Кароткая гісторыя Беларусі (1910, кірыліца)/Часць першая
← Матэр’ялы да гісторыі | Часць першая Падручнік Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1910 год |
Часць другая → |
ЧАСЦЬ ПЕРШАЯ
ад першых часоў да ўцёку Полацкіх князёў у Літву (1129 год).
Землі, прылегаючые да Заходнай Дзьвіны, Днепра і Прыпяці, былі заселены з няпомных часоў. Жылі тут народы славянскаго племені, каторые, як паказываюць народные песьні, здаецца, прыйшлі сюды з-над Дунаю. Самае вялікае было племя Крывічоў, каторые жылі каля Днепра і Дзьвіны; тые Крывічы, што паселіліся каля рэкі Полоты, называлі сябе Полочанамі. Каля рэкі Сожы (ў Магіл. губ.) жылі Радзімічы. Паміж Заходнай Дьвіной і Прыпяцьцю — жылі Дрэўляне, а паміж Мозырам і Пінскам — Ятвягі. Усе гэтые племёны мелі адно з адным шмат чаго супольнаго і ў веры, і ў абычаях, і дзеля гэтаго даўно зліліся ў вадзін Беларускі народ.
Племёны Крывічоў і Дрэговічоў у незапамятные паганскіе часы займалі важнае мейсцо ў жыцьці усходніх славянскіх народоў; яны стананілі важную гасударственую і культурную сілу ў тые ўжо часы, калі патомкі Рурыковічоў засновывалі моцнае гасударство на ўсходзе і поўдні. Але гісторычные ведамосьці аб гэтых племёнах і аб зьеднаньні нашых племён ў народ беларускі не дайшлі да нас у нашых летапісях. Дабываючы с пад пылу векоў гісторыю бацькоўшчыны нашай, мы прымушэны, з нехвату летапісей, дабываць яе с тых скупых звестак, якіе папалі ў Кіеўскіе, Ноўгородзкіе і Валынскіе летапісі, а гэтые летапісі успамінаюць аб нас прыпадкам, толькі пры вельмі важных здарэньнях, каторые і іх тады датычылі. Беларускіе племёны жылі асобным сваім жыцьцём і рэдка мешаліся ў справы агульна-рускіе, а дзеля таго і весткі аб іх у рускіх летапісцоў рэдкіе і прыпадковые.
Нашы ўласные летапісі не захаваліся, або ешчэ не аткрыты дагэтуль, хоць адрыўкі гэтых летапісей вычуваюцца ў больш позных Рускіх летапісных зборніках.
На обшары Беларускай зямлі ешчэ да прызвання князёў у Ноўгорад началі складацца свае княжствы. Самымі вялікімі паммеж імі лічыліся княжствы: Смаленскае і Полацкае, — а ў X сталецьці ўспамінаюцца ўжо княжствы: Вітэбскае, Мінскае, Туроўскае, Оршанскае, Друцкае, Лукомльскае, Мсьціслаўскае, Ізяслаўскае, Слуцкае, Новогрудзкае, Несьвіжскае, Пінскае, Соломерэцкае, Мазырскае, Клецкае, Перэсопіцкае, Свіслочскае, Барысоўскае і іншые.
Па ўсіх гэтых княжствах хрысьціянская вера ўсходняго абраду расшырылася ад часоў Кіеўскаго князя — Володзіміра. У тые-ж часы і некаторые Беларускіе княжствы належалі да Кіева. Але ў XI сталецьці за незалежнасць сваю ад Кіева паўстае Полацкае княжство, і мала-памалу загараецца непрыязнь Полочан да Кіева. Полацкае княжство на заходзе, так сама як Кіеўскае на поўдні, пачынае злучаць дробные княжствы ў вадно. Полацкі князь займае такое самае палажэньне меж дробных сваіх князёў, якое займаў князь Кіеўскі меж палудзенно-рускіх удзельных князёў.
Так сама, як у палудзеннай Русі і Літве, так і ў Беларусі дробные княжствы не былі злучэны ў вадно цэлае гасударство; кроў лілася ў дамовых войнах, паліліся гарады і сёлы. Народ трымаўся свайго князя датуль, пакуль бачыў у ім сілу, а калі той слабеў, народ перэходзіў на старану дужэйшаго. Трэба ведаць ешчэ, што на Беларусі з самых даўных часоў трымаўся вечэвы парадак, пры каторым, па праўдзі, княжствам кіраваў народ, а не князь. У вялікшых гарадох, як Полацк, Мінск, Туроў, вечэ мело вялікую сілу і часта праганяло непадабаўшагося народу князя і выбірало новаго. Ня гледзячы на гэта, народ крэпка любіў род сваіх князёў; князю другога, чужога роду, цяжка, ды і не зусім беспечна было садзіцца на пасад Полацкіх князёў. Гэта прывязанасць народу да роду князёў сваіх даводзіць нам, што князі с паганскімі літоўскімі імёнамі не былі чужымі князямі, але належалі да роду Полацкіх князёў; яны княжэцкі пасад не сілай забіралі, але садзіліся на яго па радавому праву.
Полацк — самае даўнае і сільнае з усіх беларускіх княжств. Княжыў тут з няпомных часоў род мейсцовых князёў (аб каторым адна скандынаўская (швэдзкая) песьня ўспамінае ўжо ў 6 веку па нараджэньні Хрыста). Імён тых князёў гісторыя нам не перэказала. Найдаўнейшы вядомы князь гэта — Рогволод, каторы княжыў у X сталецьці. Расказываюць, што у Рогволода была вельмі пекная дачка — Рогнеда. Да Рогнеды сваталося многа розных князёў, памеж іншымі прыслаў сваіх сватоў і Кіеўскі князь Володзімір, але Рогнеда не хацела ісьці за яго замуж і атправіла сватоў такімі славамі: «скажыце свайму князю, што не іду за рабыныча». (Володзімірова матка была нявольніцай — рабыняй). Володзімір разгневаўся за гэта і напаў з сільным войскам на Полацк, узяў яго, перэбіў усю княжэцкую семью, а Рогнеду, завёзшы ў Кіеў, прымусіў быць яму жонкай. Рогнеда радзіла сына Ізяслава. Володзімір для Ізяслава на сталіцу пабудаваў горад Ізяслаў (Мінск. губ.) і аддаў яму дзедзічнае полацкае княжство.
Полацкіе князі, Ізяславовічы (побоч з Ізяславічамі, як відаць, была старая лінія мейсцовых князёў, як князі Туроўскіе, Пінскіе і Городзецкіе, катотые ніякаго сваяцтва праз Володзіміра с Кіеўскімі князямі ня мелі), зразу вораго становяцца проці Рурыковічоў, каторые княжылі тады ў Кіеві і вялі род свой ад Ярослава, дзеля чаго зваліся Ярославічамі. Ярославічы ўсімі сіламі ненавідзелі Полацкіх князёў Ізяславовічоў. Чым тлумачыцца гэта ненавісць, трудна разгадаць. Тое толькі пэўна, што ў прыпадках найбольшых бед і напасьцей чужынцоў на Полудзённую Русь, Ярославічы рэдка калі пакідалі свае дамовые войны і сваркі, каб агульнымі сіламі бараніцца, затое яны ўсе едналіся і станавіліся шчырымі паміж сабой, калі ім прыходзілося пайсьці вайной на князёў Полацкаго роду. Відаць за пагудкай народнай, каторая папала ў летапісі аб сьмерці Рогволодавай, прыкрываліся нейкіе спрадвечные крыўды і рахункі за іх. Як можна уцяміць с прычын, каторые вызывалі войны, Полацкіе князі выказывалі нейкіе правы свае на Пскоўскіе і Ноўгородзкіе землі, ў каторых, як некаторые вучоные кажуць, жыло так сама племя Крывічоў. У кожным прыпадку прычыны, дзеля каторых «Рогволожы внуцы взімают меч», мелі свае глыбокіе прычыны.
Ад Ізяслава пачынаецца род гісторычных полацкіх князёў. У 1003 гаду княжыць у Полацку сын Ізяслава — Брачыслаў. Ад часоў князя Брачыслава пачынаецца вядомае нам з гісторыі змаганьне Полацку с Кіевам. Найбольшы разгар змаганьня прыпадае на час княжэньня сына Брачыславоваго — Ўсеслава, а ўнука сына Рогнеды — Ізяслава. Першы напаў на землі належачые да Кіева Ўсеслаў, — узяўшы многа нявольнікаў і багата абабраўшы гарады, варочаўся ён дамоў у Полацк. Кіеўскіе князі заступілі яму дарогу. Страшная бітва адбылася каля рэкі Немігі (пад Мінскам); Кіеўскіе князі ўзялі Мінск, але відаць, што сілы Ўсеславовы былі немалые, калі, ня гледзячы на выйграную бітву, вялікі князь Кіеўскі прасіў міру і клікаў у свой абоз полацкаго князя. Ўсеслаў даверыўся і прыехаў у абоз Кіеўшчан з двумя сваімі сынамі. Спатканьне адбылося за Днепром, каля Оршы. Але Кіеўскіе князі схапілі іх у няволю і атправілі ў Кіеў, гдзе полацкаго князя засадзілі ў «поруб» (цямніцу) пад княжэцкімі харомамі. Толькі ня доўга быў Полацкі князь ў няволі. На другі год не ўдалася вайна Кіеўскаму князю с Печэнегамі, — народ збунтаваўся проці яго і прасіў княжыць у Кіеве Ўсеслава. Ўсеслаў згодзіўся і княжыў у Кіеве каля васьмі месяцоў, а пасьля вярнуўся назад у свой родны Полацк.
Ўсеслаў займае пачэснае мейсцэ ў гісторыі нашаго краю: ён патрапіў паставіць высока сваё княжство, прылучыўшы да Полацка княжствы: Мінскае, Вітэбскае, Оршанскае, Мсціслаўскае, Лукомльскае, Друцкае, Логойскае, Слуцкае, Дзісенскае, а такжэ і часць Лівоніі залежалі ад Полацкаго княжства. Хаця пры Ўсеславе Полацк два разы перэходзіў у рукі Кіеўскіх князёў, усёж пры ім яго княжство дайшло найбольшай сваей сілы і славы. Гдзе ня мог узяць Ўсеслаў сілай, там браў розумам і хітрасьцю. Вядомы памятнік літэратуры XII сталецьця „Слово о полку Ігора“ так пішэ аб Полацкім князю: „князь Ўсеслаў людзям суд даваў, князям гарады парадкаваў, а сам воўкам бегаў ад Кіева да Тмуторакані, перэсекаючы дарогу вялікаму Хорсу (сонцу). У Полацку звоняць заутрэню у святой Софіі, а ён у Кіеве звон чуе“… Сваім розумам, неспакойным характэрам і славай чародзея Ўсеслаў надоўга астаўся ў памяці народу; аб ім хадзілі розные казкі-легенды, як аб чародзеі, і некаторые з іх папалі ў пісаные памятнікі. Княжыў Ўсеслаў 87 гадоў, памёр у 1101 гаду.
Пасьля сьмерці Ўсеславовай гісторыя князёў Полацкаго дому зацемняецца, бо ў летапісях гаворыцца аб іх толкі прыпадкам і называюць іх агульным іменем „рогволожых ўнукоў“, або успамінаюцца адным толькі іменем без отчества, а ў прыдатку тады ўсе князі Полацкіе, абычаем таго часу, насілі па два імёны, с каторых адно было паганскае, а другое хрысьціянскае, а часам па тры і болей імён. Гета ўсё ешчэ больш зацемняецца с тае прычыны, што Ўсеслаў, уміраючы, падзеліў княжство свае на удзелы і раздаў іх сыном сваім.
Змаганьне с Кіевам і доўгіе войны цягнуліся і пры насьледніках Ўсеславовых — Рогволодзе і Барысе, князях Полацкіх.
Добрых камандзероў войскам і князёў хватало, але не было ўжо таго грамадзкаго і ваеннаго духа, якім славіліся часы Ўсеславовы. Напасць была крэпкая і упорная, а ў Беларусоў сілы раскідываліся, пачыналіся сваркі, не было ніякаго послуху. Насьледкі гэтаго былі страшные. Увесь край дайшоў да поўнай руіны. Землі, прылегаючые да Днепра, Прыпеці, Дзьвіны, Берэзіны — дыміліся пажарамі; гарэлі і пусьцелі гарады і сёлы; жыцелёў, аграбленых і зраненых — цэлымі тысячамі гналі ў няволю і пасьля прадавалі ў далёкую Азію. Завёўся абшырны гандэль нявольнікамі, каторы падабаўся ня толькі князём, але і баярам, зрабіўшым з гэтаго даходны промысел. Кіеўскі князь Володзімір Мономах Оршу, Копысь, Мінск і Друцк зруйнаваў да званьня. Ў канцы смутны гэты абраз закончыўся хаўрусным паходам усіх кіеўскіх князёў на Беларускіе землі. У 1127 гаду, напаўшы на Беларусь, зніштожылі агнём і мечом Логойск, Ізяслаў (або Заслаў) і Полацк. У 1129 гаду вялікі кіеўскі князь Мсьціслаў забраў Полацкае і Мінскае княжствы і сына снайго Сьвятополка пасадзіў на полацкім пасадзе.
Пасадзіўшы сына свайго ў Полацку, Кіеўскі князь ідзе на Літву. Чым была Літва ў тые часы, гісторыя ня ведае, дый прычыны самай вайны невядомые. Але гэта аношняе будзе нам ясна с таго, што Полацкіе князі з давён-даўна мелі розные супольные справы з Літвой, што іншые бліжэйшые літоўскіе племёны залежалі ад Полацкіх князёў і што ў Літоўскіх землях жылі і Беларусы ў перамешку з літвінамі. Гэта мешанае беларуско-літоўское населеньне, відаць, не хацело залежаць ад Кіева, але жэдало аддзяліцца. Сюды, здаецца, ўцекла такжэ і часць полочан, нездаволеных новымі парадкамі — часць людзей, адданых роду сваіх князёў, і людзей прывязаных да свабоды, а можэ нават цэлые дружыны с сваімі князямі. Так ці іначэй, ў так званай вышняй Літве (цяперэшняя Віленская губэрня) ў тые часы жыло не адно Літоўскае племя, але ў перамешку з беларусамі.
Страціўшы сваю дзедзізну, Полацкіе князі шукалі прытулку ў Літве і Лівоніі. Там, сабраўшы дружыны, прыняліся яны організаваць у княжствы тамтэйшые народы і, каб лягчэй ішла работа, паказывалі сябе за адноверцоў с тамтэйшымі жыцелямі, а калі была патрэба, то і перэменяілі свае імёны. Так мала-памалу яны клалі асновы Літоўскаму княжству, аж пакуль Рынгольд, а пасьля сын яго — Міндоўг не сабралі сільнаго гасударства, злучыўшы ў вадно як полацкіх, так і літоўскіх князёў. Сталіцай маладога літоўскаго каралеўства стаўся Новагрудак (цяпер паветовы горад Мінск. губ.).