Капітанская дачка/V. Каханне
← IV. Паядынак | Раздзел V. Каханне Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін Пераклад: Кузьма Чорны |
VI. Пугачоўшчына → |
"Ах ты девка, девка красная!
Не ходи, девка, молода замуж;
Ты спроси, девка, отца, матери,
Отца, матери, роду-племени;
Накопи, девка, ума-разума.
Ума-разума, приданова".
Песня народная
"Буде лучше меня найдешь, позабудешь.
Если хуже меня найдешь, воспомянешь".
Тое-ж.
Апрытомнеўшы, я некаторы час не мог апамятацца і не разумеў, што са мной зрабілася. Я ляжаў на ложку, у незнаёмай святліцы, і адчуваў вялікую слабасць. Перада мной стаяў Савельіч з свечкаю ў руках. Нехта асцярожна развінаў перавязку, якою грудзі і плячо былі ў мяне ўкручаны. Трохі-па-трохі думкі мае праясніліся. Я ўспомніў свой паядынак і здагадаўся, што быў ранены. У гэту хвіліну скрыпнулі дзверы.
— Што? Як? — вымавіў шэптам голас, ад якога я задрыжэў.
— Усё ў адным становішчы, — адказаў Савельіч з уздыхам; — усё без памяці, вось пятыя суткі ўжо. — Я хацеў павярнуцца, але не мог.
— Дзе я? хто тут? — сказаў я з патугаю. Мар'я Іванаўна падышла да майго ложка і нахілілася да мяне.
— Што? як вы сябе адчуваеце? — сказала яна. — Дзякуй богу, — адказаў я слабым голасам. — Гэта вы, Мар'я Іванаўна? скажыце мне... — я не мог далей гаварыць і замоўк. Савельіч ахнуў. Радасць загарэлася на яго твары.
— Апамятаўся! апамятаўся! — паўтараў ён. — Дзякуй табе, божа! Ну, бацюхна, Пётр Андрэіч! напалохаў ты мяне! гэта-ж жарты? пятыя суткі!..— Мар'я Іванаўна перапыніла яго.
— Не гавары з ім шмат, Савельіч, — сказала яна. — Ён яшчэ слабы. — Яна вышла і ціхенька прычыніла дзверы. Думкі мае хваляваліся. І так я быў у доме каменданта. Мар'я Іванаўна ўваходзіла да мяне. Я хацеў зрабіць Савельічу некаторыя запытанні, але стары заматаў галавою і заткнуў сабе вушы. Я з прыкрасцю заплюшчыў вочы і неўзабаве заснуў.
Прачнуўшыся, падазваў я Савельіча і заместа яго ўбачыў перад сабою Мар'ю Іванаўну; анельскі голас яе мяне прывітаў. Не магу выказаць салодкага пачуцця, якое апанавала мяне ў гэту хвіліну. Я схапіў яе руку і прыпаў да яе, абліваючы слязмі расчулення. Маша не адрывала яе... і раптам яе губкі крануліся да маёй шчакі, і я адчуў іх гарачы і свежы пацалунак. Агонь прабег па мне.
— Любая, добрая Мар'я Іванаўна, — сказаў я ёй, — будзь маёй жонкаю, згадзіся на мае шчасце. — Яна апамяталася.
— Богам прашу, супакойцеся, — сказала яна, прыняўшы ад мяне сваю руку. — Вы яшчэ ў небяспецы: рана можа адкрыцца. Паберажыце сябе хоць для мяне. — З гэтым словам яна пайшла, пакінуўшы мяне ў радасным захапленні. Шчасце ажывіла мяне. Яна будзе мая! Яна мяне кахае! Гэта думка напаўняла ўсё мае існаванне.
З той пары мне ўсё рабілася лепей. Мяне лячыў палкавы цырульнік, бо ў крэпасці другога лекара не было, і, дзякуй богу, не мудраваў. Маладосць і прырода прыскорылі мае выздараўленне. Уся сям'я каменданта даглядала мяне. Мар'я Іванаўна ад мяне не адыходзіла. Зразумела, пры першым зручным выпадку я ўзяўся за перапыненае прызнанне, і Мар'я Іванаўна выслухала мяне цярплівей. Яна без усякага фігуравання прызналася мне ў сардэчнай прыхільнасці і сказала, што яе бацькі канешне рады будуць яе шчасцю.
— Але падумай добра, — дадала яна; — з боку тваіх родных ці не будзе перашкоды?
Я задумаўся. У пяшчотнасці матухнінай я не сумняваўся; але, ведаючы нораў і склад думак бацькі, я адчуваў, што каханне маё не надта яго кране і што ён будзе на яго глядзець, як на блазноўства маладога чалавека. Я шчыра прызнаўся ў тым Мар'і Іванаўне і наважыў, аднак, пісаць да бацюхны як можна красамоўней, просячы бацькоўскага блаславення. Я паказаў ліст Мар'і Іванаўне, якая знайшла яго гэткім пераканаўчым і чуллівым, што не сумнявалася ў поспеху яго, і аддалася пачуццям пяшчотнага свайго сэрца з усёю даверлівасцю маладосці і кахання.
З Швабрыным я памірыўся ў першыя дні майго выздараўлення. Іван Кузьміч, выгаварваючы за паядынак, сказаў мне:
— Эх, Пётр Андрэіч! трэба-б было мне пасадзіць цябе пад арышт, але ты ўжо і без таго пакараны. А Аляксей Іваныч у мяне так і сядзіць у хлебным магазіне пад вартаю, і шпага яго пад замком у Васілісы Егораўны. Няхай ён сабе надумаецца ды пакаецца. — Я вельмі быў шчаслівы, каб таіць у сэрцы пачуццё непрыязнае. Я пачаў прасіць за Швабрына, і добры камендант, па згодзе са сваёю дружынаю, вырашыў яго вызваліць. Швабрын прышоў да мяне; ён выказаў глыбокі свой жаль аб тым, што здарылася паміж намі; прызнаўся, што быў кругом вінаваты, і прасіў мяне забыцца на мінулае. Будучы ад прыроды незлапомным, я шчыра дараваў яму і нашу сварку, і рану, мною ад яго атрыманую. У паклёпе яго бачыў я прыкрасць абражанай ганарлівасці і адхіленага кахання і велікадушна прабачыў майму няшчаснаму суперніку.
Неўзабаве я ачуняў і мог перабрацца на маю кватэру. З нецярплівасцю чакаў я адказу на пасланы ліст, не адважваючыся спадзявацца і стараючыся заглушыць сумныя прадчуванні. З Васілісай Егораўнай і з яе мужам я яшчэ не гаварыў; але прапанова мая не павінна была іх здзівіць. Ні я, ні Мар'я Іванаўна не стараліся хаваць ад іх свае пачуцці, і мы загадзя былі ўжо ўпэўнены ў іх згодзе.
Нарэшце аднойчы раніцою Савельіч увайшоў да мяне трымаючы ў руках ліст. Я схапіў яго з трывогаю. Адрас быў напісаны рукою бацюхны. Гэта падрыхтавала мяне да нечага важнага, бо звычайна лісты пісала да мяне матухна, а ён у канцы прыпісваў некалькі радкоў. Доўга не распячатваў я пакета і перачытваў урачысты надпіс:
"Сыну майму Пятру Андрэевічу Грынёву, у Орэнбургскую губерню, у Белагорскую крэпасць". Я стараўся па почырку ўгадаць настрой духу, у якім пісаны быў ліст; нарэшце адважыўся яго распячатаць і з першых радкоў убачыў, што ўся справа пайшла к чорту. Змест ліста быў наступны:
- "Сын мой Пётр! Ліст твой, у якім просіш ты нас аб бацькоўскім нашым блаславенні і згодзе на шлюб з Мар'яй Іванаўнай, дачкой Міронавай, мы атрымалі 15 гэтага месяца, і не толькі ні майго блаславення, ні маёй згоды даць я табе не намераны, але яшчэ і збіраюся да цябе дабрацца ды за свавольствы твае правучыць цябе парадкам, як блазна, не гледзячы на твой афіцэрскі чын: бо ты даказаў, што шпагу насіць яшчэ не варты, якая дадзена табе на абарону бацькаўшчыны, а не для дуэляў з гэткімі-ж шыбельнікамі, які ты сам. Безадкладна буду пісаць да Андрэя Карлавіча, просячы яго перавесці цябе з Белагорскай крэпасці куды-небудзь падалей, дзе-б дурасць у цябе прайшла. Матухна твая, даведаўшыся аб тваім паядынку і аб тым, што ты ранены, з гора занядужала і цяпер ляжыць. Што з цябе будзе? Малю бога, каб ты стаў на прыстойны шлях, хоць і не магу спадзявацца на яго вялікую міласць.
- Бацька твой А. Г."
Чытанне гэтага ліста ўзняло ва мне розныя пачуцці. Жорсткія выразы, на якія бацюхна не паскупіўся, глыбока абразілі мяне. Грэблівасць, з якою ён упамінаў пра Мар'ю Іванаўну, здавалася мне гэткай-жа непрыстойнай, як і несправядлівай. Думка аб пераводзе маім з Белагорскай крэпасці мяне зжахала, але больш за ўсё засмуціла мяне вестка пра хваробу маткі. Я абураўся на Савельіча, не сумняваючыся, што паядынак мой стаў вядомы бацькам праз яго. Ходзячы ўзад і ўперад па цесным маім пакоі, я спыніўся перад ім і сказаў, глянуўшы на яго грозна:
— Відаць табе не даволі, што я, дзякуючы табе, ранены і цэлы месяц быў на краі магілы; ты і матку маю хочаш звесці. — Савельіч быў як громам удараны.
— Злітуйся, васпан, — сказаў ён, ледзь не зарыдаўшы, — што гэта ты маеш гаварыць? Я прычына, што ты быў ранены! Бачыць бог, бег я затуліць цябе сваімі грудзьмі ад шпагі Аляксея Іваныча! Старасць праклятая перашкодзіла. Ды што-ж я зрабіў матухне тваёй?
— Што ты зрабіў? — адказаў я. — Хто прасіў цябе пісаць на мяне даносы? хіба ты прыстаўлены да мяне ў шпіёны?
— Я? пісаў на цябе даносы? — адказаў Савельіч са слязмі. — Госпадзі цару нябесны! Дык будзь ласкаў прачытай, што піша да мяне пан: убачыш, як я даносіў на цябе. — Тут ён выняў з кішэні ліст і я прачытаў наступнае:
- "Сорамна табе, стары сабака, што ты, не гледзячы на мае строгія загады, мне не данёс пра сына майго Пятра Андрэевіча, і што староннія змушаны паведамляць мяне аб яго свавольствах. Ці гэтак выконваеш ты сваю службу і панскую волю? Я цябе, старога сабаку, пашлю свіней пасвіць за ўтойванне праўды і патуранне маладому чалавеку. Як атрымаеш гэты ліст, загадваю табе зараз-жа адпісаць да мяне, як цяпер яго здароўе, аб якім мне пішуць, што паправілася; ды ў якое іменна месца ён ранены і ці добра яго залячылі".
Відавочна было, што Савельіч перада мною быў не вінаваты, і што я дарэмна абразіў яго папрокам і падазронасцю. Я прасіў яго дараваць мне; але старога нельга было ўцешыць.
— Вось да чаго я дажыўся, — паўтараў ён,— вось якой ласкі даслужыўся ад сваіх паноў! Я і стары сабака, і свінапас, ды я-ж і прычына тваёй раны? Не, бацюхна Пётр Андрэіч! не я, пракляты мус'е ўсяму вінен: ён навучыў цябе тыкацца жалезнымі рожнамі, ды прытопваць, як-быццам тыканнем ды топаннем уберажэшся ад злога чалавека! Патрэбна было наймаць мус'е, ды траціць лішнія грошы!
Але хто-ж браў на сябе клопат паведаміць бацьку майму пра маё паводжанне? Генерал? Але ён, здавалася, пра мяне не надта клапаціўся; а Іван Кузьміч не палічыў патрэбным рапартаваць пра мой паядынак. Я губляўся ў здагадках. Падазронасць мая спынілася на Швабрыне. Ён адзін меў карысць у даносе, вынікам якога магло быць выдаленне маё з крэпасці і разрыў з каменданцкай сям'ёй. Я пайшоў сказаць аб усім Мар'і Іванаўне. Яна сустрэла мяне на ганку.
— Што гэта з вамі зрабілася? — сказала яна, убачыўшы мяне. — Які вы бледны!
— Усё скончана! — адказаў я і аддаў ёй бацюхнаў ліст. Яна збялела ў сваю чаргу. Прачытаўшы, яна вярнула мне ліст дрыгатліваю рукою і сказала дрыгатлівым голасам:
— Відаць мне не суджана... Родныя вашыя не хочуць мяне ў сваю сям‘ю. Будзе ва ўсім воля гасподняя. Бог лепш за нас ведае, што нам патрэбна. Рабіць няма чаго, Пётр Андрэіч; будзьце хоць вы шчаслівыя...
— Гэтаму не бываць! — ускрыкнуў я, схапіўшы яе за руку; — ты мяне кахаеш; я гатоў на ўсё. Пойдзем, кінемся ў ногі тваім бацькам; яны людзі простыя, не жорсткія гардуны... Яны нас блаславяць, мы павянчаемся... а там, з часам, я ўпэўнены, што ўмолім бацьку майго; матухна будзе за нас; ён мне даруе...
— Не, Пётр Андрэіч, — адказала Маша, — я не выйду за цябе без блаславення тваіх бацькоў. Без іх блаславення не будзе табе шчасця. Пакарымся волі божай. Калі знойдзеш сабе суджаную, калі пакахаеш другую — бог з табою, Пётр Андрэіч; а я за вас абодвух... — Тут яна заплакала і пайшла ад мяне; я хацеў быў увайсці за ёю ў пакой, але адчуваў, што не мог валодаць самім сабою і вярнуўся дамоў.
Я сядзеў, акунуты ў глыбокую задуменнасць, як раптам Савельіч перарваў маё раздум'е.
— Вось, васпан, — сказаў ён, падаючы мне спісаны ліст паперы: — паглядзі, ці даносчык я на свайго пана, і ці стараюся я памуціць сына з бацькам. Я ўзяў з рук яго паперу: гэта быў адказ Савельіча на атрыманы ім ліст. Вось ён ад слова да слова:
- "Гасудар Андрэй Пятровіч, бацька наш літасцівы!
- Міласлівае пісанне ваша я атрымаў, у якім маеш ласку гневацца на мяне, раба вашага, што, моў, сорамна мне не выконваць панскіх загадаў; — а я не стары сабака, а адданы ваш слуга, панскіх загадаў слухаюся і старанна вам заўсёды служыў і дажыў да сівых валасоў. Я-ж пра рану Пятра Андрэіча нічога да вас не пісаў, каб не спужаць дарэмна, і, чуваць, пані, маці наша, Аўдоцця Васільеўна, і так з перапуду злягла, і за яе здароўе бога буду маліць. А Пётр Андрэіч ранены быў пад правае плячо, у грудзі, пад самую костачку, у глыбіню на паўтара вяршка, і ляжаў ён у доме ў каменданта, куды прынеслі мы яго з берагу, і лячыў яго тутэйшы цырульнік Сцяпан Парамонаў; і цяпер Пётр Андрэіч, дзякаваць богу, здаровы, і пра яго, акрамя добрага, няма чаго і пісаць. Камандзіры, чуваць, ім здаволены; а ў Васілісы Егораўны ён як родны сын. А што з ім здарылася такая аказія, дык быль малайцу не дакора: конь і чатыры нагі мае, ды спатыкаецца. І вы пішаце, што сашлеце мяне свіней пасвіць, і на тое ваша панская воля. За гэтым кланяюся з рабскай пакораю.
- Адданы халоп ваш
- Архіп Савельеў".
Я не мог некалькі разоў не ўсміхнуцца, чытаючы пасланне добрага старога. Адказваць бацюхну я не мог; а каб супакоіць матухну, ліст Савельіча здаўся мне выстарчальным.
З той пары становішча мае змянілася, Мар'я Іванаўна амаль са мною не гаварыла і ўсяк старалася ўхіляцца ад мяне. Дом каменданта мне апастылеў. Трохі-па-трохі прывучыуся я сядзець адзін у сябе дома. Васіліса Егораўна спачатку за тое мяне папікала; але, бачачы маю ўпартасць, пакінула мяне турбаваць. З Іванам Кузьмічом бачыўся я толькі, калі таго вымагала служба. З Швабрыным сустракаўся рэдка і неахвотна, тым больш, што заўважаў у ім затоеную да сябе непрыязнь, што і пераконвала мяне ў маіх падозраннях. Жыццё маё зрабілася мне нясцерпным. Я ўпаў у пахмурную задуменнасць, якую жывілі адзіноцтва і бяздзейнасць. Каханне маё разгаралася ў самоце і рабілася мне ўсё моташней. Я страціў ахвоту да чытання і пісьменства. Дух мой упаў. Я баяўся або звар'яцець, або ўдарыцца ў распусту. Нечаканыя падзеі, якія мелі важныя ўплывы на ўсё маё жыццё, далі раптам маёй душы вялікае і добрае страсенне.