Перайсці да зместу

Канец «Ураду Ластоўскага»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Канец „Ураду Ластоўскага“
Публіцыстыка
Аўтар: Арсень Паўлюкевіч
1925 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі Голас», № 39 (93). 17 лістапада 1925 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Канец „Ураду Ластоўскага“.

Урад „Беларускай Народнай Рэспублікі“ скончыў сваё жыцьцё. На конфэрэнцыі ў Бэрліне, якая адбылася пад кіраўніцтвам, нядаўна праваліўшагася на выбарах у Латвійскі Сойм, п. Езавітава, была вынесена пастанова ліквідаваць Урад Ластоўскага. Запраўды ўрад гэты перастаў істнаваць ўжо даўно. Ен перастаў істнаваць ужо тагды, калі Ластоўскі, пасьля правалу вайскова-партызанцкай акцыі, выйшаў са складу Ураду. І цяпер, у Бэрліне была зроблена толькі дэмонстрацыя, праклямаваньне гэтае ліквідацыі і… прызнаньне ўраду бальшазіцкага—Савецкай Беларусі. Ў гэтым прызнаным бальшакоў і ёсьць уся сутнасьць адбыўшайся конфэрэнцыі. Трэба адзначыць, што прызнаньне гэтае наступіла трохі запозна дзякуючы толькі Ластоўскаму. Выкінуўшы лёзунг „Народнай Рэспублікі“, Ластоўскі, дзякуючы сваёй волі, энэргіі і ўпартасьці моцна трымаў у руках сваіх „міністраў“. Гэтыя гора-міністры і былі прычынай катастрофы Ураду. Ex oficio Урад Ластоўскага быў антыбальшавіцкі, бо ад самага пачатку свайго істнаваньня стаў у опозыцыю да Савецкай Беларусі. Аднак-жа, дзякуючы чырванаватым праконаньням сваіх эсэраўскіх міністраў, Урад ня мог абаперціся на праўдзівыя антыбальшавіцкія беларускія групіроўкі. Ня маючы, дзякуючы гэтаму, падтрыманьня ў шырокіх масах беларускага грамадзянства, Урад доўга ўтрымацца ня мог. Ен трымаўся толькі дзякуючы Літве, якая штучна палтрымлівала яго, пакуль гэтае было ёй патрэбна. І як толькі Урад Ластоўскага стаўся непатрэбным Літве, дык скончылася і фактычнае яго істнаваньне. Пачаліся нелады, непаразуменьні, а потым і поўпы развал. А калі тварэц і кіраўнік тэтага Ураду—Ластоўскі падаўся ў адстаўку, дык бальшавізуючыя „міністры“, выкарыстаўшы мамэнт, адразу папхнулі Урад у аб‘яцьця бальшавікоў.

Бязумоўна можна вінаваціць Ластоўскага за яго папярэднюю палітычную даеяльнасьць за памылковы шлях, які ён абраў пры стаўцы на Літву, за тыя авантурыстычныя прадпрыемствы, якія шмат гора прынясьлі беларускаму народу. Аднак, цяпер ніхто ня можа кінуць у яго камянем. Ен прайграў сваю стаўку 19 „прэмьер-міністра“. стаўся — звычайным культурным працаўніком. Але ён усёж-ткі не пайшоў сьледам за сваімі „міністрамі“, якія злажылі павінную бальшавікам і як з задаваленьнем піша № 256 „Звеада“ ад 6. X г.г. „перадалі свае мандаты Беларускай Соцыялістычнай Савецкай Рэспубліцы“.

Мы пэўвы, што паступным этапам „эволюцыі“ гэтых п.п „міністраў“ і іншых падпісаўшыхся пад гэтай заявай „зьменавехаўцаў“, як Пракулевіч і Галавінскі, будзе—бязумоўны паварот і на службу да таварышоў.

Туды ім і дарога!

Бо наагул было вялікім парадоксам, што гэтыя бальшавіцкія падгалоскі трапілі да эміграцыі.

У сучасны мамэнт, мамент вострай барацьбы ўсяго культурнага сьвета з бальшавізмам, адбылася рэзкая дыфэрэнцыацыя і ў беларускім грамадзянстве на два лагеры: на інтэрнацыянальны, ці бальшавіцкі і праўдзіва—нацыянальны, ці антыбалышаміцкі. Гэтыя кірункі, варожыя адзін аднаму, абыймаюць сабою ўсё актыўнае беларускае грамадзянотва — tertium non datur!

Дзеля гэтага і мы, таксама як і бальшавікі з задаваленьнем спатыкаем ліквідацыю ўраду Ластоўскага. Бальшавікі—дзеля таго, што зьліквідаваўся ўрад, які ўвесь час калоў ім вочы сваім непрызнаньнем Ураду Савецкай Беларусі. Мы-жа—прадстаўнікі беларускага антыбальшавіцкага грамадзянства—вітаем гэты факт дзеля таго, што прысутнасьць у беларускім антыбальшавіцкім лагеры „саглашацельскай“ арганізацыі, маючай тучную пазву ўраду, толькі шкодзіла справе рашучай барацабы з комуністамі.

А. Паўлюкевіч.