XIV—XVI стст. жыхарства мест складалося з самых брацтвоў. Наогул усе старадаўные нашы брацтва можна падзяліць на 3 галоўныя групы: 1) рэлігійна-дабрачынныя, 2) купецкія і 3) рэмесьленныя. Брацтвы істнавалі ня толькі на местох, але нават і на вёсках. Найбольшым цэнтрам беларускіх брацтв была Вільня; тут істнавала і «Панскае брацтва», ставечае сабе мэтай культурна-прасьветныя, нацыанальныя і палітычныя заданьня. Віленскае панскае брацтва злучала ўсе выдатнейшыя краёвыя беларускія сілы і кіравало доўгім нацыанальна-рэлігійным змаганьнем, якое прышлося вынесьці беларускім брацтвам у барацьбе за сваю нацыю і рэлігію з польшчынай і каталіцтвам. Беларускія брацтвы закладалі школы, друкарні, выдавалі кнігі, утрымлівалі бібліатэкі і прытулкі для дзяцей і старцоў, высылалі моладзь для адукацыі за граніцу, выступалі ў соймах аб ахране сваёй нацыі і веры. Словам, ад часу, калі верхоўная ўлада на Беларусі перэстала быць аднавернай і нацыанальнай, прэдстаўніцтва нацыанальных беларускіх інтэрэсаў і іх абарону ўзялі на сябе нашы брацтвы, якія выпаўнялі сваю грамадзянскую павіннасьць стойка і чэсна.

Праца беларускіх брацтв годна быць упісана залатымі літэрамі ў страніцы нашай гісторыі*.

Першапачатковая гісторыя брацтваў скрываецца ў глыбокай старасьвеччыне. Першая вядомасьць аб брацтвах царкоўных паяўляецца ў ХІІ ст. на Беларусі, а ласьне ў Полацку. У летапісях пад 1159 г. апаведаецца, як палачане запрашалі свайго князя Расьціслава на братчыну да Прачысьценскай цэрквы, на Пятроў дзень. Мы маем ўстаноўную грамату віленскага купецкага брацтва пры Прачысьценскай цэркве, уложаную на аснове старых абычаёў і пацьверджэную каралём Стэфанам Баторым у 1582 г. У каралеўскай грамаце сказана, што віленскія купцы грэчэскага закону, складаўшыя брацтва пры Прачысьценскай цэркве, падалі да ведама каралю, што ў іх у Вільні мураваны дом з даўных часоў, пабудаваны брацкім коштам. У гэтым доме купцы сходзяцца на нарады і за свае брацкія грошы купляюць мёд і сыцяць яго на восем сьвят у гаду; і па тры дні каждае сьвята пьюць гэны мёд; а воск з тых мядоў аддаюць на сьвечкі ў царкву; грошы, атрыманыя за мёд, ідуць на патрэбы і папраўкі царкоўныя і на слуг царкоўных, а такжа на справы міласэрдзя, шпіталь і на пазычкі бедным. А калі з сычанага мёду ад трохдзеннага сьвяткаваньня, што астанецца ня выпітым, то яны аддаюць з брацкага дому за грошы. А каб у брацкім доме трымаць павінны парадак, то дзеля гэтага братчыкі падалі каралю статут брацтва ў ніжэйпісаных пунктах, які кароль і зацьвердзіў: 1) на каторы год старшыя і малодшыя браты таго брацтва, каго з паміж сабе выбіраюць у старасты, павінны ім перадаць брацкія грошы і ўсю маёмасьць і ўсе справы брацтва, і атрымаць ім іх у кіраваньне з брацкай згоды і назначыць ім ключнікаў для брацкай паслугі. 2) Гадавыя старасты павінны ўважна даглядаць брацкага дабра, каб не было ў чым упаду, а хутчэй, каб у усім быў спор і памнажэньне; а пасьля скончэньня году сваей службы старасты павінны ўсю маёмасьць і даходы брацтва, зьлічыўшы перад старшымі і малодшымі братчыкамі, перадаць ім. 3) Гадавыя старасты пры брацкіх бяседах, як самі так і праз ключнікаў, павінны ўважна глядзець, каб брацьця, упісаныя ў іншыя брацтвы, а так жа і госьці прыходжыя сядзелі ў брацкім доме прыстойна, размаўлялі дарэчна, на стол не аблагалі і брацкага мёду не разьлівалі, пілі бы ў меру і ніякіх шкод бы не рабілі. А хто бы стаў вясьці сябе непрыстойна і ўчыніў бы якія страты, то старасты павінны такога навучыць славамі, а калі б слоў не паслухаў, то на такога, як на ўпорнага, налажыць віну, якую браты ўстановяць. 4) Хто бы ў брацкім доме ўчыніў якую-небудзь сварку і каго-небудзь укрыўдзіў, то пакрыўджаны павінен безадкладна сказаць сваю крыўду старастам, а старасты, выслухаўшы жалабу, павінны адлажыць на заўтрашні дзень; а пасьля браты гэтага брацтва, зыйшоўшыся ў брацкі дом на другі дзень, па судоваму паміж сабой абычаю, павінны разгледзіць справу; правага перад судом аправіць, а віннага караць брацкай віной. І аб гэткіх справах ніхто не павінен зьвертацца да другіх судоў, як да сьвецкіх так і духоўных, ні да земскага, ні да местовага, ні па грэцкай ні па рымскай веры і ў ніякім здарэньні ад брацкага суда не адмаўляцца, а кожды павінен шукаць права перад старастамі і перад брацьцямі ў тым доме, дзе ўчынілася тая сварка ці крыўда, бо гэткіх спраў первей ніякія ўрады духоўныя і сьвецкія ня суджывалі, а заўсёды такія справы спраўляліся і судзіліся ў брацкім доме. 5) Калі б хто ў брацкім доме старасту зьневажыў або ключніка асароміў і ўдарыў, то павінен быць пакараны брацкай віной. 6) Калі бы ключнік не паслухаў каторага старасты ў сычэньні і зьліваньні і выдаваньні сычаных мядоў, на брацтва бывае сход, то на першы раз яго трэба навучыць славамі, а калі слова не паможэ, то пакараць яго брацкай віной. А калі б стараста ў чым правініўся перад брацьцяй, то брацьця старшыя і малодшыя павінны яму зрабіць увагу славамі, а калі бы годзен быў віны, то пакараць яго віной. 7) Калі бы людзі духоўныя, хто бы яны ні былі, як рымскай веры, так грэцкай, упісаныя ў брацтва ці няўпісаныя, прышлі бы ў брацтва па просьбе з пашаны, або хто ўкупіўся бы на дзень, хочучы напіцца брацкага мёду і пабяседаваць з брацьцяй, а здарылося бы яму з кім-небудзь у брацтве ўчыніць свару ці каго ўкрыўдзіць, то ў гэткіх справах тыя духоўныя людзі ня маюць права адмоўляцца ад брацкага суда ні судом князя, біскупа рымскай веры, ні судом іх ураднікаў, як унесеныя ў брацтва, так і ня ўпісаныя, ні браць якой-небудзь помачы ад сваіх урадаў, а павінны шукаць права толькі ў тым брацтве і быць паслушнымі іх брацкаму суду. 8) Калі б каторы шляхціц ці дваранін ці іншы які старонны чалавек ня ўпісаны прыйшоў у тое брацтва, хочучы мець бяседу паміж брацьцямі і ўпісацца на той дзень у брацкую кампанію або будзе адкуль запрошан з пашаны, гэткі ня мае права вымагаць таго ці другога мейсца з гордасьці, а павінен садзіцца, дзе яго пасадзяць, старасты ж павінны даваць мейсцо кождаму па годнасьці. 9) Ніхто ня мае права ўхадзіць у брацкую сьвятліцу з аружжам або прывадзіць з сабой слуг; сядзець у брацкай сьвятліцы маюць права толькі тыя, каторые ўкупяцца ў брацкі мёд. 10) Калі бы каторы ўпісаўшыся брат здумаў з таго брацтва перайсьці ў іншае брацтва, то павінен паведаміць аб гэтым стараст і ўзяць у іх выпісь з рэестру. А калі бы хто астаўся ўпісаным у брацкім рэестры і стаў бы папаўняць недзе другоя брацтва, такога яны не павінны прызнаваць братам, і па сьмерці яго не абавязаны даваць з брацтва тые патрэбнасьці, якія прыстойны дзеля пахаваньня цела. 11) Калі каторы брат, упісаны ў брацтва, памрэ, то яны павінны на пахаваньне яго выдаць аксаміт і брацкія сьвечы і самі правадзіць яго цела. 12) Госьці, прыходзячыя ў брацкі дом дзеля бясед з брацьцямі, ня маюць права гаварыць пустых і непатрэбных рэчэй або разважаць аб сваіх патрэбах, а павінны сядзець уважліва і да стараст і брацтва мець паслухмянасьць. 13) Бурмістры і купцы віленскія рымскай і грэцкай стараны ня маюць права браць на службу ў свае брацтвы людзей, упісаных у купецкае брацтва, і тым чыніць брацтву ўніжэньне і паруху, бо кождае брацтва выбірае сабе слуг са свайго брацтва і трымае іх для сваіх паслуг. 14) Сьвяты, у каторыя зьбіраецца брацтва восемь разоў у год, гэткія: на Вялікдзень, на Сёмуху, на Прачыстую, на Пётра, на Пакровы, на Сьв. Міколу, на Раджаство і на Благавешчэньне (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. ІІІ, № 131).

Гэты ўстаў, не глядзя на сваё познае паходжэньне, мае для нас важнае гістарычнае значэньне. Па гэтаму ўставу можна прасьлежыць усю гісторыю брацтвоў на Беларусі.

БУЛАВА

Булавой называлі кароткую ляску з галкай наверсе, якая была сымвалам гэтманскай дастойнасьці. Булава была выключнай прыналежнасьцю гэтманскай улады, пернач, або буздыган, быў прыналежнасьцю палкоўнікоў, ротмістроў і паручнікоў. Паміж булавой і перначом, або буздыганом, была розьніца ў тым, што галка булавы была круглая, нярэдка багата здобленая ці саджэная каменьнямі, а галка пернача была грушкавідная ў доўжкі карбаваная. Карбы, або лісьці пернача называліся пёрамі, каторых было ад 6 да 8.

Печацей называлі даўней канцэлярскі ўрад, ляскай — маршалкоўскі, а булавой — гэтманскі ўрад. Булава велікая азначала ўрад Вялікага Гэтмана, а меншая ўрад польнага гэтмана.

У часе паспалітага рушэньня (усеагульнага аполчэньня) выбраны шляхтай данай аколіцы паручнік, каторы даводзіў дружынай сваёй аколіцы, калі хацеў сабраць суседзяў на нараду, пасылаў свой пернач да найбліжэйшага суседа з зам аб мейсцы і часе сабраньня, а той зноў пасылаў, не аткладаючы далей, і гэтак пернач, акружыўшы ўсіх як відавочны знак загаду і сымвол кары на непаслушных, вертаўся да паручніка.

ВЕЧЭ

Ва ўсіх княжствах, на якія ў даўныя часы распадалася беларуская зямля, народ прыймаў вялікае ўчасьце ў дзержаўных справах, высказываючы свае пажаданьня, калі таго вымагалі варункі. Жыхары, калі ўважалі за патрэбнае, зьбіраліся на агульныя сабраньня, званыя вечамі, і абмярковывалі цікавячыя іх справы. Вечэ зьбіралося ня толькі ў галоўным месьце ці горадзе свайго княжства, дзе жыў сам князь са сваей дружынай, але і ў меншых местох, званых прыгарадамі. Вечэ меў права склікаць сам князь, кождая ўрадовая асоба і нават кожды свабодны грамадзянін, абы толькі народ атклікнуўся на яго зазыў. Вечэ зьбіралося не ва ўстаноўленыя дні, а калі прыдзецца; не было так жа і заўседнага мейсца дзе бы яно, канечна, мела зьбірацца. Часьцей за ўсё вечавыя сабраньня адбываліся на абшырных местовых пляцах каля саборнага храму. Напрыклад, у Полацку каля Св[ятой] Сафіі. Жыхары меншых мест мелі права быць на вечах галоўных мест і — наадварот. У прыгарадах абмярковывалі важныя справы і патрэбы, цікавячыя толькі жыхароў даннай мяйсцовасьці; на сталічных вечах абмярковываліся пытаньня агульнадзержаўныя, датыкаючыя ўсяго княжства. Паводле істнаваўшага звычаю, стаўшым нормай, меншыя, прыслухаючыя месты павінны былі прыслухаць пастановам галоўнага места. Але не заўсёды выпаўняўся добры стары звычай: часам прыслухаючыя месты адмаўляліся прыслухаць пастановам галоўнага места і паступалі па-свойму. Гэткія здарэньня бывалі рэдка; выступіць супроць галоўнага места магло толькі такое места, якое чула ў сваіх руках сілу. Гэткае здарэньне было спачатку з Вітэбскам, а пазьней з Менскам, выдзеліўшыміся ў асобныя княжствы ад Полацкіх вялікіх князёў. На вечах прыймалі ўчасьце ўсе вольныя людзі: і багатыя, і бедныя, і тарговыя людзі, і дружыньнікі, і смэрды-сяляне. І зноў жа па старому абычаю вымагалася, каб вечавыя пастановы прыймаліся аднагалосна ўсімі прысутнымі на сабраньні; спосабу пастанаўляць па большасьці галасоў, як гэта прынята ў нашы часы, даўней не зналі. Але праўдзівай аднагалоснасьці і ў тыя часы трудна было дасьцігнуць; па істоце справа зводзілася да таго, што калі на вечэ за вядомае пытаньне выказвалася многа асоб, то меншасьць не важылася паднімаць свайго голасу супроць і далучалася да іх. Часам супраціўная партыя не хацела пайсьці на ўступкі і ўтварала асобнае веча, то паміж партыямі магло дайсьці да закалоту. Нават і аднагалосна прынятая пастанова не магла лічыцца непахібнай; пераменчывая ў сваіх настраеньнях народная маса лёгка магла адмовіцца і сабраць новае веча для перамены таго ж пытаньня. Хоць на вечэ прыймалі ўдзел усе вольныя людзі, але галоўны канты[н]гент веча складаўся з бацькоў сямей, бацькі, якія пастанаўлялі і за сваіх дзяцей. Вечэ лічыла сябе ў праве разьбіраць усе пытаньня зьнешняй і ўнутранай палітыкі княжства. Яно выбірала і выганяла князёў, рабіла з імі ўмовы. Асабліва яго цікавілі зьнешнія пытаньня-апавяшчэньня вайны і заключэньне міру. Часам з ведама веча назначаліся пасаднік або намесьнік, тысяцкія ці ўстаноўленьне грашовага падатку з жыхарства, яно вымагала часам ад князя замены цівуноў ці другіх урадовых асоб, калі ад іхняй самаволі цярпела жыхарства. Але вечэ не заўсёды прыймала ўдзел у дзержаўных справах: часам аб ім доўгі час не было чуваць. Калі веча было здаволена князям, яго чыннасьцю, яно не мяшалося ў яго дзержаўную працу, хіба толькі сам князь у цяжкія хвіліны, не спадзяючыся на свае сілы, зьвертаўся за дапамогай да веча. Калі ж князь ле[г]каважыў справамі зямлі, прыгнятаў жыхароў, вечэ, якога дагэтуль бытцым і не было відаць, уступало ў свае права, уладна заяўляло свае вымаганьня і нават у іншых здарэньнях паказывало яму шлях, г.зн. выганяло яго. Гэткім чынам вечэ як бытцым кантралевало князя.

Слова вечэ стараславянскага паходжаньня, выводзіцца ад слова «века», «вячыць», што значэ вяршыць, давершаць, даканчаць. У жыцьцеапісаньні св[ятога] Оттона чытаемо: у Паморцаў у Штэціне (1124 г.), з ліку чатырох паганскіх храмаў у трох былі паўстраіваны наўкол седзішчы і сталы, дзе славяне адбывалі свае нарады, трываючыя ад раніцы да паўначы, на каторых ухвалялі войны, выбіралі воеводаў, устанаўлялі падаткі і адбывалі суды. Нашы вечы ад заходня-славянскіх рожніліся тым, што там мейсцовыя князі, будучы аднэй крыві з народам, хоць часта паміж сабой ваююць, але астаюцца вернымі нацыональным абычаям, каторыя пры іх маглі развівацца і ўзмацовывацца. Паморское вечэ — гэта ўжо правільна дзействуючая дзержаўная ўстанова з заўседным мейсцам свайго побуту. Гэткія вечы істнавалі, трэба думаць, і ў нас да заваяваньня варагамі. Пад чужой уладай ня маглі ўжо правільна дзействаваць і разьвівацца нацыональныя ўстановы, асабліва дзержаўныя. Запанаваўшая ў нас у VIII і IХ сталецьцях чужаземная абсалютыстычная, хцівая зыску і няволі, варажская ўлада спыніла нормальнае разьвіцьцё нашых дзяржаўных устаноў: народ абезпраўлены павінен быў траціць сілы на частыя паўстаньня, скіданьне чужацкіх князёў і на барадзьбу з імі за правы і свабоды».

ВЕЧЭ ПОЛАЦКАЕ

Уласьць веча ў Полацку, як выраз волі ўсяго народу, была безперэрыўнай уласьцю і пры князю і без князя да тых часоў, пакуль Полацак не пачаў спраўляцца М[а]йборскім правам (1498 г.). Полацкае вечэ складалося з усіх грамадзян Полацка, большых і меншых, быўшых сябрамі тэй або іншэй грамады, гэта значыць самаістых грамадзян, маючых свой дом. Каб вечэ было правамоцным, вымагалося, каб яно было склікана на ўстаноўленым абычаем мейсцы, каб на ім былі прысутны ўсе станы грамадзянства: баяры, купцы і паспольства. У ўстаўнай грамаце, дадзенай Полацку ў 1456 гаду, сказана: «а сымалісь (г.зн. зьбіраліся) бы ўсе пасполу на том месьце, гдзе перад тым сыймавалісь іздаўна; а без баяр мешчанам і дваранам горскім і чэрні соймоў (вечоў) не нада чыніці; а справы бы гарадзкія свае ўсе згодаю пасполу спраўлялі па даўнаму» (Акты Зап. Рос. Т. I, № 60). Не было абавязковым, каб кожды грамадзянін быў на кождым вечэ, а толькі кожды меў права быць на вечэ і падаваць голас. У летапісах старэйшае сьведство аб вечах у Полацку знаходзім пад 1176 годам (Лавр. лет. С.160). Гэтае сьведзтва кажэ, што Полацак «зпачатку» спраўляўся вечам і што вечэ старшага гораду было законам для малодшых мест або мястэчэк (па славянску «пригородовъ»). Пазьнейшыя ж вядомасьці аб полацкім вечэ мы знаходзім у цэлым радзе грамат з ХIV і XV сталецьцеў. Усе тарговыя полацкія граматы пісаліся ад імені веча, напрыклад: «Панам прыяцелям і суседом нашым: пану войту і бурмістрам, і радцам, і мешчанам, і ўсяму паспольству Рыжскага места, наша прыязьнь ад баяр полацкіх і ад мешчан і ад усяго паспольства полацкага места». (Рус. Лив. Акты. С.264. 1476 г.). Гэткія граматы пісаліся па пастанове веча, форма грамат заўсёды аднастайная, векамі выпрацаваная. Летапісі і другія крыніцы сьведчаць нам аб значэньні і чыннасьці полацкага веча. Гэтак у самы зварны час у 1128 гаду, калі полацкія землі былі разгромлены Кіеўскім князям Мсьціславам Валадзіміравічам, аб’еднаўшымся для гэтай мэты з усімі Палуднёвымі князямі, Полацкае вечэ выступае як прэдстаўнік усей полацкай зямлі і, паміма сваіх князёў, уступае ў безпасярэдныя перэгаворы з Мсьціславам. У летапісі сказана: «і так палачане, сатнуўшыся, выгналі Давіда з сынам, узяўшы Рагвалода і пайшлі да Мсьціслава, просячы яго сабе князям; і ўчыніў волю іх Мсьціслаў, (яны) узяўшы Рагвалода і павелі ў Полацак» (Ипат. лет. С.11). Таксама ў 1151 гаду полацкае вечэ пастанаўляе аддаліць свайго князя Рагвалода Барысавіча ў Менск і запрасіць да сябе Расьціслава Глебавіча (Там жа; с. 66). Як з гэтага відаць, полацкае вечэ ўступае ў перэгаворы са староньнім князям і пры гэтым ад свайго імя, а не ад імя князя, на каторага гледзіць, як на выбарнага дастойніка, не маючага асаблівага значэньня пры зьнешніх зносінах. Гэта ж сама паўтараецца і ў 1186 [гаду] пры нападзе на Полацак Давіда Смаленскага і Мсьціслава Ноўгародзкага. Полацкае вечэ такжа ўступае ў перагаворы з гэтымі князямі паміма сваіх князёў. У летапісі сказана: «палачане, здумаўшы (на вечэ), сказалі: ня можам мы стаць супроць Ноўгародцаў і Смаленцаў; або пусьцім іх у зямлю сваю, або зробім мір зь імі; многа нам зла створаць, папусташаць нам зямлю, ідучы да нас; пойдзем да іх на сумежжа; і, сабраўшыся, усе пайшлі да іх і сустрэлі на межах з паклонам і чэсьцю, і далі ім дары многі, і аддаліліся і разыйшліся ў староны свае кожды з іх» (Лавр. лет. С.170). Або ў 1159 гаду полацкае вечэ ўступіло ў угоду з князем друцкім Рагвалодам Барысавічам і прымусіло пакінуць Полацак свайго князя Расьціслава Глебавіча.

Дайшоўшыя да нас, хоць позныя, афіцыальныя факты Полацка такжа сьведчаць, што галоўнай уладай у Полацку было вечэ або агульна-земскае ўсестановае сабраньне. Гэтак дагаворная грамата паміж Полацкам і Рыгай 1407г. была пісана ад імяні ўсяго веча: «Мы, мужы Палачане, даем ведаць, хто сію грамату ўзрыць або чтучы ўслышыць цяперэшнім і на патом будучым людзям...». Тут не ўпамінаецца аб неякіх полацкіх уладах, акром сойму-веча. Мы, мужы палачане, і больш нікога, ніякога дастойніка полацкага. Або ў грамаце 1330 году мы бачым такі пачатак граматы: «Тако хочам мы гаражане» (Акты Лив. № ХХIV). У грамаце Вітаўтавай 1399 г. гаворыцца толькі аб палачанах, а не аб якіх другіх уладах. Або ў грамаце 1404 г.: «...і мы палачане даем вам ведама, хто сію грамату ўтворыць, што містар Задзьвінскій атпусьціў нятцы Полацкія і тавар на рукі вялікага Вітаўта і нашы рукі» (Акт. Лив. С.11). Тут побоч як поўназначныя велічыні вечэ і князь Вітоўт.

Чыннасьць веча пашыралася як на ўнутранныя, так і на зьнешнія справы. Вечэ, як вярхоўная ўлада і выражэньне волі народу, выдавало законы, мело ў сваіх руках вярхоўны суд; яно запрашало князёў і выдаляло іх, апавешчало вайну і заключало мір разам з князем і паміма князя. Яно знасілося пасольствамі і граматамі з суседнімі валадарамі і ўрадамі, нават пры Гедымінавічах. Яно ўступало ў сувязі з суседнімі князямі і па свайму одуму прызнавало таго, або іншаго з князёў. Паводле выражэньня летапісей, полацкае вечэ прыраўнівае сваю ўладу да княжжай улады ў другіх славянскіх народаў. У тыя часы на Ўкраіне князі выбіралі сабе старых князёў і прысягалі, што яны будуць паслушны старшаму князю як бацьку; акурат таксама паступае полацкае вечэ, не пытаючыся аб гэтым свайго князя, каторы, калі хацеў аставацца князям у Полацку, павінен быў прыслухаць пастановам веча.

Князі былі ў такім палажэньні да веча, што князь, пацярпеўшый неўдачу ў якім кольвак паходзе, ужо не важыўся варочацца ў Полацак; гэтак у 1162 гаду, калі Рогвалад быў разьбіты пад Гарадцом, то не вярнуўся ў Полацак, а ўцёк у Друцк (Ипат. лет. С.91). Або ў 1167 г. Усеслаў Васількавіч, разьбіты Валадаром, такжа не адважыўся вярнуцца ў Полацак, а ўцёк у Вітэбск пад апеку смаленскага князя.

Паводле ўсёй праўдападобнасьці, былі вечы і ў полацкіх прыгарадах, але яны не мелі вялікага значэньня; бо, паводле агульнага правіла, павінны былі выпаўняць пастановы галоўнага, полацкага, веча як старшага ў краю. Мы маем толькі кароткія весткі на вечы ў прыгарадах, гэтак маецца вядомасьць аб вечы ў Заслаўлі (Ізяславль); пад 1127 г. у летапісі сказана: «Відзеўшы Ізяслаўцы князя свайго і Лагажаноў, што без вайны ўзяты, і здаліся, сказаўшы Вечаславу: прысегні на Бога, што нас не дасі на шчыт» (Лавр. лет. С. 131). І ешчэ ў 1159 гаду Друцкае вечэ ўступіло ў перагаворы з Рагвалодам Барысавічам і запрашало яго да сябе на князя, у чым часьцю прыймалі удзел і Палачане (Іпат. лет. С.82). З гэтага відаць, што Друцкае вечэ выступала за адно з нейкай партыяй полацкага веча.

Судзячы па гэтых неясных зьменках, можна судзіць, што і ў другіх прыгарадах былі свае вечы для сваіх мейсцовых спраў, але ў агульна-палітычных пытаньнях павінны былі прыслухаць пастановам веча ў старшым горадзе Полацку. Ці заўсёды яны прыслухалі старшаму гораду, аб гэтым пацьверджаючы сказаць нельга, тым больш, што старая гісторыя полацкага княжства да Гедымінавічоў дайшла да нас у незначных адруках, у якім мы сустрэчаем толькі цёмныя намёкі аб адносінах прыгарадоў да Полацка і з гэтах намёкаў мы можам толькі дагадывацца, што адносіны не заўсёды былі нармальнымі і згодны са старым правам, а шмат што варункавалося нейкай вотчыннасьцю ў княжжым родзе Рагвалодавічаў, а ешчэ болей умешаньнемся Кіеўскіх, Смаленскіх і Чарнігаўскіх князёў, а такжа ўмовамі літоўскіх плямен з князямі Рагвалодавічамі. Гэтак у 1159 гаду Рагвалод Барысавіч, аддзеляный брацьцямі, шукаў сабе воласьці Сьвятаслава Ольгавіча чарнігаўскага і выпрасіў у яго сабе дружыну і пры гэтай помачы заняў Друцк. Або ў 1162 гаду Валадар затрымаў за сабой Гарадзец пры помачы Літвіноў, і Літвіны памаглі яму разьбіць Рагвалода Барысавіча з Палачанамі.

Цікава адмеціць, што Навагрудак, сталіца Міндаўга літоўскага, спраўляўся вечам да 1511 году, да часу, калі ў ім было заведзена майборскае права.

ВІЖ

Віж — гэта быў паліцэйскі ўрадовец пры судзе, выпаўняўшый загады суда. Віж выбіраўся і назначаўся воеводамі, старастамі, дзержаўцамі і другімі ўраднікамі гаспадарскімі, ён быў неабходны афіцыальны пасрэднік і сьведка пры ўсякай судовай справе, дзе што трэба было агледзіць, даведацца і выпоўніць па судовай пастанове; віж быў правай рукой і вокам суда. У статуце 1529 году павіннасьці суда выложаны такім парадкам: Раздзел V, артыкул 8-мы. «Хто бы каму даручыў дзяцей сваіх або сваю маетнасьць ці жану, то апекуны павінны паступаць ніжэпісаным парадкам, узяўшы ад ураду віжа таго павету і пры ім ешчэ трох шляхціцоў годных веры, і пры гэтых сьведках апісаць усю маетнасьць; і, узяўшы ад таго віжа і ад тых баяроў-шляхты два рэестры пад іх печацямі, адзін рэестр хаваць у сябе, а другі перэдаць у павет воеводзе або старасьце». Разьдзел VI, артыкул 10. Віж пасылаўся да знатных паноў, калі трэба было разсудзіць іх людзей: «Па княжых людзей не павінна пасылаць дзецкіх* для вызава ў суд, наперад трэба абаслаць таго пана, чыі людзі, прыказуючы яму ўчыніць справядлівасьць перад віжом нашым або ўрадовым». Артыкул 31. «Калі па пастанове суда каму з каго трэба будзе спагнаць маетнасьць або сумму грошы, то, атрымаўшы на гэта права, такі ня можэ выпоўніць судовай пастановы, а павінен узяць з сабою віжа ад судзьдзёў, каторыя вынесьлі пастанову аб спагнаньні». Разьдзел VII, артыкул 2. «Калі бы хто гвалтам наехаў на чый дом і каго бы там раніў і забіў, то з таго дому ў сьлед за гвалтам трэба паведаміць сваіх суседзеў, затым узяць з бліжэйшага ўраду віжа і паказаць яму гвалт і раны або забітага і суседзямі з віжом устанавіць вінавайцу гвалту». Артыкул 17. «Пры позыве ў суд гвалтаўніка жалабшчык павінен давясьці гвалт віжом урадовым і шляхтаю людзьмі добрымі, каторым ён паказываў гвалт, або каторыя бачылі, як адбыўся гвалт». Артыкул 15. «Калі б хто на чужой зямле пасеяў жыта, то гаспадар, называючый зямлю сваёй, павінен узяць ад ураду віжа і пры віжу, апавесьціць, каб ён, пажаўшы, не звозіў жыта з зямлі». Артыкул 19. «Віж па загаду суда або ўраду апісываў маетнасьці за даўгі, прычым ён павінен быў рабіць опісь пры двох ці трох шляхціцах, добрых, старонных людзёх і пісаць маёмасьці тры рэестры за печацямі: сваёй і тых добрых людзей і адзін рэестр аддаць таму, у каго апісаў маемасьць, другі пакінуць у сябе, трэцьці падаць у той урад, ад каторага быў пасланы». Разьдзел Х, артыкул 2-гі. «Калі б залажыўшый сваю маёмасьць хацеў на тэрмін яе выкупіць, а хто ўзяў у застаў — не хацеў прыняць сваіх грошы і аддаць маёмасьць, то той, што заставіў, павінен быў узяць віжа ад ураду свайго павету і з віжом да яго ехаць, каб узяў свае грошы. І калі б ён не хацеў браць грошы і пры віжу, то віж, узяўшы грошы, павінен іх перадаць у скарб гаспадарскі, а ўзяўшага заставу абавязаць датычна маёмасьці». Па таму ж статуту, па 35 артыкулу VI раздзела назначаны гэткія даходы віжам: «Віжу і дзецкаму нашаму віжовага і дзецкаваньня рубель, а віжу воеводзкаму, земскага маршалка і старасты палавіну рубля, а дзержаўцавым віжам і дзецкім, каторыя дзержаўцы перш называліся цівунамі, па дванадцаці грошы. А калі б віжы і дзецкія нашы, і воеводаў і стараст нашых, і дзержаўцаў нашых, а такжа іх намесьнікаў ня мелі патрэбы ехаць, а аставаліся бы ў горадзе, то ім віжовага і дзецкаваньне палавіна. А калі б каторага дзецкага мы або рада наша воеводы, маршалкі і старасты пашлем на спагон грошы, то ім дзецкаваньня ад кождага рубля па 10 грошы». Па 35 артыкулу, сьведчэньне віжа, калі яно пацьверджэна двумя або трымя шляхціцамі было такое важнае, што яго ня можна было адвясьці ніякімі сьведкамі. У агульных рысах абавязкі і даходы віжа ў уставах 1551 году на другім Віленскім Сойме выложэны гэткімі словамі: «Віж павінен даць прысягу, што ён усё, што будзе бачыць або чуць, то ўсё справядліва перад правам (судом) або кнігамі судовымі павінен расказаць і засьведчыць. Віжы пры сваім віжаваньні павінны мець пры сабе заўсёды старану людзей добрых па даўнаму абычаю. А за іх працу і праезд за кождую мілю плаціцца па аднаму грошу». Па праву сьведчэньне віжа перад судом ці ўрадам мело тую самую сілу, як бытцам бы ўрад ці суд тое бачыў і чуў сваімі вачыма і вушамі. А дзеля гэтага віж меў вялікае значэньне і для ўрада, і для суда, і для самага грамадзянства; і тая і другая старана павінны былі жадаць, каб сьведчэньню віжа можна было даць веру поўнасьцю, і па статуту 1529 году ўрад або суд быў з гэтай стараны абясьпечэн тым, што віжы назначаліся самім урадам, г.зн. воеводамі, старастамі і дзержаўцамі. Але гэткі лад натуральна ня мог падабацца грамадзянству, і яно заўсёды з няверай глядзело на віжоў, назначаных урадам і называло іх людзьмі ня годнымі веры, і на ўсіх соймах станы прасілі гаспадара, каб віжы былі выбарныя ад грамадзянства і прысяглыя. І толькі ў статуце 1566 г. пытаньне аб віжах, як і аб земскіх судзьдзях, было перагледжэна і блізка ўсе абавязкі віжа перэдадзены вознаму, а віж ужо стаяў на задным плане і, здаецца, быў пакінут толькі пры гэтмане і наагул пры вайсковых зьверхніках у часе паходаў. Прынамні ў статуце 1566 году віж упамінаецца толькі пры гэтмане.

ВОЕВОДА

Воевода быў найвышэйшай правінцыальнай уладай; з воеводзкім урадам заўсёды злучалася дастойнасьць сэнатара, сябры рады гаспадарскай. Воеводы назначаліся толькі ў вялікія і важныя месты, якія былі перш сталіцамі вялікіх князёў, напр[ыклад]: Вільня, Трокі, Полацак, Новагрудак, Вітэбск, Смаленск. Воевода быў у сваім воеводзтве тым, чым вялікі князь у дзяржаве. Усе ўрадоўцы на тэрыторыі воеводзтва залежалі ад воеводы. Яны ўласьціва былі на службе ў воеводы, а не ў вялікага князя; ён іх назначаў, ён і зьменяў, і яны ў сваёй службовай чыннасьці былі адпаведальны перад ім, а не перад вялікім князям; так што за ўсе іх неўпраўкі па службе адпаведаў перад гаспадарам воевода; і ў прыпадку жалаб ад жыхароў да гаспадара, пісалася грамата да воеводы каб ён лепей глядзеў за сваімі ўрадоўцамі. Да ўсего гэтага воеводы былі незьменяемы і назначаліся дажывотна; дзеля чаго ўлада іх, сама па сабе аграмадная, атрымлівала яшчэ большую сілу і значэньне; звыш таго, усе яны былі сябрамі рады гаспадарскай, што ешчэ болей узмацовывала іх уладу.

Воевода, як гаспадар і галоўны начальнік зямлі, што была ў яго веданьні, спраўляў усімі служачымі людзьмі сваёй правінцыі. Пад яго даглядам і па яго загаду зьбіраліся мейсцовыя войскі. У парубежных землях ён быў галоўным даводцам войска, хадзіў у паходы супроць ворагаў і кіраваў абаронай сваёй зямлі, а такжа ссылаўся з суседнімі гаспадарамі, уступаў з імі ў перэгаворы і атрымліваў ад іх граматы, якія, прачытаўшы, або атсылаў гаспадару, або княжай радзе. Пагранічныя воеводы дабывалі весьці з непрыяцельскай зямлі, якія атсылалі або гаспадару, або галоўнаму гэтману.

Пасьля служылых людзей у веданьні воеводы знаходзілася ўся зямля даручэнай яму правінцыі, нават дзедзізны прыватніх уладнікаў, выключаючы ўпрывілеяных; а дзеля гэтага ўсе пераходы маетнасьцей і ўсе спрэчкі аб гэтых рэчах адбываліся з ведама воеводы. Землі, назначаныя служылым людзем, паводле гаспадаравых грамат, адвадзіліся па загаду воеводы, які назначаў, у якіх мейсцах выдзеляць землі.

Што да суда, воевода назначаў сваіх судзеў па паветах свайго воеводзтва, якія павінны былі судзіць шляхту ў назначаныя тэрміны. Сам воевода быў галоўным судзьдзёй у сваім воеводзтве; ён судзіў усе крымінальныя і зямельныя справы ў сваім галоўным месьце, але не іначэй як разам з князямі і баярамі даручанай яму зямлі. На воеводзкі суд можна было жаліцца толькі самаму гаспадару. Воеводзкаму суду падлегалі, хоць і не ва ўсіх справах, ня толькі князі і баяры, але і старасты і другія дзержаўцы паветаў у зямлі прыслухаючай. Нават манастыры, у справах не падлегаючых духоўнаму суду, не былі выняты з пад воеводзкага суда. У крымінальных справах воевода карыстаўся правам меча, г.зн. мог караць сьмерцю. Воевода даваў сваім правінцыям уставы (канстытуцыі) і прывілеі. Да воеводы сьцекаліся ўсе кнігі і справаздачы па мейсцоваму справаваньню. Без дазваленьня воеводы ніхто ня мог выехаць за граніцу.

Па фінансаваму аддзелу воевода наглядаў за рэгулярнасьцю дзержаўных збораў; яму падлягалі каморнікі і другія зборшчыкі, назначаныя падскарбім; ён назначаў новыя мыты і іншыя падаткі і зборы. Гэты аддзел разам з судовым быў галоўнай крыніцай воеводзкіх даходаў. Акром таго, на воеводу ішла плата, вядомая пад назвай «выходнай куніці»; яна бралася тады, калі хто браў дзеўчыну «за воласьць», г.зн. не ў воеводзкі прысуд. Яму ішла такжа плата, вядомая пад назовай «гасьцінца», ад каждага піўнога затору па паўкапе грошай; далей з ятак (мясных крам) на каждую суботу ішло мяса на замак воеводзе; такжа плата з гарэлкі і корчам.

Зрэшты, правы, абавязкі і даходы воеводаў не ва ўсіх землях былі аднаковыя; прывілеі, даваные тым або іншым землям, шмат зьмянілі палажэньне воеводаў. Гэтак полацкіе і вітэбскія воеводы назначаліся ні іначэй як са згоды палачан і вітэблян, і, нездаволеныя адным, яны маглі прасіць другога воеводу і нават выбіраць яго з паміж сабе. Полацкі і вітэбскі воевода, уступаючы ў урад, у першы ж дзень дасьць грамадзянам прысягу, што палачаніна або вітэбляніна ня будзе караць без суда. Полацкі або вітэбскі воевода ня мог судзіць адзін, а абавязкова са старшымі баярамі і мешчанамі. Наагул у устаўных граматах, даваных землям, гаварылося, каб воеводы справаваліся паводле старадаўных абычаеў і навін не ўвадзілі; але запраўды гэта рэдка выпаўнялося. Нават полацкія воеводы, больш другіх абмежаныя, дрэнна выпаўнялі пастановы ўстаўных грамат.

Воеводы, як сябры княжай рады, пры гэтым нярэдка бываўшыя канцлерамі і спраўляўшыя іншыя важныя дзержаўныя ўрады, не маглі заўсёды быць у сваіх воеводзтвах; дзеля гэтага большай часьцю воеводзтвы спраўляліся іхнімі намесьнікамі, а самі яны карысталіся толькі даходамі і толькі часова бывалі ў сваіх воеводзтвах.

Пасьля Люблінскай уніі (1569) у агульным сэнаце ўсёй Рэчыпаспалітай дзеля таго, што старшэнства крэсал залежала ад даўнасьці воеводзкіх урадоў у землях, то пасьля польскіх, заседалі беларускія воеводы і ўкраінскія, а ніжэй іх літоўскія.

ВОЗНЫ

Гэты ўрад, паводле першапачатковага паходжэньня, перанесен да нас з Польшчы, і ў статуце 1529 г. саўсім не ўпамінаецца і да 1566 году не сустрэчаецца, толькі ў устаўных граматах некатарых паветаў Падляшскай зямлі, карыстаўшыхся польскім правам, напр.: у Драгічынскім і Бельскім, сустрэчаецца ўрад вознага і раней. Возны, як агульны ўрад для усяго Беларуска-Літоўскага княжства, паяўляецца толькі з выхадам у сьвет статуту 1566 г., дзе разам са сваей першапачатковай службай ён выпаўняе і ўсе абавязкі віжа. Першапачатковы абавязак вознага быў развазіць павесткі на суд.

Аб устанаўленьні возных для Беларуска-Літоўскага Княжства статут 1566 г. кажэ так: «хочучы каб у праве (судзе) земскім заўсёды быў парадак і справа абычайная, устанаўляем і ўпаважняем, каб воеводы ў кождым павеце судовым, гдзе кнігі лежаць, а стараста Жамойдзкі там у зямлі Жамойдзкай, возных выбіралі, пастрыгалі, устанаўлялі, як і судзеў, з шляхты, людзей добрых, веры годных, маючых пашану і аселых у тым павеце. А лік возных назначаць, глядзя па абшырнасьці павету і паводле патрэбы. Выбраўшы вознага, воевода павінен прыняць ад яго прысягу, запісаць яго імя ў свае рэестры і выдаць яму свой ліст на ўрад вознага». Разьдзел IV, артыкул 5. Абавязкі і правы вознага ў 5-ым артыкуле таго ж разьдзелу апісаны так: «насіць позвы і імі пазываць (у суд), хоць бы і без ведама ўраду, і назначаць рокі (тэрміны) па стараму абычаю, і запаведываць, каб ад права не ад’езджалі выдаваць прысягу сьведкам па загаду суда, быць пры ўсякім абасьведчэньні, арэштовываць па пастанове і загаду судзьдзі і падсудка за іх лістамі, аглядаць гвалты, разбоі і раны і занасіць іх у урадовыя кнігі таго ўраду, ад каторага будзе пасланы і пры ўсякай такой справе возны заўсёды абавязан мець пры сабе двох шляхціцоў дзеля пацьверджэньня сваіх сьведчэньнеў. Зрэшта, у справах незначных, не крывавых, ён можа рабіць аглядзіны адзін, без стараны шляхты і нават без пасланьня ад ураду, толькі без кождай задзержкі павінен запісаць у кнігі ўрадовыя ўсё, што агледзіць, і сьведчэньне вознага ў кнігах такую ж будзе мець моц, як бы возны сам стаяў аблічна. Што датычэ да даходаў вознаму, ад каго што ён мае права браць: «калі паедзе на якую справу, тады ад мілі па грошу ў адну старану, а што назад паедзе, то за тое нічога ня браць; калі ж мілі не паедзе, а зробіць сваю справу ў самым горадзе, то ад справы грош. А калі паедзе каго арэштаваць, то браць з таго з цягла па грошу, з пусташі каторую пашуць, і ад паўслужбы па паўгроша, а ад сумы пенязей, ад капы па два пенязі». У абарону вознага пры выпаўненьні ім сваёй павіннасьці і артыкулам шостым устаноўлена: «хто-бы вознага ў часе выпаўненьня ім свайго ўраду прыбіў і атабраў у яго і разарваў лісты, дадзеныя ад ураду з таго зыскаць бязчэсьце вознага, супроць яго дастойнасьці ў двох, і зьверх таго пасадзіць яго пад стражу на шэсьць тыднеў у гродзе або паветовым урадзе». Акром вышэй пералічаных абавязкаў вознага, на яго ж павіннасьці было па 29 артыкулу праводзіць крэдытораў да тых знатных землеўласьнікаў, слугі каторых прычынілі істцам якую крыўду, і вымагаць ад землеўласьнікаў суда пад сваімі слугамі, быць прысутным на такім судзе. Па 67 артыкулу возны пасылаўся ўрадам дзеля спагнаньня грошы, калі б уласьнік маетнасьці чаго ў тэрмін ня выплаціў па судовай пастанове. Па 68 артыкулу пасылаўся судом дзеля заарэштаваньня маёмасьці, з якой прысуджана судом спагнаць вядомую суму грошы. Прычым возны цэніць: 20 коп. службу людзей або ўвалоку аселую, дзесяць коп. паўслужбы або паўвалокі, капу грошэй морг унавожэны. Па 67 артыкулу ўрад або суд пасылаў вознага з загадам, каб выгнаны гвалтам гаспадар з маетнасьці, перадаў маетнасьць выгнанаму гаспадару ў часовае ўладаньне да выясьненьня па суду. Па 4-му артыкулу возны павінен па загаду ўраду быць пры прыняцьці маёмасьці ў апеку, і рэестр маемасьці, зроблены апекунамі, зацьвердзіць сваёй печацьцю. Па 15-му артыкулу возны павінен быць пры спісываньні маёмасьці апысыванага шляхціца. Па 6-му артыкулу возны, дадзеный ад ураду, павінен быць на судзе капы або селянскай грамады, калі якая вёска атаб’е капу на зладзейскім сьляду і капа будзе вымагаць ад ураду прысылкі вознага. Возны, прыбыўшы на мейсцо разам з капой, павінен ацаніць страты, прычыняныя пакражай, на якія пакрыўджаны прысягне сам трэцьці; і разам з капой павінен аб гэтым данясьці ўраду, ад якога быў пасланы.

Пры параўнаньні правоў і абавязкаў вознага, вылажаных у статуце 1566 году з правамі і абавязкамі віжа і дзецкага, аказываецца, што возны зьмешчаў у сябе папярэдніх віжа і дзецкага. Але станы, заўсёды вымагаўшыя на соймах, каб віжы былі выбарнымі ад грамадзянства, з устаноўленьнем вознага не дасьціглі сваіх пажаданьнеў; бо возны ня быў выбарным, а назначаўся з мейсцовай шляхты воеводамі, старастамі і другімі дзяржаўцамі такім самым парадкам, як і папярэднія віжы.

ВОЙТ

Па местох, дзе местскі суд быў аддзелены ад суда земскага і замковага, а асабліва ў местох, карыстаўшыхся Майборскім правам, галоўным, а часам і адзіным судзьдзёй быў войт. Яго суду, па грамаце 1510 году, падлегалі ў Полацку ўсе мешчане, г.зн. сябры местовага самаўрадаваньня, а такжа ўсе чорныя людзі і закладні, жыўшыя як у замку, так і каля замку; такжа за Дзьвіной і на ўсякім мейсцы ў Полацку, за кім бы закладні ні жылі, — за ўладыкам, за ігуменяй, за князямі і за баярамі, за ігуменамі і за папамі на ўсякіх землях царкоўных, князёўскіх і баярскіх. Паводле граматы 1511 году, дадзенай Новагрудку на Майборскае права, суд і ўправа местскія былі перададзены войту, пры каторым для суда і ўправы назначаліся ешчэ шэсьць радцаў і восем прысяжнікаў. З паміж радцаў, між імі і войт, кожды год павінны быць выбіраны два бурмістры, каторым выдзеляліся некаторыя справы для суджэньня. Войт атрымліваў ад усіх перасудаў (па цывільных справах) і віж (па крымінальных справах) трэцьці пенязь, а два пенязі ішлі на ратушу. Местскі суд ва ўсіх местох, карыстаўшыхся Майборскім правам, адбываўся не іначэй як перад войтам разам з бурмістрамі і радцамі, і ў гэты суд ніякія ўрадоўцы гаспадарскія ня мелі права ўступацца, ні воеводы, ні старасты. Войты назначаліся самім гаспадарам, і войтаўскаму суду падлегалі ўсе справы, акром спраў па зямельнаму ўладаньню, якія справы заўсёды заставаліся за гаспадаравымі ўраднікамі — воеводамі, старастамі і дзержаўцамі.

У местох, не карыстаўшыхся Майборскім правам і дзе местскі суд ня быў аддзелены ад земскага суда і ад суда гаспадаравых ураднікаў, таксама як і гаспадаравых сёлах, хоць і бывалі войты, але яны ня мелі права суда, гэта былі проста местовыя старасты, і іх абавязкі былі толькі адміністратыўныя, а не судовыя. Гэтак у ўстаўнай грамаце Могілеўскім мешчанам 1561 г. сказана: «даручылі і далі войтаўства ў месьце нашым Могілеўскім тамашнаму мяшчаніну Няфёду Іосіфовічу і пры ім устанавілі чатырох сотнікаў. Войт павінен ва ўсім глядзець за местскім парадкам і ва ўсіх справах справаваць слушна і радна і аб местскіх патрэбах данасіць замковаму ўраду нашаму, але войты ў справах грамадзянскіх, датыкаючых цэлага места, не іначэй павінны рабіць загады, як са згоды з сотнікамі і дастойнейшымі мешчанамі; а галоўнейшым абавязкам войта павінна быць печа аб памножаньні гаспадаравых даходаў і аб праўдзе пры зьбіраньні падаткаў і другіх набораў, і дзеля гэтага ён заўсёды павінен быць пры ўрадзе, калі аплачываюцца падаткі». А за працу адна валока і адзін дом, займаны войтам, звальняюцца ад аплаты падаткаў. У гаспадаравых сёлах абавязкі войта былі гэткія: выганяць людзей на работу па загаду ўраду, такжа выганяць з платамі і падаткамі, прыводзіць, заместа дзецкага, да суда і на ўрад; пры ўсякіх работах замест прыстава стаяць над людзьмі свайго войтаўства, адвозіць авёс і сена да Вільні або куды загадае ўрад, папраўляць і панаўляць межы селянскіх палёў, быць пры ўрадовым судзе і памагаць судзьдзям, але не судзіць. Сельскія войты выбіраліся са згоды селян.

Ёсьць зьвесткі, што местскія войтаўствы ў канцы ХV сталецьця былі насьледзтвеннымі і прадаваліся ўрадам у патомнае валаданьне са ўсімі даходамі, прывілеямі і правамі, часам аднаму войту на два войтаўствы, а можа часам і болей. Зрэшта, аб гэткай патомнай уладзе войтаў над местамі маюцца дакумэнтальныя данныя толькі з Валынскай зямлі.

ГАЙНАЛ

Азначае пабудну сьпеваную або граную на трубе. Гайналы адыгрывалі ў вайсковых абозах на ўставаньне раніцай і вечэрам на начны спакой. Па местох местовая варта, выходзячы вечэрам, адсьпевала гайнал найчасьцей улажаны з трох-чатырох вершовых зваротак. Пасьля гайналу гараджанам ня можна была выхадзіць на вуліцу.

ГАРАДНІЧЫ

Урад гараднічага ў Беларусі быў даволі познай інавацыяй. У грамаце 1450 году, дадзенай Казімірам полацкаму намесьніку, сказана: Палачане пісалі гаспадару, што гараднічага ў іх ў Полацку здаўна не бывала, і прасілі, каб гараднічага да іх не назначаць, а абавязкі яго даручыць намесьніку. Абавязкі ж гараднічага, паводле тэй самай граматы, былі ў тым, каб даглядаць за гродзкімі ўкрэпленьнямі, распараджацца іх будаваньнем і папраўкамі і да гэтага прыцягаць, паводле росьпісеў, як местовых, так і сельскіх жыхароў.

Гараднічы быў сябрам воеводзкага суда, і справы па купчых і другіх актах на ўладаньня ўкладаліся ў гаспадзе (кватэры) гараднічага, і гараднічы разглядаў уладчыя акты і судзіў па іх. Урэшце ў веданьні гараднічага была прадажа ўсякага скарбовага збожжа, атрымліванага пры зборы падаткаў, а дзеля гэтага цівуны і другія зборшчыкі ўсё сабранае імі збожа павінны былі перадаваць гараднічаму, яму ж дастаўляліся падзякальныя, пянцінічныя і дроўныя, і наогул усё, што на замковы ўрад ішло. Сабранае гэткім чынам і атрыманыя ад прадажы збожжа грошы, гараднічы атсылаў у скарб гаспадарскі. Наогул трэба лічыць, што ўрад гараднічага быў у ліку паважаных і даваў значныя даходы.

Некаторыя з гісторыкаў думаюць, што ўрад гараднічага быў у нас з найдаўнейшых часоў і адпаведаў польскаму каштэлянству, якое, пасьля дзяржаўнай уніі з Польшчай, было ўведзена ў нашых землях. Урад гараднічага мейсцамі ўтрымаўся і пазьней уніі, як паралельны каштэлянству. Пратэст палачанаў тлумачыцца тым, што проста палачане не хацелі абцягчаць сябе падаткамі на ўтрыманьне даволі каштоўнага ўраду і мяркаваньнем іх, што абавязкі гараднічага можна зьмесьціць з істнуючым ужо ўрадам намесьніка; тым болей, што ў Полацку ў той час істнаваў урад старасты гродзкага.

ГІБЭРНЫ

Рыцарскіе маетнасьці вольныя былі ад пастояў войска. Войска магло зімаваць у каралеўшчынах і маетнасьцях, належачых да духавенства. Падданыя маетнасьцей каралеўскіх і духоўных павінны былі даваць войску зімовы харч у натуры. Дзеля таго, што на гэтым грунце вынікалі частыя недаразуменьня — сойм у 1649 гаду пастанавіў, каб заместа збору жыўнасьці ў натуры была ўстаноўлена аплата грашамі, каторую называлі гібэрна, што па лацінску даслоўна значэ «зімовае». Гібэрна не была падаткам заўсёдным: выбіралі яго ў меру патрэбы. За Саскіх часоў Беларусь і Літва выплачывала 486.300 залатых.

ГРОД

Першапачаткова азначаў мейсца абароннае, абгарожанае валам і сьцяной і прыкопамі. У княжые часы каждая аколіца, кажды павет мелі свой град, гарадок, гарадзец. Гроды служылі сховам для акалічнага жыхарства ў час нападу ворагоў. У такіх гарадцах была зазвычай вайсковая дружына, заўсёды гатова да абароны аколіцы ад ворагоў і разбойнікаў. Тут пад аслонай аружнай сілы знаходзіліся тарговыя мейсцы, «месты», каля каторых сяліўся купецкі і рэмеслены люд. Пры гарадцох будаваліся першыя месты. Пры Туравай гарэ (Вільня), пры Волатавай гарэ (Полацак). Унутры гроду* будавалі з бярвеньня «замчыстым вуглом», абшырныя харомы, якія называлі «замак». На Беларусі ўсе замкі былі дрэўляныя. Кожды грод-замак меў свайго начальніка, каторы, як намесьнік і заступнік князя, называўся «валадаром». Будучы заступнікам князя, меў уладу судовую, вайсковую і цывільную на ўсю аколіцу. Пазьней такіх валадароў звалі воевадамі і старастамі. З бегам часу ўлада павінна была раздзяліцца. Цывільныя судовыя функцыі мешчанскія перайшлі да судоў местскіх, земскія да судоў земскіх. Старасьце гродзкаму асталіся толькі крымінальныя справы і выпаўніцельная паліцэйская ўлада на гродзкую кругаколіцу. Судзіў у гродзе стараста з правам меча. Гродзкай вязьніцы і местовага парадку пілнаваў гараднічы, або каштэлян. Да гараднічага належала паправа замку пры помачы акалічных жыхароў, пілнаваньне маетнасьці, зложэнай у замку. Гродзкі суд меў пісара і кнігі гродзкія, званыя вячыстымі*, падобныя да цяперашніх нотарыальных, у якія запісываліся так званыя акты добрай волі, такжа маніфэсты**, г.знача, пратэсты проці ўчынённых крыўд, жалабы на ўласьць і безпраўныя паступкі ўрадоўцаў. Калі ў замку не было мураванага склепу, то гродзкія кнігі пераховывалі ў мураваных сьвятынях або манастырох. Грод быў сялібай уласьці судова-крымінальнай, паліцэйскай і выконуючай.

Да гродзкіх урадоўцаў належалі ешчэ: каморнік (землемер), паветовы пісар і мытнікі тарговыя. Служба замковая складалася з ключніка, возьніка і паліцэйскіх, якіх называлі драбамі і ўжывалі да лавеньня праступнікаў і пілнаваньня іх у вязьніцы.

ГРУНВАЛЬДЗКАЯ БІТВА

У 1398 г. В[ялікі] Кн[язь] Вітоўт пагадзіўся з крыжакамі, адступаючы ім на вечныя часы Жмудзь і нават сам угаварыў жмудзіноў да «прытворнай і можэ быць часовай пакорнасьці ордэну». У гэтым здарэньні Вітоўт пацьверджаў даравізну, зробленую крыжакам Ягайлам ешчэ ў 1382 г., калі Ягайла баяўся нападу з іх стараны дзеля помачы ўцекшаму да іх Вітоўту, падкупіў крыжакаў, даровываючы ім Жмудзь. У 1410 г. Жмудзь паўстала супроціў крыжакаў. На нарадзе, адбыўшайся паміж Вітоўтам і Ягайлам у Бярэсьці, уложан быў план паходу, і ў 1410 г. войскі выступілі ў паход.

«Того жэ лета бысть побоище Королю Ягайлу Ольгердовичу, нареченному Владиславу и Великому Князю Литовскому Витофту Кестутьевичу с немцы прускімі, в землі іх пруской меж городов Дубравна и Острода, Кумендера и Кундера побиша и всю силу их немецкую одолеша и грады их немецкія поимаша, токмо три града не вдашася Королю и Витофту». Так апаведае адна з нашых летапісей аб бітве каля Дубраўны, цяперашняга нямецкага Грунфэльда.

У гэты на вечныя часы памятны дзень войскі Вял. Кн. Літоўска-Беларускага і каралеўства Польскага, пад галоўнай камандай Вітоўта сыйшліся з крыжакамі на полю бітвы. У немцоў было да 85.000 добра навыторанага войска з вялікім лікам гармат, са стараны аб’еднаных дзержаў налічаюць да 140.000 (Палякаў — 50.000, Беларусаў і Ўкраінцаў 50.000, Літвіноў і Жмудзіноў 8.000 і да 40.000 татароў). Захаваліся названьня палкоў, выступаўшых са стараны В[ялікага] Кн[язя] Літоўска-Беларускага. БЕЛАРУСКІЯ — Мсьціслаўскі князя Лугвенія Ольгердовіча, 1, 2, 3 смаленскія, берасьцейскі, вітэбскі, гродзенскі, дрогічынскі, лідзкі, мельнікаўскі, новагрудзкі, пінскі, полацкі Сьв. Юрья і віленскі. УКРАІНСКІЯ — кіеўскі, крэмянецкі, галіцкі, люблінскі, львоўскі, перамышльскі, 1, 2 і 3 падольскія і ноўгарад-северскі Князя Жыгімонта Дзмітрэвіча Корыбута. ЛІТОЎСКІЯ — ковенскі, медніцкі, троцкі, вілкавыскі. Падробнасьці бітвы мала вядомы. Устаноўлена, што з агромным упорствам і мужствам біліся праціўнікі. Морэ крыві было праліта ў гэты дзень. Больш 40.000 немцоў пакрылі сваімі трупамі зямлю. Апісваючы бітву, польскі гісторык Длугош аддае дань пашаны смаленскім беларускім палкам: у гэты дзень адно толькі рыцарства смаленскае пры сваіх харугвях цьверда стаяло і не падавалося назад. У аднэй з харугвей большасьць пала пад мечамі, сьцяг яе быў зьбіты, дзьве другія харугві біліся як належыць праўдзівым рыцарам. Гэты тры палкі пакрылі сябе і ўсё войска славай. Перамога над крыжакамі была поўная. Патужнасьць крыжацкая была зломлена. Бітва была 14—15 ліпня.

ГЭТМАН (I)

Слова «гэтман» запазычанае ад немцоў, бо па нямецку галоўны даводца называўся «гаўптман». Стараславянская назова — воевода, — той, хто водзіць воеў. Кожды з нашых старадаўных князёў сам быў воеводам, бо заўсёды сам даводзіў войскам. Урад гэтмана ўтварыўся ў нас у канцы ХV сталецьця. Гэтманы былі некалькіх ступеней: першую, вышэйшую ступень, становіў вялікі гэтман, або найвысшы Гэтман Вялікага Князства Беларуска-Літоўскага. Найвысшы гэтман быў вярхоўным начальнікам усіх войск, сабраных на вайну, яму падлегалі ўсе другія гэтманы. За вялікім гэтманам наступаў дворны гэтман, галоўны начальнік наёмных войск гаспадарскага двара. За дворным ішлі гэтманы аддзельных корпусаў, урэшце былі ешчэ польныя, або напольныя, гэтманы, камандаваўшыя войскамі на полі бітвы, падлеглыя вялікаму гэтману, так сказаць — віцэ-гэтманы, камандуючыя войскамі.

Урад найвысшага або вялікага гэтмана заўсёды даваўся людзям заслужаным і вядомым, і гэты ўрад злучаўся зазвычай з другімі важнымі і даходнымі ўрадамі; гэтак, напрыклад: вялікі гэтман князь Канстантын Астрожскі ў 1505 гаду быў ешчэ, акром таго, старастам Луцкім і маршалкам Валынскай зямлі, а ў 1511 гаду ён жа быў ешчэ старастам Браслаўскім і Вісьліцкім. Або ў 1534 гаду Юры Радзівіл быў панам Віленскім, найвысшым гэтманам, старастам Гарадзенскім, маршалкам дворным і дзержаўцам Лідзкім і Беліцкім. Найвысшы гэтман у ваенны час і ў краю занятым войскам карыстаўся поўнай, безапэляціоннай уласьцю, як у стасунку да войска, так і ў стасунку да жыхароў і нават кіраўнікоў правінцыямі, дзе знаходзілося войска; загады гэтмана павінны былі выпаўняцца безадмоўна ўсімі, як загады самога гаспадара, і непаслушнасьць гэткім загадам каралася як не выпаўненьне гаспадаравай волі. Так што найвысшы гэтман карыстаўся бязмала дыктатарскай уладай у ваенны час у краю, занятым войскамі. У грамаце 1517 году, пасланай Вольмарскаму старасьце князю Александру Палубенскаму і ўсім старастам і дзержаўцам замкоў арцыбіскупства Рыжскага, сказана: «Даем вам ведаці, іж атправілі есьмо старасту Жамойдзкаго маршалка В[ялікага] Кн[яства] Літоўскага, п. Яна Ходкевіча до землі Ліфляндзкай, і зьлецілі яму есьмо ўсю справу, моц і ўладнасьць і гэтманства зямлі Ліфляндзкай, так жа і вамі людзьмі служэбнымі радзіці і правіці і непрыяцелям граніц атпор чыніці, укрыўджэным падданым справядлівасьць дзеяці, і служэбных прыймаці ў службу і ім прыповедаці, і ўсякія рэчы водлуг зданья яго Міласьці справаваці. І вы бы о тым ведалі, і яго міласьць, яко высокага роду нашага і спраўцу тэй зямлі Ліфляндзкай галоўнага, і гэтмана нашага ва ўсякай учцівасьці мелі, і ўсякае паслушэнства к яго міласьці чынілі».

Гэтман, як галоўны начальнік паходнага войска, ведаў і спраўляў увесь паход па свайму адуму, пасылаў ад сябе воеводаў сачыць ворага і атрымліваў весьці як ад воеводаў, так і ад усіх парубежных дзержаўцаў і ўрадоўцаў. Напрыклад, у грамаце 1534 году ад Зыгмунда да гэтмана Радзівіла сказана: «твоя міласьць пішэт да нас, што ты сьперша атправіў было к Быхаву воеводу Кіеўскага пана Андрэя Якубавіча Неміровіча, і канюшага нашага дворнага пана Васіля Багданавіча Чыжа з перэдавымі людзьмі: а калі ўчыніў гэты загад, то к тваёй міласьці была прынесена весьць ад дзержаўцы Мсьціслаўскага, Юрья Юрьевіча Зіноўевіча, што маскоўскія людзі прышлі к Смаленску». Гэтман, як галоўны начальнік войска, быў у той самы час і галоўным судзьдзёй вайсковых людзей, падлеглых яму, і карыстаўся судовымі зборамі. Да яго ішлі ўсе жалабы на вайсковых людзей, і ён меў права засуджаць на сьмерць. У акружнай грамаце 1507 году правы гэтмана апісаны гэтак: «хто бы з вайсковых стаў браць сілай у каго небудзь, не заплаціўшы належнай цаны, таго пан гэтман мае права караць паіманьнем (арэштам), а хто бы каго аграбіў, таго павесіць; хто на каго падыйме корд (меч), у таго атсеч руку, а хто каго раніць, у таго атсеч галаву. Калі бы хто знайшоў і ўтрымаў у сябе, а не данес гэтману, а будзе знаходка даражэй паўкапы, то такога на шыбеніцу. А хто з пчеламі древа пасячэ, таго такжа на шыбеніцу, а хто выдзерэць пчолы, то заплаціць поўкапы, а пану гэтману віны поўкапы грошэй. Такжа калі ў корчміта мёд крадзены знойдуць, таго корчміта выслаць з войска, а пан гэтман пакарае віной (штрафам) па заслузе. А хто бы пайшоў ад войска дамоў і яго на тым зловяць, таго на шыбеніцу. Прыказуем, каб гэтману нашаму былі ва ўсім паслушны, бо мы вялелі яму паслушных чтіць, а непаслушных караць, ня менш як мы пан гаспадар, па яго заслузе».

Дворны гэтман як галоўны начальнік войск, знаходзячыхся на пэнсыі ў гаспадара, у стасунку да гэтых войск меў тую ж уладу і тыя ж правы, як вялікі гэтман у стасунку да войск Вялікага Княжства Беларуска-Літоўскага. Гэтак у грамаце дворнаму гэтману Крыштапу Радзівілу 1577 году сказана: «прыказуем табе, каб твая міласьць у належнасьці ўраду тваяго дворнага гэтманства да тое службы і патрэбы нашай гаспадарскай земскай, люд служэбны, рыцарства, па пенезі скарбу нашага прыймаў і спасобіў, і зьвёў усяго почту людзей служэбных, 1.500 коней ездных па гусарску і па казацку, так як тваей міласьці відзець будзецца, і пад тым парадкам, як есьмо табе дастойную навуку далі». Дворны гэтман у часе вайны падлегаў галоўнаму гэтману. Гэтманы паасобных корпусаў мелі тую ж уладу і тыя ж правы над даручаным ім войскам і над краем, дзе ім прыходзілася выступаць, як і вялікі гэтман. Гэткіх гэтманоў магло быць па некулькі, нават у адным мейсцы, але яны падлегалі галоўнаму гэтману, як толькі той уступаў у даную мейсцовасьць, дзе былі корпусы паасобных гэтманоў.

Польны гэтман па свайму значэньню быў ніжэй усіх папярэдніх гэтманоў. Пры праўдзівых гэтманах ён паступаў пад іх начальства і перадаваў ім свае поўнамочча. Пры праўдзівым гэтмане польны гэтман быў яго заступнікам. Калі праўдзівы гэтман быў забіты, або крэпка ранены, або пападаўся ў няволю, то польны гэтман прыймаў яго каманду і на час уступаў у яго правы і абавязкі.

ГЭТМАН (II)

Слова гэта запазычана ад немцаў. Па-нямецку галоўны даводца зваўся «гаўптман», — з гэтага чэхі зрабілі «гэтман», украінцы «атаман», а мы запазычылі ад палякоў «гэтман». Старая беларуская назова «воевода», той што воеў водзіць. Кажды з нашых старадаўніх князёў сам быў воеводам, бо сам заўсёды даводзіў войскам. Калі беларускія князьствы аб’едналіся з Літвой, то вялікія князі сталі садзіць сваіх воеводаў па князьствах. Такім парадкам воеводаў намножылася, дык галоўнага кіраўніка вайскамі ўсёй дзяржавы сталі называць гэтманам. Першы Вялікі гэтман устаноўлены Зыгмунтам I у 1512 гаду. Дзеля частых воен аказалася патрэба ўстанавіць другі вайсковы ўрад гэтмана польнага. Вялікі гэтман быў вайсковым міністрам, польны гэтман — галоўнакамандуючым.

ГЭТМАНСКІЯ АРТЫКУЛЫ*

Гэтманы Вялікага Князства Літоўска-Беларускага ўстанаўлялі і апавешчалі артыкулы (параграфы) права для войска, якія насілі назову «Артыкулаў гэтманскіх». Гэткія паасобныя артыкулы, выдаваныя рознымі гэтманамі, былі за Зыгмунтам III […] сабраны, упарадкаваны і дапоўнены, а ў 1609 гаду пацьвержэны сэймам. Кніга складаецца з двох часьцей. Першая часьць у 33 артыкулах выкладае павіннасьці войска ў часе палявой службы, — другая ў 37 артыкулах абгаварывае абозны парадак паходу і бітву. Экзэмпляр такога беларускага вайсковага статуту пераховываецца ў Петраградзкай публічнай Бібліотэцы. Кніга носіць загаловак «Аб падгатаўленьні рэчаў к вайне патрэбных». Пісана скорапісьсю на 90 лістах.

«Военный Журналъ» № 4, 1853 году, апісываючы гэты рукапіс, нарэкае, што ў гэтым беларускім вайсковым статуце гаспадарская і адміністратыўная часткі зьмешаны з часьцю тактычнай. Знаўцы вайсковай справы аднагалосна, аднак, высказываюцца за тое, што статут гэты ў свой час меў высокую вартасьць як адзін з першых вайсковых статутаў у славяншчыне, а ў цяперашні час яўляецца вельмі цэнным памятнікам высокага разьвіцьця вайсковай тэхнікі ў беларусоў ужо ў ХVII сталецьці.

Статут забараняе паедынкі паміж вайсковымі, паясьняючы, «бо жаўнер мае быці мужны супроць непрыяцелеві*, а ня супроць свайго таварыша».

ДВАРАНЕ ГРОДЗКІЯ, АБО ГАРАДЗКІЯ

Трэцьцім, па старшэнству, станам у старой Беларусі, як сьведчыць устаўная полацкая грамата 1465 г., былі дваране гродзкія. Калі ўтварыўся гэты стан беларускага грамадзянства, мы на гэта не маемо бязпосярэдніх сьведзтваў. Але калі прыняць беларускіх гродзкіх двараноў за адно з ноўгародзкімі грыднямі, то трэба дапусьціць, што гэты стан быў адзін са старадаўных, утварыўшыхся ешчэ пры Рагвалодавічах. Гэта былі служылыя людзі, якія мелі ў местох свае землі, дадзеныя ім за службу вечам на асабістым праве, а не на грамадзкім, а дзеля гэтага яны ешчэ насілі назову сваеземцаў. Паводле ўстаўнай граматы, дваране былі сябрамі местовай грамады і прыймалі ўдзел у справах местовага справаваньня і на соймах, як гэта сказана ў грамаце: «а без баяр мешчанам і дваранам гродзкім і паспольству соймоў не надобе чыніць». А што гродзкія дваране мелі свае землі ў паветах, аб гэтым сьведчыць грамата В[ялікага] Кн[язя] Александра, дадзеная Полацку ў 1497 г., у якой сказана: «яго міласьць ацец наш кароль Казімір дазволіў мешчанам полацкім і дваранам гродзкім і волосным людзем у тых рэках, што ў іх землях, рэкі гонныя, бабры ганіці і лавіці ім самім на сябе, і плаціць за гэта штогодна па дзьвесьці рублей грошай літоўскіх шырокіх». Паводле ўстаўнай граматы, дадзенай Полацку ў 1499 г. , аб абавязках гродзкіх двараноў сказана, што яны павінны праводзіць гаспадарскіх паслоў, у другой грамаце напісана: «А калі мы пашлем пасла нашага або намесьнік полацкі па нашаму прыказаньню да Ноўгарада, да Пскова, да Лук або да Рыгі о земскіх дзелах абідных (паедзе), тады путнікі павінны даваць паслам коней, а дваране гродзкія езьдзіць з імі па даўнаму абычаю».

Дваране гродзкія, гэта праўдападобна, быў перажытак колішніх княжых дружыньнікоў, якія заўсёды знаходзіліся пры князю, а пазьней пры гродзе або замку і перэтварыліся ў служэбных гродзкіх людзей. У аднэй грамаце 1501 г. гродзкія дваране выступаюць ужо пад імем гродзкіх землян, і на іх ускладаецца павіннасьць пачародна справоваць варту ў гродзе.

ДЗЕРЖАЎЦЫ

Пад імем дзержаўцы разумеўся кожды кіраўнік правінцыяй, быў гэта воевода, стараста ці які іншы высокі дастойнік; але былі і такія спраўцы кругаколіц, якія не зьяўляліся ні старастамі, ні воеводамі, і называліся толькі дзержаўцамі. Яны часам мелі блізка тыя ж правы і абавязкі, як воеводы і старасты і лічыліся самаістымі спраўцамі сваіх кругаколіц, толькі ў дзержаўнай ерархіі яны былі ніжэй воевод і стараст. Паводле 33 артыкула VI радзела Статуту 1529 году, дзержаўцы не мелі права судзіць шляхту і баяроў, ні пасылаць за імі дзецкіх. У статуце сказана: «дзержаўцы, якія нідаўна названы дзержаўцамі, а перш называліся цівунамі, ня маюць права шляхты і баяроў нашых судзіць і дзецкіх сваіх па іх пасылаць, яны падлегаюць суду воеводаў, маршалкоў нашых земскіх і дворных, і стараст». Акром гэтага важнага абмежаньня у судох, кругаколіцы, даручаныя дзержаўцам, былі толькі часьцямі старостваў і воеводзтваў. Дзержавы дзяліліся: на дзержавы на землях гаспадаровых або дворных і на дзержавы у кругаколіцах земскіх; дзержаўцы ў першых былі ўласьціве цівунамі гаспадаравымі, упраўляўшымі яго маетнасьцямі, і толькі перад выпускам першага літоўскага статуту былі названы дзержаўцамі; яны рожніліся тым, што спраўлялі дварамі гаспадаравымі, а цівуны спраўлялі валасьцямі. Дзержавы другога парадку пераважна раздаваліся сябрам рады і другім высокім дастойнікам ня гэтулькі дзеля справаваньня імі, сколькі дзеля атрыманьня даходаў. Былі такжа дзержаўцы ў земскіх местох і кругаколіцах, якія жылі ў дадзеных ім дзержавах і спраўлялі імі самі, як старасты сваімі паветамі.

ДРУКАРНІ БЕЛАРУСКІЯ

Першыя ў сьвеце дзьве славянскія кнігі, друкаваныя кірыліцай, Осьмігласьнік і Часасловец былі надрукаваны ў Кракаве ў друкарні Швайпальта (Сьвятаполка) Фіоля. На канцы гэтых кніг, пад гэрбам места Кракава, маецца напіс: «Доконана бысть ся кніга въ велікім граде въ Кракове, прі державе велікого короля Польского Казіміра і доконана бысть мешчаніном краковскім Швайпольтом Феол із Немец немецкого роду Франк і скончена по Божіем нарожэньем 1490».

Гэтага ж самага году выйшоў у Кракаве ў таго ж Фіоля Часасловец, або кніга канонічных гадзін, пры каторым бывае заўсёды і псалтыр.

Ад часоў Фіоля да Скарыны сьледоў славянскіх друкарэнь нідзе не знаходзім. Толькі ў 1517 г. Скарына пачаў у Празе Чэскай друкаваць свае беларускія пераклады Бібліі. Здаецца, адтуль прывез ён у Вільню кірыліцкія дручкі і тут, у доме Бабіча, выдаў у 1525 г. Апостал. Гэта есьць першая кніга друкаваная ў Вільні.

Пасьля Скарыны залажылі ў Вільні друкарню Мамоніча. Мамонічоў было трох — Лукаш, падскарбій Вялікага Князства Літоўскага-Беларускага, і стараста Дзісенскі Кузьма, у 1600 г. бурмістр Віленскі, і Лявон, друкар княжэцкі і каралеўскі. Друкарня Мамонічоў працавала ад 1576 г. да 1617. У Мамонічоў быў надрукаваны і трэцьці Статут Вялікага Князства Літоўска-Беларускага. Акром статуту, выйшлі з гэтай друкарні: 1) Псалтыр, 1575 г.: «павінуйся вашому повеленью мілостивый Пане Скарбный і Пане Зіновіц Зарецкі», а значэ, друкаваны па загаду Лукаша Мамоніча і Зіновіча — Зарэцкага.

2) Апостол, 1591 г.

3) Псалтыр, 1593 г. у Лукаша і Казьмы Мамонічоў.

4) Молітвы павседневныя, 1596 г. Пасьвята князю Соламерэцкаму.

5) Евангеліе толковое, 1595 г.

6) Евангеліе напрестольное. Коштам Лукаша Мамоніча ў яго тыпографіі, 1595 г.

7) Часасловец, 1601 г.

8) Служэбнік, 1607 г.

9) Служэбнік 1617 г. Коштам Льва Сапегі, канцлера Вялікага Князства Літоўскага.

10) Часаслоў, 1617 г.

Каля 1621 г. Мамонічоўская друкарня спыняецца, а замест яе паяўляецца стаўропічіальная друкарня пры Сьвята-Духоўскім віленскім манастыры, каторая пачала працаваць ад 1596 г. З гэтай друкарні выйшлі: 1) Псаломніца, 1596 г.

2) Вертоград душевный. Твор і стараньне інака Фікарья Сьвятагорца, 1620 г.

3) Новый Завет с Псалтырью, вновь переведеный брацтвом віленскаго общаго житія монастыря Сьв. Духа; 1623 г.

4) Беседы духовныя преподобнаго отца нашаго Макарія егіпецкаго. Переведеный з греческаго інакамі монастыря Сьв. Духа, 1627 г.

5) Служэбнік, 1639.

6) Новый завет, 1641.

7) У 1778 г. выдалі тут стараверы Псалтырь.

Ад 1627 г. манахі Сьв. Духаўскага манастыра друкуюць свае кнігі, найчасьцей па польску, ня толькі полемічныя, але і літургічныя.

У процівагу Сьв. Духаўскаму праваслаўнаму манастыру, уніяцкі Сьв. Троіцкі віленскі манастыр заводзіць сваю друкарню, у каторай друкуюць літургічныя кнігі для уніяцкіх цэрквей. Сьв. Троіцкая друкарня фундавана была ў пачатку XVII ст. Друкоў гэтай друкарні захавалася незвычайне мала.

Вядомы:

1) Служэбнік, друкаваны перад 1642 г.

2) Літургікон се ест Служэбнік, з рысункам Тарасевіча, 1692 г.

3) Наука о семі сакрамэнтах, бэз году.

У канцы XVII ст. і гэта друкарня пераходзіць на друкаваньне сваіх кніжак у мове польскай.

У 1562 г. Сымон Будны і браты Кавэчынскія коштам Астафея Валовіча залажылі друкарню ў Несьвежы. Выйшлі:

1) Катэхізіс то ест наука старадаўна сьвятого пісьма, 1562 г.

У прадмове да гэтага катэхізісу Будны, пасьвячаючы кніжку Радзівілам, кажэ: «займаючыся загранічнымі мовамі, продкі вашы не забывалі сваёй даўнай і слаўнай мовы...»

У тэй жа кнізе, зьвертаючыся да патрыарха Андрыана, кажэ аб прычынах, пабудзіўшых надрукаваць катэхэзіс, і «дзеля таго, што вучні Марціна Лютра, аткрыўшы пісьмо славянскае акуратнае, чыстае і пераклаўшы довады сваіх лжывых мысьлей на чысты славянскі дыалект, друкам іх апавешчаюць і на сьвет выносяць».

Гэты катэхізм Буднага быў у 1628 г. перадрукаваны ў Штокгольме.

2) О оправданіі грэшного чоловека перад Богом, 1562 г.

Друкарня кн. Астрожскага ў Астрагу на Валыні выдавала кнігі беларускія, між іншымі: Дземьяна Налівайкі, старшага брата козака Налівайкі, пераклад лістоў Яна Златоустага ў 1607 г.

У канцы XVI ст. уцёк з Масквы друкар Іван Федоровъ і ў Грыгора Ходкевіча ў Заблудове надрукаваў «Учительное Евангеліе» 1568 г. і між 1568 і 1569 гг. псалтыр.

У Магілеве выйшлі:

1) Служэбнік, 1616 г.

2) Собраніе поучітельных слов, говореных Грігоріем епіскопом Могілевскім, 1761 г.

3) і 4) Псалтырь 1704 і 1705 гг. 5) Псалтыр 1710 г. для старавераў.

Почаеўская друкарня друкавала і беларускія кнігі.

У Рахмянаве, маетнасьці княгіні Вішневецкай Міхайлавай, надрукавана «Евангеліе учительное», 1619 г.

У Еўю, пад Вільняй выданы:

1) Зерцало Мірозрительно, 1612 г.

2) Евангеліе учительное, 1616 г.

3) Граматыка славенская Сматрыцкага, 1619 г.

4) Кніга Новаго завета, коштам кн. Огінскага, 1611 г., перэдрукавана ў 1635, 1638 і 1642 гг.

Каля Оршы ў Кутэйскім манастыры выйшоў Новый завет у 1632 г.

У 1646 г. зьяўляецца друкарня ў Чарнігаве і ў Клімавічах. У канцы XVII ст. Чарнігаўская друкарня была перанесена ў Ноўгарад-Северскі.

У Горадні выйшлі:

1) Венец Христов с проповедей недельных. Твор Антонія Радзівілоўскага, 1735 г.

2) Поученіе Сьв. Іоана Златоустага, 1798 г.

У Супрасьлі каля Беластоку:

1) Собраніе припадков краткое і духовным особам потребное, 1722 г.

2) Буквар языка словенскага, 1761 г.

3) Біблія, 1743 г.

Між 1745 і 1806 годам тут друкавалі сабе многа кніг стараверы.

У Полацку раней 1560-х гг. істнавала друкарня. Кнігі з гэтай друкарні вельмі рэдкіе. Вядома:

1) О муце Хрыстовой і о Юдзе бывшым прыдацелем Господа нашаго Іісуса Христа.

У Рыме абаснована была беларуская друкарня, выйшлі з яе: 1) О направе календара, 1598 г.

2) Вызнанье вери правдивой. Па-беларуску і па лаціне.

Даны агляд друкарэнь і друкоў беларускіх ня ёсьць поўны. Цікавячыхся спецыяльна гэтай справай адсылаю да спэцыальных, навейшых прац па славянскай бібліографіі.

ЖЫДЫ Ў БЕЛАРУСІ

Жыды на беларускіх землях яўляюцца старадаўнымі жыхарамі. Ужо ў канцы XІV сталецьця істнуюць жыдоўскія кагалы ў Бярэсьці, Горадні, Троках. Вялікі князь Вітоўт у 1388 г. даў жыдам прывілей, якім абясьпечалось іх цывільнае палажэньне ў дзяржаве. Паводле прывілея Казіміра Ягайлавіча ў 1441 г., троцкія жыды атрымалі майборскае права, зраўнаньне ў правох з хрысьціянамі, акром таго, свой аўтаномны суд. У XV сталецьці жыды мелі вялікае значэньне ў Літве, як аткупшчыкі і фінансавыя агэнты ўраду. У 1495 г. урад змяніў сваю палітыку ў стасунку да жыдоў. Вялікі князь Александр, як думаюць з прычыны жаданьня конфіскаваць жыдоўскія пазыкі ўраду, пастанавіў: «жыдоў зямлі нашай вон выбіці». Выгнаныя жыды ўцяклі ў Польшчу, Кафу і Константынопаль. Маетнасьць жыдоў была сканфіскавана. Часьць маетнасьці перэшла ў рукі паасобных людзей і ўстаноў. У 1503 г. жыдам было пазволена вярнуцца назад у Літву. Жыды атрымалі назад сваю маетнасьць. У 1507 г. Зыгмунд І-шы пацьвердзіў старыя прывілеі жыдам, каторыя былі ўпісаны ў стары, 1529 г., Літоўскі статут.

Дзякуючы прывілеям эканамічнае палажэньне ў дзяржаве вельмі ўзмацавалася. Жыды ўзялі ў арэнду ад дзяржавы мэньніцу (манэтны двор), тамажні і нават выбіраньне ад грамадзян дзяржаўных падаткаў. Шляхта была нездаволяна ўзмацаваньнем жыдоў. У 1559 г. на сойме шляхта выступіла з жаданьнем, каб арэндатары дзяржаўных рэгалій былі хрысьціяне. Аднак непрыхільнае аднашэньне дробнай шляхты была адваротным да стасунку магнатаў да жыдоў. Магнаты шырока карысталіся крэдытам у жыдоўскіх капіталістаў і заўсёды станавіліся на абарону апошніх. Галоўна, наплыў жыдоў у Беларусь быў пасьля 1648 г. у зьвязку з жыдоўскімі пагромамі на Ўкраіне. У адміністратыўным аднашэньні жыдоўства дзялілася на Беларускую сынагогу і на кругаколіцы: Менскую, Мсьціслаўскую*, Слонімскую, Берасьцейскую, Горадзенскую, Пінскую і Слуцкую. Гарады Вімень і Полацак станавілі асобныя адміністратыўныя адзінкі. Жыды карысталіся поўнай рэлігійнай нацыанальнай аўтаноміяй, упраўляліся зьездамі кагалаў.

ІНСТРУКЦЫІ СОЙМІКОВЫЯ

Найнавейшы нашых часоў лёзунг: «уся ўласьць на мейсцох» — быў поўнасьцю здзейсьнены ў старай Беларусі. Беларускія ваеводзтвы і землі карысталіся шырокай правапастаноўляючай аўтаноміяй. Кажды воеводскі, а нават паветовы соймік мог устанаўляць для сябе права. У справах агульна-дзержаўных мог пастанаўляць толькі агульна-дзяржаўны сойм. Пастановы правінцыальных соймікоў называліся інструкцыямі. Інструкцыі, выдаваныя соймікамі, бывалі вельмі карыстны дзеля дапасаваньня агульна-дзержаўных законаў да мейсцовых варункаў. У сягоняшнія часы інструкцыі становяць вельмі цэнны матэрыял да гісторыі ўнутраннага жыцьця Беларусі. Некаторыя інструкцыі ўпісываліся ў гродзкіе кнігі, іншыя даваліся паслом на сойм. У часы, калі газэт ня было, інструкцыі былі адбіцьцем грамадзянскага настраеньня, і з гэтай стараны былі вельмі цэнны для цэнтральных дзяржаўных устаноў.

ІНСТЫГАТАР

Урад інстыгатара аналогічны з урадам сучаснага прокурора. Інстыгатар быў публічным абвініцелям, вартаўніком выпаўненьня правоў. Урад інстыгатарскі датуецца ад 1581 году. Інстыгатар называў пры абліцы суда дастойнікаў за невыпаўненьня імі дзяржаўнага права або за ўчынены ўшчэрб дзяржаўнаму скарбу. Выступаў з абвінавачэньнямі ў дзяржаўнай здрадзе і абразе маестату. Пэнсыя і[н]стыгатара была вельмі значнай: у пачатку ХVIII сталецьця выносіла 400 залатых у год. Вялікі Інстыгатар, або дзяржаўны, выпаўняў абавязкі міністра юстыцыі ў дзяржаве, на воеводствах і паветах былі віцэ-інстыгатары. Трыбунал Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага меў свайго асобнага інстыгатара, дзеля таго, што ў важных справах перад трыбуналам выступалі або віцэ-інстыгатары, або сам вялікі інстыгатар, то ўрад пры трыбунале зыйшоў да камісарства над трыбунальскай паліцыяй, падтрымліваўшай парадак на сэсыях трыбунальскіх і ў горадзе, дзе заседаў трыбунал.

ІНФАМІЯ, або Бязчэсьце

Кожды меў права да чэсьці, але хто дапусьціўся паступку нячэснага, траціў чэсьць і званы быў бязчэсны, ці, як даўней у нас казалі, інфамісам. Інфамія пацягала за сабой агранічэньне ў грамадзянскіх правох і навет выгнаньне з краю. Да спраў пацягаючых за сабой інфамію належалі: невыпаўненьне судовых пастаноў, перахоў злодзеяў, крадзежа, абмова па раз 4-ты, зафіксаваныя судом і т.п. А так жа, калі шляхціч, пасяліўшыся ў горадзе, займаўся таргоўлей ці шынкарствам. Паводле тагачасных паняцій, кожды шляхціч з права і абавязку належаў да рыцарскага брацтва, на гатовасьці каторага да абароны краю і ўменьня вайсковага рэмесла дзяржава апірала свой быт і сваю бязпечнасьць. Шляхта заступала ў армію. Дзеля гэтага перамена шляхцічам вайсковага рэмесла на таргоўлю разгледалася як дэзэртырства з вайсковых радоў.

ІСТБА

Істба — комната — пакой. Першапачатковыя хаты славянскіх народаў будаваліся з бярвеньня зьбітага гваздамі па вуглох. З чатырох сьцен атрымлівалося чатыравуглавое памешчэньне, каторае называлі «ізбоінай», «ізбой», памешчэньня бывалі халодныя і цёплыя; цёплыя атапліваліся; ад слова «тапіць» атрымалося назова цёплага памешчэньня «істба», «істоба», «істопка». Таксама як ад слова «клеціць» — будаваць, атрымалося слова «клець». З разьвіцьцём культуры і заможнасьці сталі будаваць большыя дамы, не ў адну «ізбоіну», «клетку» ці «істопку», а ў некалькі. Паявіліся і новыя назовы: «сьветліца», «бакоўка», а далей пайшлі назовы паводле назначэньня — пекарня, або варыўня, — дзе пяклі і варылі, чэлядная — дзе жыла чэлядзь, спальня — дзе спалі, страўня, або сталовая, — дзе сталаваліся — елі страву, гасьцінная — дзе прыймалі гасьцей. У замках былі і істобы — князеўскія соймовыя, сэнаторская, пасольская, судовая; пісарня; прымніца, або паслухальня, дзе прыймалі інтэрэсантаў; бавяльная, дзе адбываліся забавы.

У XVI ст. правадаўчая ўстанова Рада Вялікага Князства Літоўска-Беларускага распалася на дзьве палавіны: істобу сэнатарскую і істобу пасольскую. У першай засядалі князі, воеводы, гараднічыя, міністры і біскупы, у другой, выбраныя шляхтай, земскія паслы.

КАДУК

Маетнасьць без уласьніка і насьледнікаў называлася спусьцізнай, а пасьля пераходу да караля кадуком. У 1588 г. пастаноўлена, што калі не было пасьля памершага бліжэйшых крывічоў як у 8 пакаленьні, то пасьля году і 6 тыднеў спадак пераходзіў на караля. Крывічы, аднак, маглі і пазьней паісківаць яго. Спадак па бязьдзетных чужаземцах заўсёды пераходзіў на караля. Гэта матывавалася тым, што набытая маетнасьць не павінна была вывозіцца з краю. Каб абмежыць імпэт пануючых да такіх спадкаў, было забаронено соймам далучаць іх да каралеўскіх маетнасьцей і прызначэна раздаваць іх рыцарскаму стану за заслугі перад дзержавай. У 1778 г. пастаноўлена, што спусьцізны, 50 гадоў не даходжэныя, пазьней даходжэнымі быць ня могуць.

Кадуком даўней называлі такжа падучую хваробу: згэтуль пайшла лаянка «каб це кадук».

КАНЦЛЕР

Ад часу, калі на Беларусі пачалі пісаць, пры вечах і князёх бывалі за звычай пісары, якія пісалі лісты, умовы і загады ды прывешывалі да іх гаспадарскія печаткі. Найдаўнейшы беларускі дзяржаўны акт, з паміж захаваўшыхся дагэтуль, ёсьць смаленская тарговая ўмова 1228 году паміж беларускімі княжствамі — Смаленскам, Вітэбскам, Полацкам — і Рыгай. Канцлерскі ўрад у В[ялікім] К[нястве] Беларуска-Літоўскім быў першы пасьля гэтманскага. Першы раз урад канцлера ўпамінаецца ў грамаце Казіміра з 1450 году, да таго часу, і доўга ешчэ пазьней канцлеры называліся пісарамі. Канцлер, або пісар, быў адзін з першых дастойнікаў пры князю, у яго была вялікакняжая печаць, і праз яго рукі ішлі ўсе важнейшыя паперы, ад імені гаспадарскага ён быў такжа і сэкрэтаром рады гаспадарскай. У прывілеі, дадзеным Казімірам князю Боротынскаму, сказана: «А пры том былі рада наша: князь (ксёндз) Мікалай біскуп Віленскі, воевода Віленскі пан Iван Гатовт, маршалак земскі пан Петраш, пан Андрэй Саковіч, намесьнік полацкі; пан Міхайла, намесьнік смаленскі, канцлер наш і іныя панове ўсе старшыя». З канцлерскім урадам, як наагул з усімі вышэйшымі ўрадамі, былі злучаны другія павіннасьці, як важныя па свайму значэньню, так у той самы час і даходныя ўрады воеводаў, намесьнікаў і стараст. Гэтак канцлер Міхайла Кезгайлавіч у той самы час быў намесьнікам Смаленскім, а пазьней у 1460 году воеводам віленскім. З гэтага часу (1460 г.) воеводзтва Віленскае ўжо заўсёды злучалося з канцлерскім урадам. Пасьля Кезгайлавіча быў канцлерам і воеводам віленскім Алехна Судзімонтавіч, пасьля Алехны — Мікалай Радзівіл, пасьля быў канцлерам, воеводам Віленскім і старастам Бельскім і Мозырскім пан Альбрахт Гаштоўт. У 1547 гаду воевода Віленскі канцлер В.К.Л., дзержаўца Бабруйскі і Барысаўскі пан Ян Юр’евіч Глебавіч. У княжай радзе канцлер падпісываўся ў сьлед за біскупам Віленскім, значэ лічыўся другім пасьля біскупа сябром рады гаспадарскай. Усяго ў В.К.Л. было 22 канцлероў, з іх найвыдатнейшыя Леў князь Сапега, аўтар трэцяга статуту Літоўскага, Міхайла Радзівіліч, Станіслаў Шчука. Апошнім канцлерам быў Яхім Літавар Хрэптовіч — Канцэлярскі ўрад быў дажывотны. За Хрэптовіча, у канцы XVIII сталецьця, дзержаўная канцэлярыя В.К.Л. складалася з 16 асоб: 2 печатары, 2 сэкрэтары, 2 рэфэрэндары, 4 пісары, 2 рэгэнты, 2 печатныя сэкрэтары, 2 мэтрыканты. Акром гэтага чалавек 10 падпіскаў.

КАНЮШЫ

Спраўца стаень і стад у княжыя часы. Пры дварэ В[ялікіх] Князёў Беларуска-Літоўскіх канюшы быў адзін з важнейшых урадаў. Канюшыя былі земскія і дворныя. Канюшы земскі лічыўся вышэй дворнага. Акром таго, былі ешчэ канюшыя ў некаторых правінцыях; здаецца, што ўсе канюшыя лічыліся сябрамі рады гаспадарскай. Аб абавязках і прывілеях канюшых у дакумэнтах захавалася мала данных. У грамаце 1569 г. (Акты Зап. России. Т. II, № 54) спамінаецца аб даходах канюшага ў назначанай яму кругаколіцы: «каторы слуга, або чалавек княжы ці панскі або земянін заб’ець каго, то каб старасты і намесьнікі нашы, і маршалак земскі, і ключнік, і канюшы на іх галоўшчыны біралі».

КАШТЭЛЯН

Урад каштэляна даволі позны набытак у В[ялікім] Кн[ястве] Беларуска-Літоўскім; перасаджэн ён з Польшчы, дзе замкі з лацінскай называліся «кастэльлюм», а іх начальнікі «кастэлелянус». Як у нас у найдаўнейшыя часы называлі падобнага ўрадоўца даводных данных німа, праўдападобна звалі іх валадарамі і гараднічымі. Паводле крыніц першы раз каштэляны ўпамінаюцца ў першым статуце 1529 году: у 3-ім разьдзеле, у 4-ым артыкуле гэтага статуту сказана: «у кождым здарэньні мы нічым не уменьшаем папярэдніх урадаў воеводзтва Віленскага, воеводзтва Троцкага і іншых воеводзтваў і каштэлянаў і канцлерства і маршалства земскага і дворнага і старастваў». Хоць гэтая зьменка паказывае, што каштэляны былі вядомы і раней, але па ўсей праўдападобнасьці іх устанаўленьне ня многім папярэдзіло статут, бо ў ранейшых памятніках яны нідзе не ўпамінаюцца.

Каштэлян уласьціва быў камандант крэпасьці-гроду, або замку, безпасярэдны начальнік гарнізону, яму і павінны былі перэдаваць земскае войска харужыя.

Каштэляны былі толькі ў тых землях, якія спраўляліся воеводамі, напрыклад: ў Полацкай, Вітэбскай, Смаленскай, Новаградзкай, Падляскай, Берасьцейскай, Менскай, Мсьціслаўскай каштэляны былі памочнікамі воевод і ў іх нябытнасьць заступалі іх мейсцо. У службовай ерархі лічыліся вышэй стараст. Першым абавязкам каштэлянаў было глядзець за цэласьцю замкаў, быўшых у яго веданьні. Пасьля, як вайсковы начальнік, заведываў вайсковымі людзьмі, пераважна служылымі, але такжа на яго абавязку лежало зьбіраць ў паход шляхту і перэдаваць воеводзе. Да каштэляна Павла Сапегі ў 1567 гаду гаспадар піша: «назначаем зборнае мейсцэ ў Маладэчне, асобай сваёй конна і збройна з почтам сваім ездным і пешым, не адступаючы ад соймавай пастановы на азначаны тэрмін паспешаў да войска ў назначэнае зборнае место». Гэткім чынам за каштэлянам аставалося даводзтва сваім вайсковым аддзелам ня толькі на зборнае мейсцо, але і далей у часе вайны.

Але акром вайсковых спраў на павіннасьці каштэляна лежалі справы судовыя, іх зямельных справах. Каштэлян, падобна маршалку, быў высшым судзьдзёй, калі судзячыяся былі нездаволены падкаморскім судом. Аб каштэлянскіх даходах па дакумэнтах нічога няведама; здаецца, каштэляны атрымлівалі аплату з другіх урадаў, якія дадаваліся да каштэлянства.

КЛЮЧНІК

Першапачаткова быў дворным слугой князя, якому даручаліся ключы ад складоў. У гарадох ключнікамі называлі брамных, якія нанач замыкалі местскія брамы і пераховывалі ў сябе ключы. Але калі двор Вялікакняжы стаўся цэнтрам, куды імкнулася служылая арыстакрацыя, то і ўрад ключніка гаспадаравага стаўся важнай пасадай. Ужо на пачатку ХVI сталецьця ўрады ключнікаў даручаюцца знатным фаміліям. Але перамена грамадзянскага значэньня ключніка не зьмяніла характару іх ураду: яны асталіся даверэннымі асобамі ў гаспадара, каторым даручалося кіраўніцтва ў гаспадаравых маетнасьцях і местах; у местох земскіх ключнікі пераховывалі гаспадарскія даходы, да яго перэсылаліся ўсе дзержаўныя зборы з павету, і ён перэсылаў іх падскарбяму ў скарб.

КНЯЗЬ

Слова князь паходзіць ад «Кон». Кон у беларускай міфалогіі роўназначна грэцкаму Кронасу — богу часу. Князі выводзілі зазвычай пачатак сваіх родаў ад багоў. Патомкі якога-небудзь легендарнага харобра, узяўшыя ўладу над народам, лічылі сябе конязямі, князямі, што значыло — баговічамі. Гэтак мы бачым, што скандынаўскія, грэцкія, егіпецкія, асырыйскія і другія князі старасьвецкіх народаў зазвычай выводзяць сваё паходжаньне ад бязсьмертных багоў. Як ва ўсіх старых народаў, так было і ў славяноў. Гісторыя застае беларускіх князёў ужо пазбаўленымі божскага арэолу, аднак, відаць, вера ў тое, што толькі людзі, паходзячы ад баговічаў, могуць спраўляць народамі, была ешчэ жыва ў беларускім грамадзянстве, бо права быць выбранымі на справаньне, калі ня ўсей зямлёй, то войскам земскім, прызнавалося толькі за сваім князеўскім родам. Гэтым тлумачыцца, чаму палачане выбіралі князеў толькі з княжага роду, а не якога будзь іншага. Гэтым тлумачыцца такжа і тое, чаму пры ўсей вольнасьці і дэмократычнасьці адносіны да князёў свайго князёўскага роду вызначаюцца надзвычайнай прывязанасьцю ў палачан.

За многа сталецьцяў да легендарнага прызваньня Рурыка на Ноўгародзкае князство ў беларусоў упамінаюцца князі ў Полацку. Скандынаўскія сагі ўпамінаюць аб князю Полтасу, але першым гістарычным князем быў Рагвалод, аб каторым летапісец Нэстар кажэ: «бе бо Рогволод прішел із заморья, імяше власть свою в Полтеске, а тур в Турове, от него же і туровцы прозвашася». Чыста славянскае імя — Рогвалод, паказывае, што гэты князь ня быў чужаземцам-неславянінам, а прывязанасьць палачаноў да свайго княжага роду пацьверджае, што Рогвалод быў патомкам старадаўных мейсцовых князёў, аб каторых, можа, і хадзілі легенды за часоў Нэстэра, што яны, падобна Рурыкавічам, прыйшлі з заморья. Сам летапісец нідзе не гаворыць, каб Рогвалод заваеваў полацкую зямлю, то адгэтуль можна зрабіць вывад, што ён, як і шмат даўнейшы пратапляста туроўскіх князёў — Тур, — былі мейсцовымі роданачальнікамі прадаўнага, легендарнага паходжэньня. Пацьверджае гэту мысьль высока разьвітае народапраўства ў полацкай зямлі, чаго не магло бы быць, каб народ быў паднявольны, пад чужацкай уладай. Зь летапісей вядома, што ў 980 гаду кіеўскі князь Валадзімер з вялікім войскам ноўгародзкім і варажскім падступіў да Полацка, разьбіў Рагвалода, забіў яго сыноў, а дачку Рагнеду ўзяў сабе за жонку, пасьля, забіўшы брата Яраполка, умацаваўся ў Кіеві, і гэткім чынам Полацкая зямля, падобна, як раней смаленская, была ўключэна ў лік уладаньнеў Валадзімера Кіеўскага. Зрэшты, Валадзімер, здаецца, пакінуў Полацак спраўляцца вечам і нават не назначыў туды намесьніка, прынамсі летапісі не спамінаюць аб Валадзімеравых намесьніках у Полацку. Васемнадцаць гадоў трывала залежнасьць Полацкай зямлі ад Кіева. Каб зьвязаць усё ж такі полацкую зямлю з Кіевам, каторую, відаць, трудна было ўтрымаць у паняволеньні, Валадзімер аддае свайго малалетняга сына Ізяслава, пабудаваўшы яму асобны горад Ізяслаў (цяперашні Заслаў, каля Менска), маючы на ўвазе, што ў самым Полацку цяжка будзе жыць князю. Аднак полацкая земля ў Ізяславе бачыла патомка, унука Рогвалодавага. Ізяслаў разам з палачанамі ў першы чарод выдзеліў свае землі ад іншых валадзімеравых уладаньнеў у саўсім незалежную дзержаўную адзінку, якой яна заўсёды была раней. Па сьмерці Валадзімера, а пазьней Яраслава кіеўскіх на абшарах усходня-славянскіх вытварыліся тры незалежных дзержавы — Полацкая, Ноўгародзкая і Кіеўская. У Ноўгародзе і Кіеве княжылі Рурыкавічы, у Полацкай зямлі — Рагвалодавічы. Паміж патомкамі Яраслававымі і Рагвалодавымі была заўсёдная непрыязьнь, як сказана ў летапісі: «оттоле меч взімаюць Рогваложы ўнукі праціву Яраслаўліх унукаў». Зрэшта, гэты сказ летапісца гаварыць не аб варажнечы Рогваладавічаў да Яраславічаў, — якой запраўды не было, бо патомкі Рагвалода родніліся з патомкамі Яраслававымі, — а выражае запраўдную і заўсёдную варажнечу палачан з ноўгародцамі і кіеўцамі на грунце эканамічным і нацыональным.

Улада князя ў Полацку была другая, апасьля ўлады веча. Вечэ выбірало князя, вечэ і «паказывало яму пуць» (выганяло яго). Князь у Полацку мог княжыць толькі са згоды веча, гэта значэ ўсяго народу. Полацкі князь жыў нават ня ў Полацку, а каля Полацка ў Бельчыцах, дзе жыла і яго дружына, у самы Полацак князі толькі прыезджалі на час, — або на запрашэньне веча, або за сваімі справамі. Пад 1159 годам летапісь апаведае: «і пачалі палачане Расьціслава зваць лесьцю на братчыну да сьвятой Багародзіцы старой на Пятроў дзень, каб злавіць яго, ён жа, едучы да іх, апрануўся ў броню пад вопратку і не адважыліся на яго памкнуцца. На заўтрый дзень пачалі яго вабіць к сабе, кажучы: княжэ, прыедзь к нам, ёсьць нам з табою гутарка, прыедзь к нам у горад». Тут мы ясна бачым запрошэньне князя ў горад дзеля абгавораў на вечэ, грамадзяне кажуць: «ёсьць у нас з табой гутаркі». Далей летапісь апаведае, што князь, паведамлены дзецкім аб вечы ў горадзе і намеры схапіць яго, «і тут вярнуўся і, сабраўшыся з дружынай у Бельчыцах, адтуль пайшоў палком (вайной), грабячы і разьбіваючы да брата Валадара ў Менск». Значэ князь ня мог і думаць аб сапраціўленьні вечу і так быў слабы са сваей дружынай супроць волі веча, што, даведаўшыся аб непрыязнасьці веча, пасьпяшыў сабраць дружыну і ўцячы з Полацка ў больш бясьпечнае мейсцо.

Па сьмерці Ўсеслава Брачыслававіча, унука Ізяслававіча асталося сем сыноў: Раман, Давід, Барыс, Глеб, Сьвятаслаў, Рагвалод і Расьціслаў. Каторы з братоў быў старшы, няведама, але вядома, што па сьмерці айца браты перэсварыліся паміж сабой і пазбавілі валасьцей Давіда і Рамана. Абдзеленыя браты, не знайшоўшы прыпынку ў Полацкай зямлі, прымушаны былі бадзяцца па чужых землях. Давід знайшоў прыпынак у Смаленскага князя Валадзіміра Манамаха, з каторым у 1103 гаду хадзіў на полаўцаў, а на другі год ён перайшоў да Алега Сьвятаслававіча Чарнігаўскага і разам з ім і Манамахавым сынам Яраполкам хадзіў на Менск на свайго брата Глеба; мабыць, паход гэты быў зроблен дзеля здабыцьця воласьці Давыду, але паход кончыўся нічым. Дзе бадзяўся другі полацкі выгнанец, Раман, мы ня ведаем, ёсьць толькі вядомасьць, што ў 1114 гаду ён памёр у Разані. Тымчасам Манамах парадніўся з полацкім князям Барысам, выдаўшы замуж сваю ўнучку, дачку Мсьціслава, за Барысавага сына Брачыслава, ад Давыда ж саўсім аткараскаўся, як гэта можна бачыць з таго, што ў 1115 гаду Манамах, узяўшы ў палон і завёзшы ў Кіеў Менскага князя Глеба, менскае князство аддаў яго сынам: Росьціславу, Валадару і Ўсевалоду. Але Давыд, утраціўшы пратэктара ў Манамаху, знайшоў у Чарнігаўскіх князёў і пры іх помачы, а ешчэ больш здужаўшы знайсьці прыхільнасьць полацкага веча, выгнаў з Полацка брата свайго Барыса і сам стаўся полацкім князям. Гэтым пасьпяшыў скарыстацца Барысоў цесьць Мсьціслаў Валадзіміравіч, і, бытцым заступаючыся за Барыса, напаў з розных старон на полацкую зямлю і заняў некалькі полацкіх гарадоў. Палачане, бачучы бяду, пасьпяшылі выгнаць ад сябе Давыда і яго сыноў, уступілі ў перэгаворы з Мсьціславам, і пры помачы перэгавораў здалелі адкланіць паварот Барыса ў Полацак, відаць, будучы нечым нездаволены ім, здабыць згоду на выбар сабе ў князі пятага Ўсеславіча, Рогвалода. Але Мсьціслаў ня кончыў справы з полацкімі князямі на тым, што выгнаў Давыда, ён, здаецца, абавязаў усіх полацкіх князёў прызнаць над сабою ўласьць Кіеўскага князя на акрэсьленных варунках і калі полацкія князі ня выпаўнілі гэных варункаў, то на другі год (1128) ён паланіў іх і выслаў іх да швагра, грэцкага імпэратара, у Канстантынопаль, а ў Полацку і Менску пасадзіў князямі сваіх сыноў Ізяслава і Сьвятаполка. Барыс Усеслававіч жа памёр у 1129 гаду.

Гэткім чынам, на працягу 28 гадоў па сьмерці Ўсеслава, тры Ўсеслававічы і Раман, Глеб і Барыс, памёрлі; трое — Давыд, Расьціслаў і Сьвятаслаў — сасланы ў Канстантынопаль і ў той жа час трое — Барыс, Давыд і Рагвалод перэбывалі на полацкім пасадзе, адбіраючы яго пры помачы Кіеўскіх і Чарнігаўскіх князёў. І ў рэшце ўся полацкая земля была захоплена кіеўскімі Рурыкавічамі. Мы ня ведаем, на сколькі ва ўсіх гэтых пераменах было прычынна Полацкае вечэ, тым ня меней маюцца вядомасьці, што вечэ на гэтулькі зьвязывала самаістасьць і незалежнасьць Полацкай зямлі з Рагвалодавым родам, што нават пасьля Мсьціслававага разгрому, калі ўсё ўжо здавалося быць утрачэным, палачане ўсьлед па сьмерці Мсьціслава выгналі яго сыноў і іхніх пасаднікаў і недзе адшукалі Васілька Сьвятаслававіча, сына сасланага Сьвятаслава і пасадзілі яго князям у Полацку. Пасьля, калі праз дзесяць гадоў, вярнуліся іншыя князі са ссылкі, то і іх пасадзілі па гарадах і ўдзелах.

Князі, вярнуўшыся са ссылкі, па даўнаму не пакідалі паміж сабой сварыцца і вадзіцца; дружыць і радніцца з кіеўскімі і чарнігаўскімі князямі, наводзячы іх на сваю бацькаўшчыну. Гэтак у 1143 гаду Васілька Сьвятаслававіч Полацкі выдаў сваю дачку за Сьвятаслава, сына Ўсевалода Ольгавіча; а другі полацкі князь, Рагвалод Барысавіч, ажаніўся з дачкой Ізяслава Мсьціслававіча Перэяслаўскага. Пры гэткіх стасунках уплывы кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў — Рурыкавічоў на полацкія справы так узмагліся, што нават полацкае вечэ, каб падтрымаць свае пастановы, шукало ў іх падмогі і апекі. Гэтак у 1151 гаду палачане, саслаўшы ў Менск свайго князя Рагвалода Барысавіча і прыняўшы сабе ў князі Расьціслава Глебавіча, пазвалі сабе бацькам Сьвятаслава Ольгавіча, князя Ноўгарод-Северскага і цалавалі яму крыж на тым, каб быць у яго ў паслухмянасьці. Але Рагвалод здолеў уцячы з Менску і ў 1159 гаду пачаў сабе шукаць воласьці ў полацкіх уладаньнях. Маючы пры сабе дружыну Сьвятаслава Ольгавіча і засеўшы ў Слуцку, знасіўся з дручанамі і са сваёй партыяй у Полацку. Дручане і часьцю палачане падтрымалі яго і запрасілі ў Друцк, а княжыўшага там Глеба Расьціслававіча аграбілі і выгналі. Глеб уцёк да бацькі ў Полацак, падняў паміж палачаноў вялікі закалот; зрэшта, Расьціславу на першы раз удалося паладзіць з палачанамі, і ён з Усевалодам і Валадаром і са сваімі братамі Глебавічамі аблажыў Рагвалода ў Друцку, але, не ўзяўшы места, пагадзіўся з Рагвалодам і вярнуўся ў Полацак. Тым часам палачане не перэставалі тайна знасіцца з Рагвалодам і ўрэшце прымусілі Расьціслава ўцячы ў свой Менск, а Рагвалода прынялі ў Полацак. Умацаваўшыся ў Полацку, Рагвалод пры помачы Смаленскага князя Расьціслава Ўсеслававіча аблажыў Менск, трымаў яго ў аблозе дзесяць дзён і, не ўзяўшы места, пагадзіўся з Расьціславам. Але з Глебавічамі мір быў ня крэпкі, яны самі па сабе былі моцны, акром таго, яны мелі сільных і шчырых памочнікаў у Літвіноў, пры помачы якіх яны ізноў пачалі вайну з Рагвалодам, якая цягнулася да 1162 году і кончылася тым, што Рагвалод, разьбітый на галаву пад Гарадцом, ужо ня адважыўся вярнуцца ў Полацак, а ўцёк у Слуцак. Палачане ж выбралі сабе князям Усеслава Васількавіча, унука Сьвятаслава Ўсеслававіча, які быў зроднены са смаленскімі князямі.

Палачане, выбіраючы Ўсеслава, мелі на ўвазе атрымаць, калі будзе патрэба, чынную помач ад смаленскіх князёў: бо чэкалі нападу Глебавічоў менскіх, якія, разьбіўшы Рагвалода, маглі лёгка напасьць на Полацак пры дапамозе Літвы, — што запраўды і сталося. Спусьця пяць гадоў Валадар Глебавіч, напоўлітвін па спосабу жыцьця, у 1167 гаду напаў на Полацак, разьбіў Усеслава і саўсім бы заваладзеў Полацкам, каб не зьявіліся на падмогу смаленскія князі, каторыя прымусілі яго ўцячы ў Менск. Гэткім чынам палачане чаго спадзеваліся ад смаленскіх князёў, тоя і атрымалі, але затоя з гэтага часу полацкія князі самі ўзалежніліся ад Смаленска і сам Полацак праз гэта ўтраціў шмат са сваіх уплываў на другія землі полацкія: часьць гэтага ўплыву сьперша перашло на Менск — сталіцу Глебавічаў, да каторых цягнула Літва, а пасьля зь Менску гэта сіла ўплывоў перайшла на Навагрудак, дзе княжыў умацаваўшыся Міндаўг. Полацак жа, памалу трацячы сваё першае значэньне незалежнага цэнтру Беларусі, у пачатку ХIII сталецьця апынуўся ў залежнасьці ад смаленскіх князёў, так што ў 1230 гаду смаленскі князь Мсьціслаў Давыдавіч, заключаючы ўмову з Рыгай, уключыў у гэту ўмову Полацак і Вітэбск. Мінскія князі, прычыніўшыся да аслабаненьня Полацка, як і другія князі з роду Рагвалода, раздрабіліся або перамерлі і іх мейсцо заступілі сьперша Міндаўгавічы са сталіцай у Навагрудку, а пасьля Гедымінавічы са сталіцай у Вільні; але і тыя і другія як праўныя, па крыві, наступнікі Рагвалодавічаў.

Мэндаговічам і Гедымінавічам тым лягчэй было каля сябе зьбіраць беларускую зямлю, што Рагвалодавічы раздрабіліся і не маглі па асобку выяўляць сабой сілу, ды сталіся інструмэнтам інтрыг паміж чарнігаўскімі і смаленскімі князямі. А смаленскія і чарнігаўскія князі, сваручы паміж сабою Рагвалодавічоў, кіраваліся загарнуць пад сябе іхнія землі. Дзеля гэтага народ пачаў глядзець на сваіх князёў зь няверай, як на прызывачоў чужацкіх сіл дзеля разграбленьня Беларускіх зямель. Усё гэта ставіло Мэндаговічоў і Гедымінавічоў, апіраўшыхся на прастарыя полацкія калоніі ў Літве, у як ня трэба лепшае палажэньне, і народ на іх стаў глядзець як на абаронцаў сваей незалежнасьці ад Рурыкавічоў. Народ тым больш быў да іх прыхільны, што, будучы па крыві тымі ж Рагвалодавічамі, яны толькі выяўлялі сабой іншую галіну тых самых князёў. У самым краю ўсё аставалася па даўнаму: мова князёў была беларуская, у меншых удзелах сядзелі Рагвалодавічы; гэтак у Полацку ў 1246 гаду быў князем Брачыслаў, брат Усеслава Васільковіча; або ў Новагрудку ў 1235 гаду княжыў Ізяслаў, праўнук Глеба Ўсеслававіча Менскага, ці ўнук Валадара Глебавіча.

Астаючы на мейсцох усё па стараму, Гедымінавічы занялі саўсім іншае палажэньне ў стасунку да полацкага веча, чым іх ранейшыя папярэднікі, выбарныя полацкія князі: Рагвалодавічы ня мелі ў полацкай дзержаве сваей зямлі, і яны знаходзіліся ў простай залежнасьці ад веча. Мэндаговічы, наадварот, былі багатымі землеўласьнікамі ў Літоўскай зямлі і ня мелі патрэбы ставіць сябе ў залежнасьць ад полацкага веча. Яны былі абаронцамі незалежнасьці і самаістасьці полацкай і другіх беларускіх зямель, каторых ужо вечы самі абараніць не маглі і каторых ужо пачалі суседзі разрываць, і дзеля гэтага ў іх руках цэнтравалася вярхоўная ўласьць над усімі беларускімі землямі. Гэткім чынам, яны сталі вышэй сучаснага ім полацкага веча. З пашаны да Полацка, як мэтрополіі ўсей беларускай і літоўскай зямлі, — яны, замяніўшы сваёй уладай уладу полацкага веча, — ня толькі не сьцесьнялі Полацкага веча, але нават абярэгалі некаторыя даўныя правы Полацка. Гэта можна бачыць у ўстаўнай грамаце 1547 г., у якой Зыгмунт-Аўгуст між іншым пішэ: «особлівое ласкі нашае гаспадарскае ўсе добраволенства, лісты предков нашых деда дзядзі і айцы нашага, каралей і вялікіх князей іх мілосьцей, сім нашым лістом поцьверджаем Полоцку права вольныя хрестіянскія, добрыя справедлівыя і сім нашым прывілеем на вечныя часы даем... А палачанамі нам не дарыціся нікому...» (Акты З[ападной] Рос[сии]. Т. I. № 5).

КУПЦЫ

Другім, пасьля баяроў, станам у Беларусі былі купцы. Што купцы становілі другі стан пасьля баяроў, аб гэтым сьведчыць устаўная грамата Казіміра, даная Полацку ў 1456 гаду. У ей сказана, «што для перахову грамадзянскага скарбу павінны быць выбраны два чэлавекі ад баяроў, два чэлавекі ад мешчаноў, два чэлавекі ад дваран местскіх, два чэлавекі ад паспольства — і аддаць ім скрыню са скарбам пад чатырмя ключамі, пад баярскім, пад местскім, пад дваранскім і пад паспольскім. А каб баяры, мешчане і дваране местскія і ўсе паспольства ў згодзе межы сабою былі, а справы бы местскія ўсе пасполу справавалі па даўнаму абычаю». Ды гэта і не магло быць інакш. Полацак заўсёды быў адным з найбольшых тарговых мест у Беларусі, гэткім тарговым цэнтрам ён не перастаў быць і тады, калі Вялікакняжая сталіца была перанесена ў Вільню. Вольнай таргоўляй у Полацку даражылі і рыжскія немцы, як гэта сьведчаць многія дайшоўшыя да нас тарговыя ўмовы Рыгі з Полацкам. Сюды, у Полацак, схадзіліся тавары з Ноўгарада, Пскова, Смаленска, Кіева і Масквы, як гэта відаць з тых жа Рыжска-Полацкіх умоў, не кажучы ўжо аб таварах з Беларусі, для якіх Полацак быў галоўным рынкам. Пры гэткім значэньні Полацка ня можэ быць і мовы аб тым, каб стан купецкі ў Полацкай зямлі ня быў самы сільны і ўплывовы, пасьля стану баярскага.

Прыведзеная вышэй грамата В[ялікага] Кн[язя] Казіміра сьведчыць, што ў Полацку прыймалі ўдзел у грамадзянскім жыцьці побач з другімі станамі і купцы; гэта самае пацьверджаюць і ўсе ўгоды Полацка з Рыгай. Гэтак грамата 1465 г. была пісана ад купцоў і чорных людзей «от мешчан Полоцкіх і от всего поспольства полацкаго суседом нашым пану бурмістру і райцам места Рыжскаго». У грамаце 1475 г. напісана: «суседам нашым пану войту і радцам і мешчанам і всему поспольству Рыжскаго места, наша пріязнь на все часы от бояр Полацкіх і от мешчан і от всего поспольства Полацкаго». Гэта сьведчыць, што купцы ў Полацку складалі асобны стан грамадзянства, мелі сваю становую арганізацыю і сваіх выбарных прэдстаўнікоў. Да нас не дайшлі вядомасьці аб арганізацыі купецтва ў Полацку, але нестачу вядомасьцей папаўняе купецкі лад у Смаленску, каторы быў такі ж самы, як і ў Полацку. Са смаленскіх адносін мы ведаем, што купцы там дзяліліся на «істых», або правых купцоў, укупіўшыхся ў тую ці іншую купецкую грамаду, і «неправых» купцоў, г. зн., не ўкупіўшыхся ў купецкую грамаду. Купцы дзяліліся на грамады, сябрыны, кождая сябрына са сваім складковым капіталам, са сваімі выбарнымі ўрадоўцамі і старшынамі. Сябрыны складаліся з купцоў таргуючых адным таварам, напрыклад — вашчанікі, скурнякі або з якім-небудзь краем, — напрыклад, з Ноўгарадам, Смаленскам, Рыгай, або заморам — заморскія купцы. Раз укупіўшыйся ў сябрыну, лічыўся на ўсё жыцьцё «пошлым» купцом, і ня толькі сам укупіўшыйся, але і яго патомства. З гэткіх пошлых купцоў выбіраліся старасты ў купецкія сябрыны, або сотні.

Лепшым довадам, што купэцтво беларускае было арганізаваным, дзялілося на групы добра наладжэныя, служыць тое, што не глядзя на ўсе ўціскі, якім падлегало беларускае купэцтво ў часе частых воен і ўтраты дзержаўнай сувэрэнасьці ў пазьнейшыя часы, беларускія купцы некалькі сталецьцяў умелі бараніць свае правы як профэсыональныя, так і національныя, пачынаючы ад Вільні, Полацка і Смаленска і канчаючы меншымі беларускімі гарадамі. Нават у другой палавіне XVI сталецьця беларускія полацкія купцы вялі перэгаворы з Рыгай і стараліся аб свабодзе і карысьцях для сваей таргоўлі. Гэтак у грамаце 1553 г. яны баранілі яшчэ свае старое права не прапускаць нямецкіх тавароў у Смаленск і Літву паміма Полацка, а каб немцы свабодна таргавалі толькі ў Полацку. Упадак беларускага купецтва, торгу і прамысловасьці варункавалася не неарганізацыйнасьцю і слабасьцю купецтва, а цэлай масай політычных варункаў. Беларускае купецтво ўступае свае мейсцо купецтву жыдоўскаму па беларускіх гарадох толькі ў XVIII ст. Значэ, беларускае купецтво было добра арганізавана, калі яно ў працягу 400 лет умело змагацца за свае правы.

Галоўнай апорай беларускаму купецтву было ня тое, што яны вытваралі асобны свой стан грамадзянства, але тое, што яны былі цесна зьвязаны з другімі станамі грамадзянства ва ўсёй Беларусі і разам з другімі станамі былі роўнапраўнымі кіраўнікамі як на вечах, так ва ўнутрэнным ладзе і ў зносінах з замежнымі дзержавамі. Нацыональныя інтэрэсы беларускага купецтва ня розьніліся ад нацыональных інтэрэсоў другіх станоў. А дзеля гэтага першай і найгалоўнейшай прычынай аслабленьня беларускага купецтва была здрада нацыональнай справе нашага баярства і пераход яго праз шляхэцтва на старану Польшчы. Пасьля цэнтральная дзержаўная ўлада, пад відам уважлівасьці да купецтва, дабівала яго дараваньнем майборскага права. Майборскае, або нямецкае, права на выгляд давало купецтву значныя прывілеі, надаючы яму незалежны суд і самасправаваньне, незалежна ад земскага суда і справаваньня. У істоце ж было не так: майборскім правам даканчальна была парвана зьвязь паміж купецтвам і земствам, купцы былі пастаўлены ня толькі ў акромнае, але і ў воражае палажэньне ў стасунку да земства. Пры гэтым майборскае права са сваімі нямецкімі формамі, саўсім незгоднымі з народнай псыхікай, гістарычнай эволюцыяй нашага мешчанства, сьціснуло свабоду прамысловасьці, чым як ня трэба лепш скарысталіся наплывовыя чужыя элемэнты, асабліва жыдоўскія эмігранты, спрытна ўкланіўшыяся ад улегласьці майборскаму праву.

Угоды, заключаныя беларускімі князямі з немцамі, паказываюць, што беларускія купцы моцна стаялі за правы сваей таргоўлі, якая даходзіла Готланда, Любэкі і іншых гарадоў нямецкіх і скандынаўскіх. Гэтак у грамаце 1267 г. сказана: «А палачанам і відблянам вольнае таргаваньне ў Рызе і на готцкім беразе і ў Любецы». Палачане нават у XV сталецьці дагаварываліся з немцамі аб таргоўлі ўсяго Літоўскага княжства як галоўныя прэдстаўнікі гэтай таргоўлі; гэтак у грамаце 1405 г. сказана: «Мы, палачане, усе добрыя людзі малыя, надзеючыся на Бога і Сьв. Сафіі міласьць і Князя Вялікага Вітаўта здароўе, хочэм з табою князь местар любоў дзержаці і з тваею браціей са ўсімі рыцарамі; такжа хочэм з вамі, рыжскія ратманы, і са ўсімі рыжскімі купцамі меж сабою прыязньство дзержаці і любоў на обе староны крэпка. Вам нашага палачаніна аберэгаць, як свайго брата немчына ў Рызе, а нам палачанам вашага брата немчына такжа па таму ж бярэгчы ў Полацку. А таргаваці па стараму закону ўсякую таргоўлю, купіць і прадаць. А таргаваць нямецкаму купцу з госьцям літоўскай зямлі добравольна. А з ноўгародцамі нямецкаму купцу тарговаць, а прамежы іх хадзіць нашаму палачаніну, бо ноўгародцы нас не пускаюць у нямецкі двор таргаваць без свайго ноўгародца. А з масквінамі тарговаць вашым немцам і такжа нашаму палачаніну памежы іх хадзіць, бо масквіны ад нас бяруць тамгу*, а васковы вес дзержаць па стараму закону, што б наш берковец быў большы вашага поўпудом рыжскага весу; а сярэбраныя вясы рыжскія дзержаць больш полацкіх сярэбраных вясоў полузалатніком. А соль весіць пудным рэмянём, а саляны беркаўск учыніць у васковы беркаўск. А белка купіць, а намет даваць, а ва двор не браць. А міма горада Полацка нямецкаму госьцю не хадзіць, таргаваць немцам у Полацку, а малой вам таргоўлі не купіць у Полацку ў розьніцу, а карчмы вам у нас у Полацку не дзержаць. А весцам нашым і вашым красты цалаваць, што ім права весіць на обе староны. А коней нам у вас у Рызе купляць, на чым ехаць уверх, а ад ног не браць (падатку). А правініцца наш палачанін у Рызе, то немцам у Рызе не караць, атпусьціць яго ўверх, і там яго скараюць палачане. А правініцца немец у Полацку, пусціць яго ў Рыгу, і там яго судзяць свае па свайму праву. А рубежа не чыніць. Знаці істцу істца. А таргоўцу чыста прыехаці і ад’ехаці на обе стороны» (Руск. Лівон[скія] Акты, № 254). У грамаце 1478 г. мы маем простае сьведзтво, што купцы таксама, як і баяры, высылалі разам пасольствы дзеля перэгавораў з суседзямі. У грамаце сказана: «...і нонечы паслалі баяры полацкія, і мешчане, і ўсе паспольство полоцкага места свае паслы полацкія з веручым лістом, ад баяр пан Сенька Радковіч, ад мешчан Еўлашка Федаровіч, от паспольства пан Зіновій Боцько да вашэй ратушы всего Рыжскаго места». З граматы 1479 г. відаць, што беларускія купцы нават і ў гэты часы ешчэ не спынялі сваёй заморскай таргоўлі і вымагалі ў рыжан, каб полацкім купцам была вольная дарога за морэ. У грамаце сказана: «А як Герман ваш слюбіў (шлюбаваў — прысягаў, кляўся) і руку даў, што нашым купцам палачанам за морэ пуць чыст таргаваці, і мы па таму слюбеньню па Германаву вашых купцоў прапусьцілі і к Вітэбску, і к Смаленску, яны ж і на Маскве пабывалі. А як сьлюбіце нам, што нашым купцам палачанам дасьце за морэ пуць чыст таргаваць вадою і сухім пуцем, і мы ныне прапусьцім вашых купцоў к Смаленску і Вітэбску па стараму». Або тое ж пацьверджаецца ў другой грамаце, пісанай каля таго ж часу, і «ад баяр полацкіх і ад месьцічоў і ад усяго паспольства к нашым мілым суседзям і прыяцелям пасаднікам рыжскім і ратманам, што пішэце к нам, жалуючыся на нас, што вашых купцоў ня пусьцілі мы да Вітэбска і да Смаленска; а ведзе жа панове ведаеце мы і вы, што междзь вас і нас есьть старыя запісі, што нашым міма Рыгі пуць чыст зямлёю і вадою, а вашым міма Полацка пуць чыст вадою і зямлёю, хто куды хочэць».

МАНАСТЫРЫ

Значэньне манастыроў у Беларусі было рэлігійнае і асьветнае. Блізка ўсе беларускія манастыры прыймалі ўстаў Сьв[ятога] Васілія Вялікага, па якому на абавязках манахоў ускладалося ўтрымліваць школы і адуковываць моладзеж. У старой Беларусі на манастыры глядзелі як [на] расаднікі культуры і граматнасьці. Па свайму ўстройству праваслаўныя манастыры ў Беларусі падзеляліся на манастыры грамадзянскія, г.зн., пабудаваныя цэлым станам у данай мейсцовасьці і на манастыры, пабудаваныя князямі або прыватнымі асобамі ў іх маетнасьцях і ўрэшце на манастыры, пабудаваныя беднымі богабойнымі інакамі ў пустынях і глухіх лесах, нікому не прыналежалых. Па грамадзянскаму палажэньню манастыры дзяліліся на ўпрывілеяныя, або знаходзячыяся пад чыім-небудзь патронатам і на неўпрывілеяныя, саўсім залежныя ад мейсцовага біскупа нараўне з парахіяльнымі цэрквамі.

Манастыры, пабудаваныя прыватнымі асобамі ў іх маетнасьцях або князямі ў іх удзелах, зазвычай належалі да прывілейных і знаходзіліся пад патронатам сваіх фундатараў і іх патомкаў. Яны з эконамічнай стараны былі саўсім незалежны ад біскупа, дый з царкоўнай стараны іх залежнасьць была самая незначная; яны не плацілі падаткоў і не падлегалі яго суду; да іх ня мелі права ўезджаць ні намесьнікі ні дзесятнікі біскупскія. Гэтак у акладнай, каторая ў 1399 гаду была дадзена полацкім князям Ануф[р]эем Полацкаму Прэдтэчэнскаму манастыру, сказана: «А ў цэркву Сьв. Іоана не ўступаціся нікому. А ўладыцэ з ігумена Іванаўскага і з нашага манастыра Астроўскага куніцы не браці і ніякіх пошлін. А ад каго будзе якая крыўда нашаму манастыру, то дагледзіць і бараніць не самаму, а па нас роду нашаму. А старцаў і людзей, якія жывуць на Сьв. Іоана зямлі, і судзіць і справаваць ігумену Іоаннаўскаму самаму з брацьцямі, а іншаму нікому не ўступацца, а ўладыцэ не ўступацца ў наш манастыр» (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. I. № 14).

Тое ж самое гаворыцца ў грамаце 1442 году, дадзенай князем Юрыем Лігвеневым Ануфраеўскаму манастыру. Але ўпрывілеяныя або патранацкія манастыры, будучы блізка саўсім звольнены ад біскупскай улады і карысталіся поўнай самаістасьцю і незалежнасьцю, і нават абесьпечаныя ў гэтым абаронай сваіх патронаў, на замен усяго гэтага знаходзіліся ў поўнай залежнасьці ад патронаў, яны былі іх прыватнай уласнасьцю і нічым не былі абясьпечаны ад іх самапраўства. Усе справаздачы ігумен або архымандрыт падаваў патрону. Гэтак, напрыклад, у 1494 гаду архімандрыт Іосіф пры здачы слуцкага манастыра, быўшага пад патронатам княгіні Слуцкай, ніто [sic!]: «здаю тваей міласьці гаспадарыні маёй княгіні манастыр Сьв. Тройцы, са ўсім тым, з чым мне твая міласьць падала і надта прывабіў есьмі за сваё дзержаньне. Астаўляю тваей міласьці ў манастыры 60 коп. грашоў шырокіх, а зямлі закупіў на 6 коп. грашоў і коўшык сярэбраны».

Самы выбар архымандрыта або ігумена і манахаў залежаў ад патрона; патрон, як уладар манастыра, мог закрыць свой манастыр і зноў аткрыць па свайму одуму і нават перэдаць, каму хочэ. Пры прадажы або перэдачы патронат пераходзіў да новага ўласьніка; а ва ўладаньнях вялікага князя патронат над патранацкімі манастырамі залежаў ад гаспадара, ён перадаваў яго, каму хацеў.

Манастыры неўпрывілеяныя залежалі ад біскупа, ён быў іх патронам — ён абараняў іх ад крыўды і ўціскаў. Гэтай адмены манастыры былі перэважна грамадзянскія, а дзеля гэтага яны нярэдка разам з патронатам біскупскім, мелі ешчэ патрона ў мейсцовым грамадзянстве, каторае зазвычай прымало чынны ўдзел як у ўтрыманьні гэткіх манастыроў, так у кіраўніцтве і дагледзе за маетнасьцю і даходамі манастыра. Напрыклад, Троіцкі манастыр у Вільні са ўсімі царкоўнымі землямі і маетнасьцю быў у веданьні віленскіх бургомістраў, раднікаў, лаўнікаў і ўсяго віленскаго мешчанства грэцкага закону. Грамадзяне абаранялі гэткія манастыры нават супроць ураду. Гэтак, калі ў 1619 гаду быў зроблен загад урадам аб перадачы ўніатам Петрапаўлаўскага манастыра ў Менску, пабудаванага менскім баярствам і шляхтай, то ўсе князі і баяры менскія падалі супроць гэткага загаду пратэст і ўсім рыцарскім станам вымагалі, каб манастыр гэты, як будаваный цэлым рыцарскім станам грэцкага закону, быў пакінут за праваслаўем. Гэткім чынам непрыв[іл]ейныя манастыры на Беларусі пасьля Вітаўта былі зроўнальна ў лепшым палажэньні, чым манастыры прывілеяныя; ім прыналежаў характар грамадзянскіх устаноў, а не прыватнай уласнасьці.

На Беларусі ў даўнія часы было надзвычайна многа манастыроў: кожды знатнейшы горад меў абавязкова свой манастыр, агульны лік манастыроў на Беларусі даходзіў ліку некулькіх сот.

МАРШАЛАК

«Што ў прыватным доме гаспадар, то ў дзержаве і ў кождай грамадзянскай арганізацыі маршалак», — кажэ Несецкі. Урад маршалкоўскі меў неколькі ступенеў: вышэйшую ступень выяўляў вялікі маршалак земскі. Ён быў прэдстаўніком усей шляхты ўсяго княжства, або іначэй прэдстаўніком усей дзержаўнай земшчыны. Ён праводзіў сэймамі, ён пры каранацыі Вял. Князя, як прэдстаўнік усей дзержавы, уручаў князю меч і бэрла і заклінаў яго заховываць непарушна старыя правы і абычаі зямлі. За земскім маршалкам ішоў маршалак дворны, прэдстаўнік урадоўцаў і наагул служылых людзей усяго княжства; ён такжа быў высокім дастойнікам і сябрам рады гаспадарскай. Трэцьцю ступеню маршалкоў становілі маршалкі земскія розных правінцый або зямель, выбіраныя мейсцовай шляхтай і быўшыя прэдстаўнікамі гэтай шляхты, пазьней ішлі маршалкі паветовыя: былі такжа маршалкі ў біскупоў, у грамаце 1475 году напісана: «прысылаў да нас уладыка Смаленскі Якім, маршалка свайго Багдана Алтуфьевіча».

Маршалак паветовы павінен быў ведаць усе земскія ўладаньня павету і да яго пераходзіў суд па ўсіх зямельных справах аб межы, калі хто быў нездаволен судом падкаморскім і нават сам падкаморы павінен быў зьявіцца на суд паветовага маршалка. Пасьля маршалак павінен быў знаць усю служылую шляхту свайго павету і на выпадак вайны павінен быў вясьці яе на зборны пункт да воеводы або гэтмана. Паводле 6 артыкулу ХI раздзелу статуту 1566 году, калі выйдзе загад ад гаспадара, або ад рады, або ад гэтмана аб паходзе на вайну, то харужыі павінны апавесьціць аб гэтым мейсцовай шляхце сваей харугві і калі яна зьедзецца на азначэнае мейсцо, вясьці яе да маршалка свайго павету і, прывеўшы, перэдаць яе маршалку з падробнай справаздачай ці ўсе і ці акуратна сабраліся. Затым маршалак з харужымі павінен вясьці шляхту да воеводы на зборнае мейсцо і перадаць шляхту воеводзе са справаздачай, хто зьявіўся на службу і хто не зьявіўся і дзеля якой прычыны. І па назначэньню воеводы, або па старадаўнаму звычаю, заняць са сваей шляхтай устаноўленае мейсцо ў сабраным войску. Зрэшта, гэты абавязак лежаў на маршалках да ўстаноўленьня каштэляноў; але дзеля таго, што каштэляны былі далёка не ва ўсіх землях, то і ў пазьнейшыя часы гэта павіннасьць лежала на маршалках у тых паветах, дзе не былі заведзены каштэляны. Акром таго, маршалкі земскія, г.зн. паветовыя, заседалі ў судзе стараст. Па ўсёй праўдападобнасьці маршалкі са свайго ўраду мевалі значныя даходы, бо большая часьць паноў радных былі ў той самы час і маршалкамі тых або другіх паветаў.

Маршалак земскі па характару свайго ўраду яўляецца далейшай эволюцыей старарускага тысяцкага, як той так і другі ёсьць прэдстаўнікі земшчыны. Ураду маршалка ў усходняй Русі не было, а ў Польшчы вядомы каронны і надворны маршалкі, але саўсім невядомы маршалкі паветовыя.

МАРШАЛКОЎСКІЯ АРТЫКУЛЫ*

Пільнаваньне бясьпечнасьці мейсца, дзе прабывае маестатная асоба, было адно з галоўных заданьнеў вялікіх маршалкоў Вялікага Княжства Літоўска-Беларускага. Канстытуцыя сэйму 1678 году падае права, званае артыкуламі маршалкоўскімі. Артыкулы маршалкоўскія складаюцца з 20 параграфаў. На час побыту Вялікага князя і караля ўся паліцэйская ўласьць у даным мейсцы пераходзіць у рукі маршалка. Экзэмпляр артыкулоў маршалкоўскіх па-беларуску быў у Несьвіжы. У першым параграфе была мова аб сварках, бойках, крыках і вулічных закалотах. У 2-м — аб забароне насіць зброю ў мейсцы прабываньня каранаванай асобы. У 3-м — аб папісаньню (заяўцы) чужаземцаў, асабліва ў часе сойму. У 4-м — устанаўляліся кары за зброю, бойкі, напады. Артыкул 5-ты наказываў бясьпечнасьць ад агня і ўстанаўляў спосабы ратаваньня; 6-ты пазваляў музыку толькі ў дамох і пры ўездах сэнатароў і забараняў музыку публічную; 7-мы залецаў «прыстойную ўчьцівасьць» да чужыземных паслоў і іх службы; 8-мы — аб вылаўліваньні неспакойных людзей; 9-ты — аб караньні неспакойнай чэлядзі, паноў; 10-ты — аб бясьпечнасьці і апецы для жыдоў, туркоў, татароў; 11-ты — аб гасподах для паноў-сэнатароў; 12-ты — аб выганяньні* злодзеяў, ашуканцоў, ігракоў; 13-ты — проці падніманьня цэн на тавары; 14-ты — аб апецы купцом і крамнікам; 16-ты — аб мерах і вагах; 17-ты — павінасьці пастрыгачоў і галяроў; 19-ты гаварыў аб карах за зьнявагу маршалкоўскага суда; 20-ты аб карах на распусных кабет.

МЕШЧАНЕ

Пануючая шляхта, лічучы выключна сябе прызванай да дзержаўнага кіраўніцтва, з пагардай адносілася да мешчанства і асабліва да селянства, як да ніжэйшых станоў. Мешчане падлегалі ўласьці стараст і дзяржаўцаў, нярэдка прыцясьняліся і не маглі свабодна аддавацца сваей тарговай справе. Іх палажэньне пагоршылася ешчэ тым, што іх землі вельмі часта захватываліся старастамі або шчодрай рукой раздаваліся шляхце. Урэшце, урад пастанавіў даць местам такое ўстройства, пры якім бы яны маглі свабодна разьвівацца і працьветаць. Яно ўзяло за прыклад нямецкі местовы лад, вядомы пад імем магдэбурскага, ці, як яго назвалі ў нас, — майборскага, права і стала заводзіць яго ў Беларусі і Літве. У XV i XVI сталецьцях граматы на майборскае права атрымала большасьць мест беларускіх. На аснове гэтых грамат мешчане звальняліся ад прыгонных павіннасьцей. Яны выключаліся з безпасярэднай залежнасьці ад старасты і дзержаўцаў і атрымлівалі асобнае самаўрадаваньне. На чале места стаяў войт, сьперша назначаны ўрадам, пазьней выбарны, ён дзяліў сваю ўладу з іншымі выбранымі асобамі, каторыя складалі местовую раду, дзеля кіраваньня справамі і суда ў цывільных справах ды «лаву» дзеля спраў угалоўных. Суд адбываўся на аснове зборнікаў нямецкага права. Мешчане атрымалі выключнае права займацца торгам і промысламі. Вялікія месты карысталіся правам складу, па катораму прыезджыя купцы павінны былі прадаваць свае тавары мейсцовым купцом агулам і з імі вясьці такі ж торг. Рэмесьцьні тварылі асобныя арганізацыі, так званыя цэхі са сваім унутрэнным ладам. Нямецкі лад і права было чужым для жыхарства і ўнасілі вялікую блутню ў яго сьвядомасьць. Толькі цэхавы лад моцна абаснаваўся на Беларусі, сярод мешчанства. Майборскае ж самаўпраўленьне рэдка было наладжэна так, як гаварылася ў граматах. У большасьці выпадкаў, у залежнасьці ад мейсцовых асобнасьцей, яно перэліцовывалося і нават перэменялося. Галоўную ролю ў беларускіх местох ігралі вялікія капіталісты, каторыя трымалі ў залежнасьці ад сябе рэшту местовага жыхарства; гэты багачы і выстаўлялі галоўных местовых урадоўцаў. Сам урад уносіў разрозьненасьць паміж местовага жыхарства: беларускае мешчанства, ледзь не выключна праваслаўнае, стаў агранічаць у правох; гэтым не далёказоркім паступаньнем, пранікнутым шляхоцкімі паняцьцямі, урад падыймаў праваслаўнае беларускае мешчанства супроць каталіцкага і гэтым самым папіхаў іх на змаганьне паміж сабой. Дзякуючы гэтаму, месты сталіся арэнай рэлігійна-нацыянальнага змаганьня, і ня ўсе месты звольніліся ад улады стараст: вельмі часта местовае самаўпраўленьне з прычыны самаволі дзержаўных урадоўцаў, было самаўпраўленьнем толькі на словах. Мешчане стагналі пад гнётам бязьмерных грашовых пабораў, торг і промыслы падалі і перэхадзілі ў рукі жыдоў, каторыя ўмелі прытарнавацца да ўсякіх варункаў, дзякуючы сваей жалезнай унутрэннай арганізацыі.

МЭТРЫКА ВЯЛІКАГА КНЯЗСТВА ЛІТОЎСКАГА

Мэтрыкай называліся за дзержаўнай нашай незалежнасьці кнігі дакумэнтаў вялікакняжай канцэлярыі. Мэтрыкі вялі канцлеры і падканцлеры; у мэтрыкі ўпісываліся ўсе дакумэнты, выходзячые з дзержаўнай канцэлярыі пад вялікай, або малай печацьцямі, як: наданьня, правіла, дыплёмы розным асобам, местам, землям, правінцыям і супалкам, а так-жэ — даравізна запісы [sic!], замена, права на зьездах ухваленыя, унівэрсалы і інш.

Кнігі гэты абнімаюць такжэ акты, датыкаючыя княжэга дому, жанідзебныя ўмовы, пасагі, дажывацьця ўдовам княжага дому і карэспандэнцыя каранаваных асоб. У мэтрыку ўпісываліся наказы паслам, мірные ўмовы і перэгаворы. Усе кнігі Мэтрыкі пісаны беларускай мовай. Па разьдзеле Рэчыпаспалітай кнігі мэтрыкі былі разьбіты: большую частку іх вывезьлі ў Маскву, дзе яны дагэтуль знаходзяцца; часьць трапіла ў прыватныя архівы, як Несьвіжскі і Радзівілоўскі; часьць вывезена ў Польшчу. Мэтрыка поўная складалася блізка з 600 кніг і абыймала 400-летні перыад нашай гісторыі (гл. СІГЯЛЯША).

НАМЕСЬНІК

Намесьнікі першапачаткова былі наагул заступнікамі князя ў адлеглых правінцыях, спраўляўшыя і судзіўшыя імем князя, падобна як, ешчэ раней, княжыя мужы, якім князі даручалі гарады з кругаколіцамі, або як пазьней княжыя пасаднікі. Ешчэ за князя Александра, г.зн. да пачатку ХVI сталецьця, большая часьць зямель, і пры гэтым значнейшых, складаўшыя раней незалежныя князствы, а пазьней стаўшыя воеводзтвамі, спраўляліся намесьнікамі. Намесьнікі былі сябрамі рады гаспадарскай. Напрыклад, у 1505 г. намесьнік Новагрудзкі пан Ольбрэхт Мартыновіч быў панам радаю, полацкі пан Андрэй Саковіч такжа быў радным. Да 1514 году намесьнікі былі раднымі гаспадарскімі, але з гэтага году папярэднія намесьнікі сталі называцца воеводамі; гэтак полацкі намесьнік пан Станіслаў Глебовіч ужо названы воеводам полацкім. Намесьнікі гэтага парадку мелі тое ж значэньне, што воеводы і старасты, у якіх яны ўрэшце і былі перэменаваны; іх правы і абавязкі былі саўсім аднолькавы.

Пасьля 1514 году намесьнікі ўжо паяўляюцца з новым характарам, княжыя намесьнікі ўтрымліваюцца толькі ў княжых або дворных правінцыях і местох, у местох і правінцыях земскіх намесьнікі ўжо прыймаюць характар воеводзкіх, або старасьцінскіх урадоўцаў, па загаду і назначэньню саміх воеводаў і стараст, спраўляўшых правінцыей у нябытнасьць старастаў і воеводаў або пасыланых старастамі і воеводамі ў той або іншы павет ці место судзіць і спраўляць іх імем. Або калі ўтрымліваюць папярэдняе найменьне намесьнікоў, то ўжо не з папярэднім значэньнем, а з характарам дзержаўцоў, г.зн. спраўцоў нізшай ступені супроць стараст. Намесьнікі ў дворскіх гаспадаравых правінцыях наперш разам з цівунамі былі судзьдзямі ў тых правінцыях па ўсіх справах. Па-другое, намесьнікі адводзілі зямельныя наданьня па гаспадараваму загаду. Намесьнікі ў гаспадаравых дворных уладаньнях атрымлівалі паводле граматы 1540 году гэткія даходы: «намесьніку грош абесны (г.зн., за з’яўку прыезджага купца). А на замак намесьніку даюць з трох сох солянку (бочку) жыта, а салянку аўса, а восем яловіц, а восем вепроў і дзесяць бараноў, а дзесяць калянёў* (вага — пуду) мёду прэснага, а дзьве бочкі солі, а сена з дыму па вазу, а дроў па вазу ж, акром таго, з воласьці даюць па кураці, па дзесяці яец, па сыру, па фасцы масла, у каго карова ёсьць, а палюдзья па паўтара гроша з дыму і ўвосень, а з Радуніцкай нядзелі па селезьню, а хто ня будзе мець селезьня, той паўгроша даець, а мешчане, ані орлінцы, ані гараджане таго не даюць. А ўсё тоя яны павінны адвязьці ў замак, анікуды ў іншае месцо не павінны вазіць». У ўстаўнай грамаце 1529 году аб абавязках намесьнікоў у гаспадаравых маётнасьцях сказана: «Усе дзержаўцы двароў нашых, як Віленскага, так і Троцкага, павінны будуць два разы ў год, адзін восеньню, а другі на вясну рабіць лічбу (падлічаньне) па гумну і па другім пажыткам нашым».

Намесьнікі, заменяючыя воеводаў і старастаў або іншых якіх дастойнікаў, хоць назначаліся імі самімі і залежалі ад іх, тым ня менш яны лічыліся на дзержаўнай службе, спраўлялі рознымі мястэчкамі і валасьцямі, і безпасярэдна атрымлівалі граматы ад гаспадара. Але часам гэткія намесьнікі ня мелі ў сваім справаваньні асобных кругаколіц, а толькі заступалі воеводу ці старасту па іх загаду. Дзеля таго, што ўсе сябры Рады гаспадарскай мелі пад сваім загадам па некалькі старастваў, дзержаўстваў і іншых урадаў, дзеля гэтага ўсе яны мелі па некалькі намесьнікаў, на кожды ўрад асобнага, і гэтыя намесьнікі выпаўнялі ўсе абавязкі па даручанаму ўраду, якія лежалі на іхнім зьверхніку, якога яны заступалі.

ПАДКАМОРЫ

Падкаморым называўся судзьдзя выключна па межавых справах, а ласьне па разгляду і адводу меж на мейсцы; ён пачынаў свой суд не іначэй як пасьля перадачы яму справы земскім судом. Урад падкаморага зацьверджэн нераней 1566 году, раней межавыя справы былі ў веданьні гаспадарскіх ўраднікаў, — воеводаў, старастаў-дзержаўцаў і выбіраных імі судзьдзёў. Па 70 артыкулу першага разьдзелу статуту 1566 году ў кождым павеце ўстанаўляецца прысяглы падкаморы, аселы ў тым павеце; яго назначае гаспадар, і ён на сваім урадзе астаецца на ўсё жыцьцё, як і іншыя ўраднікі земскія; пры паступленьні на ўрад павінен даць прысягу. Ва ўсіх спрэчках зямельных і межавых, пасьля перадачы яму справы земскім судом, падкаморы павінен, па праву свайго ўраду, даць назвы старанам ад свайго імя і за сваёй печацьцю і назначыць рок завіты (неадложны тэрмін) для выездак на спрэчную зямлю. Падкаморы, выехаўшы на мейсцо і разглядзіўшы вывады права, лісты і знакі гранічныя і распытаўшы прыведзеных старонамі людзей граніцы, павінен дапусьціць к доваду тую старану, чые лісты лепшыя і знакі ясьнейшыя і знаючыя людзі заслужываючыя большай веры, і выслухаўшы довад згодна статуту, павінен адзначыць валаданьне і пакапаць капцы, і даць на тоя лісты свайго суда, пад сваей печацьцю і подпісам сваей рукі. Па суду падкаморага, калі б выказалася патрэба спагнаць выдаткі, то падкаморы павінен справу аб гэтым адаслаць у той земскі суд, з каторага яна да яго была прыслана. Плата падкамораму была ўстаноўлена так: за кожды зьнешні капец па 24 грошы, а за сярэднія капцы па двадцаць грошы ад кождага. А капцы павінны быць роблены не бліжэй як па тры шнуры валочныя, выключаючы тыя мейсцы, дзе граніца скрыўлена і вымагае капцоў больш густа. А дзе бы капцоў не вымагалося, а толькі празначэньне мяжы, там ад такой мяжы ад кождых трох шнуроў валочных ідзе падкамораму дванадцаць грошы. А каб судовасьць не спынялася, падкаморы ў кождым павеце сабе на падмогу мае права выбраць аднаго або двох каморнікаў, шляхціцоў у павеце аселых, людзей веры годных і заможных, каторыя на роках судовых перад каштэлянам або маршалкам паветовым і перад урадам земскім або дворным павінны даць такую ж прысягу на свой каморніцкі урад, як і сам падкаморы. А пасьля кожды з іх асобны, па назначэньню падкаморага дзе бы сам падкаморы на каторай справе ня мог быць, карыстаюцца тымі ж правамі і поўнасьцю ўлады, як і сам падкаморы.

ПАДСКАРБІ

Падскарбіх было двое: земскі і дворны. Земскім падскарбім называўся галоўны скарбнік дзержавы, а дворным падскарбім — галоўны скарбнік гаспадарскага двара. І той і другі былі сябрамі гаспадарскай рады і сэнатарамі. Падскарбі земскі кіраваў усімі даходамі і расходамі дзержавы, пільнаваў збораў падаткоў. Для гэтай мэты ў яго былі каморнікі і другія зборнікі падаткоў, яны яму падавалі зьлічбых, дастаўлялі сабраны грошы ў скарбніцу. Сам падскарбі здаваў лічбу (атчот) гаспадару. У запісі 1452 году сказана: «Гаспадар яго міласьць казаў запісаці, яко пан Іван Гарнастай, падскарбі земскі, лічбу яго міласьць чыніў са ўсякіх платаў, і прыходаў, і з мыт, і з камор і палажыў на лічбе ўсяго расходу: за 6 год і за 4 месяцы, да Мая 1 дня: 141.543 капы 58 грошэй і 3 пенязі. А ў скарбе ешчэ асталося (з чаго павінен будзе лічбу чыніці ў пярэдніх годзех) 29.499 коп. 38 грошэй пенязь адзін (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т.II). Акром атчоту гаспадару, падскарбій земскі апрацовываў падробныя росьпісі даходаў і расходаў і падаваў сойму і паном радзе і ўмаўляўся з імі аб зборых дзеля пакрыцьця выдаткоў. Наагул падскарбі земскі, што да дзержаўных збораў, быў пасрэднікам паміж гаспадарам і соймам, сойму ён перадаваў вымаганьня гаспадара, а гаспадару пастанову сойму. Праз падскарбяга земскага ішлі ўсе грашавыя выдачы па гаспадараваму загаду з земскага скарбу. Земскі падскарбі, як сябра рады гаспадарскай, акром выпаўненьня абавязкаў міністра фінансаў, меў ешчэ неколькі высокіх урадоў, прынасячых вялікія даходы.

Падскарбі дворны ведаў усімі даходамі з каралеўскіх маетнасьцей, а дзеля гэтага ў яго веданьні былі ўсе гарады гаспадарскія, замкі, двары і інш. На абавязку падскарбнага дворнага лежала павіннасьць спраўляць усімі маетнасьцямі гаспадарскімі і выбіраць спраўна даходы з іх; калі бывалі неплаты, падскарбі пасылаў дзецкіх сваіх, якія спаганялі недаборы і звыш таго платы на сябе, вядомыя пад найменьнем дзецкаваньня. Як усе вышэйшыя ўрадоўцы, так і падскарбныя, мевалі яшчэ іншыя ўрады для даходаў.

ПАКУТА

Слова пакута паходзіць ад слова «кара».

У старасьветчыну ў Беларусі амаль ня пры кождай цэркві ў бабінцы былі прыкаваны ў кутох да сьцяны жалезныя ланцугі, каторыя надзевалі на яўных грэшнікаў, каторыя пакутавалі. Гэткія ланцугі ў сьвятынях ітснавалі нават у канцы XVIII сталецьця і наводзілі страх на просты народ. Пры многіх старасьветскіх манастырох замест ланцугоў у бабінцы, былі скляпы пад званьніцамі, куды запіралі каючыхся або яўных грэшнікаў.

Звычай караньня правініўшыхся стаўляньнем у кут захаваўся, як перажытак, дагэтуль у стасунку да дзяцей.

ПАСАДНІКІ І ЦІВУНЫ

На чале дзержаўнага ўпраўленьня ў старой Беларусі (Х—ХII ст.) стаяў, як і ў пазьнейшыя часы, князь. Князь жыў зазвычай у сталічным месьці і там чыніў суд і расправу; жыхары другіх гарадоў княжства, калі яны жадалі зьвярнуцца безпасярэдна да самога князя са сваімі патрэбамі, прыбывалі з гэтай мэтай у сталічнае места або чэкалі таго часу, калі князь аб’езджаў сваю зямлю ў часе т[ак] зв[аных] палюдзій — аб’ездаў княжства дзеля суда і збору дані. Ва ўсіх местох з прыслухаючымі да іх кругаколіцах сядзелі замест князя — княжыя мужы, званыя пасаднікамі; яны выбіраліся князям з ліку старшай дружыны і былі прэдстаўнікамі яго ў правінцыі. Абавязкі пасадніка былі такія самыя, як і князя. У часе вайны яны даводзілі вайсковымі сіламі правінцыі: пасадніку прыналежала судовая ўлада – галоўнае яго заняцьце ў мірны час. Пасаднікі не атрымлівалі пэнсіі, а карміліся са свайго ўраду. Яны атрымлівалі ў азначаны час ад жыхарства корм прадуктамі. У іх карысьць ішла судовая аплата, акром угалоўных штрафаў, паступаўшых у княжы скарб, і тарговыя аплаты. Пасаднікі мелі памочнікаў-цівуноў. Не глядзя на скромныя вымаганьня жыхарства, прагнуўшага толькі спакоюі правасудзьдзя, пасаднікі, дабачаўшыя ў сваім урадзе перш за ўсё даходнае мейсца, не маглі іх здаволіць, і з гэтай стараны жыхарства больш павінно было пакладаць надзей на сябе, чым на дапамогу ўлады, дзеля вядзеньня судоў, дзеля збору дані жыхарство мело сваіх выбарных асоб, называных старастамі або добрымі людзьмі і толькі ў самых важных здарэньнях зьверталося да пасаднікаў і іхніх цівуноў.

У пазьнейшыя часы, каля ХIII ст., пасаднікі пераменаваны былі ў намесьнікаў, а пазьней, каля ХVст., у намесьнікаў гаспадарскіх, а цівуны ж асталіся кіраўнікамі гаспадарскіх маетнасьцей і зборшчыкамі падаткаў для гаспадара. У ХVII сталецьці цівуноў не назначаў гаспадар, а выбірала іх шляхта з-паміж сябе. У часе агульнага апалчэньня — паспалітага рушэньня — цівун аставаўся гаспадаром у сваім павеце.

ПАТРОНАТ НАД ЦЭРКВАМІ

Патронат выражаў права ўласнасьці тэй асобы, каму быў дадзен на цэркву і яе маетнасьць. Цэрква, быўшая пад патронатам, як ва ўсім залежаўшая ад свайго патрона, атрымлівала ад яго і ўтрыманьне, каторае выражалося або даходамі, каторыя назначаў ёй патрон са сваёй маетнасьці, або фундушамі, нададзенымі на цэркву. Рожніца паміж цэрквамі пад чыім-небудзь патронатам і ня быўшымі пад патронатам, галоўным чынам была ў тым, што цэрквы, быўшыя пад патронатам са стана атрыманьня і кіраўніцтва, проста залежалі ад сваіх патронаў. Патроны назначалі ў цэрквы сьвяшчэнікаў і зьменялі іх. Цэрквы гэты становілі як бытцым іх уласнасьць, і запраўды большай часьцю будаваліся патронамі ў іх маетнасьцях, але часам патронат даручаўся і старонным асобам. З усіх царкоўных даходаў і маетнасьці сьвяшчэнік здаваў справаздачу патрону, зрэшта, фундатары цэрквей найчасьцей рабілі так, што ўвесь царкоўны даход забіралі сабе, а сьвяшчэніку выплачывалі з канторы маетнасьці, на ўтрыманьне выдавалі «ругу», г. зн. пэнсію. Патроны маглі ня толькі зьмяніць сьвяшчэніка, але зачыніць і прадаць ці перадаць цэркву, што нярэдка здаралося, калі патронам цэркві быў каталік.

Галоўным патронам усіх праваслаўных царквей лічыўся манарх, што рэальна знача, сьперша Вялікі Князь Літоўска-Беларускі, а пазьней кароль Рэчыпаспалітай Польскай.

ПІСАР

Пісары былі гаспадарскія і пісары земскія. Гаспадарскія пісары былі двох катэгорый: пісар гаспадарскій быў вялікім панам пры княжым дварэ, самай даверэнай асобай у гаспадара, сябра рады гаспадарскай або сэнату. Мы ня рэдка сустрэчаем гаспадаравых пісароў у ліку пасланікаў да другіх манархаў. Другая катэгорыя гаспадарскіх пісароў складалася з урадоўцаў, пасыланых ад гаспадара ў правінцыі спаганяць недаборы падаткоў або дзеля нагляду за даходамі ў уласных гаспадаравых маетнасьцях. Абавязкі, правы і значэньне гэтай катэгорыі пісароў мы можам бачыць з льготнай граматы Паднепроўскім і Падзвінскім каралеўскім валасьцям 1511 году: «тых валасьцей нашых нашы даньнікі жаляцца на крыўды ад пісароў нашых, каторых мы пасылаем спаганяць недаборы, што іх слугі год ад году не выезджаючы жывуць на тых валасьцях, карчмы сыцяць для сваіх карысьцей, а воласьці павінны ім даваць утрыманьне на кожды тыдзень грашамі і пажыткамі і ставіць неколькі старажоў, да таго ж і судзяць іх і спраўляць у вялікія віны бяруць. А самі і пісары нашы, узьехаўшы на воласьць, непамерныя ўезды і стацеі бяруць, і для сваіх прысудаў і він на кождай воласьці астаюцца па некулькі тыднеў, а воласьці павінны даваць ім утрыманьне. І з таго вялікага грабежа і вымаганьня многія даньнікі нашы з тых валасьцей разыйшліся, а каторыя асталіся, тыя ня могуць ужо неколькі лет і палавіны дані заплаціці». Гаспадаровые пісары, пасыланыя ў гаспадарскія воласьці, былі ўласьціва нагледчыкамі і абаронцамі гаспадаравых даходаў і людзей жыўшых на гаспадаровых землях; яны стаялі вышэй мейсцовых спраўцаў цівуноў і дзержаўцаў, хоць і ня ўмешываліся ў іх абавязкі па справаваньню і суду.

Земскія пісары былі выбарнымі людзьмі мейсцовага земства. У статуце 1566 году, разд. 4-ты, артыкул 1-ы, сказана: «У кождым павеце княжаты, паны рада наша, такжа рыцарства і шляхты, усе, хто бы да якога стану не прылежаў, у каторых будуць там свае маетнасьці, павінны зьехацца да двара на тое ўстаноўленага ў павеце, і выбраць са сваей шляхты таго павету брацьцю сваю на кожды ўрад: на судзьдзеў чатырох чалавек добрых, на падставе другіх чатырох на пісарства, трэціх чатырох чалавек добрых, справядлівых, руплівых і ведаючых права, са шляхэцкага роду, у тым павеце добра аселых і ня іншай веры, толькі хрысьціянскай; і выбраўшы прадставіць іх нам гаспадару са сваімі выбарнымі лістамі; а мы з тых дванадцаці асоб выбярэм трох для земскага суда, у тым павеце — судзьдзю, падсудка і пісара. Каторыя ад нас выбраныя і зацьверджаныя павінны ў першых роках судовых даць прысягу перад паветовым воеводаю, а ў небытнасьці воеводы перад каштэлянам». Арт. 8-мы: «На пісарства ня могуць быць выбраны асобы духоўныя, ні старасты, дзяржаўцы, ні цівуны таго павету, ні харужыя і ні хто такі, хто бы ў тым павеце быў урадоўцам». Арт. 10-ты: «Пісар земскі павінен мець у сабе паветовую печаць, каторай ён печатае толькі позвы на суд пад гаспадаравым тытулам; другія ж судовыя паперы павінны быць печатаны печацьцю судзьдзі або падсудка і толькі падпісаны рукой земскага пісара». Павіннасьці земскага пісара, выражаныя ў яго прысязе, былі ў тым, што на судзе ён запісываў верна, спрэчкі і прамовы старон, нічога не ўмаючы і не дадаючы, а такжа запісываў у судовыя кнігі ўсе дакумэнты, пададзеныя на суд і судовыя пастановы. Земскі пісар па праву мог мець аднаго, двох або неколькіх памочнікоў, якія называліся падпіскамі, але падпіскі былі на адпаведальнасьці самога пісара, ён павінен пільна глядзець, каб яны верна і праўдзіва без правалокі ўпісывалі ў кнігі. А калі б была зроблена падпіскам якая-небудзь ў справе праруха, то за гэта адпаведаў сам пісар і плаціў усе страты. Гэткім чынам земскі пісар па статуту 1566 г. быў выбарным прысяжным сябрам суда вясьці пісарскую часьць яе. Кнігі судовыя пераховывалі пад трыма замкамі і трымя печацямі, — судзьдзі, падсудка падсужа і пісара. Даходы земскага і гродзкага пісара (гродзкі быў назначаны ўрадам, а ня выбарны) былі такія: «каждых назваў па грошу, за ўпісаньне ў кнігі грош, ад выпісу з кніг грош, ад апаведаньня крыўды грош, ад судовых лістоў і выпісаў за кожды выпіс ад вінаватага па два грошы». Калі па справе пісьма будзе многа і справа важная, то пісарам за іх працу па 12 грошы ад пэргамэнтнага аркуша, а также асобную цану за пэргамант, шнуры* і воск. Але гэткі парадак у стасунку да земскіх пісароў устанавіўся толькі з даты другога статуту 1566 году, раней жа і па статуту 1529 году пісары былі ўрадоўцамі воеводы старасты і іншых дзержаўцаў, і іх абавязак быў запісываць судовыя прамовы і судовыя пастановы, зьбіраць судовыя штрафы і іншыя судовыя даходы як у карысьць гаспадара, так і для сваіх зьверянікаў (Статут 1529 г. раздзел VI, артыкул 3-ці).

ПОЛАЦКАЯ ЗЕМЛЯ

Полацак — адна са старэйшых крывічанскіх калоній. Ешчэ ў дагістарычныя часы, абаснаваўшыся на вярхоўях Днепра, Сожу, Дзвіны і Ловаці, крывічы выдзелілі з сябе заходную і паўночную веткі — палачаноў і ноўгородцаў. Старая гісторыя Полацка сягае непамерна даўных часоў, але за недастаткам пісаных крыніц нам мала вядома. Аднак за доўга да прызваньня Рурыка ў Ноўгарод, у старых скандынаўскіх сагах, маюцца ўжо, хоць і неясныя, зменкі аб Полацку як аб багатым і сільным княжстве. Ад[на] са старэйшых скандынаўскіх саг упамінае аб Полацкім князю Полтэсе. У часы гістарычныя мы бачым Полацкую зямлю самаістнай і незалежнай, пад іменем зямлі полацкіх Крывічоў. Ад часу князя Ізяслава, сына Рогнеды і Валадзіміра, князя Кіеўскага, русіна, дынастыю старых полацкіх князёў заступае новая дынастыя русічоў; з гэтага часу пачынае называцца і полацкая земля ад сваіх князёў, рускай дынастыі, — зямлёй рускай, а пазьней, дзеля адрожненьня ад іншых зямель, знаходзячыхся ў валаданьні русічоў, як старшая і вольная — Беларусь.

Полацкая земля ў цэлым сваім абхваце прасціралася ад Прыпяці да Балтыцкага мора і ад Днепра да Нарэва і можэ быць да вяршын Зах[одняга] Буга, дзе стаіць крайняя калонія Палачаноў Палтовеск, або Пултусак, і да ўсьцёў Нёмана. Уся гэта абшырная старана прыслухала і залежала ад Полацка, каторы тут быў старэйшым горадам, ад якога залежалі тут усе малодшыя гарады. Але ўлада Полацкага веча была не адналькова над усей тутэйшай стараной, яна зьменялася ў меру аддаленьня ад Полацка. А дзеля гэтага Полацкія валаданьня можна падзяліць на тры катэгорыі: да першай належаў сам Полацак са сваей кругаколіцай, як галоўнае дзержаўнае і племенное ядро; да другой — полацкая земля, у якой былі полацкія прыгарады, і да трэйцяй — полацкія калоніі ў землях Летголлы, Літвы, Корсі, Жамойці і Ятвягоў.

Полацкай зямлёй называліся ўсе валаданьня палачаноў, на якіх стаялі яго прыгарады з іх валасьцямі або кругаколіцамі. Граніца гэтай зямлі на ўсходзе зыходзілася з граніцамі Смаленскіх і Чарнігаўскіх Крывічоў, на поўдні зыходзілася з валаданьнямі дрэгвічанскіх Крывічоў, г[эта] зн[ачыць], тых Крывічоў, якія жылі на Палескай дрыгве або балотах; на захадзе полацкія граніцы траціліся ў Ятвяжскіх лесах; на поўначы, паводле летапісі Быхоўцы, граніца Полацкай зямлі закрэсьлялася вуглом, вытворэным сутокай Віліі ў Неман, і на поўнача-ўсходзе ўпіралася ў левы бераг Дзьвіны. Усе полацкія прыгарады, разьмешчэныя ў паказаных рубяжох, можна падзяліць на чатыры рады як па мейсцовасьці, так і па часу іх пабудоўкі.

Першы рад Полацкіх прыгарадоў станавілі гарады, пабудаваныя імі ў першыя часы найдаўнейшыя, якія разьмешчаліся ў трывуглавіку, твораным Дняпром, Дзьвіной і Бярэзінай. Тут былі гэткія гарады: Вітэбск, старэйшая Крывічанская сяліба, Орша, Друцк, Клічаў, Стрэжаў, Туроўля, Камень, Лепэль, Лукомля і Востраў.

Другі рад Полацкіх прыгарадоў становілі гарады, пабудаваныя Крывічамі пасьля пераходу Бярэзіны на захад. Тут: Барысаў, Бярэзіна, Сьвіслач, Галынка; на Свіслачы Заслаў, Гарадзец, Менск, Ізбарск, Лагойск на Гайне. На прытоках Прыпяці: Дудзічы на Птычы, Шацк, Слуцак, Туроў і Мозыр.

Трэйці рад Полацкіх прыгарадоў пачынаецца пры пераходзе праз Случ і ідзе па прытоках Прыпяці з левай стараны і па прытоках Немана такжа з левай стараны. Тут першымі гарадамі былі, не перэходзя ешчэ Мэрэчы, Копысь і Візна, за Мэрэчай па Лані — Клецак і Несьвіж, Сноў, Вялікія Лукі, Кажан Гарадок, Пінск, Зьдзітаў. Дрогічын на адным з прытокаў Піны і там жа Горадна. Далей аж да Буга ідуць Гарадзец і Кобрын на Мухаўцу, Бярэсьце, цяпер Брэст-Літоўскі, Мельнік, Дрогічын на правым беразе Зах[одняга] Буга, Бранск, Бельск паміж Нарэвам і Бугам, Ноўгарод і Полтавеск, або Пултусак, на р[ацэ] Нарове. На поўнач ад Прыпяці, на Нёмане і яго прытоках: Магільна, Турэц, Новагрудак, Слонім, Зэльва, Воўкавыск і Горадня, або Гродна.

Чацьверты рад Полацкіх прыгарадоў становілі гарады, лежачыя на поўнач ад Полацка на Зах[одняй] Дзьвіне і яе прытоках: Дзісна, Друя, Браслаў, Відзы, Сьве[н]цяны, Курганы, празваныя пазьней Трокамі.

Усе гарады Полацка лічыліся прыгарадамі і павінны былі залежаць ва ўсім ад старэйшага гораду — ад Полацку і ў даўнейшыя часы залежалі ад яго; але з часам зьвязь прыгарадоў з Полацкам на гэтулькі аслабла, што на Полацкай зямлі ўтварылося неколькі гарадзкіх групп, прымыкаўшых да таго або іншага цэнтру; гэтак, напрыклад, былі гарады Менскія – залежаўшыя ад Менску; Туроўскія — залежаўшыя ад Турава; былі гарады ўласьціва Полацкія, цягнуўшыя да Полацку. Гэткаму вытварэньнюся гарадзкіх групп шмат спрыяло тое, што дзеля адміністраваньня гэткай абшырнай тэрыторыяй, пры нестачы ў даўныя часы добрых дарог і наагул утрудненай камунікацыі, яны былі творэны свайго цэнтру [sіc!] як провінцыальна-адміністратыўныя цэнтры.

ПОЛАЦКІЯ КАЛОНІІ

Акром уласна Полацкай зямлі, уладаньня Полацкія прасьціраліся далёка ў землі суседніх племён, якія ня ўходзілі ў склад Полацкай зямлі, але, будучы ад яго так або іначэй залежнымі, станавілі калоніі Палачанаў. Да гэткіх Полацкіх уладаньнёў прыналежылі Летголы, Лівы, Літва, Ятвягі, Жамойдзь. Тут мейсцовыя жыхары спраўляліся сабой, сваімі племеннымі князямі або старшынамі і толькі знаходзіліся ў сувязных або даньніцкіх адносінах да Полацка. Полацкія калоніі падзеляліся на тры адмены як па свайму геаграфічнаму палажэньню, так і па племенному складу.

У Лівоніі

Да першай адмены прыналежалі Полацкія калоніі ўніз па цячэньню Дзьвіны да самага яе ўсьця, дзе былі нават заснованы Полацкія княжствы Кукейнос і Герсіка, або правільней Вэрсіка* (можэ быць, Веражкі, або Верэсьць, перэблутаныя латышом-летапісцам). Аб адносінах гэтага краю да Полацка, паводле лівонскіх летапісцоў, відаць, што пры ўсьцях Дзьвіны былі два ўдзельныя княжствы, дзе сядзелі князі полацкай дзінастыі і што княжствы гэты былі ў залежнасьці ад вялікага князя Полацкага. Зрэшты, з тых самых латышскіх летапісей відаць, што ўсьця і нізоўі Дзьвіны не становілі самой Полацкай зямлі і пры князех з Полацка тамтэйшыя жыхары-туземцы мелі племенных старшын і толькі плацілі дань Полацкім князям і прызнавалі над сабой іх уладу, як патужных і грозных валадароў. Тутэйшыя Полацкія гарады былі ня болей як калоніі ў чужым краю і пабудова іх вызывалася патрэбай абесьпечэньня тарговага шляху па Дзьвіне, якім Палачане вельмі даражылі і за які доўгі час змагаліся з крыжакамі.

Каб уявіць сабе палажэньне полацкіх калоній у гэтым краю, трэба прасьледзіць гісторыю першых нямецкіх пасяленьнеў у Лівоніі; гэта гісторыя ясна кажэ аб адносінах беларусоў да тутэйшага краю. Як сьветчыць старэйшая латышская кроніка (Гэнрыка Латыша), першы прапаведнік каталіцтва ў гэтым краю, прыехаўшый сюды з нямецкімі купцамі, Мэйнгард, прасіў у Полацкага князя пазваленьня прапаведываць. Кроніка даслоўна апаведае аб гэтым так: «Мэйнгард, атрымаўшы дазваленьне ад Полацкага князя Валадзіміра, у каторага Лівонцы (Лівы), былі ў подданстве і прыняўшы ад яго дары, сьмела прыступіў да Божай справы і пабудаваў цэркву ў Ікесколе». Знача Лівонія на гэтулькі была ў залежнасьці ад Полацкага князя, што без яго пазваленьня немцы не маглі прапаведаць сваей веры паміж тамтэйшымі туземцамі — паганамі. Але з дальнейшага апаведаньня тэй жа кронікі відаць, што Палачане мала зьверталі ўвагі на гэтыя валаданьні і карысталіся толькі даньню, зьбіранай з тамтэйшых жыхароў і нават не спраўлілі імі, так што ў другую зіму Мэйнгарду з Ікесхольцамі прышлося абараняць тамтэйшый край ад нападу Літвіноў і пабудаваць у Ікесколе замак, названы Ўкскулям і другі замак Гольм. Наступнік Мэйнгарда, Бэрнгольд, пачаў ваеваць з Лівонцамі, якія адмовіліся ад хрысьціянства, і прывёў германскія і готландзкія войскі. Усё гэта сталася ў прадоўжэньні 12 лет; і ні Полацкі князь, ні Палачане, атрымовываючы акуратна дань ад Лівонцаў, не зьверталі на гэта ніякай увагі і ня думалі заступацца за сваіх акуратных даньнікаў. Наступнік Бэрнгольда біскуп Альбэрт пабудаваў ужо Рыгу, устанавіў лівонскіх крыжакаў, ваеваў і заключаў сувязі з Жамойцю, Літвой і Куронамі. А Полацкі князь і Палачане глядзелі на ўсё гэта як быццам скрозь пальцы. Урэшце на восьмым годзе свайго біскупства, Альбэрт знайшоў патрэбным увайсьці ў безпасярэдныя зносіны з Полацкім князям Валадзімірам, як і раней Мэйнгард, выслаў сваё пасольства ў Полацак. У гэты самы час Лівонцы, крэпка прыгнетаныя немцамі, прышлі ў Полацак з жальбой і просячы абароны. Валадзімір прыняў старану сваіх даньнікаў Лівонцаў і, адпусьціўшы Альбэртавых паслоў, стаў рыхтавацца ў паход, але сперша паслаў сваіх мужоў у Кукейнос разьбіраць спрэчкі паміж Лівонцамі і Немцамі. Княжы пасол выклікаў Альбэрта ў Кукейнос на азначаны тэрмін. Альбэрт не прыняў запросін і стаў на скора рыхтавацца да вайны, запрасіўшы да сябе Летголу і Латышоў, быўшых тады ў непрыязьні з Лівонцамі. Лівонцы са сваей стараны запрасілі Літвіноў і захапілі замак Гольм. Але, перш чым здолелі падыйсьці да іх Палачане, немцы са сваімі сувязьнікамі разьбілі Лівонцаў і ўзялі назад замак Гольм. Урэшце Валадзімір з войскам зьявіўся і аблажыў Гольм. Але, прастаяўшы пад замкам адзінацца[ць] дзён і не здалеўшы яго ўзяць, адыйшоў са сваім войскам дамоў. Гэты неўдачны паход Полацкага князя меў той вынік, што Лівонцы, страціўшы надзею на абарону ад Полацка, павінны былі прыняць каталіцтва і скарыцца перад немцамі. Ужо на другі год Альбэрт перадаў Лівонію пад апеку нямецкага імпэратара, а ешчэ праз год уся Лівонія да граніц Эстоніі была ахрышчона ў каталіцтва. Усьлед за гэтым Кукейноскі беларускі князь Усеслаў, каб утрымаць за сабой сваё невялікае княжства, прымушан быў падацца пад апеку Альбэрта са ўсім сваім княжствам, каторае перэдадзена яму была ізноў ад імені Рыжскай Богамаці ўжо на васальных правох. Усьлед за гэтым зьявіўся ў Кукейносе невялічкі нямецкі гарнізон, як быццам дзеля абароны гораду ад Літвіноў. Але Вячэслаў скора ўбачыў дзеля чаго прысланы немцы і, не адкладываючы на далей, перабіў іх, а сам зьвярнуўся да Полацкага князя Валадзіміра, просячы помачы, але перш чым прышла Полацкая помач, немцы прагналі Вячэслава і занялі Кукейнос. Пасьля ўзяцьця немцамі Кукейноса за Полацкімі князямі ў тутэйшым краю аставалася ешчэ Вэрсіка, дзе княжыў Усевалод, змагар за беларускую справу ў Лівоніі, каторы ў сувязі з літвінамі вёў увесь час безупынную барадзьбу з немцамі. Усевалод, як жанаты з дачкой аднаго Літоўскага князька, крэпка шкодзіў немцам. З Вэрсікі пачыналіся ўсе паходы Літвіноў; у Вэрсіцы Літвіны заўсёды находзілі схоў і абарону ў здарэньні неўдачнага нападу. Урэшце, на адзінаццатым гаду Альбэртавага біскупства, дайшоў чарод і да Вэрсікі. Альбэрт, каб за адзін раз пакончыць з Усеваладом, сабраў вялікае войска з немцаў, хрышчоных Лівонцаў і Латышоў і ўзяў з бою Вэрсіку, а Усевалода прымусіў уцячы за Дзьвіну. Гэтак, апасьля здабыцьця немцамі Вэрсікі, счэзло апошняе Полацкае валаданьне ў Лівонскай зямлі. Альбэрт хоць і аддаў Вэрсіку ізноў Усевалоду, але ўжо на ленным праве, з тым, каб ён быў васалам Рыжскай Богамацеры.

Зрэшты, немцы-рыжане пачувалі сябе не заўсім моцна ў Лівоніі, Літва і Палачане ешчэ крэпка іх турбавалі, зьвязь Лівоніі з Полацкам ешчэ не спынялася. Полацкія князі ешчэ не адмовіліся ад сваіх правоў на Лівонію і атрымлівалі адтуль дань. Дзеля гэтага ў 1210 гаду, перад распачацьцем барадзьбы з Эстоніей, Альбэрт знайшоў патрэбным заключыць мір з Полацкім князям. Умова была ў тым, каб Полацкі князь не перашкаджаў вольнай таргоўлі немцоў з Полацкам, а немцы са сваей стараны абавязаліся плаціць дань за Лівонцаў; нават біскуп сам абецаўся дастаўляць дань у Полацак. Але Лівонцам цяжка было плаціць дзьве дані: немцам і Полацку. І дзеля гэтага Лівонцы прасілі Полацкага князя, каб ён вызваліў іх з-пад немцоў, а біскупа Альбэрта прасілі, каб ён не вымагаў ад іх дані ў карысьць Полацкага князя. Полацкі князь дзеля вырашэньня гэтай справы назначыў Альбэрту тэрмін для зьезду і запатрабаваў ад яго, каб немцы не прымушалі Лівонцаў хрысьціцца, а пакінулі бы гэта на іх добрую волю. Альбэрт на гэтае вымаганьне адказаў адмоўна, і перагаворы кончыліся тым, што Полацкі князь адмовіўся ад дані і пасьля заключыў з немцамі мір, пакідаючы ім і Палачанам вольную таргоўлю. Але на гэтым справа аб Лівоніі ешчэ ня кончылася. Беларускі князь Усевалод ешчэ валадзеў Вэрсікай, хоць і на правох васала; каб заўсім разьвязацца з ім у 1214 гаду немцы напалі на Вэрсіку, аграбілі быўшых там беларусоў і князя і заваладзелі горадам. Гэтым кончылася апошняе валаданьне Полацкае ў Лівоніі. Тым ня меней, Палачане ешчэ ня думалі даканчальна адмовіцца ад Лівоніі, і ў 1215 гаду Полацкі князь Валадзімір зрабіў апошнюю спробу супроць немцаў і, сабраўшы вялікае войска, адправіўся проста да Рыгі, але, атручаный немцамі, пры самым пачатку паходу, памёр, а яго войска разбрылося па краю.

Гэтае апаведаньне Лівонскай кронікі ясна кажэ, што да прыбыцьця немцаў Лівонія прыналежала Полацку і што на нізох Дзьвіны былі два Полацкіх княжства — Кукейнос і Вэрсіка; што вялікі князь Полацкі атрымліваў ад Лівонцаў штогодную даніну і што Лівонцы прызнавалі яго сваім вярхоўным гаспадарам і абаронцам. Але з таго ж апаведаньня відаць, што Лівонія была правінцыей, а ласьне калоніей Полацкай, у якой па-за намесьнікамі Полацкіх князёў былі свае старшыны і ўвесь народ, падлегаючы Полацку, аставаўся пры сваіх правох і абычаях; Палачане не накідалі Лівонцам сваей веры, пакідаючы гэта іх добрай волі. Тым ня меней відаць, што ўлада Полацкіх князёў у Лівоніі была даўняя і крэпкая, прызнаваная Лівонцамі. Лепшым довадам моцнай Полацкай улады служыць тое, што немцы, не глядзя на тагочасную слабасьць Полацкіх князёў, заблужаных у межысобіцы і спрэчкі са сваім волелюбівым народам, толькі пасьля трыдцацілетняга ўпорнага змаганьня, падтрымліванага ўсей тагочаснай каталіцкай Эўропай, здолелі ўмацавацца ў гэтым краю і самі неколькі разоў павінны былі прызнаваць сябе залежнымі ад Полацкіх князёў.

У Літоўскай зямлі

Другую адмену Полацкіх калоній станавілі калоніі ў Літоўскай зямлі. Калоніі гэты мелі саўсім іншы характар, чым калоніі ў Лівоніі і ў Латышоў. Перш наперш Полацкія калоніі ў Літве шмат даўнейшыя, а па другое, самае імя гэтаму краю нададзена было Полацкай вольніцай — люцічамі. Вольніца, — званая на паўднёвых стэпах казакамі, на Балканах ускокамі, — у Прыбалтыцкіх славяноў і ў Палачаноў насіла названьне люцічоў, што знача людзей лютых, сьмелых, вольных. У дагістарычныя часы дружыны Полацкіх люцічоў ішлі на вольнае жыцьцё ў первабытныя пушчы гэтага краю і тут сарганізовывалі мейсцовае жыхарства пад сваей уладай. Полацкія люцічы скора сыйшліся з мейсцовым жыхарствам і нават зьліліся з імі, даючы яму з паміж сябе вышэйшы вайсковы стан: — баярства і князёў. Край заняты люцічамі сьпершапачатку зваўся Лютвой, а пазьней Літвой. Тут перадавыя стражніцы беларускай цывілізацыі на поўнач даходзілі да Лівонскай і Куронскай зямлі, а на захад па Нёману аж да суток яго з морам. Тэрыторыя гэта падзелялася на дзьве часьці з поўдня да Віліі і ад Віліі на поўнач. На першай часьці гэтай тэрыторыі, па прызнаньню саміх літоўскіх летапісцоў, палачане валадзелі саўсім самаіста; земля гэта была забудавана палачанскімі гарадамі. Другая часьць, на поўнач ад Віліі, была Полацкай калоніей, якая прасьціралася на поўнач да Лівонскіх і Куронскіх зямель, а на захад па Неману да суток гэтай ракі з морам. Што скрозь тут былі валаданьня Полацкія, паказываюць славянскія, а нават чыста беларускія названьня рэк, упадаючых у Неман з правай стараны. Рэкі гэты зьяўляюцца як быццам ступенямі паступальнага руху Полацкіх калоній на захад у глыб Літоўскай і Жамойдзкай зямель. Першая з гэтых рэк, самая ўсходняя ў тутэйшым краю, атрымала названьне Віліі або, як пішэцца ў старых дакумэнтах, Велія, г.зн. Вялікая. За Веліяй на захад плыве рэка Сьвятая, такжа названьне паўтараючаяся ў неколькіх вазёрах Полацкага краю. Далей ідуць рэкі з чыста беларускімі назовамі — Нявежа, Дубіса і Русь, адзін з усходніх рукавоў Немана. Акром рэк, у гэтым краю мы сустрэчаем урочышчы і старэйшыя гарады са славянскімі або беларускімі назовамі гэткія: Вілкомір, на рацэ Сьвятой, Вільня на рацэ Віліі, Панявеж на рацэ Невяжы, Росіены; мейсцовасьці Твер, Лукнікі, Паезеры, Подубісьсе, Грузьдзі, Трышкі. Росіены, паводле летапісей, адзін са старэйшых гарадоў у Жамойдзі і да гэтага часу захаваўшый сьляды старасьвецкіх земляных укрэпленій, што проста паказывае на калонію беларускую. Цяперашняе мястэчка Ворне, даўней Меднікі, такжа паказываюць на старую беларускую калонію ў гэтым краю. Мястэчка Растоўск і рэчка Ўстра і Паневежскім павеце, там жа рэчка Нарчоўка, Дунай, Карачунка, Сьцервіца; вазёры Дзісна і Цно паказываюць на свае славянскае, а ўласьціва беларускае паходжэньне. Аб долі тутэйшых калоній беларускіх мы не маем павінных вядомасьцей, але судзячы па тых данных, якія мы можым пачэрпнуць з летапісей, ад самага пачатку, калі Літва вышла на гістарычную арэну, усе грамадзянскія формы, выключаючы рэлігію, былі ў істоце полацкія, толькі крыху пераіначаныя, згодна характару літвіноў. Літвіны не маглі запазычыць гэтых форм ні адкуль, акром толькі палачанаў, з якімі заўсёды былі ў самых цесных адносінах, аж да гістарычных часоў. Гэтыя Полацкія калоніі між рожнароднымі тутэйшымі племенамі — Жамойдзю, Дзевялтай і іншых зрабілі сваю справу: яны надалі імя зьвязваючае рознародныя, хоць і блізкія сабе па крыві і мове племены ў Літоўскі народ, каторы, кіраваны беларускім інтэлектам, у асобе баяроў і князёў Полацкага паходжэньня, разам з Беларусьею вытварылі слаўную ў гісторыі ўсходнай Эўропы фэдэратыўную Літоўскую дзержаву.

У Яцьвяжскай зямлі

Полацкія калоніі ў Яцьвяжскай зямлі, асабліва заходнія, як аддзеленыя ад Полацкай зямлі, былі не болей як вайсковыя пляцоўкі і мелі малую зьвязь з Полацкам, а наадварот, нярэдка знаходзіліся пад уплывам валынскіх князёў, якія былі ўзалежніўшы ад сябе гэты край. Толькі пасьля вынішчэньня Яцьвягаў, калі Полацкай зямлёй сталі валадзець Гедымінавічы, надбуджанскія і наднёманскія калоніі Палачанаў зьліліся з Полацкай зямлёй і ўвайшлі ў склад Вялікага Княжства Літоўскага. Да гарадоў, пабудаваных Палачанамі ў Ятвяжскай зямлі, належаць: Бярэсьце, цяпер Брэст-Літоўскі, Хомск, Дзівін-Гарадок, Кобрын, Дрогічын на Бугу, Ваўкавыск, Сьвіслач, Нарэў, Бельск.

ПОЛАЦКАЯ СЬВ. СОФІЯ

Старшай і галоўнай саборнай цэрквай у Полацкай зямлі была цэрква Сьв. Софіі ў Полацкім крэмлю або дзяцінцу, яна выражала ў Полацку сымвал свабоды і самаістнасьці Полацка і акром рэлігійнага значэньня мела ешчэ значэньне нацыональна-дзяржаўнае. Заснована катэдральная полацкая цэрква Сьв. Софіі ў Х сталецьці і была праўдападобна будавана з дрэва і толькі ў ХII сталецьці была пабудавана з цэглы стараньнем і коштам полацкага князя Глеба.

Кожды горад на Беларусі меў сваю саборную цэркву ў крамлі або дзяцінцы. Гэтак у Бельску на замку была саборная цэрква Прачысьценская, спамінаная ў грамаце 1507 году; у Вітэбску саборная цэрква Прачысьценская; у Слуцку саборная Прачысьценская цэрква, у Менску саборная Прачысьценская, у Новагрудку саборная Барыса і Глеба, у Тураве саборная Прачысьценская, у Вільні саборная Прачысьценская, у Мсьціслаўлі саборная Сьв. Тройцы, у Смаленску саборная Прачысьценская.

ПОЛАЦКІ БІСКУП

Хрысьціянство ў Полацкую зямлю праз тарговыя зносіны з хрысьціянскім усходам і захадам пачало пранікаць ужо ў першыя векі хрысьціянства. Калі была заснована беларуская катэдра ў Полацку, данных акуратных німа, аднак, паводле расейскіх і польскіх гісторыкаў, сталося гэта не пазьней Х сталецьця.

У Полацку біскуп быў прэдстаўніком мейсцовай цэркві, быў політычнай дзержаўнай асобай, самай выдатнай асобай грамадзянскага кіраўніцтва. Яго імя нават пры Гедымінавічах у грамадзянскіх актах ставілося на першым мейсцы; ад яго імені нярэдка пісаліся граматы зьместу палітычнага. Лепшы прыклад гэткіх грамат дае грамата Полацкага біскупа Якава ў Рыгу, пісаная ў канцы ХII сталецьця. Біскуп так пішэ: «Паклон і благаславеньне ад Якава епіскопа Полацкага, пробставі намесьніку піскуплю і дзецям маім ратманом. Быў есьм ня дома во атца свайго мітрапаліта, а ныне есьм на сваем месьце ў сьвятое Софіі; а ныне есьм уведаў любоў ваша правая з сынам маім з Вітэням. Тако жа дзеці была любоў ваша первая з Палачаны з дзецьмі маімі; што вам было надабе, то было ваша. А ныне што дзецям маім надабе, таго ім не бароніце. А ныне абысьце пусьцілі жыта ў Полацко. А я кланяюся і благаслаўляю і Бога малю за вас, дзеці свае. Але будзець Полачанін чым вінен Рыжаніну, я за тым не стаю са сваімі дзяцьмі і ісправу дам. А будзець Рыжанін чым вінен Палачаніну, вы дайце ім ісправу такжа. Я вам кланяюся дзецям сваім і благаслаўляю і Бога малю» (Рус[ка]-Лівон[скія] Акт[ы]. № ХХХVIII). Тут біскуп Полацкі кланяецца чыста ўрадовай, сьвецкай асобай; у яго грамаце мова ідзе толькі аб сьвецкіх справах, — аб отпуску рыжанам збожжа і аб судзе паміж Рыжанамі і Палачанамі. Грамата паказывае, што біскуп прыймаў удзел у агульным Полацкім судзе і ледзь ня быў першым сябрам суда. Словы граматы «дам ісправу са сваімі дзяцьмі», ясна паказываюць на высокае значэньне Полацкага біскупа ў народным судзе.

У гэтай жа грамаце біскупа Якава мы маем паказаньне, што Полацкі біскуп называў Вялікага князя Полацкага сваім сынам. У грамаце Якаў кажэ Рыжанам: «а ныне ўведаў любоў вашу правую з сынам маім Вітэням». А пры біскупу Якаве Вітэнь быў вялікім князям Літоўскім і Полацкім. Сыноўскія адносіны Вітэня да біскупа Якава ніяк нельга тлумачыць хрысьціянскай пашанай Вітэня да біскупа, як да духоўнага айца, бо Вітэнь жыў і памёр не хрысьціянінам. А дзеля гэтага карэнь сыноўскіх адносін да Полацкага біскупа быў ня ў кроўнасьці да яго, як да архіпастыра Полацкай цэркві, але ў тым, што князёў у Полацкай зямлі было многа ў розных удзелах, а біскуп быў адзін і дзеля гэтага палітычна лічыўся старшым прэдстаўніком усёй Полацкай зямлі. Гэтым полацкія біскупы рожніліся ад біскупаў другіх усходнеславянскіх зямель, дзе біскупы зазвычай бывалі ў большай залежнасьці ад мейсцовых князёў. І ці ня гэтае вышэйшае палажэньне, прыналежаўшае Полацкаму біскупу, так высока ставіло яго ў рускай царкоўнай ерархіі, што ён займаў першае мейсцо пасьля Кіеўскага мітрапаліта. Пры гэтым варта адмеціць і другую дагадку высокага становішча Полацкага біскупа ў Рускай цэркві, а ласьне, што біскупство Полацкае, па часу заснаваньня яго, было найстарэйшым у ўсіх біскупств рускіх зямель, не вылучаючы і кіеўскага.

Полацкі біскуп, судзячы з пазьнейшых гістарычных данных, выбіраўся Полацкай зямлёй, г.зн. вечам. Гэтак у грамаце 1562 году сказана, што па сьмерці Полацкага архібіскупа Грыгора Валовіча полацкія баяры, шляхта, мешчане і ўсё паспольства Полацкае выбралі на яго мейсцо інака Арсенія Шышку. Аб гэтакіх жа выбарах гаворыцца ў грамаце 1576 году.

Ад часоў Вітаўта, або злучэньня Беларуска-Літоўскай дзержавы з Польшчай пры Ягайле, грамадзянскае палажэньне полацкага біскупа пайшло на ўшчэрб. У ранейшыя часы Полацкі біскуп быў адзіным і галоўным прэдстаўніком хрысьціянскай цэрквы ў Полацкай зямлі; ад часоў Вітаўта гэтае галоўнае прэдстаўніцтва хрысьціянскай цэрквы было перанесена на Віленскага каталіцкага біскупа, а галоўнае прэдстаўніцтва праваслаўнай цэрквы на Кіеўскага Мітрапаліта, Полацкі ж біскуп перасунуты на другі план, разам з іншымі біскупамі, каторых эпархіі ўвайшлі ў склад В. Кн. Літоўска-Беларускага. Нават Віленскія праваслаўныя цэрквы былі падпарадкаваны безпасярэдна Кіеўскаму, а ня Полацкаму біскупу. Ні Вітаўт, ні яго наступнікі, Вял. Кн. Літоўска-Беларускія, ужо не называюць Полацкага біскупа сваім айцом; ён у іх схізматык, а нават паганін, бо толькі ў ХVI сталецьці Рым выясьніў, што хрышчэньне па ўсходнаму абраду важнае і што рускія праваслаўныя не пагане.

Усё, што адолелі абараніць Полацкія, нараўне з другімі праваслаўнымі біскупамі, заключалося ў іх кананічных правох; правы ж палітычныя Полацкага біскупа былі даканчальна зьніштожаны. Па так званаму Яраслававаму зьвітку, уложанаму беларускімі праваслаўнымі біскупамі і зацьверджэнаму вялікім князям Вітаўтам і яго наступнікамі, за Полацкім біскупам, роўна як і за другімі беларускімі біскупамі, пакінута было: 1) каб біскупская ўлада была не парушна і цэла над усімі прасьвітарамі, знаходзячыміся ў межах біскупскай эпархіі і каб ніхто з сьвецкіх людзей, ні князі, ні баяры, не ўступаліся ў біскупскі суд над прасьвітарамі, пад пагрозай штрафу ў 1000 рублёў грошаў шырокіх на саборную цэркву або біскупскую катэдру і пад пагрозай пазбаўленьня правоў на царкоўнае кцітарства. 2) Ніхто з сьвецкіх не павінен уступацца ў біскупскі суд па сужэньніцкіх справах, пад пагрозай 300 рублёў грашэй шырокіх на цэркву. 3) Хто ад жывой жонкі жэніцца з другой, з таго біскуп бярэ кару 1000 рублёў грашэй шырокіх і шлюб з другой жонкай парваць; а хто не паслухае біскупа, таго судзіць і караць сьвецкім судом. 4) Хто будзе жыць у яўнай распусьце, з таго, з знатнага чалавека, біскуп спаганяе на цэркву 500 рублёў грашоў шырокіх на цэркву. 5) Біскуп павінен пільнаваць, каб у яго эпархіі не было распусты і судзіць справы гэрэтыцкія. У грамаце В. Кн. Александра, дадзенай архібіскупу Лукашу ў 1503 г. датычна зацьверджэньня так званага Яраслававага зьвітка, сказана: «прыказуем, каб князі і паны нашы рымскага закону, так духоўныя, як і сьвецкія, і такжа воеводы і старасты і намесьнікі рымскага закону, так і грэчэскага і ўсе заказьнікі і дзержаўцы па гарадох нашых крыўды бы цэркві Божай і архібіскупу не чынілі і ў даходы царкоўныя і ўсе іх правы і ў суды іх духоўныя не ўступаліся; бо мы прыказалі архібіскупу Лукашу судзіць справы духоўныя і людзі цэркоўныя ведаці па даўнаму абычаю па гарадах і местах нашых, у архібіскупіі Полацкай. А каторыя людзі архібіскупіі сідзяць па якіх гарадах і захочуць заняцца таргоўляй, то павінны плаціць усе падаткі нашы з гараджанамі разам, па даўнаму абычаю. А каторыя паны нашы і паны рымскага закону маюць у сваіх маетнасьцях цэркві грэчэскага закону і каторая цэрква здаўна пад патронатам архібіскупа, тая і цяпер павінна аставацца пад яго патронатам; а каторая цэрква здаўна была пад патронатам дзедзіца тэй дзедзізны, тая і цяпер астаецца пад яго патронатам з благаслаўленьня біскупа; толькі той дзедзіч ня мае права адмовіць сьвяшчэньніку тэй цэркві без разгляду і волі біскупа. Такжа калі б рускага сьвяшчэніка хто асароміў або прыбіў, як рымскай веры так і грэчаскай, то справу павінен разабраць архібіскуп, бо гэта суд духоўны».

Гэткім чынам Полацкі ўладыка, з часоў Вітаўта, астаўся пры царкоўных правох мейсцовага біскупа і то значна абрэзаных, напрыклад, у стасунку да праваслаўных цэрквей, знаходзячыхся пад патронатам дзедзічоў каталікоў. Ён ужо болей ня мае права называць вялікага князя сваім сынам і прыймаць удзел у сьвецкім кіраўніцтве; урад не пытае ў яго ні рады ні благаславеньня; ён, як схізматык, па разуменьню каталікоў, не мае права заседаць у Сэнаце, у той час як усе каталіцкія біскупы з’яўляюцца сэнатарамі. За полацкім уладыкам астаецца толькі права на землі, здаўна прыпісаныя да полацкай катэдры; але і тут яго права многа ніжэй права служылых людзей і паноў радных у сваіх маетнасьцях. Усё гэта гаворыць аб тым, што стары полацкі ўладыка да Вітаўта і полацкі ўладыка новы ад Вітаўта да аб’еднаньня з Польшчай ёсьць дзьве ўстановы далёка непадобныя адна на адну.

ПРАМЫСЛОВАСЬЦЬ СТАРОЙ БЕЛАРУСІ

Эканамічны быт, г.зн. матэрыяльная заможнасьць народу, іграе незвычайна важную ролю ў яго жыцьці: чым больш заможна народная маса матэрыяльна, тым лепей і спакойней жывецца ёй, тым сільнейша і патужнейша сама дзержава, бо ня можэ быць сільнай тая дзержава, насяленьне каторай гібее ў беднаце і цесна зьвязанай з ім цемнаце. Багацтва ж народаў залежыць ад многа якіх прычын, паміж каторых выдатнае мейсцо займае геаграфічнае палажэньне старонкі, яе клімат, глеба, багацьце натуральнае; а побач з гэтым выказывае ўплыў ступень эканамічнай прэдпрыемчывасьці самога народу і варункі яго палітычнага і соцыальнага жыцьця. У свой чарод эканамічны ўклад жыцьця аказывае патужны ўплыў на соцыальны і палітычны быт. Дзеля разьвіцьця асьветы, літэратуры, навукі патрэбна вядомая матэрыяльная абясьпечэнасьць, нават маральнае дасканаленьне недаступна народу, які жыве ў вялікай беднаце і ўмысловай цемнаце. Эканамічнае працьветаньне народу дасьцігаецца разьвіцьцём прамысловасьці, рукомеслаў і торгу, прычом дзеліцца на дабываючую і ператворчую, а таргоўля — на ўнутранную і зьнешную.

У Беларусі спрадвеку істнавалі шмат якія з тых форм прамысловасьці, якія істнуюць і цяпер; таксама правечнай зьяўляецца і тарговая чыннасьць беларускага народу. З гэтага выплывае, што розьніца паміж цяперашнім і калішнім часам зводзіцца да абмераў і форм гэтай чыннасьці.

Дабываючая прамысловасьць у старой Беларусі была болей пашырана, як вытворчая. З дабываючай прамысловасьці выдзеляліся: ратайства, лавецтва, скатаводзтва і пчальнікоўства, ці, як даўней казалі, «зямецтва». Цяпер Беларусь называюць ратайскай стараной, дзеля таго, што ратайства зьяўляецца галоўным заняцьцем аграмаднай большасьці жыхарства. Дзеля таго, каб мець такое вялікае пашырэньне, ратайства павінна было здаўна паявіцца на Беларусі. І запраўды, мы бачым яго вельмі рана ў нас. Але разьвіцьцё яго залежала ад мейсцовых варункаў, каторыя былі для яго меней або болей спрыяючыя: Беларусь была скрозь пакрыта лесамі і мела не асабліва раджайную глебу і дзеля гэтага ратайства вымагала тут значных высілкаў дзеля карчаваньня лясоў. Дзеля гэтага ў нас ратайства пачыналася ад ля’давай гаспадаркі, пры каторай ссечэны лес паліўся і на выпаленым ля’дзе гаспадар засеваў зярно; выкарыстаўшы два, тры гады зямлю, яе закідалі і разчышчалі новае лядо. Ратайскія прылады былі ў гэныя часы тыя самыя, што і цяпер — плуг, рало (саха), скарада (барана), серп; збожжа складалі ў скірты і тарпы; зярно пераховывалі ў клецях і ямах; малацілі і веялі на таку, малолі на ручных жорнах. Засевалі: жыта, ячмень, авёс, лён і канаплю. У ХII сталецьці ратайства зьяўляецца пануючым заняцьцем усяго жыхарства. Садаводзтва і агродніцтва былі разьвіты стасункова слаба. Разьвіцьцё ратайства адбывалося за кошт лавецтва, каторае першапачаткова панавала на ўсім беларускім абшары; у меру разьвіцьця ратайства падала лавецтва. Лясы беларускія славіліся багацьцем усякіх зьвераў, у тым ліку і пушных. У лесах водзіліся саболі, куніцы, бабры, гарнастаі, пясцы. Бабры істнавалі па ўсіх рэках і рэчках. Са зьнікнуўшых цяпер адмен дзікіх жывёл, трэба адмеціць дзікіх коней і туроў, або зуброў. Дзеля лоўлі зьвяроў ужывалі, акром сабак, яшчэ і лавецкіх птушак — сокалаў і ястрэбаў. Лавецтвам займаліся ня толькі дзеля разрыўкі, сколькі дзеля промыслу, даваўшага значны даход. Дзякуючы надзвычайнаму багацьцю лясоў птушкамі, народ ужываў тады болей мясной стравы, чым цяпер, бо збыт на мяса быў бязьмерна труднейшы, як у нашы часы. Але галоўную цэннасьць у лавецтве становілі скуры пушных зьвяроў, каторыя ўжываліся ня толькі на цёплую адзежу, так дакончэ патрэбную ў нашым суровым клімаце, але і дзеля прадажы: імі велася абшырная таргоўля як унутранная, так асабліва зьнешная.

Бязьмерна большую ролю, як цяпер, займало ў народным жыцьці пчэльнікоўства. Пчэльнікоўства тады працьвітала ня ў форме пасечніцтва, а бортніцтва: выбіраліся дрэвы з дупламі і такія дрэвы называліся бортнымі; у борці (дуплы) садзілі пчол. Дзеля таго, што бортныя дрэвы выяўлялі цэннасьць, то права аберэгала гэту цэннасьць за іх уласьнікамі: за парубку бортнага дрэва або зьніштожэньня на ім «знамкі» (клейма) накладаўся штраф. Аб багацьці стараны мёдам сьведчыць істнаваньне мядовага падатку. І мёд і воск, як і скуры, мелі вялікі збыт як унутры дзержавы, так і заграніцу. Воск ішоў на суканьне сьвечак, а мёд на выраб знамянітых пітных крывічанскіх мядоў. Скляпы княжых харомаў мелі асобныя аддзелы для пераховываньня мядоў, так званыя «мядушы», а аб тым, якія аграмадныя запасы мёду зьбіраліся ў медушох, сьведчаць летапісі, якія апаведаюць, што ў аднаго з князёў пераховывалося 500 беркаўцаў (5.000 пудоў) мёду.

Рыбацтва таксама было пашырана больш, як цяпер, па-першае, дзеля таго, што жыхарства, дзякуючы строгаму пільнаваньню пастоў, большую часьць году кармілося рыбай, але рыба не была рэччу значнай таргоўлі, дзеля таго, што яе трудна было спароміць у запас, дзякуючы нестачы і дарагоўлі солі.

Скатаводзтва было разьвіта слаба; варункі ў нас для скатаводзтва далёка горшыя, чым, напрыклад, на сьцяпох. Хоць аб слабым разьвіцьці скатаводзтва можна гаварыць умоўна, дзеля таго, што пасьвішч было многа і не расьцярэбленыя землі цаніліся тады дзешавей за аромыя; ды і наагул земля сама па сабе, калі ў яе не было ўложана працы, не каштавала нічога, дзеля таго, што яе ўсюды было многа: цанілася праца, уложаная ў зямлю. З мэталаў дабывалі балотнае жалеза, але ў малой меры, — золата, серабро і дарагія каменьня дабывалі дарогай таргоўлі.

РАДА ГАСПАДАРСКАЯ

У княжыя часы беларускія Вялікія і ўдзельныя князі ўсе свае планы і прэдпрыемствы абмярковывалі [з] сваімі старшымі дружыннікамі. Князь радзіўся з дружыннікамі і аб вайсковых справах і аб земскім ладзе, г[эта] зн[ачыць] аб кіраваньні краем. Былі здарэньня, калі баяры (слова паходзіць ад стараславянскага «болій» — большы, старшы, дзеля гэтага сперша пісалі не баяры, а баляры), умешываліся і ў сямейныя княжыя справы. Акром баяроў, у княжай радзе за звычай прыймалі ўчасьце і падручныя князі. Установа княжай рады збегам часу ня толькі не замірала, але, наадварот, разрасталася і крэпла. Пасьля злучэньня Беларусі з Літвой княжая, або гаспадарская, Рада значна была пашырана: у яе ўходзілі ня толькі ўдзельныя князі і бліжэйшыя, старшыя баяры, але такжа і вышэйшыя ўрадоўцы, воеводы, гараднічыя і каталіцкія біскупы. Склад рады рэдка калі бываў поўны, г[эта] зн[ачыць] не заўсёды заседалі ўсе пералічэныя вышэй катэгорыі дзяржаўнай старшыны; толькі пры абмяркаваньню найболей важных пытаньнеў Рада збіралася поўнасьцю. Большай часьцю Раду складалі тыя з названых вышэй асоб, якія ў даны момэнт знаходзілісь пры князю. Князь мог запрасіць на Раду адных толькі ўдзельных князей або вышэйшых дастойнікаў. У гэтым была яго гаспадарская воля. Рада прыймала ўчасьце ў абмеркаваньні ўсіх дзяржаўных спраў, падлегаючых веданьню гаспадара. Але пастановы Рады мелі моц толькі пасьля зацьверджэньня іх гаспадаром; яна працуе толькі ў лучнасьці з ім: разам выдае законы, раздае маетнасьці і ўрады, сядзіць і вядзе зносіны з другімі гаспадарствамі. Да канца ХV сталецьця ўжо даканчальна ўстанавіўся круг асоб, становячых Раду гаспадарскую. Гэта былі каталіцкія біскупы, абластныя валадарывоеводы і князі, вышэйшыя дзяржаўныя дастойнікі, так званыя «земскія ўрады» і прыдворныя ўрадоўцы — «дворныя ўрады». Лік асоб Рады гаспадарскай стаўся цяпер так вялікі, што з яе выдзелілася асобная так званая вышэйшая, або тайная, Рада з вышэйшых духоўных і сьвецкіх асоб. З імі гаспадар і абмярковываў важнейшыя дзяржаўныя справы. Бягучыя абыдзенныя справы разгледаліся ў Радзе звыклай. У гэты час рада набывае вялікага дзяржаўнага значэньня. Выбраны на Вялікакняжы Пасад Александр, ідзя на сустрэчу пажаданьням выбраўшых яго дастойнікаў, выдаў прывілей, дзе даваў абецаньне без згоды паноў Рады ня мець дыпламатычных зносін; не раздаваць зямель і ўрадоў і не адбіраць іх; зьбіраньне і выдаткаваньне дзяржаўных даходаў павінна адбывацца пад кантролям Рады. Па земскаму прывілею 1506 гаду, гаспадар абавязываўся за сябе, сваіх патомкаў не выдаваць ніякіх законаў без згоды паноў Рады. Памылкова некаторыя гісторыкі ў гэтых прывілеях дабачаюць пачаўшаеся абмежаваньне правоў гаспадарскіх: уся справа ў тым, што ў гэтым часе сталіся замацаваны на пісьме тыя адносіны, якія ад веку істнавалі як абычай. Згаданыя вышэй прывілеі каждым новым гаспадарам пацьверджаліся. У нябытнасьць гаспадара ў краі Рада яго заступала і ад яго імені дзействавала, заседаючы ў Вільні. Дзеля разгляду судовых спраў паны Рады ўстраівалі два зьезды ў год, дзе і разглядалі ўсе бягучыя справы. Рада гаспадарская складалася з беларускай і літоўскай арыстакрацыі, асоб не знатнага паходжэньня, выслужыўшыхся і дзеля гэтага набыўшых права заседаць у Радзе было ня многа. Хочучы зрабіць веру каталіцкую пануючай, урад рабіў спробы пазбавіць праваслаўных палітычных правоў. Гарадэльскі прывілей 1413 году забараняў праваслаўным быць у Радзе. Але трэба заўважыць, што гэты пастановы поўнасьцю ніколі не выконываліся. Пасьля Люблінскай уніі беларуска-літоўская Рада зьлілася з польскай каронай, іначэ сэнатам, хоць час ад часу літоўская Рада прадаўжала зьбірацца, асобна ад польскай.

РУКОМЕСЛЫ Ў СТАРОЙ БЕЛАРУСI

Нашым прашчурам было ведома даволі многа рукомеслаў, патрэбных у штодзённым жыцьці: для будоўлі дамоў, вытвору адзежы і дамовых статкоў. Асабліва пашырэным было цесьлярскае рукомесло, бо лесу было багата і будынкі будавалі з дрэва. У драўляным будаўніцтве нашы прадзеды дайшлі вялікай дасканальнасьці, вытварылі свой асобны, вельмі прыгожы стыль. Мастакоў будаўнічых у нас называлі дойлідамі. Аб старой беларускай дрэўлянай архітэктуры даюць паняцьця датрываўшыя да нашых часоў будынкі, напрыклад, у Слуцку, а такжа ў Вітэбску, Могілеві і па іншых мейсцах краю. Мураваных будынкаў было мала (гэта былі галоўным чынам сьвятыні), хоць мулярскае рукомесло асабліва цанілося. Аб архытэктуры тых часоў даюць нам выабражэньне Спаская цэрква ў Полацку, Каложская цэрква ў Горадні, Пятніцкая і Прачысьценская цэркві ў Вільні (апошняя перабудавана ў 1860-ых гадох). Зрэшта, мураўнічай тэхнікай валодалі слаба. Стара-беларускія храмы прыаздабляліся ў сярэдзіне малятурай, так званымі фрэскамі, якія захаваліся да нашых часоў. Зрэшта, іх аткрываюць часьцей за ўсё пад тоўстым слоем прыкрываўшага іх тынку. Фрэскі пісаліся фарбамі па сырым тынку, прост на сьцяне. У Полацкім Софійскім саборы пры аднаўленьні яго ў 1913* гаду аткрылі фрэскі ХII сталецьця. Фрэскі малявалі мастакі-маляры, хутчэй за ўсё, мейсцовыя жыхары, але ў стылю візантыйскім. Размалёвывалі сьцены ня толькі мураваных сьвятынь, але і дрэўляных, да тыпу апошніх належыць дрэўляная цэрква Маркава манастыра каля Вітэбска. Цікавая сьценная малятура захавалася ў цэркві Супрасьльскага манастыра ў Гродзенскай губэрні, а такжа ў Мсьціслаўскім касьцёлі Магілеўскай губэрні. Пробкі залатарнага беларускага мастацтва (ХII сталецьця) таксама захаваліся: у Полацку пры цэркві сьв. Спаса пераховываецца залаты крыж, зробленый палачанінам Лаўрынам Богжам для сьв. Ефрасініі княжны Полацкай. Работа нашага Богжы нічым не ўступае найлепшым экзэмплярам тагочаснага мастацтва ў Візантыі і Італіі. Хоць большасьць мастацкіх вырабаў у тыя часы ішла да нас з заграніцы з Візантыі і Нямеччыны, але і мейсцовае мастацтва памалу разьвівалося, асабліва цікавы арнамэнты на кахлях і гліняных выробах, а такжа на медзяных начыньнях мейсцовага паходжэньня. Шмат было кавалёў. Былі скурнякі, кушняры, краўцы і шаўцы і інш. Адзежа князёў і баяраў была шмат багацейшая ад тэй, якую насілі простыя людзі. Дзеля таго ж, што людзей багатых было шмат, зьяўлялася патрэба ў рэчах роскашы, каторыя па большай часьці набывалі з заграніцы, але ўжо вельмі рана і ў нас пачынае разьвівацца гафтарнае мастацтва (вышываньне іголкай); дахаваўшаяся віленская плашчаніца ХI сталецьця паказывае на вельмі ўжо высокае развіцьцё гэтага мастацтва ў нас. Побач з гафтарствам разьвівалося і ткацтва. До рукомесел таго часу трэба залічыць такжа перапіску і ілюстрацыю (прыаздабленьне рысункамі) кніг. Кнігі да ХV сталецьця людзі ня ўмелі друкаваць, кождую кнігу трэба было перапісаць рукой. Пісалі гусінымі пярамі на асобна выробленых скурах, званых пэргамінам. Кнігі па большай часьці аздаблялі пекнымі застаўкамі і рысункамі. Кніга была тады вельмі дарагая, дык кнігі старанна апраўлялі ў мастацкія аправы ня толькі скураныя, але нават сярэбраныя і залатыя, аздобляныя дарагамі каменьнямі.

РЭНЭСАНС БЕЛАРУСКІ XVI ст.

Да пачатку XV ст. Беларуска-Літоўскае гаспадарства ня мело агульнадзержаўнага права. Абычаевае права, сэпаратныя княжыя загады, прывілеі, судовыя пастановы, сэймовыя і вечавыя ўхвалы былі крыніцамі права. Патрэба агульнадзержаўнага права была вочавістая. У 1522 г. на віленскім сойме зроблена была прапазыцыя аб укладзе статуту. У 1529 г. гэты статут быў зацьверджэн. Першы літоўскі статут быў надрукаваны, але друкаваны экзэмпляр не захаваўсяю. Шырокі кругі шляхты былі нездаволены статутовым правам. У 1544 г. было паднята пытаньне аб пераглядзе яго. Зямельная арыстакрацыя не згаджалася ўступіць вымаганьням шляхэцкай дэмакрацыі, але пад уплывам лівонскай вайны ёй прышлося ўступіць, і другі статут 1556 г. адбіў у сабе прававы сьветагляд шляхецкай дэмакрацыі. Люблінская унія 1569 г. прывела да перэгляду і гэтага статуту, і ў 1588 г. быў уложан статут трэйцяй рэдакцыі. Укладаньне дзержаўнага права было вынікам таго духоўнага пад’ёму, які перэжывала Беларусь у XVI ст. Беларускае адраджэньне, насіўшае ярка індывідуалістычны характар, знаёміла беларускую шляхецкую дэмокрацыю з рымскім правам і рабіло яе асабліва нахраплівай і ўпорыстай у змаганьні за свае індывідуалістычныя правы.

Індывідуалістычны пад’ём асабліва адбіўся ў пашырэньні паміж беларускай шляхты протэстантызму ў форме лютэранства і кальвінізму. Протэстантызм, адкідаўшый царкоўнае землеўладаньне, на прыпадак конфіскацыі царкоўных маетнасьцей значна ўзмацаваў бы беларускую арыстакрацыю. Побоч з протэстантызмам у Беларусі сталі пашырацца розныя сэктанскія вероўчэньня: соцыане або антытрынітары. Новыя сэкты былі рацыоналістычнага характару. Яны адкідалі ўсё таемнае і прызнавалі ў сьвятым пісаньні толькі тое, што не пярэчыло розуму. Стаўшы на пункт погляду індывідуальнай рэлігійнай сьвядомасці, сэктанты павінны былі адкідаць боскае паходжаньне Хрыста, догматы Сьвятой Тройцы, сакраманты і абрады. Соцыанство пашыралося найболей паміж местовай і шляхэцкай дэмокрацыі. Да канца XVI ст. на тэрыторыі Беларусі было да 150 соцыанскіх грамад. Побач з соцыянствам шырыліся такжа і другія сэкты, агульны лік каторых даходзіў да 72. Праз протэстантызм у Беларусь пранікла польская адукацыя, адбіваўшая ў сабе ідэі італьянскага адраджэньня.

Пры протэстанцкіх парахфіях узьнікаюць школы, сьперша мужскія, а пасьля жаночыя з даволі абшырнай праграмай. У іх выкладалося сьвятое пісаньне, граматыка, літэратура, польская мова, гісторыя і старасьвецкія мовы. У іх не было тэй схолястыкі, якой выдзеляліся сярэдневекавыя школы. Протэстанцкія школы багата абесьпечаліся. Асабліва апекаваліся імі фамілія Радзівілоў. З заходнаэўропэйскай адукацыяй пранікае ў Беларусь і друкарство. Першая беларуская друкарня адкрываецца ў 1525 г. у Вільні, куды была перанесена з Прагі Чэскай друкарня Ф.Скарыны. У палавіне XVI ст. друкарні былі ў Вільні, Несьвіжы, Заблудаве. Дзякуючы друкарству стала даступным сьвятое пісаньне, перакладзенае на беларускую мову, а такжа розныя аполёгічныя і догматычныя творы, што агульна спрыяло зацікаўленьню рэлігійнай мысьлю і рэлігійнай творчасьцю.

Пашырэньне протэстантызму спужало каталіцкі касьцёл. Дзеля змаганьня з сэктанствам і схызматыкамі і дзеля абароны каталіцкай прававернасьці былі пасланы ў Вільню езуіты. Апошнія ад абароны хутка перайшлі ў наступленьне і ня гэтулькі супроць протэстантоў, лік каторых скора паменшыўся, сколькі супроць праваслаўя. Але і праваслаўныя цяпер былі іншымі. Яны такжа ад абароны пераходзяць у нападаньне, стараючыся пабіваць айцоў езуітоў іх жа броняй, агульнымі лёгічнымі комбінацыямі і багаслоўскімі даннымі. З гэтай стараны вельмі характэрны два лісты маскоўскага выгнанца князя Курбскага да Кузьмы Мамоніча, выдатнага прэдстаўніка беларускай адукацыі. Кн. Курбскі лічыцца з езуіцкімі софізматамі, прызнае езуітоў сурьёзнымі праціўнікамі, а дзеля гэтага просіць свайго адрэсата, «каб без сваіх вучоных не ўступалі з імі ў спрэчкі і не хадзілі на іхнія казаньні». Не важэн спосаб, прапанаваны Курбскім, а важна ў данным здарэньні сьвядомасьць патрэбы большай асьветы. Зьбіраньне бібліотэк было такжа адбіцьцем беларускага культурнага адраджэньня. У бібліотэках можна было знайсьці розныя навучна-літэратурныя творы: творы Цыцэрона, Гомэра, Цэзара, працы па філёзофіі і натураведаньню. Знаёмасьць з філалогіяй асабліва адбілася ў перакладзе Бібліі на беларускую мову. У канцы XVI ст. за гэту работу ўзяўся паходжы друкар Васіль Цяпінскі, хоць раней яго гэту работу бліскуча выпаўніў палачанін Францішк Скарына. Кніга і школа пашыралі кругазор беларускага грамадзяніна. Таго ж дасьціглі і падарожы заграніцу. Беларускае права давала ўсім шляхціцам «вольнасьць і моц выехаць із земель княжства для навукі ў пісьме, цьвічэньня ўчынкоў рыцарскіх і лепшага шчасьця сваего і то ж будучы неспособнаго здароўя своего для лекарства». Ведама, заграніцу маглі ехаць толькі багатыя людзі, але ў канцы XVI ст. былі паездкі і дробнай шляхэцкай дэмокрацыі. Загранічныя паездкі зьменялі зьнешні ўклад жыцьця якога-небудзь дастойнага пана і ў той жа час давалі яму вядомы запас умысловых уражэньнёў, якія не маглі бязсьледна прамінуць для яго ўмысловай сьвядомасьці і разьвіцьця, спрыялі пашырэньню ўмысловага кругазору. Новая культура торкнулася зямельнай арыстакрацыі і шляхэцкай дэмокрацыі, а часьцю і местовага грамадзянства. Селянская маса была паняволена і працавала на паноў. Калі праца на пана, даваўшая спосабы да жыцьця землеўласьніку, была эканамічным фундамантам індывідуалізацыі шляхэцкага грамадзянства, то сельска-гаспадарскі пад’ём XVI ст., звязываўшый Беларусь з Эўропай, быў крыніцай індывідуалізацыі местовага грамадзянства. З гэтай стараны італьянскае і беларускае адраджэньне аднаго паходжэньня. Затое паміж імі істнуе аграмадная розьніца ў тэмпе і характары самага культурнага руху.

СЕЛЯНЕ, АБО ЦЯГЛЫЯ ЛЮДЗІ

Гісторыя селян цесна зьвязана з гісторыяй шляхты; у меру таго як апошняя ўзвышалася, набывала ўсё новыя і новыя правы, селяне трацілі іх і скачываліся ўніз. Селяне, жыўшыя ў гаспадарскіх, панскіх, шляхоцкіх і духоўных маетнасьцях, першапачаткова, як і асобы другіх станаў, карысталіся грамадзянскімі і маёмнымі правамі, яны плацілі дзержаўныя падаткі са сваіх зямель, маўшых розныя найменьня: земля — у Полаччыне, Вітэбшчыне, Віленшчыне, Горадзеншчыне; дворышчэ — на Палесьсі. Яны мелі права вольна пераходзіць ад аднаго землеўласьніка да другога. Селяне разам з мешчанамі і дробнай шляхтай прыймалі ўчасьце ў народным або так званым копным судзе. Копная кругаколіца, складаючаяся з некалькіх вёсак, складала капу і разьбірала бягучыя спрэчкі, крадзёжы і нават крымінальныя справы. Суду капы падлегалі людзі простага стану, г. зн. селяне і мешчане, калі апошнія не судзіліся па нямецкаму праву. Капа судзіла паводле народных абычаеў; вынесены прысуд сама ж праводзіла да выпаўненьня. У меру таго, як селяне трацілі свае правы, падаў і копны суд; у ім перэсталі прыймаць учасьце мешчане і шляхта. У меру шырокага раздаваньня зямель шляхце, лік свабодных селян паменшаўся з кожным годам, і яны падпадалі пад безпасярэдную залежнасьць ад землеўласьнікаў. Землеўласьнікі стараліся, па магчымасьці, іх крапчэй прымацаваць да сваіх маетнасьцей, пазбавіць маёмных правоў, каб заўсёды мець змогу карыстацца дармовай іхнай працай. Яны хацелі мець над селянамі такую абладу, якой валадзелі польскія паны, дзе селяне ўжо ў канцы XV ст. былі саўсім паняволены. Сьперша селяне падлегалі веданьню агульна-дзержаўнай улады і плацілі падаткі ў карысьць дзержавы. Землеўласьнікі імкнуліся да таго, каб уладу над селянскім жыхарствам мець выключна ў сваіх руках, і яны дабіліся сваей мэты. Паводле земскага прывілея 1447 г., селяне ў княжых, панскіх і шляхецка-баярскіх маетнасьцях, усіх зямель Вял. Кн. Літоўска-Беларускага звальняліся ад аплаты дзержаўных падаткаў і падлегалі суду сваіх памешчыкаў. Землеўласьнікі на гэтым не супакоіліся: далейшае іх змаганьне было скіравана на пазбаўленьне селян права валадзець сваімі землямі і права вольнага пераходу з аднэй маетнасьці ў другую. Селяне лічылі зямлю, на якой сядзелі і якую выраблялі, асабістай працай, сваей непарушнай уласнасьцю; землеўласьнікі ж былі таго погляду, што земля прыналежыць ім, а селяне толькі часова карыстаюцца ею. Селяне свабодна рабілі куплю і прадажу зямлі да канца XV ст., калі ў такіх здарэньнях стала ўжо канечна патрэбным пазваленьне памешчыка. Трэцьці статут (1588 г.) пастанавіў: бяз згоды памешчыка ня можэ селянін распараджацца сваей зямлёй. Утрата селянамі права на сваю зямлю памагала паняволеньню іх. Паміж селян разрозьніваліся дзьве групы: вольныя і непаходжыя, г. зн. не карыстаўшыя правам пераходу або вотчыны. Непаходжыя вытвараліся з нявольнай чэлядзі і дзеля гэтага ня мелі права пераходу. Прывілеям 1447 г. забаронена было прыймаць іх як у гаспадарскіх, так і ў шляхоцкіх маетнасьцях. Да часу выданьня першага статута 1529 году яны былі ўжо даканчальна паняволены. Землеўласьнікі ўсю сваю ўвагу зьвярнулі тады на прымацаваньне вольных, пахожых селян. Гэты селяне маглі пакінуць пана, заплаціўшы яму выкуп і вярнуўшы пазычку, атрыманую пры пасяленьні. Ведама, шмат селян не магло выпаўніць гэтых варункаў, і дзеля гэтага сталіся непаходжымі, або вотчычамі. Землеўласьнікі рабілі адны з аднымі ўгоды, каб прытрымлівацца аднаковых асноў па пытаньню аб вольным пераходзе. Пасьля памешчыкі сталі зьвертаць увагу на лік гадоў, пражытых вольным чалавекам, каб устанавіць так званую земскую даўнасьць, па праходзе каторай ён ужо ня можэ адыйсьці. Трэцьці статут пастанавіў, што паходжы, пражыўшы 10 гадоў, можэ адыйсьці, заплаціўшы 10 грывень выкупу і вярнуўшы панскую дапамогу. Ня многія шчасьнікі маглі пасьля гэтага скарыстаць з права пераходу; урэшце па закону 1685 г. была атобрана і права выкупу. Павіннасьці селян паступенна павялічаліся ў меру таго, як агранічаліся іх правы. Сьперша павіннасьці селян былі незначныя і складаліся з адных натуральных або грашовых падаткоў; часам да іх далучалася невялікая паншчына. У XVI сталецьці пад уплывам разьвіваючайся таргоўлі з Захадам прадуктамі сельскай гаспадаркі, землеўласьнікі пачынаюць павелічаць у сваіх маетнасьцях аромыя абшары і разам з гэтым селянскую паншчыну. Двудневая і нават трыдневая паншчына ў тыдзень становіцца звыклым зьявішчам; акром паншчыны, існавалі яшчэ другія павіннасьці. А ў некаторых мейсцох пачалі ўжо заводзіць штодзенную паншчыну, акром сьвятых дней.

СІГІЛЯШЫ

Ад 1658 г. побач з Мэтрыкай Літоўскай вялася асобная рэгістратура дакумэнтаў мэтрыкі ў кнігах канцлерскіх, званых сігіляшамі. У сігіляшы ўпісываўся парадковы нумар дакумэнтаў і кароткі зьмест яго: запісываліся дакумэнты выходзячыя як пад вялікай, так і пад малай печаткай.

СОЙМ

Урадовае значэньне Рады гаспадарскай і яе ўплывы да ХVI сталецьця пачалі падаць: на яе кошт стала ўзрастаць другая Вышэйшая ўстанова — Вялікі вальны сойм. Рада складалася з земскай арыстакрацыі і вышэйшых дастойнікаў, а дзеля гэтага не магла быць выразіцельніцай мысьлі ўсяго народу. А пад народам разумелі тады галоўна рыцарскі стан — шляхту, каторая выпаўняла самую важную павіннасьць, г.зн. бараніла дзяржаву ад зьнешніх ворагаў. Прэдстаўнікі гэтага стану дабіваліся права прыймаць учасьце ў дзяржаўным кіраўніцтве і ў рэшце рэшт дасьціглі сваей мэты. Пад імем вялікага вальнага сойму трэба разумець паноў-раду разам са шляхтай з усіх правінцый дзяржавы. Гэткія соймы зьявіліся ў ХV сталецьці. Склікаліся яны ня толькі гаспадарамі дзеля абмяркаваньня пытаньня аб вайне і міры і ўчасьця ў правадаўстве, але і панамі-рады дзеля выбараў гаспадара і другіх пытаньняў важнага дзяржаўнага значэньня, напр[ыклад]: пытаньня аб уніі з Польшчай.

Да ХVI сталецьця на соймы заклікалася выключна багатая шляхта, князі, паны і наагул вялікія зямлеўласьнікі, так што па свайму складу соймы выяўлялі пашыранае сабраньне паноў-рады. Звыклая шляхта, сярэднія і дробныя землеўласьнікі, несучы на сваіх плечах увесь цяжар вайсковай павіннасьці, яшчэ не дапушчалася да ўчасьця ў дзяржаўнай працы. У ХVI сталецьці папярэдні парадак перэмяніўся: Вялікі князь Зыгмунд пачаў заклікаць на соймы дробную шляхту; усе пагалоўна, хто жадаў, мог быць на сойме і прыймаць учасьце ў работах сойма. Але пагалоўнае закліканьне шляхты выклікала вялікія невыгады, дзеля гэтага, склікаючы сойм, Зыгманд у 1512 гаду загадаў шляхце выбраць ад каждага павету па двох прэдстаўнікоў і прыслаць іх на сойм, даўшы належныя паўнамочы. Новы лад не адразу ўстанавіўся: побоч з ім мы бачым на соймах і пагалоўнае ўчасьце шляхты некаторых ваеводзтваў. Гэткае неакрэсленае палажэньне цягнулася аж да 1565 году, калі была зроблена рэформа і шляхта пачала прыймаць учасьце на соймах не пагалоўна, а праз сваіх прэдстаўнікоў, каторыя выбіраліся на паветовых сойміках. У 1564—1565 гадах Літоўска-Беларускае гаспадарства было падзелена на паветы: у кождым з іх і збіраўся соймік, складаўшыйся з мейсцовых урадоўцаў, князёў, паноў і бояраў-шляхты. Соймы абгаварывалі тыя пытаньні, каторыя трэба было рашыць вольнаму сойму і выбіралі на яго двох сваіх прэдстаўнікоў, так званых паслоў земскіх.

Выбраныя атрымлівалі ад сваіх выбаршчыкаў пісаную «науку» або інструкцыю, а такжа паўнамочча пастанаўляць на сойме ва ўсіх справах.

Пасьля Люблінскай уніі склікаўся ўжо агульны каронны сойм для Польшчы і Беларуска-Літоўскага гаспадарства, складаўшыся з сэнату і пасольскай істбы. Сэнат адпаведаў радзе гаспадарскай, а пасольская істба з земскіх прэдстаўнікоў, выбраных шляхтай. У меру як арганізацыя соймаў палепшалася і так з бегам часу пашыраліся і яго правы. Сьперша соймы займаліся пытаньнямі аб дзяржаўнай уніі і выбіралі гаспадароў. Пытаньня зьмежнай палітыкі так-жа ўходзілі ў межы разважаньнеў соймаў. Абмерковываючы зьнешнія адносіны, соймавыя станы не маглі не закранаці пытаньнеў, безпасярэдна іх цікавячых, г.зн. адбываньне вайсковай павіннасьці, за соймамі статутам [sic!] 1566 году. Сойм пачаў прыймаць учасьце ў праводаўчай чыннасьці; зборнікі чыннага ў гаспадарстве права, г.зн. статуты, як яны ў тыя часы называліся, былі зацьверджаны, а часьцю нават і апрацаваны на соймах.

Другі статут (1566 г.) урочыста пацьвердзіў права ўчасьця соймаў у правадаўстве. Гэткім чынам уся абшырная дзедзіна дзяржаўнага кіраўніцтва сталася даступнай кантролю вялікіх вальных соймаў.

Звыклыя баяры-шляхта дабілася права ўчасьця ў вышэйшай дзержаўнай установе — Вялікім вальным сойме. З гэтага часу без дзяржаўнага жыцьця быў настаўлен пад яго заўседны кантроль і нагляд. Але шляхта не адразу набыла належны навытар, а галоўнае, сьмеласьць у новай для яе справе: яна доўгі час не важылася выступаць з самаістымі прапазыцыямі, а пакорна ішла за панамі радай, г.зн. за арыстакрацыяй. Аднак з часам шляхта вырабіла плян чыннасьці, навытарылася ў дзяржаўных справах і перастала падлягаць кіраўніцтву паноў; наадварот, гаспадар і паны радныя сталі прыслухацца да настрояў і паглядаў шляхты; яна цьверда стала на ногі і пачала іграць рашучую ролю. Рада цяпер абернулася ў падгатоўчую ўстанову, разглядаючую пытаньня перад паступленьням іх на сойм, затоя зьвязь яе з гаспадаром зрабілася яшчэ больш цеснай: ён заўсёды радзіўся з ёй аб усіх узнікаючых пытаньнях. Дзякуючы ўсім гэтым пераменам, у другой палове ХVI сталецьця зьмянілося палажэньне гаспадарскай уласьці. Гаспадар, або кароль, выбіраны са згоды ўсіх станоў дзяржавы, быў, у істоце кажучы, толькі пачэсным старшынёй, галоўным прэдстаўніком дзяржавы, абмежаным у сваіх правох і чыннасьцях шляхтай пры помачы вялікага сойму.

СОЙМ ГЭНЭРАЛЬНЫ

Соймікі не паасобных зямель або паветаў, але цэлых правінцый называлі Гэнэральнымі. Былі гэтыя правадаўчыя сабраньня, каторыя адбываліся перад агульнымі соймамі, каб прыгатаваць пастановы і аднагалосна падтрымліваць іх галасамі ўсёй правінцы. Гэнэральныя беларускія соймы адбываліся за звычай у Выўкавыску, а пазьней у Слоніме. Расьцьвет беларускіх гэнэральных соймаў пачынаецца ад Люблінскай дзяржаўнай уніі 1569 году.

СТАРАСТА

Па літоўскаму статуту ўрад старасты быў чародным пасьля воеводзкага. Старасты былі розных ступеней. Адны старасты былі начальнікамі над цэлымі землямі, такімі як воевода, гэткі, напрыклад, былі стараста Жамойдзкай зямлі, стараста Валынскай зямлі, Горадзенскай, Берасьцейскай і інш. Такія старасты бывалі разам з тым і сябрамі рады гаспадарскай. Iншай катэгорыі старасты былі спраўцамі аднаго або некалькіх паветаў — як Мозырскі, Бельскі і інш., якія нават знаходзіліся ў нейкай залежнасьці ад воеводаў, прынамсі мелі ўладу болей або меней абмежаную. Урад старасты да ХV сталецьця прайшоў вялікую эволюцыю, першапачаткова стараста быў прадстаўніком зямлі, земства ў процівагу княжаму пасадніку або воеводзе, каторы быў прэдстаўніком князя і яго дружыны; пазьней жа, па зьместу сваей улады, стараста стаўся адназначным воеводзе, прынамсі ў вялікіх землях, як Жамойдзь і Валынь. Пры гэтым трэба адзначыць характэрную асобнасьць, што ў землях, дзе была здаўна разьвіта свая дзержаўная традыцыя, маюцца воеводы; у землях, дзе дзяржаўнае разьвіцьце ня вырабіло сваіх дзяржаўных форм старасты. Як адгалосак даўнай земшчыны з пад судовай кампэтэнцыі стараст быў вынят суд пад вайсковымі. Старасьцінскаму суду, паводле судоўніка князя Ягайлы Ольгердовіча 1423 году, падлегалі: 1) гвалт кабет, 2) разбой на дарогах, 3) падпал, 4) гвалт дамовый; у іншых справах старасты ня маюць права прыймаць жалаб. Паводле крыніц да нашай гісторыі відаць, аднак, што старасьцінскаму суду падлегалі наогул крымінальныя справы і справы зямельныя, але гэты суд, глядзя па часу і мейсцу, падлегаў абмежаньню. Справы цывільныя падлегалі такжа старасьце, толькі ў гэтых справах судзіў ён не сам, але выбранныя ім судзьдзі і падсудкі.

Старасты таксама, як і воеводы, самі назначалі судзьдзёў, і судзьдзі павінны судзіць разам з падстарастамі, і на тых мейсцох, дзе пакажэ стараста, на чатыры «рокі» (тэрміны) у гаду; у кожды тэрмін суд павінен трываць чатыры тыдні. У статуце 1529 году для воевод і стараст сказана: «судзьдзі ў паветах воеводзкіх і старасьцінскіх маюць быць устанаўлены ад паноў воевод і стараст паветовых, згодна статуту. А судзіць павінны разам з намесьнікам воеводзкім, або падстарастам, па тых мейсцох, як ім пакажуць паны воеводы і старасты, а зьезджацца на тыя суды ў чатыры «рокі» (тэрміны) у год, г.зн. кождую чвэрць году і ў кожды «рок» судзіць па чатыры тыдні. А позвы павінны даваць за печацямі намесьнікоў воеводзкіх або старасьцінскіх; а пры іх павінен быць пісар прысяжны, воевода або стараста. Апэляцыі на гэтых судзьдзёў павінны падавацца на імя воеводы або старасты, і дзеля гэтага воеводы або старасты кожды год два разы на Міхайлоў дзень і на самую суботу павінны даваць суд і прыезджаць у свой сталічны грод, кожды раз па чатыры тыдні. Нездаволеныя воеводзкім судом або старасьцінскім маюць права жаліцца па ім радзе або самаму гаспадару адзін тэрмін у гаду, [на] сьв. Марціна».

Пасьля суда ў веданьні стараст знаходзіліся ўсе землі, прыпісаныя да яго павету, будзь то землі гаспадарова ці прыватных асоб. А дзеля гэтага ўсе перамены па зямельнаму ўладаньню павінны не іначы як з ведама старасты і пры запісі ў устаўленыя дзеля гэтага кнігі. Гэтак ва ўстаўной грамаце 1501, дадзенай Бельскай землі, гаворыцца: «Сяляне могуць свае земскія маетнасьці дзедзічныя і купленыя продаваць, меняць, закладаць і парадкавацца імі па свайму одуму толькі не іначэй як з дазваленьня старасты і пры гэтым плаціць старасьце даступнага (увод у ўладаньне) капу грашэй». З просьб Мсьціслаўскага павету відаць, што пан стараста будаваў замак у месьце і мог па свайму одуму, дзеля патрэб замку, разьбіраць прыватныя будынкі. У 1524 гаду, з прычыны чутак аб нападзе крымскіх татароў, кароль пісаў да горадзенскага старасты: «Аж бы ваша міласьць і ўсе паны рады нашы з дварамі сваімі і са ўсімі слугамі конна і збройна сабраліся і нагатову былі... А князям і панам, і баярам, і дворным нашым ўсім, каторыя маюць свае маетнасьці ў Горадзенскім павеце, такжа бы твая міласьць сказаў гатовым быці конна і збройна і ехаць з табою на тэрмін да Бярэсьця». Даходы старастаў былі неаднальковыя ў розных мейсцох, бо кождая земля мела іншыя прывілеі і абмежаньня і праз гэта самае свае асобныя правы. Горадзенскі стараста карыстаўся даходамі як з Горадні так і з усіх гаспадаравых двароў, якія прыналежалі да Горадзенскай кругаколіцы. З граматы 1558 году старасьце Мсьціслаўскаму відаць, што старасьце прыналежаў увесь прэсны мёд, зьбіраны ў павеце. Па ўстаўнай грамаце магілеўскім мешчанам, старасьце плацілася пісчага пры аплаце зямельных падаткоў: з валокі па 12 пенязёў, ад варот па 2 пенязі, ад палевой і сенажатнай зямлі па 3 моргі па пенязю. Акром гэтага, стараста ўсюды атрымліваў ўстаноўленую плату ад прыпіскі прыезджых з другіх мест купцоў або гасьцей, якая называлася «абестнай» і адзін раз у год меў права таргаваць безаплатна сычэным мёдам. Яму ж ішла трэцяя часьць усіх штрафаў, ад жанідзеб выводная куніца па дзевяць грошэй, ад войтаўскага суда аб межах і спаша па чатыры грошы ад каждай справы і ўрэшце тарговая плата з прыезджых купцоў з меры і з бочкі па чатыры пенязі.

Урад старасты часта прыдаваўся да другіх вышэйшых урадаў, напр.: да гэтманства, канцлерства, воеводзтва і іншаму дастойніку давалося па неколькі стараствоў; гэтак воевода падметска, маршалак земскі пан Якуш Касьцевіч быў у адзін і той жа час старастам Пераломскім, Радунскім і Ожскім. Стараствы, як і другія ўрады, раз дадзеныя каму небудзь, ужо не маглі быць атобраны іначэй як па суду ў здарэньні якіх колечы злоўжываньнеў, або калі б стар[а]ста сваёй неруплівасьцю прычыняў страты гаспадарскаму скарбу.

СУДЗЬДЗЯ

Суд у Вял[ікім] Кн[ястве] Беларуска-Літоўскім быў атрыбутам князя і прыналежаў яму і яго ўрадоўцам — воеводам, старастам, дзержаўцам, цівунам і земянам, г.зн. землеўласьнікам вышэйшага стану; князём, паном і шляхце, кождаму ў сваёй кругаколіцы. У войску — гэтману; у духавенстве — духоўным уладам. Але, акром гэтых судзьдзеў або землеўласьнікаў, былі ешчэ спэцыальныя судзьдзі, якія займаліся толькі судом і ня мелі ніякага іншага ўраду. Значэньне гэтых судьдзеў у розны час і ў розных кругаколіцах было неаднальковае: але заўсёды было тоя, што ім прыналежаў суд між людзьмі, жывучымі ў паветах.

Мяркуючы паводле ўстаўной граматы 1501 г., дадзенай жыхаром Бельскай зямлі, судзьдзя быў выбарным прэдстаўніком земшчыны свайго павету, але гэту земшчыну складалі толькі земяне, г.зн. землеўласьнікі.

З гэтай самай граматы відаць, што ў Бельскім павеце, акром судзьдзі, быў ешчэ падсудак, таксама выбраны ад земства, і ў іх веданьні былі ўсе судовыя справы паміж земянамі, акром крымінальных, якія судзіў гаспадарскі стараста ў замку. У другіх кругаколіцах Беларуска-Літоўскага гаспадарства ешчэ ў гэты час не было заўсёдных судзьдзёў. Судзьдзі дзеля разбору цывільных спраў паміж земянамі выбіраліся самімы судзячыміся, як гэта відаць і з судоўніка Казіміравага 1468 году, дзе сказана: «...а калі бы двое мелі судзіцца, а возьмуць сабе ездакоў і судзьдзёў, тагды назначуць ім тэрмін за чатыры тыдні, каб той і другі здужалі прыгатавацца для яўкі перад судзьдзямі; судзьдзям жа і ездакам (сьведкам) выехаць на мейсцо суда». Гэта самае паўтараецца ў устаўной грамаце Полацку 1511 году, дзе сказана: «А воеводзе нашаму полацкаму мешчан аднаму не судзіці, судзіці ему з баяры і мешчаны». Гэткі лад быў перэсьцераганы да выданьня статуту 1529 году, г.зн. судзьдзі выбіраліся старонамі і разьбіралі справы на судзе перад воеводамі, старастамі і другімі гаспадаравымі урадоўцамі.

Але з выпускам статуту 1529 году гэты лад перамяніўся, і земскія судзьдзі з часовых перэмяніліся ў заўсёдных і хоць назначаліся з мейсцовых землеўласьнікаў, але па выбару, а не па одуму дзержаўцаў. У статуце сказана: «Воеводы, старасты і дзержаўцы, кожды ў сваім павеце, павінны выбраць двох земяніноў, людзей добрых, веры годных і прывясьці іх да прысягі. А ўстанавіць гэта такім абычаем, калі пан воевода і стараста і дзержаўца наш самі за некаторымі справамі нашымі або земскімі ня будуць мець права судзіць каторыі справы, то тыя два земяніны з намесьнікамі і маршалкамі тых нашых паноў ураднікаў павінны таго глядзець і то справаваць згодна з пісанымі правамі, каторыя мы далі ўсёй зямлі. І пісары прысяжныя тых паноў воевод, і стараст, і дзержаўцаў нашых павінны так жа пры іх быць і ўсё запісываць, і пры гэтым пілнаваць штрафаў як на нас гаспадара, так і на сваіх паноў, і за другімі даходамі. А бяз тых паноў земян прысяжных, калі іх ня будзе абодвых, тагды намесьнікі і маршалкі ня маюць права судзіць, неабходны, каб пры іх быў хоць адзін з тых земян». Далей у артыкуле 24 сказана: «судзьдзі, каторыя павінны быць устаноўлены ў паветах, калі судзяць з ураднікамі воеводавымі і старасьцінскімі, тагды павінны перасуд дзяліць на трое: адну часьць воеводзе, а другую судзьдзям і трэцьцю намесьніку воеводзкаму». У артыкуле 25 устаноўлена: «Калі б каторы воевода, ці стараста, або дзержаўца, або судзьдзя ўзяў ад каго перасуду болей, як запісана ў уставе, той павінен будзе вярнуць старане з прыбаўкай і зьверх таго заплаціць на гаспадара віны дванадцаць рублей грошы». Гэткім чынам, па статуту 1529 году, судзьдзі былі ня болей як памочнікамі воеводаў, старастаў і іншых дзяржаўцаў; свае абавязкі выпаўнялі толькі тады, калі самому воеводзе або старасьце было некалі заняцца судом, і калі ён гэту чыннасьць даручаў свайму намесьніку: значэ, судзьдзя знаходзіўся ў поўнай залежнасьці ад воеводы або старасты; ён у істоце быў яго ўрадоўцам, а не прэдстаўніком земшчыны.

Гэткае залежнае палажэньне судзьдзі і гэткі яго службовы характар, натуральна, ня мог падабацца земянам, а дзеля гэтага на соймах паднімаліся пытаньня аб судзьдзях і просьбы да гаспадара, каб ён адмяніў гэты парадак і дазволіў мець земскіх судзьдзеў і пісароў, выбраных ад земства і незалежных ад воеводаў і старастоў. Насколькі вядома гэткія просьбы пачаліся ад Берасцейскага сойму 1544 году, пасьля паўтарыліся на Віленскім сойме 1547 году, на каторым станы ў 9-ай сваей просьбе пісалі, каб каралеўская міласьць патурбавалася даць ім у паветах судзьдзямі людзей добрых, якія бы былі выбраны імі самімі з паміж сябе і каторыя бы пад прысягаю судзілі бы сваю брацьцю, згодна са страхам Божым і людзкой справядлівасьцю, і каб пісар у кождым павеце быў такжа прысяжны, выбраны шляхтай. Гэта самая просьба была паўторана на другім і трэцьцім Віленскіх соймах у 1551 і 1554 гадох. Урэшце, на чацьвертым Віленскім сойме 1559 году полацкія станы прост прасілі, каб даць ім прысяжных выбарных судзьдзёў і пісароў земскіх і гаспадарскую паветовую печаць. На што атрымалі адповедзь, што кароль яго міласьць адкладывае гэту справу да выданьня новага статуту, які небавам будзе апублікаваны.

Статут 1566 году, у раздзеле IV, артыкуле 1, урэшце ўстанаўляе новы лад у судовых справах: «У кождым павеце княжаты, панове рада наша, такжа рыцарства, шляхта, усе, хто бы якога стану ня быў, у каторых будуць маетнасьці ў тым павеце, павінны зьехацца да двара на тоя ўстаноўленага ў павеце, і выбраць са ўсёй шляхты таго павету, брацьці сваёй, на кожды ўрад таковы, — на судоўства чатырох людзей добрых, на падсудзцтво другіх чатырох, на пісарства трэцьціх чатырох людзей добрых, справядлівых, руплівых і знаючых правы, роду шляхэтнага, у тым павеце добра аселых, ня іншай веры, як толькі хрысьціянскай і выбраўшы іх паставіць перад гаспадарам са сваімі выбарнымі лістамі. А гаспадар з тых дванадцаці асоб выбярэ траіх для земскага суда ў тым павеце судзьдзю, падсудка і пісара. Каторыя выбраныя і зацьверджаныя гаспадарам павінны на першых судовых тэрмінах даць прысягу перад паветовым воеводам, а ў нябытнасьць яго перад каштэлянам». У другім артыкуле таго ж разьдзелу: «Такжа ўмацовываем тым урадам паветовым у кождым павеце, — судзьдзе і падсудку на ўстаноўленыя рокі (тэрміны) пазываць перад сябе і судзіць і справаваць усіх паноў рад, духоўных і сьвецкіх, княжат, паноў харуговых, шляхту і баяроў у справах аб зямлю, усіх каторыя будуць мець у тым павеце свае дзедзізны, нікога не выключаючы, кром самога гаспадара і гаспадаравых ураднікаў, за каторымі будуць не свае, а гаспадаравы маетнасьці і каторых земскія судзьдзі судзіць ня могуць, а толькі сам гаспадар або каму ён прыкажэ. Але земскі суд ня мае права судзіць тых спраў, каторыя прыналежаць замковаму суду, яны судзяцца воеводамі, старастамі і дзержаўцамі асобным парадкам». Гэткім чынам па статуту 1566 г. земскі суд саўсім звольнены ад уплыву гаспадаравых ураднікаў, воеводаў, старастаў і дзержаўцаў і атрымаў аддзельную незалежную юрыздыкцыю са сваім аддзельным кругам спраў. Па восьмаму артыкулу гэтага статуту нават ад выбару ў судзьдзі, падсудкі і пісары, былі выключаны ўсе асобы, за якімі бы ў тым павеце быў які гаспадарскі ўрад і ўсе духоўныя асобы. А па самаму артыкулу земскія судзьдзі і падсудкі, калі б па якой праўнай прычыне не маглі асабіста адбываць суда ў устаноўлены рок, то самі павінны выбіраць на свае мейсца годных людзей з мейсцовай шляхты, незалежна ад гаспадаравых ураднікаў. Як з гэтага відаць, земскі суд па статуту 1566 г. быў пакінут самой земшчыне — шляхце. Гаспадар толькі пацьверджаў выбраных асоб; гаспадаравы паветовыя ўраднікі ня мелі на гэты суд ніякага ўплыву. Але ўстаноўленьне асобнага земскага суда ў паветах ня зьнішчыло суда паветовых гаспадаравых урадоўцаў, воеводаў, старастаў, дзержаўцаў і другіх, які атрымаў названьне «гродзкага суда». Да веданьня гродзкага суда па артыкулу 20-му аднесены такія справы, вынятыя з пад веданьня земскага суда: «наезд гвалтоўны на домы шляхэцкія, гвалт у местах, пажога, разбой на дарогах, гвалтаваньне панен і невест, зладзейства, фальш, забойства шляхціца і наагул справы гарловыя» (крымінальныя). Замковы суд складалі гаспадарскія паветовыя ўраднікі — воеводы, старосты і іх намесьнікі да выбраныя на папярэдных парадках судзьдзі. Артыкул 21-шы кажэ: «Устанаўляем, каб воеводы, старасты і ўсе дзержаўцы замкоў і двароў нашых, кожды на сваім урадзе, павінен выбраць чэлавека добрага, шляхціца у тым павеце аселага, прысяглага, каторы павінен будзе разам з гродзкім урадам судзіць і справаваць усе справы судовыя, каторыя ўраду гродзкаму нашаму будуць прыналежаць». Гэткім чынам судзьдзі, выбраныя гаспадаравымі ўраднікамі па статуту 1529 году, асталіся пры замковым судзе, і іх абавязкі былі што і раней, — у нябытнасьць саміх гаспадаравых ураднікаў судзіць пры іх намесьніках.

ТАРГОЎЛЯ ДА ХIV ст.

У князёў, баяраў і дружыньнікаў набіралося многа розных прадуктаў, скур, мёду, воску, каторыя яны атрымлівалі ад жыхарства ў форме дані. Гэты запасы і абменіваліся на вытворы другіх краёў, галоўным чынам Грэцыі і Нямеччыны. Раньняй вясной па Прыпяці, Бярэзіне, Дзьвіне і Дняпру будаваліся тысячы чоўнаў, каторыя забіралі тавары і караванамі адплывалі па Дняпру ў сталіцу Грэцыі — Цар-горад. На сярэднім Дняпру, каля Кіева, да нашых купцоў далучаліся ўкраінскія. Аб шырыні таргоўлі беларусаў і украінцаў з Візантыей сьведчаць умовы князя Ігара з грэкамі. Нашых купцоў было так многа ў Царградзе, што яны заселялі асобны квартал гораду. Нашы купцы атрымлівалі ад грэцкага ўраду штомесячную пэнсыю і нават лазьню. Прадаўшы свае тавары, нашы купцы закуплялі грэцкія тавары: дарагія, золатам здобленыя, тканіны, так званыя павалокі, віны, фрукты. Вертаючыся дамоў, купцы атрымлівалі ад грэкаў усё патрэбнае ім на дарогу — харчы, котвігі, парусы. Таксама шырака была таргоўля Беларусі з Заходам па Дзьвіне і Неману. Сюды нашы купцы такжа прывозілі галоўным чынам скуры махнатых зьвераў, мёд і воск, а на замену набывалі мэталёвыя вырабы і тканіны. Чужаземныя купцы, асабліва ўсходнія, таксама прыезджалі да нас. Многа знаходжэных скарбаў па Дзьвіне і Дняпру, з арабскімі, фінікійскімі і грэцкімі манэтамі, сьведчаць аб шырокім разьвіцьці нашай таргоўлі з усходам. Гэткае шырокае разьвіцьцё таргоўлі мела Беларусь ужо ў IХ — ХI сталецьцях. Галоўныя тарговыя гарады на Беларусі былі Смаленск, Полацак, Тураў і Дрогічын. Смаленск распаложэн быў на дарозе Днепр — Волхаў — Балтыцкае мора; Полацак — Днепр — Бярэзіна, Дзьвіна; Тураў — Днепр, Прыпяць — Неман; Дарагабуж — Днепр — Прыпяць — Буг — Вісла. Побач з замежнай таргоўляй істнавала ўнутрэная таргоўля, без каторай немагчыма была бы таргоўля зьнешняя. Пад канец ХI сталецьця напады качовых народаў на палуднёвую, стэпную часьць Украіны спынілі нашу таргоўлю з Візантыей, затоя значна ўзьнялася таргоўля з Захадам праз Смаленск, Вітэбск і Полацак. Цэнтральнымі тарговымі местамі ў ХII сталецьці, пасьля ўпадку Кіева, становяцца Смаленск, Ноўгарад (на поўначы) і Полацак. У Смаленску крыжаваліся два тарговыя шляхі — заходны і ўсходны, каторы ішоў з Волгі ў Балтыцкае морэ. У ХIII сталецьці ў Смаленску, Вітэбску і Полацку заўсёды жылі нямецкія купцы, якія мелі ў гэтых гарадах нават свае цэрквы і тарговыя двары, а ў Смаленску нават цэлае прэдмесьце было заселена немцамі. Яны маглі таргаваць ня толькі ў гарадах, але і па ўсіх землях, скупляючы сырыя прадукты безпасярэдна ў самага жыхарства. У таргоўлі з беларускімі землямі прыймалі ўчасьце востраў Готлянд, гарады — Брэмэн, Любех, Рыга і др. Галоўныя рэчы вывазу з Беларусі былі: воск, махнатыя скуры, каторыя прадаваліся саракамі, лён, смала, лес. Гішпанія для будовы караблёў закупляла ў Беларусі лес. З Заходу прывозілі ў Беларусь — сукно, палатно, перчаткі, панчохі, мігдалы, віны, імбір, соль. Першапачаткова (да ХII ст.) Беларусь вела таргоўлю з гор. Вісбай, на востраве Готлэндзе, з вядомай у гісторыі Эўропы нямецкай Ганзейскай сувязьзю. У Смаленску і Полацку ў ХII ст. былі гоцкія гасьцінныя двары і цэрквы; смаленцы і палачане мелі такжа свае гасьцінныя двары ў Вісьбе, куды езьдзілі са сваімі таварамі. У канцы ХII сталецьця гоцкая таргоўля пачынае выцесьняцца ганзыятыцкай. Ганзыятыцкая сувязь заключала асобныя ўмовы з беларускімі местамі, якімі рэгуляваліся іх узаемаадносіны.

ТУРАЎСКАЕ КНЯЖСТВА

Тураў — сталіца Дрыгвічоў, галіны Крывічанскага племя, якія, паводле летапісца, «аселі між Прыпяцьцю і Дзьвіной». Што датычэ назовы «Дрыгвічы», ёсьць розныя здогады. Адны выводзяць гэту назову ад «дрыгва» (топкае балота), чым, запраўды, багат гэты край. Другія зьвяртаюць увагу на тое, што назова «Дрыгвічы» сустрэчаецца ў неколькіх мейсцох на абшару разсяленьня славянскага племя і дзеля гэтага шукаюць іншых асноў да тлумачэньня гэтага слова.

Першы раз нашы Дрыгвічы спамінаюцца ў Канстантына Багранароднага пры вылічаньні славянскіх племён. Акром нашых, паўночных Дрыгвічоў, вядомы ешчэ Дрыгвічы палуднёвыя, жыўшыя ў IХ сталецьці ў Фракіі і Македоніі.

Трэба думаць, што ўсе Дрыгвічы жылі калісь разам, мелі супольных роданачальнікаў і, дзеля жыцьцёвых вымог, адны з іх пакінулі бацькаўшчыну і перасяліліся на новыя землі. Гэта магло стацца з палуднёвымі Дрыгвічамі дзеля таго, што назовы славянскіх племён найчасьцей насілі сьляды топаграфічнага паходжэньня, як: Дрэўляне, Паляне, Северане, Палачане, Паморане і саўсім ненатуральна, што назова Дрыгвічы паходзіць ад «дрыгвы», на якой яны сяліліся.

Першым горадам у зямлі Дрыгвічоў, спамянутым у летапісі пад 980 годам, быў Тураў, заснаваньне якога летапісец прыпісывае варажскаму князю Туру. І запраўды, паміж варажскіх імён многа ёсьць, якія маюць у аснове «тур», ды таксама і між беларускімі сялібамі многа ёсьць такіх, што атрымалі сваю назову ад імён заснавацеляў: Заслаў, Браслаў, Давідгарадок, Петрыкоў і інш.; але ў гэтым здарэньні бліжэйшым праўды будзе лічыць назову — Тураў, паходзячай не ад варажскага князя Тура, а ад названьня зьвера — тур — на тэй аснове, што найперш мы сустрэчаем многа назоў сёл, сяліб, рэк, палёў і ўрочышч з кораням «тур» як у нас, так і на ўсім прастору славянскіх сяліб, а па другое, што ў Дрыгвіцкай зямлі вадзілася многа тураў, на якіх тутэйшыя жыхары палевалі. Дзеля гэтага далёка прасьцей думаць, што і горад атрымаў сваю назову ад імя зьвяроў — тураў, — чысьленых калісь у тутэйшых ваколіцах.

Дрыгвічы, як і ўсе беларускія племёны, упраўляліся сваімі ўласнымі князямі. Летапісь кажэ, што пасьля заснаваньня Кіева род кіеўскіх князёў «стаў княжыць у Палянаў, а ў Дрыгвічоў былі свае князі» і г.д.

Грэцкі імпэратар Канстантын Багранародны называе Дрыгвічоў здольнымі майстрамі ў будаваньні лодак і наагул водных судзён, якія вывозіліся на продаж у Грэцыю, па Прыпяці і Днепру.

У Х сталецьці Тураўскае княжства падпадае пад уласьць Кіева. Само сабой з далучэньнем Турава да кіеўскага пасаду родавыя дрыгвічанскія князі ўступаюць свае мейсцо сваяком вялікага князя кіеўскага, аднак не саўсім трацяць значэньне і свой уплыў на народ.

Якое значэньне меў Тураў у вачах кіеўскага князя Валадзіміра, можна бачыць з таго, што гэты вялікі князь на Тураве саджае старшага свайго сына Сьвятаполка. Сьвятаполк, трапіўшы ў атмасфэру пануючага нездаволеньня, хутка перэнімаецца інтарэсамі зямлі і пачынае патураць незалежніцкім думам тураўскіх землян. Ён з сэпаратнымі мэтамі выпісвае на свой двор біскупа Рэйнбэрга з Кольбэрга, дзеля шырэньня тут, контра-Кіеву, лацінскага абраду, ды з помаччу цесьця свайго польскага караля Болеслава I-га плянуе паўстаньне з мэтай дабыць Тураўскаму княжству поўную незалежнасьць. Калі б задуманы Сьвятаполкам плян удаўся, то даволі ўжо пашырэны біскупам Рэйнбэргам лацінскі абрад атрымаў бы тут верх над усходным абрадам. Але Валадзімір у свой час даведаўся аб замыслах туроўцоў і стлуміў паўстаньне. Біскупа Рэйнбэрга схапіў і пасадзіў у турму, а контра яго місыйнай чыннасьці заставіў у Тураве катэдру грэцкага абраду і абсадзіў яе біскупам грэкам.

Аднак сэпаратны кірунак тураўцаў не замер. Спусьціўшы паў веку, ён ізноў ажывае ў 1157 гаду. На гэты раз тураўскае грамадзянства ўплянавала паўстаньне пры помачы князя Юрья Валадзіміравіча, найбліжэйшага дарадчыка вялікага князя кіеўскага. Паўстаньне ўдалося. Чысьлены род кіеўскіх князёў, крыжовым паходам пазваўшы сабе ў помач стэпныя племёны, узьняліся на туроўцаў і ў 1158 гаду аблажылі Тураў. Аколіцы яго спустошылі і спалілі. Тураўляне цьвёрда вытрымлівалі аблогу. Пад кірункам свайго князя яны выказалі многа энэргіі і ваеннай адвагі, грудзьмі атстаіваючы і крывёй акупляючы сваю незалежнасьць. Па праходзе дзесяці тыдняў аблогі, пошэсьць зьмела ўсіх коней у нападаючых, і яны атступіліся.

З гэтага часу інтэрэсы Юрья Яраслававіча ешчэ мацней зьвязаліся з інтарэсамі жыхароў, і ён, перакананы, што трэба чакаць новых нападаў, атправіўся па жыўнасьць і вольніцу ў чэрнігаўскую зямлю, сарганізаваў умацаваньне і акапаваньне Турава і пры чародным крыжовым паходзе роду кіеўскіх князёў, у 1160 гаду, разьбіў іх. Гэта пераканала вялікага князя кіеўскага, каторы ў канцы прызнае незалежнасьць Тураўскага княжства, а Юры Яраслававіч становіцца пратаплястам лініі незалежных туроўскіх князёў. Па сьмерці Юрья, Тураўскае княжства разьбілася на дзьве часьці з двома цэнтрамі — Туравам і Пінскам. Першы ўспамін аб Пінску мы сустрэчаем пад 1097 годам. Значэньне гэтага гораду, з прычыны яго тарговага палажэньня, памалу ўзрастало ў ушчэрб значэньню Турава. Турава-Пінскае княжства, звычаем таго часу, пастаянна дзялілася на дробныя ўдзелы паміж чысьленымі патомкамі Юрья Яраслававіча. Шмат каторыя з іх былі да тэй меры дробныя і бедныя, што ім прыходзілася паступаць на службу да сільнейшых суседніх князёў. Летапісцы нават не называюць іх па імёнам, а выражаюцца агульна: «Пінскія князі», «Тураўскія князі». Гэтыя Пінска-Тураўскія князі вядуць пастаяннае змаганьне за сваю незалежнасьць то з князямі Чарнігаўскімі, то з Кіеўскімі, то з Галіцка-Валынскімі і ў канцы з Літоўска-Беларускімі.

З палавіны ХIII сталецьця тэрыторыя Пінска-Тураўскага княжства становіцца арэнай барадзьбы ўкраінскіх удзельных князёў з Літоўска-Беларускай дзяржавай. Турава-Пінскія князі з гэтай прычыны былі пастаўлены ў вельмі нявыгаднае палажэньне. Усіленьне Літвы і усіленьне Ўкраіны роўна гразіло незалежнасьці Турава-Пінскага княжства. З гэтай прычыны яны стараюцца быць нэўтральнымі да абедзьвых варожых старон, адмаўляюцца пад рожнымі прычынамі ад учасьця ў паходах і гэтак, лавіруючы, падтрымліваюць нейкі час сваю незалежнасьць.

Гэткае палажэньне трывала датуль, пакуль у канцы Турава-Пінскія князі не ўступілі ў палітычную сувязь з Літвой за Гедыміна і не прызналі над сабой яго ўласьці.

Для вымучанага безупыннымі войнамі Турава-Пінскага княжства і да таго ешчэ зруйнаванага татарскай навалай, пераход пад уласьць Гедыміна ня мог быць цяжкі: князь гэты ўмеў прыхіліць да сябе сваіх ленных князёў кроўнымі сувязямі з літоўска-беларускімі князямі, раздачай ім высокіх урадоў, паважаньнем, шырокай толеранцыяй, захаваньнем самаўпраўленьня і інш.

Па сьмерці Гедыміна (1341 г.) вялікае княжства Літоўскае, згодна з тэстамэнтам нябожчыка князя, было падзелена паміж яго сынамі. Пінск і Тураў дасталіся Нарымунту Гедымінавічу. Але Нарымунт ня доўга ўтрымаўся: атрымаўшы Турава-Пінскае княжства сабе ў удзел, задумаў ён учыніць яго саўсім незалежным і выдзеліцца зь Літвы. На гэта ўсё літоўскія князі аднадумна адказалі паходам на Нарымунта; апошні, паводле адных, уцёк у татарскую Арду і там памёр, паводле другіх, пагадзіўся з братамі і згінуў у бітве з крыжакамі. Сыны Нарымунта не дасталі ўжо ў удзел Тураўскае княжства, і ён пераходзіць з рук у рукі. Род Турава-Пінскіх князёў канчаецца толькі ў другой палавіне ХVI сталецьця. Апошнім з іх быў Фёдар Іванавіч, патомак Яраслава. Князь Фёдар валадзеў сваім княжствам на правох ленніка В. Кн. Літоўскага, карыстаючыся поўнай аўтаноміяй у справах унутранага ўпраўленьня. Князь Фёдар быў бязьдзетным, і па яго сьмерці княжства тураўскае павінно было спасьці на В. Князя Літоўскага і Караля Польскага. Дзеля гэтага за жыцьцё сваё князь Фёдар усе свае маетнасьці стараўся атпісаць на патрэбу Архіепіскопіі Турава-Пінскай. Акром прывілеяў і наданьняў у межах свайго княжства, гэты апошні Пінска-Тураўскі князь закупляў маетнасьці па ўсім абшару Беларусі, будаваў там цэркві і манастыры ды ўзалежняў іх ад Турава-Пінскай архіепіскопіі. З гэтай яго чыннасьці можна дадумацца, што ён, з аднаго боку, не хацеў, каб спадак, па яго сьмерці, на караля быў лішне вялікі, а, з другога боку, хацеў, каб Турава-Пінская епархія была прэдстаўніцай духоўных інтэрэсаў беларускага народу ў Рэчы Паспалітай. Па сьмерці князя Фёдара Пінска-Тураўскае княжства перайшло да караля Зыгмунта, каторы аддаў яго каралеве Боне. У 1793 гаду, пасьля разьдзелу Польшчы, Турава-Пінскае княжства адыйшло пад Расею, і землі, станавіўшыя яго, увайшлі ў склад двох паветаў: Пінскага і Мозырскага з трыма паветовымі гарадамі: Пінскам, Мозырам і Давідгарадком.

УЛАДА ЗЕМЛЕЎЛАСЬНІКАЎ

Улада над народам з найдаўнейшых часоў была дваякая: княжая і земская. Улада земскай арыстакрацыі, землеўласьнікаў, злажыўшаяся гістарычна і незалежна ад гаспадарскага ўраду, была ўладай цяжкай, уладай самавольнай, немаль безкантрольнай, немаль не падлегаўшая ўраду, і тым ня меней прызнаная правам, улада паняволіваючая ня толькі просты народ, але і дробную небагатую шляхту. У стасунку ж да людзей, жывучых на землях вялікіх паноў, дастойнікаў, да якога бы стану не прыналежалі гэтыя людзі, па праву суд і ўправа былі ўласнасьцю землеўласьнікаў; так што мейсцовыя гаспадаравы ўраднікі, воеводы, старасты, дзержаўцы ў справах паміж панскімі людзьмі і гаспадаравымі павінны былі адсылаць гэткія справы да паноў землеўласьнікаў, якія праз сваіх ужо ўраднікаў чынілі суд па гэткіх справах, накладалі штрафы і другія кары на вінаватых і на дабітак штрафы бралі ў сваю карысьць, а не ў гаспадарскі скарб. У 10 артыкуле VI разьдзелу статута 1529 г. прост сказана: «калі бы каму якая крыўда была ад слуг, або ад людзей княжых, або панскіх, то ні мы гаспадар, ні воеводы нашы на гэткіх людзей не маем права насылаць дзецкіх, а наперад павінны паслаць да того пана, чые тыя людзі, каб ён учыніў над імі суд, перад нашым або перад урадовым віжом».

Гэткімі самаістнымі, гэтак сказаць, прыроднымі судзьдзямі, валадарамі і гнабіцелямі народу былі служылыя князі, паны і земяне, наагул землеўласьнікі. Разьвіцьцё гэткай страшнай і процідзержаўнай улады арыстакратоў-землеўласьнікоў вынікала з гістарычнага разьвіцьця арыстакрацыі пры Гедымінавічах.

Служылыя князі паходзілі або з Гедымінавага роду, або з полацкай дынастыі Рогвалодавічоў і часьцю Рурыкавічоў. І тыя, і другія да паступленьня вялікага князя валадзелі ў розных гарадох і правінцыях на правах удзельных князёў, г. зн. з такой самай уладай у сваім удзеле, з якой валадзеў вялікі князь ва ўсім князстве Беларуска-Літоўскім. Пазьней, паступіўшы на службу вялікага князя, удзельныя князі ўтрымалі за сабой свае ўдзелы на ленным праве, г. зн. з абавязкам служыць за іх вялікаму князю; а разам з удзелам яны ўтрымалі за сабой поўнасьць сваёй улады над жыхарамі ўдзела, бо гаспадар па ўмове з леньнікам, вымагаў ад яго толькі вернай і шчырай службы, а аб адносінах да жыхароў леннага валадара саўсім не ўпамінаў. Валадарны ўдзельны князь спачатку паступаў на службу вялікага князя і рабіўся яго леньнікам акурат пад гэтым варункам, каб яго дамовая ўлада ў удзеле аставалася непарушнай і незалежнай ад вялікага князя, як прыватная ўласнасьць, або як дзедзіна. Лен, раз атрымаўшы характар прыватнай уласнасьці, утрымліваў яго і тады, калі гаспадар дзеля чаго-небудзь перадаваў яго ў другія рукі, або другому роду служылых князёў, або і не князем, а якому-небудзь баярскаму ці панскаму роду. Наагул пры ўсіх пераходах з лена не зьнімалося кляймо прыватнай уласнасьці і разам з гэтым уласьніку яго заўсёды належала права незалежнага, безкантрольнага валадара ў сваіх уладаньнях.

Так што, якія б ён загады не рабіў у межах свайго ўладаньня, як бы ён не прыцесьняў сваіх падданых, якія бы не накладаў падаткі і паборы, на яго нельга было шукаць суда. Нават сам вялікі князь адмаўляўся ўступацца ў падобныя справы. Калі пінскія мешчане жаліліся вялікаму князю Александру Казіміравічу на свайго князя Фёдара Іванавіча Яраславіча, каторы прыцесьняў іх рознымі новымі паборамі, падводамі і карчэмнымі пенязямі, то, разгледзіўшы справу Пінчаноў, Александр, пасьля нарады са сваей Радай, даў гэткую разьвязку справе: «Так як горад Пінск мы далі князю Фёдару ў вотчыну, то ён і мае трымаць яго як вотчэньнік, прыбаўляць і разшыраць, як яму лепей пакажацца, як вотчыннаму гаспадару ў сваей маетнасьці» (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. І, № 191). Пасьля гэткай пастановы Рады і самаго гаспадара, ведама, німа што ўжо і казаць аб якім колечы кантролю над судом і справаваньнем вялікіх землеўласьнікаў, служылых князёў і паноў у межах іх маетнасьцей. Тут самаўпраўства землеўласьніка было ўжо не злоўжываньнем улады, а наадварот, справай законнай, не выходзячай са звыклага парадку і абеганым зьвер[х]най уладай у дзержаве.

Нададзеную вотчыну лен меў права праменяць, прадаць, дараваць. Гэтак, у надаўчай грамаце 1499 г. князю Міхайле Жаслаўскаму на Мсьціслаў і Мглін, сказана: «Ведаючы верную і шчырую службу князя Міхайлы Іванавіча Жаслоўскага і хочучы, каб і наперад ахвотна ён служыў нам, як дзедзічнаму пану, надалі яму горад Мсьціслаў і горад Мглін, са ўсімі двары, са ўсімі баяры і з іх іменьі і слугамі путнымі і даньнікі, і са ўсім правам і панствам, не астаўляючы нічога на нас і на нашых наступнікаў... А далі яму ў дзедзіну вечна і яго княгіні і іх дзецям і будучым іх патомкам, волен ён то аддаці і замяніці, і на свае прыбыткі абярнуці» (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. І, № 172). Пры гэткіх парадках кожды валадар гэткай дзедзізны або лену мог безперашкодна прадаць, праменяць усе сваё валаданьне або часьць яго каму хочучы — другому князю ці пану або земяніну, і разам з гэтым новому ўласьніку перадаваў і ўсе правы свае на маетнасьць і на людзей. Гэткім чынам пры помачы перадачы маетнасьцей, пераходзілі ад князёў да другіх арыстакратаў, не прыналежаўшых да княжых родаў.

Гэткая роўнасьць правоў у служылых князёў, паноў і земян на прыналежаўшыя ім маетнасьці, атрыманыя імі як наданьнем ад гаспадара, так і прыватным парадкам набытыя, купляй, даравізнай, спадкам, і раўняла іх перад правам і вытварало асобны прывілейны стан, вядомы пад агульным найменьнем шляхты. Гэткае выключнае палажэньне шляхты і безкантрольнае ўлады яе над людзьмі, якія жылі на іхніх землях, было прызнана і агульнымі правамі дзержаўнымі.

Гэткім чынам у вялікім князстве Беларуска-Літоўскім, акром дзержаўнай улады ад імені гаспадара, на жыхарах тэй або другой мейсцовасьці лежала цяжкая і безкантрольная ўлада землеўласьнікаў, якая выцекала не са службы гаспадару, а прост з уладарных правоў і каторай былі аддадзены ўсе жыўшыя на прыватных землях бяз розьніцы палажэньня, г. зн. ці гэта былі нявольнікі, ці вольныя людзі, ці нават дробная шляхта. У 8-м артыкуле III разьдзела статуту 1566 г. сказана: «А што датычэ зладзейства, забойства і іншых праступкоў, то княжаты і панове рада наша маюць права судзіць кождага з шляхты і рыцарства, каторыя ў іх у службе, толькі павінны мець пры сабе шляхту, людзей добрых і перад імі чыніць суд, і хто ў чым на гэтым судзе будзе абвінавачэн, той і павінен тут жа панясьці кару за свае праступкі, хоць бы справа «дайшла горла» (кары сьмерцьцю). Гэтак было паводле права, а запраўды вялікі пан рабіў са сваім слугой-шляхціцам што хацеў, нікога не пытаючыся. А аб простых людзях, не шляхце, у праве нічога не гаварылося, пан мог вешаць, адсекаць голавы і рабіць розныя караньня па свайму капрызу. Ад гэтай страшэннай і самавольнай улады былі звольнены толькі людзі, прыналежаўшыя самому гаспадару, і мешчане тых мест, якія не былі ўласнасьцю князёў і паноў або каторыя карысталіся асобнымі прывілеямі, дадзенымі ім ад гаспадароў.

УЛАСНАСЬЦЬ ЗЯМЕЛЬНАЯ

У Беларусі сьвецкая зямельная ўласнасьць была траякая: баярская, мешчанская і селянская. Баярскія, а пазьней шляхоцкія маетнасьці насілі розныя назовы, у залежнасьці ад характару ўладаньня. Тут былі «айчызны і дзедзізны», айчызны жон, мацярызна, айчызна «небошчыка мужа», «іменье па жане», апека, куплі ад баяроў, мешчаноў, гаспадарскіх падданых. Акром таго, баяры валадзелі маетнасьцямі «въ порученстве запісанымі і закупленымі». У баяроў былі маетнасьці і на застаўным праве. Не мала было выслуг. Калі судзіць аб перэважаючым тыпе зямельнай уласнасьці на Беларусі, то на аснове данных полацкай рэвізіі 1552 г. перэважалі ўладаньня радавыя. Другоя мейсцо займалі куплі, пры чым у гаспадарскіх селян скуплена было зямлі болей, чым нават у баяроў. Незначны баярскія куплі ў мешчан. Трэйцяе мейсцо займалі выслугі на гаспадара. З канца XVI ст. гэты выслугі сталі лічэбна скора расьці. Не мала з іх стала «вечнасьцю», уласнасьцю на вечныя часы. Паводле ўсякіх данных, гэткі ж характар уладаньня зямлёй быў і ва ўсіх іншых беларускіх землях.

З пачаткам XVI сталецьця ў Літоўска-Беларускай дзержаве права ўладаньня зямлёй пачынае пераходзіць у рукі шляхэцтва. Мешчанскае землеўладаньне станавіло вынятак і памалу нікло, але ў Полацкай і Вітэбскай землях яно захавалося. Тут мешчане валадзелі землямі і былі абавязаны адбываць з іх земскую і вайсковую службу. Калі ўзяць данныя Полацкай рэвізіі 1552 г., то радавыя маетнасьці займалі першае мейсцо. Другое мейсцо займалі куплі ў баяроў, мешчаноў і слуг путных, але паміж куплямі — куплі ў мешчаноў займаюць апошняе мейсцо. Відаць, мешчанскія маетнасьці цыркулявалі паміж свайго ж мешчанскага кругу, выхад за межы каторага для мешчаноў быў уцяжлівы. Полацкая і Вітэбская землі, стаўшы воеводзтвамі, захавалі ў поўнай непарушнасьці ўсе правы зямлі. Дзякуючы гэтаму ў іх заўсёды былі чыннымі агульна-земскія сабраньня — вечы. Сьперша яны былі ўсестановымі і компэтэнцыя іх была вельмі шырока. Агульна-земскае сабраньне заўсёды выступало, як вярхоўны распарадчык сваёй зямлі, ва ўсіх важных момэнтах перэжываных зямлёй. Агульна-земскія сабраньня доўгі час зах[оў]валі сваю ўсестановасьць. Яшчэ на пачатку XVI сталецьця яно ўсестановае па свайму складу, але дзеліцца на дзьве часьці «мужоў старых і мужоў меншых — чорных людзей». Ад палавіны XVI сталецьця агульна-земскія сабраньня — вечы, становяцца становымі. На іх ужо галоўную ролю іграюць князі і паны баяры, выступаючыя ад усёй зямлі. Пры гэтым земскія вечы-соймы становяцца такжэ мейсцам разбору розных судовых спраў у прысутнасьці мейсцовых землеўласьнікаў — вартаўнічых мейсцовага права. У канцы XVI сталецьця агульна-земскія сабраньня — вечы, спыняюцца. Беларускае баярство, перакінуўшыся ў шляхту, не было зацікаўлена ў захаваньні іх. Новаўтвораныя паветовыя соймікі былі паказацелям шляхтэзацыі дзержаўнага ладу і давалі магчымасьць шляхэцкаму землеўладніцтву падтрымліваць свае ўплывы ў зямлі і павеце і аказываць націск на характар агульнай палітыкі Рэчыпасполітай. Аднак паветовы сэймік не саўсім задушыў агульна-земскія сабраньня, а толькі прычыніўся да ўтраты яго першапачатковага палітычнага ўплыву, хоць урад Рэчыпасполітай прызнаваў правы і прывілеі кождай зямлі, калі апошняя мела такія.

Селянскае землеўласьніцтво выдзелялося большай пярэстасьцю і рознаістасьцю. Кажучы аб ім, трэба разрожніваць палажэньне селян у заходнай і ўсходнай Беларусі. У заходнай часьці, да зямельнай рэформы Зыгмунта Аўгуста, формы селянскага землеўладніцтва складаліся гістарычна. Селяне сядзелі на зямельных участках рознай велічыні. Земля знаходзілася ў уладаньні або аднэй сям’і, або сям’і разросшайся, або ў руках неколькі саўладнікаў-сяброў. І гэткія формы землеўладніцтва, дазваляўшыя сабраць селянскаму жыхарству вялікія зямельныя ўчасткі, да палавіны XVI ст. не сустрэчалі са стараны ўраду ніякай перашкоды. Зямельныя ўчасткі называліся розна: сяло, селішчэ, дворышчэ, жэрэбье.

Да палавіны XVI ст. селяне распараджаліся сваёй зямлёй па свайму одуму, і гэткі лад не выклікаў ніякага пярэчаньня са стараны адміністрацыі.

Па істоце, адміністрацыі было важна ня гэтулькі тоя, у чыіх рукох знаходзіцца земля, сколькі тое, каб лежаўшая на зямлі павіннасьць спраўна выпаўнялася асобамі, сядзеўшымі на зямлі. Селяне прадавалі свае землі, менялі іх. Калі сам урад пазваляў і дапускаў селянам зямельныя куплі-продажы, то гэта можна вытлумачыць толькі тым, што сам урад да палавіны XVI ст. не прыдаваў зямлі тэй цэннасьці, каторую яна выяўляла ўжо ў часе зямельнай рэформы. Зрэшта, у канцы першай палавіны XVI ст. провінціональная адміністрацыя ўступае ў змаганьне з правам свабоднага ўладаньня селянамі сваей вотчынай, лічучы, што земля гаспадарская, а ня селянская ўласнасьць. Апошнія толькі часовыя дзержаўцы гаспадарскай зямлі, да часу, пакуль яна гаспадару панадабіцца.

У палітычным жыцьці Беларускіх зямель ясна, што землеўласьніцкі стан — шляхта мела вялікае значэньне, хоць таго рэзкага адасобленьня шляхты ад рэшты грамадзянскіх груп, якое мелася і пры тым вельмі рана, у ўкраінскіх землях, у нас ешчэ не было. Попіс войска 1528 г. зьяўляецца дакумантам надзвычайнай важнасьці дзеля выясьненьня пахаджэньня і становішча беларускай шляхты. У Беларусі ў пачатку XVI ст. не было вялікай шляхэцкай зямельнай уласнасьці. Па сьпісу толькі фамілія Корсак была багацейшай за другіх. Самым багатым быў пан Д.Б.Корсак, выстаўляўшый на вайну 33 коньнікаў; іншыя Корсакі выстаўлялі ад 18 да 24 каней. Другія з паміж шляхты выстаўлялі значна меней: трынаццаць, дзевяць, восем і менш каней. Не мала было дробнай шляхты, выстаўляўшай аднаго-двух каней. Полацкая рэвізія 1552 г. знае 118 шляхэцкіх аддзельных маетнасьцей. Полацкая шляхта выстаўляла на вайну 323 кані. Тып шляхэцкага землеўладніцтва аставаўся папярэднім: вялікае землеўладніцтва ня мело вялікага разьвіцьця. Уладаньня некаторых полацкіх шляхціцоў зьменшылося, дзеля таго што яны былі распаложаны на тэрыторыі, захопленай ворагам. Пазьней ім выдаецца нагарода за панесеныя імі страты ў часе вайны. Дробная шляхта, выстаўляўшая на вайну ад аднаго да двох коньнікаў, становіла паміж шляхтай блізка трэцьцюю часьць.

Зьвернемся да данных Вітэбскай зямлі. Тут перад намі другі абраз, а ласьне, поўная адсутнасьць вялікага землеўласьніцтва. Самы багаты баярын выстаўляе толькі 9 каней. Амаль уся шляхта, за малымі выняткамі, служыла адным канём. Тое ж пабачым у данных, датыкаючых Мсьціслаўскай шляхты. Паміж дробнай шляхты, перэважна аднаконнай, неяк заблутаўся пан Андрэй Корсаковіч, выстаўляўшый 18 каней. Тыя ж вывады можна зрабіць і датычна другіх беларускіх зямель. Да палавіны XVI ст. на тэрыторыі Беларусі перэважало дробнае шляхэцкае землеўладніцтва. Многа шляхты абрабляло зямлю ўласнай працай, бо ня мелі на сваей зямлі ніводнага чалавека. Шляхэцкія землеўладніцтвы былі колектыўнымі і індывідуальнымі. У Полацкай зямлі на 118 асобных шляхэцкіх уладаньнеў — 96 прыналежало ўласьнікам індывідуальным, а 22 колектыўным. Лік саўласьнікаў хібаўся між 2 і 6. Тут былі нядзеленыя браты, сумесная ўласнасьць братоў і братанікаў, братоў стрыечных, маці з сынамі, малалетных пад апекай, дзядзькоў сваіх. Трэба заўважыць, што мужское землеўласьніцтво рэзка перэважало жаноцкае: на 118 уладаньнеў толькі 11 прыналежало кабетам. Індывідуальнае ўладаньне перэважало і ў Вітэбскай зямлі. Паводле данных попісу 1552 г., у Вітэбскай зямлі лічылося 65 асобных шляхэцкіх уладаньнеў, з ліку каторых на колектыўныя ўладаньня прыходзілося толькі 8. Жаночае землеўладніцтва расплываецца ў моры мужскога. Ешчэ меншыя карэньні пусціло жаночае і колектыўнае ўладаньне сярод Мсьціслаўскай шляхты. У другіх беларускіх землях шляхэцкае ўладаньне выяўляецца ў тых жа формах. Пасьля лівонскай вайны і лік уладароў і абшар уладаньня павялічаецца. Да таго ж унія 1569 г. пазволіла пранікнуць у Беларусь і польскаму шляхціцу. Польскае землеўласьніцтво пачало пускаць у Беларусі вельмі глыбокія карэньні.

Селянскія масы ў Беларусі ў наддзьвінскіх і надднепроўскіх землях карысталіся значнай доляй самаўрадаваньня. Яны выбіралі з паміж сябе старцоў, якія яўляліся прэдстаўнікамі селянства пры зносінах з адміністрацыяй. Апошнія як прэдстаўнікі селянскіх самаўрадных грамад, сьцежылі за тым, каб адносіны паміж селянамі і адміністратарамі нармаваліся «старыной». Зрэшта, у першай палавіне XVI ст. гэтая старына безупынна парушалася, і селянскім старцам прыходзілася закідаць гаспадара жальбамі на паступкі адміністрацыі і прасіць аб аслоне парушанага права. Гэткія селянскія просьбы прынцыпова прызнаваліся заслуговываючымі веры. Зазвычай у адповедзь на чаломбіцьце воласьці гаспадар даваў старцам новую ўставу, у каторай «старына» знаходзіла свае замацаваньне, але скрозь і побач, пад облікам старыны заводзіліся і «навіны», супроць якіх змагалося і паўставало мейсцовае селянства. У 1560 г. дзеля таго, каб прыпыніць безупынныя закалоты з селянствам, у беларускія землі былі пасланы рэвізоры, каторыя павінны былі ўстанавіць падаткі, і, замацаваўшы іх на пісьме, тым спыніць усякія закалоты селян з адміністрацыяй.

Прыватнае землеўладніцтво не было перэважаючым у Беларусі. На шляхэцкіх землях жылі так званыя «цяглыя людзі», паміж якіх былі людзі «атчызныя» і «вольныя», або проста служба — агароднікі, печнікі, данныя кунічныя. Не мала было людзей, сядзеўшых на волі. На шляхэцкіх землях не было «челядзі нявольнай». Гэткі пярэсты ўклад прыватнаўладчага селянства — найлепшы доказ слабага разьвіцьця сельскай гаспадаркі. Залежнасьць іх ад шляхты была ў прымусовай рабоце на панскім дварэ і аплаты розных павіннасьцей. Гэта залежнасьць была вельмі разнародная на асобных маетнасьцях, як можна судзіць аб гэтым на аснове Полацкай рэвізіі 1552 г.

УРАДЫ ЦЭНТРАЛЬНЫЯ

Як раней, у княжэцкі пэрыод, князь і старшыя дружыннікі «баляры», разам [з] зямельнай арыстакрацыяй кіравалі дзержаваю, гэтак сама пазьней гаспадар і паны-рада, трымалі ў сваіх руках цэнтральнае кіраўніцтва, увесь дзержаўны аппарат. Памочнікамі іх у гэтай справе яўляліся агульна дзержаўныя дастойнікі. Самымі важнымі з іх былі тры: падскарбій, кіруючый дзержаўным скарбам, канцлер, або пісар дзержаўны, кіруючый дзержаўнай канцэлярыяй і найвышэйшы гэтман, начальствуючый над войскам. Толькі каля палавіны ХVI ст. названыя намі вышэйшыя дастойнікі атрымалі ў нейкай меры самаістасць у сваёй чыннасьці і прыблізіліся па свайму значэньню да міністраў, хоць яны не маглі дзействаваць паводле свайго погляду, бо над імі цяжэў кантроль усеможнай шляхты. Кіраўніцтва правінціямі знаходзілося ў руках намесьнікоў дзержаўцоў, даўнейшых валадароў, старост і воеводаў.

Намесьнікі-дзержаўцы кіравалі гаспадарскімі маётнасьцямі, станавіўшымі галоўную апору эканамічнай сілы вялікага князя. Пад загадам кождага намесьніка знаходзілася цэлая кругаколіца (вокруг), зложаная з гаспадарскіх маётнасьцей. Круг чыннасьці намесьнікаў-дзержаўцаў быў вельмі шырокі: яны кіравалі ўсімі аддзеламі нярэдка зложнай гаспадаркі ў маётнасьцях, клапоцячыся аб найбольшай іх даходнасьці, сьцежылі за акуратным выпаўненьнем лежаўшай на маётнасьцях вайсковай павіннасьці, выстаўляючы ў разе патрэбы патрэбны лік воеў. Намесьнікі судзілі падлеглае ім селянскае жыхарства. Яны не атрымлівалі пэнсіі, а карміліся на рахунак свайго ўраду: яны атрымлівалі прадукты натурай ад селян, у іх карысьць ішлі судовыя аплаты і розныя зборы. Кантроль за дзержаўцамі быў вельмі слабы, і дзеля гэтага, хочучы, яны маглі задужываць сваёй уладай. Намесьнікі-дзержаўцы ўрадавалі датуль, пакуль гэта было пажадана гаспадару; часам яны атрымлівалі свой урад дажывотна.

Кожды воевода і стараста меў пад сваім загадам вядомую тэрыторыю, дадзеную яму на пракармленьне, у адношэньні да гаспадара ён быў намесьнікам-дзержаўцам. У стасунку да тэрыторыі са ўсімі яе гаспадарскімі, княжэцка-панскімі і шляхэцка-баярскімі абшарамі, воеводы былі прэдстаўнікамі вышэйшых дзержаўнай улады. Перш за ўсё на іх павіннасьці лежаў нагляд за правільным выпаўненьнем вайсковай павіннасьці ўсімі землеўласьнікамі, падлегаючай ім правінцыі. Пад іх загадам знаходзіліся паветовыя харугві, выстаўляныя князямі, панамі, намесьнікамі-дзержаўцамі і звыклыя шляхоцка-баярскія. Яны клапаціліся аб добрым утрыманьні замкаў, прыцягаючы да іх паправак і будовы, падлеглай ім зямлі цяглых людзей, мешчан і розных слуг; яны пільнавалі акуратнага паступаньня ў скарб вайсковых падаткаў і спажыўных запасаў на прыпадак аблогі. Стараста і воеводы карысталіся так жа судовай уладай: жыхары, нездаволеныя пастановамі намесьнікоў-дзержаўцаў, зьверталіся да іх з апэляцыямі, часам зверталіся да іх яны і безпасярэдна, мінуючы дзержаўцоў; воеводы і старасты мелі права судзіць баяроў-шляхту, непадсудных намесьнікам-дзержаўцам. Пры воеводзе або старасьце была зазвычай, накшталт гаспадарскай, свая воеводзкая рада, зложаная сьперша з мейсцовых дастойнікаў, а пазьней выбіраная соймікамі. Цэнтральная ўлада давала самую шырокую аўтаномію паасобным воеводзтвам і землям; да гэтага правы і вольнасьці каждай зямлі былі замацаваны ў дзержаўных актах, т[ак] званых прывілеях.

ХАРУГОЎ

Аддзел кавалерыі ад 100 да 200 коней за часоў Вялікага Князя Літоўска-Беларускага называўся ротай. Калі ж за Зыгмунта III-га заменялі даўнейшую краёвую вайсковую арганізацыю на загранічную, пачалі пяхотные шыхі называць ротамі, а кавалерыі далі назоў харугві, бо кождая конная тактычная адзінка мела сваю асобную харугоў, ці, па цяперашняму, флаг. З гэтага часу пачалі гаварыць у паточнай мове «служыць у харугві», «набіраць харугоў» і г.д. Харугві бывалі Каралеўскія, павятовыя і надворныя магнацкія. Бо нашы магнаты павінны былі сваім коштам утрымліваць меншыя або большыя вайсковыя часткі, з каторымі ў часе вайны павінны былі ісьці на абарону краю.

ХАРУЖЫ (І)

Харужыя былі трох ступенеў: Харужы земскі Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага, харужы дворны і харужыя паветовыя. Галоўны абавязак харужых, устанаўляючай іх уладу і значэньне, быў у тым, каб насіць і абараняць вайсковы знак, або харугоў. Земскі харужы меў у сваім веданьні харугоў Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага: харужы дворны насіў харугоў гаспадарству, а харужаму паветоваму даручалася харугоў паветовая. Харужы паветовы заўсёды быў выбарны ад свайго павету, але абавязкова зацьверджаны гаспадарам. Па статуту 1566 году абавязкі харужага азначаюцца гэтак: разьдзел II, артыкул 5. Харужствы ва ўсіх землях і паветах вялікага княжства павінны быць устроены і выпаўняны гэткім чынам: «Мы, гаспадар, павінны назначаць ў харужыя толькі людзей вядомых, добрых, растаропных, заможных і аселых ў тым павеце. Харужы, калі будзе дзяржаць харугоў, павінен мець на сабе зброю добрую, шлем або прылбіцу і броню, і конь бы пад ім быў добры. А харугоў у сваім гуфе (палку) на шыхту (сматру) павінен трымаць сам харужы, а харугвы павінны выдавацца з нашага скарбу па даўнаму абычаю». А харужыя земскія і дворныя павінны ўрадаваць па даўнаму абычаю. (Арт. 6-ты). Такжа, мы, гаспадар, дзеля параднейшага збору на вайну, каб не было ўцяжлівасьці людзям, устанаўляем так: калі за патрэбай земскай ад нас, або ад паноў рад, або ад гэтмана будзе сказана ўсёй зямлі ехаць на вайну, тады харужы, паведаміўшы аб тым шляхту, кожды ў сваім павеце сам павінен выехаць у поле і сказаць сваім паветнікам, каб яны за тры дні да выступленьня ў паход зьехаліся да яго з ўсяго павету; а яны павінны, нічым неадмаўляючыся, у той жа час зьезджацца на назначанае мейсцо са сваімі почтамі, з каторымі павінны служыць вайну. Затым харужы, сабраўшыся зь імі і, маючы падробную вядомасьць і печу (надлед)* аб кождым із іх, са ўсімі павінен ісьці да каштэлена; і зьехаўшыся з каштэлянам, харужы павінен здаць свой павет шляхты каштэляну з падробнай вядомасьцю, ці ўсе зьявіліся ў поўнай зброі і хто не явіўся і чаму, а ў каторым павеце німа каштэляна, там харужы павінен здаць шляхту маршалку, каторы будзе мець ўладу каштэляна. І калі сойдуцца з каштэлянам, харужыя з шляхтай павінны пад зьверхніцтвам каштэляна або маршалка ісьці да воеводы таго воеводзства; і, зышоўшыся з ім, каштэлян або маршалак з харужым павінны здаць шляхту воеводзе з падробнай справаздачай, каго німа і чаму». (Арт. 7). «Шляхта на вайне не павінна нідзе станавіцца як толькі пад сваей паветовай харугвай, і паветчыкі павінны разьбіваць свой абоз на вайне пры сваім харужым, а не розна». (Арт. 11). «Кожды шляхціц, па хворасьці нязмогшый зьявіцца на службу, павінен абавязкова паведаміць аб гэным харужага свайго павету з пасьведчэньнем трох шляхціцоў аб праўдзівасьці яго хваробы». (Арт. 12). «Хто ж замест сабе пашле на службу свайго сына, той з трымя суседзямі сваімі шляхціцамі павінен прадставіць яго харужаму свайго павету, а харужы, прызнаўшы прыведзенага годным да вайсковай службы, павінен разам з каштэлянам падаць да ведама аб гэтым гэтману». (Арт. 13). Харужы не мае права каго са сваіх паветнікоў пакідаць дома або звальняць ад службы; а каторы харужы ня дасьць ведама гэтману аб нез’явіўшымся, то за гэта пазбаўляецца свайго ўраду. Разьдзел VIII, арт. 3 паказвае, што харужы ў ваенны час у стасунку да зацьвярджэньня тэстаманту, заменяў сабой паветовы земскі суд. У праве гаворыцца: «тэстамант ускора па напісаньні павінен быць сведчэн перад гаспадарам або перад земскім судом на першых роках судовых, а на вайне — перад гэтманам або перад харужым паветовым».

Акром вайскова-адміністратыўных абавязкаў, на харужым ляжалі ешчэ абавязкі і невайсковага характэру. Гэтак харужы ў сваёй кругаколіцы, называнай харужствам, павінен быў апавешчаць шляхце ўсе нова выданыя правы, датыкаючыя яе. Харужыя павінны былі зьбіраць сярэбршчызну. Паводле ўстава 1589 году, харужыя павінны былі быць пры выбары паслоў на сойм; харужым ішла вядомая плата са шляхты на расходы пры паездцы на сойм і пры адвозе ў скарб сярэбршчыны; харужыя прыймалі ўдзел пры вызаве паветовай шляхты на суд, і за гэта атрымлівалі плату 10 грошы ад 10 коп або памільнае. Харужыя мелі вялікае значэньне ў сваіх паветах, як земскія выбарныя і прэдстаўнікі мейсцовай шляхты, а можа быць абаронцы шляхэцкіх інтэрэсаў на агульных соймах, і, як здаецца, паслы на сойм ад’ежджалі не іначэй як пры сваім харужым. Харужыя земскія былі ў ліку сяброў рады гаспадарскай, як прэдстаўнікі інтарэсаў шляхты.

ХАРУЖЫ (II)

Статут Вялікага Князьства Літоўскага кажэ: «Харужы, калі харугоў будзе дзяржаці, мае мець на сябе зброю добрую, а харугоў сам харужы ў гуфе сваім мае дзержаці». Харугві ў беларускім войску былі так даўно, як даўнай есьць сама вайсковая арганізацыя. На жаль, маем вельмі скупыя весткі аб беларускіх вайсковых харугвях. Агульна вядома, што харугві рабіліся з колеровых тканін з нашытымі (аплікаванымі) або вышыванымі (гафтаванымі) гэрбамі зямель, паветаў, або гэрбамі магнатоў, да каторых належалі вайсковыя часткі. У Вялікім Князьстве Літоўска-Беларускім быў урад Вялікага Харужага Літоўскага, харужага надворнага, урэшці харужыя аддзела вайсковых. Вялікі харужы выступаў толькі з дзержаўнай харугвяй; надворны харужы насіў харугоў пануючага дому ў часе манаршых выступаў і пераездаў.

ЦІВУН

Па судоўніку Казіміра Ягайлавіча, дадзенаму ў 1468 гаду, цівуны, падобна намесьнікам, былі спраўцамі паветаў і самаіста кіравалі даручанымі ім кругаколіцамі. Па статуту 1529 году цівуны не маглі судзіць шляхты і баяроў; іх справаваньне і суд абмежаліся толькі цяглымі людзьмі і ў малазначных справах, не датыкаючых земляўладаньня і не крымінальных. На павіннасьці цівуноў лежаў збор падаткоў як на гаспадара, так і на старасту ці воеводу. Цівуны былі местовыя і валасныя. Паводле Данілавіча (Скарбец Дыплёматов)* цівун быў безпасярэдным начальнікам усіх цяглых людзей у даручанай яму кругаколіцы, і ніякі вышэйшы зьверхні валадар ня мог узяць цяглага чалавека без згоды або пазваленьня цівуна і ўсіх цяглых людзей, на іх сходцы або кане. Цівун выбіраўся з мейсцовых старажылаў і зацьверджаўся гаспадарскім лістом. У ХVI сталецьці цівун з дзяржаўцы, блізка роўнага намесьніку, пераменен быў як бытцам у сельскага старасту, або валаснога старшыну, выбранага ад цяглых людзей сваей воласьці. Яго правы абмежаліся судом і паміж селянамі у іх дробных справах ды зборам падаткоў, на якіх не было назначана асобных зборшчыкаў. Але цівуны, утраціўшыя сваё ўрадовае значэньне блізка да палавіны ХVI сталецьця, у службовай ерархіі займалі даволі высокае палажэньне і мелі вялікі ўплыў на народ. Гэтак, на ўстаноўнай грамаце 1529 году, пэнсыя цівуна была блізка роўнай з пэнсыяй дзяржаўцы: цівуну ад кождай службы давалося кожды год на пяць грошы, з двох служб бочка аўса або два грошы, з двох жа служб воз сена або адзін грош, па двох кур або за іх грош, з чатырох служб бочка піва або пяць грошы і з кождай адной службы бохан хлеба цаной паўгроша. У тэй жа грамаце ўстанаўляюцца аб’езды цівуна па воласьці, паказываючыя, якое значэньне меў цівун у народзе і як цяжка яго гасьціна адбівалася на воласьці: «што ж датычэ да ўездоў цівуноўскіх па воласьці і зьбіраньня падаткоў на гаспадара і цівунскіх даходаў, то цівуны не павінны часта езьдзіць у воласьць і па доўгу аставацца там, езьдзілі бы толькі на два рокі (тэрміны) у год: на Каляды і на Спаса і аставаліся бы там кожды раз ня больш трох тыднёў; і пры гэтым не павінны аб’ежджаць сваю воласьць з вялікай сьвітай слуг, каб не ацягчаць народ, і ў паказаныя шэсьць тыдняў сабраць усе падаткі і свае даходы, а такжа пакончыць усе сваі справы і суды і дальш шасьці тыднёў не пражываць у воласьці і не пакідаць там ні намесьнікаў, ні слуг сваіх, і чаго з сабранага на свае ўтрыманьне не вытрацяць, таго не пакідаць у валасных людзей на пераховы і не браць з валасных людзей падвод, а вязьці ўсе сабранае на сваіх конях; такжа не маюць права пакідаць у воласьці на пракорм сваіх коней і лоўчых сабак».

ЧОРНЫЯ ЛЮДЗІ

Да чорных людзей у местох залічаліся: а) таргоўцы, не запісаныя ў купецкую грамаду і дзеля гэтага ня меўшыя права пошлых купцоў; б) розныя рэмесьнікі і залатары, сядзельнікі, краўцы, сырамятнікі, шаўцы, півавары, ганчары, цесьляры, каладзеі і інш. і нават па аднэй грамаце скамарохі; в) чорнорабочыя, калі яны ня мелі дому на грамадзянскай зямлі і выпаўнялі местовыя павіннасьці або цягнулі ў местовае цягло. Чорныя людзі, як і купцы, былі сарганізаваны ў сябрыны і мелі сваіх выбарных старшын, якія справавалі сваей сябрыной, але самі залежалі ад сябрыннага веча і знаходзіліся пад яго кантролям. Пры вячавым укладзе чорныя людзі, як сябры вячавога сабраньня, мелі вялікае значэньне ў агульным грамадзянскім жыцьці беларускага грамадзянства. Паводле Полацкай граматы 1456 г., вечэ не магло адбыцца бяз чорных людзей або паспольства і нават расходы з грамадзянскай касы былі немагчымы без учасьця і згоды чорных людзей, бо і ў іх быў адзін з чатырох ключоў ад грамадзянскай касы. У меру таго, як з упадкам сувэрэннасьці, беларускія баяры, перакінуўшыся ў шляхту, за сваю становую дыктатуру, прадаючы незалежнасьць бацькаўшчыны, пад кіраўніцтвам новых прыяцелёў і вучыцялёў, палякоў, сталі сьцесьняць правы чорных людзей. Беручы прыклад са сваіх польскіх вучыцялёў, нашы баяры, ахрысьціўшы чорных людзей «хамствам», пазбавілі, падобна таму як гэта было тады ў Польшчы, усіх правоў і ўселякага значэньня. Упадку чорных людзей спрыяло ешчэ і тое, што Беларускія землі, пазбыўшыся сваей сувэрэнасьці, хоць захавалі пры сабе поўную тэрыторыальную аўтаномію, але сувэрэннасьць апынулася ў руках Вялікага Князя. Вялікія ж Князі, будучы разам і каралямі польскімі, былі кукламі ў руках польскай шляхты і дыплёмацыі, якая неўклонна кіравалася да паняволеньня і далучэньня беларускіх зямель да Польшчы праз розныя уніі, а галоўнае, праз пасеяньне клясовай розьні і знішчэньня нацыянальнай еднасьці народу.

ЧЭСЬНІК

Абавязкам чэсьніка было выступаць у ролі гаспадара на публічных прыёмах і банкетах; ён павінен быў разсаджываць паводле дастойнасьці гасьцей, парукаць гасьцей да піты і яды; адным словам «чэставаць». Чэсьнік быў Вялікі Літоўскі для дзяржаўных банкетоў, акром гэтага, каждае воеводства і кожды павет меў свайго асобнага земскага чэсьніка.

ШЛЯХТА

Верхні слой у Беларуска-Літоўскім гаспадарстве, вышэйшы стан, яго арыстакрацыю станавілі князі і паны. Сюды ўходзілі патомкі ўдзельных беларускіх князёў, князі Гедымінавічы і перабегшыя з Масковіі князі-эмігранты. Прыслухаючы вярхоўнай уласьці гаспадара, князі ў сваіх землях у стасунку да жыхароў карысталіся ў дзедзіне суда і кіраўніцтва поўнымі дзержаўнымі правамі і незалежнасьцю. Яны мелі сваю раду, раздавалі пад варункам вайсковай службы землі сваім слугам, іх маетнасьці былі звольнены ад аплаты дзержаўных падаткаў, у іх былі такія ж урадоўцы, як наагул у Вялікім Князстве; словам, кождае удзельнае князства напамінала ў паменшэньні само Вялікае Князства. Князі абавязаны былі вайсковай службай: па загаду гаспадара яны выезджалі самі і вывадзілі сваіх слуг і баяроў на вайну пад уласнай харугваю. Вялікія князі Беларуска-Літоўскія, падобна як і Маскоўскія, кіраваліся да зьніштожэньня ўдзелаў, да ўлегласьці сваей воле ўдзельных князёў; вялікіх вынікаў у гэтай справе дасьціг Вітоўт, пры ім былі зьніштожаны ўдзельныя князі ў Полацку, Вітэбску, Смаленску. Наступнікі Вітаўта вялі далей яго палітыку. Удзельныя князі, пазбаўленыя сваіх княжэній, захавалі ў сваіх руках свае фамільныя вотчыны, у каторых далей ігралі ролю саўсім незалежных гаспадароў. У залежнасьці ў удзельных князёў знаходзіліся меншыя князі. Быў яшчэ цэлы разрад князёў служэбных; гэта былі абяднеўшыя, захудзеўшыя князі, каторыя прымушаны былі ў рады слуг гаспадарскіх або вялікіх землеўласьнікаў; гэткія князі тонулі ў агульнай масе звыклай шляхты, акром свайго тытулу, нічым ад яе не выдзеляліся. З часам, калі правы і вольнасьці шляхты незвычайна разросьліся, усе князі з пачаткам XVI ст. зьліваюцца з гэтым пануючым станам. У склад гэтага адзінага стану ўвайшлі і другія адмены шляхты — паны, ды земяне або баяры, станавіўшыя з першапачатку ніжэйшы слой, а цяпер набыўшыя шляхоцкія правы. Ад зьліцьця са шляхтай князі нічога не страцілі, бо шляхоцкія правы не ўступалі княжацкім. За княжацкім тытулам асталася пачэсная традыцыя ды памяць аб слаўнай мінуўшчыне. Звыклая шляхта, дабіўшыся сабе правоў і вольнасьцей, зраўнялася з панамі, каторыя сталі судзіцца ў агульна шляхоцкіх судох, і за імі асталіся дзьве перэвагі: выстаўляць на вайну свае роты пад сваей харугваю і прыймаць учасьце ў гаспадарскай радзе.

Пачатак тварэньня ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве шляхты на падобнасьць польскай адносіцца да часоў першай уніі. Урад не хацеў адразу дапусьціць увесь вайсковы стан да шляхоцкіх вольнасьцей: ён правадзіў рэформу асьцярожна і памалу. Прывілей Ягайлы 1387 г. надаваў некаторыя правы польскай шляхты літоўска-беларускім знатным баярам-каталікам. Гарадэльскі прывілей 1413 году права карыстаньня шляхоцкімі правамі, і то не ва ўсёй паўнаце, пакідаў за літоўскімі панамі і шляхтай каталіцкай веры, меўшымі гербы. У першай палавіне XV ст. гэты правы былі пашыраны і на беларускіх баяроў-шляхту каталіцкай веры. З бегам часу шляхам наданьня цэлага раду прывілеяў агульна-земскіх і для паасобных зямель пашыраліся правы, а роўна і круг асоб, каторыя маглі імі карыстацца. Правы шляхты пацьверджаліся такжа ў статутах 1529, 1566 і 1588 гадоў. У 1563 г. урэшце праваслаўная шляхта была зраўнена ў правох з каталіцкай. Правы, атрыманыя беларускай шляхтай, былі вельмі шырокія і надавалі ей вельмі высокае значэньне ў дзержаве. Шляхта карысталася недатычнасьцю асобы, і іх нельга было арэштаваць, караць, пазбаўляць маетнасьці без суда, яны карысталіся льготамі на судзе, урэшце, у 1566 г. з аткрыцьцём выборных шляхоцкіх судоў у рукі шляхты перайшоў суд над усімі сябрамі свайго стану, у тым ліку і над князямі і панамі. Іх маетнасьці былі звольнены ад дзержаўных падаткоў; ім была нададзена ўлада над селянамі, выключна яны займалі дзержаўныя ўрады цэнтральныя і мейсцовыя, маетнасьцю сваей яны маглі распараджацца па сваей волі, не пытаючыся ўраду. Дзякуючы паветовым генеральным і вольным соймам, шляхта кіравала ўсей дзержавай. Пасьля Люблінскай уніі нават вайсковая павіннасьць, галоўны абавязак шляхты, разьдзелялася ей самой паміж сабою, а не па загаду гаспадара па пастанове з панамі і радай, як гэта практыкавалася раней. Перэтвараючыся ў прывілейны стан, шляхта старалася адмежыцца ад мешчан і селян.