Капітанская дачка/VII. Прыступ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. Пугачоўшчына Раздзел VII. Прыступ
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
VIII. Няпрошаны госць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Голова моя головушка,
Голова послуживая!
Послужила моя головушка
Ровно тридцать лет и три года.
Ах, не выслужила головушка
Ни корысти себе, ни радости,
Как ни слова себе доброго
И ни рангу себе высокого;
Только выслужила головушка
Два высокие столбика,
Перакладинку кленовую,
Еще петельку шелковую".
Народная песня[1]

У гэту ноч я не спаў і не раздзяваўся. Я меў намер пайсці на досвітку да крэпасных варот, адкуль Мар'я Іванаўна павінна была выехаць і там развітацца з ёю ў апошні раз. Я адчуваў у сабе вялікую змену: хваляванне душы маёй было мне куды менш цяжкім, як той сум, у якім яшчэ нядаўна я знаходзіўся. З журбою разлукі злучаліся ва мне няясныя, але салодкія надзеі, і нецярплівае чаканне небяспек, і пачуцці пачэснай ганарлівасці. Ноч прайшла непрыкметна. Я хацеў ужо выйсці з дому, як дзверы мае адчыніліся і да мяне з'явіўся капрал з данясеннем, што нашы казакі ўночы выступілі з крэпасці, узяўшы гвалтам з сабою Юлая, і што каля крэпасці раз'язджаюць невядомыя людзі. Думка, што Мар'я Іванаўна не паспее выехаць, зжахнула мяне; я спешна даў капралу некалькі наказаў і зараз-жа кінуўся да каменданта.

Ужо світала. Я ляцеў па вуліцы, як пачуў, што завуць мяне. Я спыніўся.

— Куды вы? — сказаў Іван Ігнацьіч, даганяючы мяне. — Іван Кузьміч на вале і паслаў мяне па вас. Пугач прышоў.

— Ці паехала Мар‘я Іванаўна? — спытаўся я з сардэчнай трывогаю.

— Не паспела, — адказаў Іван Ігнацьіч: — дарога ў Орэнбург адрэзана; крэпасць абкружана. Дрэнна, Пётр Андрэіч!

Мы пайшлі на вал, узвышша, створанае прыродай і ўмацованае частаколам. Там ужо тоўпіліся ўсе жыхары крэпасці. Гарнізон стаяў пры поўнай гатоўнасці. Гармату туды перацягнулі напярэдадні. Камендант пахаджаў перад сваім невялікім строем. Блізкасць небяспекі натхняла старога воіна бадзёрасцю незвычайнай. Па стэпе, не ў далёкай адлегласці ад крэпасці, раз'язджала чалавек дваццаць коннымі. Здавалася, яны казакі, але між імі знаходзіліся і башкірцы, якіх лёгка можна было распазнаць па іх рысіных шапках і па калчанах. Камендант абышоў сваё войска, кажучы салдатам:

— Ну, дзетушкі, пастаім сягоння за матухну гасударыню і дакажам усяму свету, што мы людзі бравыя і прысяжныя[2]! Салдаты голасна выказалі адданасць. Швабрын стаяў каля мяне і пільна глядзеў на непрыяцеля. Людзі, якія раз'язджалі ў стэпе, заўважыўшы рух у крэпасці, з'ехаліся ў кучку і пачалі паміж сабою перагаварвацца. Камендант загадаў Івану Ігнацьічу навесці гармату на іх натоўп, і сам прыставіў запал. Ядро загурчэла і праляцела над імі, не зрабіўшы ніякай шкоды. Наезнікі, рассыпаўшыся, зараз-жа паскакалі прэч, і стэп апусцеў.

Тут з'явілася на вале Васіліса Егораўна і з ёю Маша, якая не хацела адстаць ад яе.

— Ну, што? — сказала камендантша. — Як ідзе баталья[3]? Дзе-ж непрыяцель?

— Непрыяцель недалёка, — адказаў Іван Кузьміч. — Бог дасць усё будзе добра. Што, Маша, страшна табе?

— Не, папенька, — адказала Мар'я Іванаўна; — дома адной страшней. — Тут яна глянула на мяне і з патугаю ўсміхнулася. Я мімаволі сціснуў рукаяць маёй шпагі, успомніўшы, што напярэдадні атрымаў яе з яе рук, як-бы на абарону маёй любай. Сэрца маё гарэла. Я ўяўляў сябе яе рыцарам. Я прагнуў даказаць, што быў варты яе даверлівасці, і з нецярплівасцю пачаў чакаць рашучай хвіліны.

У гэты час з-за ўзвышку, які знаходзіўся ў поўвярсце ад крэпасці, паказаліся новыя конныя натоўпы, і неўзабаве стэп усеяўся мноствам людзей, узброеных коп'ямі і сайдакамі[4]. Між імі на белым кані ехаў чалавек у чырвоным жупане, з аголенай шабляю ў руцэ: гэта быў сам Пугачоў. Ён спыніўся; яго абкружылі і, як відаць, паводле яго загаду, чатыры чалавекі адлучыліся і наўскапыта падляцелі пад самую крэпасць. Мы ў іх пазналі сваіх здраднікаў. Адзін з іх трымаў над шапкаю аркуш паперы; у другога на кап'і ўткнута была галава Юлая, якую, стросшы, перакінуў ён да нас праз частакол. Галава беднага калмыка ўпала пад ногі каменданта. Здраднікі крычалі:

— Не страляйце, выходзьце вон да гасудара. Гасудар тут!

— Вось я вас! — закрычаў Іван Кузьміч. — Хлопцы! Страляй! Салдаты нашы далі залп. Казак, які трымаў ліст, захістаўся і скінуўся з каня; другія памчалі назад. Я глянуў на Мар'ю Іванаўну. Уражаная выглядам акрываўленай галавы Юлая, аглушаная залпам, яна здавалася непрытомнаю. Камендант падазваў капрала і загадаў яму ўзяць ліст з рук забітага казака. Капрал вышаў у поле і вярнуўся, ведучы за аброць каня забітага. Ён падаў каменданту ліст. Іван Кузьміч прачытаў яго сам сабе і разарваў потым у шматкі. Між тым мяцежнікі, відаць, рыхтаваліся да дзеяння. Неўзабаве кулі пачалі свістаць каля нашых вушэй, і некалькі стрэл уткнулася каля нас у зямлю і ў частакол.

— Васіліса Егораўна! — сказаў камендант. — Тут не бабская справа; адвядзі Машу адсюль; бачыш: дзеўка ні жывая, ні мёртвая.

Васіліса Егораўна, якая прысмірэла пад кулямі, глянула на стэп, на якім відаць быў вялікі рух; потым павярнулася да мужа і сказала яму:

— Іван Кузьміч, жыццё і смерць пад богам: блаславі Машу. Маша, падыйдзі да бацькі.

Маша, бледная і трапяткая, падышла да Івана Кузьміча, стала на калені і пакланілася яму ў зямлю. Стары камендант перахрысціў яе тройчы; потым падняў і, пацалаваўшы, сказаў ён незвычайным голасам:

— Ну, Маша, будзь шчаслівая. Маліся богу: ён цябе не пакіне. Калі знойдзецца добры чалавек, дай бог вам любасць ды згоду. Жывіце, як жылі мы з Васілісай Егораўнай. Ну, бывай, Маша. Васіліса Егораўна, вядзі-ж яе хутчэй (Маша кінулася яму на шыю і зарыдала).

— Пацалуемся-ж і мы, — сказала, заплакаўшы, камендантша. — Бывай, мой Іван Кузьміч. Даруй мне, калі ў чым я табе дадзела!

— Бывай, бывай, матухна! — сказаў камендант, абняўшы сваю старую. — Ну, даволі! Ідзіце, ідзіце дамоў; ды калі паспееш, надзень на Машу сарафан. — Камендантша з дачкою адышлі. Я глядзеў услед Мар'і Іванаўне: яна аглянулася і кіўнула мне галавой. Тут Іван Кузьміч павярнуўся да нас, і ўся ўвага яго накіравалася на непрыяцеля. Мяцежнікі з'язджаліся каля свайго правадыра і раптам пачалі злазіць з коней.

— Цяпер стойце моцна, — сказаў камендант; — будзе прыступ... — У гэту хвіліну раздаўся страшэнны віск і крыкі; мяцежнікі бегма беглі пад крэпасць. Гармата наша набіта была карцечай. Камендант падпусціў іх на самую блізкую адлегласць і раптам выпаліў зноў. Карцеча хапіла ў самую сярэдзіну натоўпу. Мяцежнікі адхлынулі ў абодва бакі і падаліся назад. Правадыр іх застаўся адзін наперадзе... Ён махаў шабляю і, здавалася, з запалам іх угаварваў... Крык і віск, якія змоўклі былі на хвіліну, зараз-жа зноў аднавіліся.

— Ну, хлопцы, — сказаў камендант: — цяпер адчыняй вароты, бі ў барабан. Хлопцы! Наперад, на вылазку, за мною!

Камендант, Іван Ігнацьіч і я ў момант апынуліся за крэпасным валам: але спалоханы гарнізон не крануўся.

— Што-ж вы, дзетушкі, стаіце? — закрычаў Іван Кузьміч. — Паміраць, дык паміраць: справа служывая! — У гэту хвіліну мяцежнікі набеглі на нас і ўварваліся ў крэпасць. Барабан змоўк; гарнізон пакідаў стрэльбы; мяне збілі былі з ног, але я ўстаў і разам з мяцежнікамі ўвайшоў у крэпасць. Камендант, ранены ў галаву, стаяў у кучцы ліхадзеяў, якія патрабавалі ад яго ключы. Я кінуўся быў да яго на дапамогу: некалькі дужых казакаў схапілі мяне і звязалі рамянямі, прыгаварваючы:

— Вось ужо вам будзе, гасударавым непаслушнікам! — Нас пацягнулі па вуліцах; жыхары выходзілі з дамоў з хлебам і соллю. Разлягаўся царкоўны звон. Раптам закрычалі ў натоўпе, што гасудар на пляцы чакае палонных і прымае прысягу. Народ паваліў на пляц; нас пагналі туды-ж.

Пугачоў сядзеў у крэсле на ганку каменданцкага дома. На ім быў прыгожы казацкі жупан, абшыты галунамі. Высокая сабалёвая шапка з залатымі кутасамі была насунута на яго ззяючыя вочы. Твар яго здаўся мне знаёмым. Казацкія старшыні абкружалі яго. Айцец Герасім, збялелы і дрыгатлівы, стаяў каля ганка, з крыжам у руках, і, здавалася, моўчкі, упрашаў яго за наступныя ахвяры. На пляцы ставілі наспех шыбеніцу. Калі мы падыходзілі, башкірцы разагналі народ і нас падвялі да Пугачова. Царкоўныя званы сціхлі; зрабілася глыбокая цішыня.

— Каторы камендант? — спытаўся самазванец. Наш ураднік выступіў з натоўпу і паказаў на Івана Кузьміча. Пугачоў грозна глянуў на старыка і сказаў яму:

— Як ты асмеліўся супрацівіцца мне, свайму гасудару? — Камендант, знемагаючы ад раны, сабраў апошнія сілы і адказаў цвёрдым голасам:

— Ты мне не гасудар, ты злодзей і самазванец, чуеш ты! — Пугачоў гнеўна нахмурыўся і махнуў белай хусткаю. Некалькі казакаў падхапілі старога капітана і пацягнулі да шыбеніцы. На яе перакладзіне апынуўся верхам знявечаны башкірац, якога дапытвалі мы напярэдадні. Ён трымаў у руцэ вяроўку, і праз хвіліну убачыў я беднага Івана Кузьміча ўзнятага на паветра. Тады прывялі да Пугачова Івана Ігнацьіча.

— Прысягай, — сказаў яму Пугачоў, — гасудару Пятру Фёдаравічу!

— Ты нам не гасудар, — адказаў Іван Ігнацьіч, паўтараючы словы свайго капітана. — Ты, дзядзюшка, злодзей і самазванец! — Пугачоў махнуў зноў хусткаю, і добры паручнік павіс каля свайго старога начальніка.

Чарга была за мною. Я глядзеў смела на Пугачова, рыхтуючыся паўтарыць адказ велікадушных маіх таварышоў. Тады, на невымоўнае мае здзіўленне, убачыў я сярод мяцежных старшынь Швабрына, абстрыжанага ў кружок і ў казацкім жупане. Ён падышоў да Пугачова і сказаў яму на вуха некалькі слоў:

— Вешаць яго! — сказаў Пугачоў, не глянуўшы ўжо на мяне. — Мне накінулі на шыю пятлю. Я пачаў шаптаць сам сабе малітву, узносячы богу шчырае раскаянне ва ўсіх маіх вялікіх грахах і молячы яго аб паратунку ўсіх блізкіх майму сэрцу. Мяне прыцягнулі пад шыбеніцу.

— Не бойся, не бойся, — паўтаралі мне згубнікі, можа быць і напраўду жадаючы мяне падбадзёрыць. Раптам пачуў я крык:

— Пачакайце, праклятыя! пастойце!.. — Каты спыніліся. Гляджу: Савельіч ляжыць у нагах у Пугачова.

— Бацька родны! — гаварыў бедны дзядзька. — Што табе ў смерці панскага дзіцяці? Адпусці яго: за яго табе выкуп дадуць; а для прыкладу і дзеля страху загадай павесіць хоць мяне, старога! — Пугачоў даў знак, і мяне зараз-жа развязалі і пусцілі.

— Бацюхна наш цябе мілуе, — казалі мне. У гэту хвіліну не магу сказаць, каб я ўзрадваўся свайму збавенню, не скажу, аднак-жа, каб я аб ім і шкадаваў. Адчуванні мае былі надта цмяныя. Мяне зноў прывялі да самазванца і паставілі перад ім на калені. Пугачоў працягнуў мне жылістую сваю руку.

— Цалуй руку, цалуй руку! — гаварылі вакол мяне. Але я палічыў-бы за лепшае самую лютую кару, чым сыйсці да такога подлага ўніжэння.

— Бацюхна Пётр Андрэіч! — шаптаў Савельіч, стоячы за мною і штурхаючы мяне. — Не ўпірайся! Што табе абыходзіць? плюнь ды пацалуй у ліхадзь... (цьфу!) пацалуй у яго ручку. — Я не варушыўся. Пугачоў апусціў руку, сказаўшы з усмешкай:

— Яго благароддзе, відаць, ачмурэў з радасці. Падніміце яго! — Мяне паднялі і пакінулі на волі. Я пачаў глядзець на працяг жудаснай камедыі.

Жыхары пачалі прысягаць. Яны падходзілі адзін за адным, цалуючы распяцце і потым кланяючыся самазванцу. Гарнізонныя салдаты стаялі тут-жа. Ротны кравец, узброены тупымі сваімі нажніцамі, рэзаў у іх косы. Яны, атрасаючыся, падыходзілі да рукі Пугачова, які абвяшчаў ім дараванне і прымаў у сваю шайку. Усё гэта цягнулася каля трох гадзін. Нарэшце Пугачоў устаў з крэсла і сышоў з ганка ў суправаджэнні сваіх старшыняў. Яму падвялі белага каня, упрыгожанага багатай збруяй. Два казакі ўзялі яго пад рукі і пасадзілі на сядло. Ён абвясціў айцу Герасіму, што будзе абедаць у яго. У гэту хвіліну раздаўся жаночы крык. Некалькі разбойнікаў выцягнулі на ганак Васілісу Егораўну, растропаную і раздзетую дагала. Адзін з іх паспеў ужо прыбрацца ў яе душагрэйку. Другія цягалі пярыны, сундукі, чайную пасуду, бялізну і ўсё дабро.

— Бацюхны мае! — крычала бедная старая. — Адпусціце душу на пакаянне. Бацькі родныя, адвядзіце мяне да Івана Кузьміча. — Раптам яна глянула на шыбеніцу і пазнала свайго мужа.

— Ліхадзеі! — закрычала яна ў непрытомнасці. — Што гэта вы з ім зрабілі? Свет ты мой, Іван Кузьміч, удалая салдацкая галовачка! Не кранулі цябе ні штыкі прускія, ні кулі турэцкія; не ў сумленным баі склаў ты жыццё сваё, а згінуў ад збеглага катаржніка!

— Суняць старую ведзьму! — сказаў Пугачоў. Тут малады казак ударыў яе шабляю па галаве, і яна ўпала мёртвая на ўсходкі ганка. Пугачоў паехаў; народ кінуўся за ім.

Зноскі[правіць]

  1. Запеўка адной з песень часоў Пятра I пра кару смерцю стралецкага атамана
  2. Прысяжныя – гэта значыць прыняўшыя прысягу «на вернасць»
  3. Баталья – бітва (скажонае французскае bataille)
  4. Сайдак – лук з калчаном і стрэламі