Перайсці да зместу

Кароткая гісторыя Беларусі (1910, кірыліца)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1910 год
Матэр’ялы да гісторыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.


Гісторыя — гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. І нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць с фундамэнту, каб будынак быў моцны. А фундамэнт у нас важны, гісторыя наша багата: «жатва многа, а дѣлатель мало», як кажэ сьвятое пісаньне. Поле пустое, бо сыны бацькоўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужые гумны і засекі багацяць!

Беручыся пісаць кароткі гэты нарыс гісторыі нашай, ня меў я змогі даць навучны твор, плод доўгіх навуковых досьледоў,—даў тое, на што было маей змогі: сабраў з расейскіх, польскіх ды украінскіх гісторыкоў тое, што мне вядома было аб гісторыі нашаго краю і народу, злажыўшы ў парадак, які кожнаму здарэньню вызначыло само жыцьцё.

Працу гэту ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю бацькоўшчыны у сваей роднай мове. Для вучоных новаго німа тут нічога; ўсё, што сказана тут, знойдуць яны параскіданае у працах аўтароў, спісок каторых падаю ніжэй. Адно толькі пазволіў я сабе: некаторые здарэньня асудзіць па свойму з становішча карысьцей і шкод беларускаго народу.

Рэлігійную справу прыйшлося закрануць дзеля таго, што гісторыя наша XVI і XVII сталецьцёў, як і жыцьцё народнае, выціснутае зусюль, замкнулося ў цэркоўных брацтвах, і брацтвы гэтые насілі адценак яўна національны беларускі: ў іх адбывалося змаганьне за веру і націю. Гэтые сталецьця—гэта час па-рэформацкай рэакціі; ва ўсей Эўропе выціснулі яны клейно фанатызму, не абыйшлося без яго і у нас. Вось, калі прыйшлося мне закрануць гэту балячку, то асуджаю я тут тагдышніе часы, а не інстытуціі і людзей.

Аўтор.