Каму жыццё — атруты келіх…
Каму жыццё — атруты келіх... Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://litby.com/stihi/zhylka/242-zhylka-013.html |
* * *
Каму жыццё — атруты келіх.
Хто спанявераны, як я,
Хто ўжо не сніць аб далях, белях
Пад ветру свіст і шум былля;
Каму спакой душы няшчаснай
Нездавальнення точыць крот;
Каму дакучыў жонкі ўласнай
На ўласным ложку пешчаў мёд.
Каму распачна ноч пустую
Спакусным смехам цешыць сук;
Каму ўсё роўна, бы якую
Сціскаць пярсцёнкам млявых рук;
Хто сэрца — поўную амфору —
Нясці стараўся й не данёс:
Хто патаёмных мукаў хвору
Гаіў расою ночных слёз;
Хто душу чорную, як вугаль,
Злачынствам цешыў і крывёй;
Хто п'яніца, разбой, зладзюга
З мізэрнай, дробнаю душой;
Каму распусты жах прынадны,
Хто гора топіць у віне, —
Маім абдоймам тыя жадны,
Прыходзяць тыя да мяне.
Я ўсіх вітаю ветла, рада, —
Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць, —
Мае жаночыя прынады
За плату мае ўсякі госць.
Я імітую ім каханне,
Ім не суджонае праз лёс,
Нясмелыя дзяцей спатканні
І палкасці глухі наркоз.
Змушаю верыць мімаволі
І жар збуджаю малады,
Сама няўзрушная ніколі,
Сама халодная заўжды.
Ў душы адзін, адзін лятунак,
Глыбока схованы на дне, —
Далёкі, любы мой пястунак, —
Той, хто кахаў калісь мяне.
Які не смеў, не смеў ні разу
Свае мне пешчы дараваць,
Якога мела за абразу
Ў дзявочых думках цалаваць.
Цяпер і ён такі ж прапашчы,
Ланцуг жыцця цягае ледзь;
Ніхто, ніхто яго не лашчыць, —
Лёс прысудзіў яму гібець.
Цяпер, як кожны ён, як кожны —
Будынак знішчаны, пусты;
Час папаліў усё, што можна,
З кута прыбраў абраз святы.
Ды сэрца сніць пад шум асенні,
І сну мне не мінуць таго,
Ў маім найбольшым паніжэнні
Сустрэну незнарок яго.
У сэрцы будзе боль і горыч,
І мы два целы, дзве труны,
Мы рукі сціснем, ляжам поруч.
І аб мінулым будуць сны.
Як вербалозы нікнуць веццем,
Так нізка схіліцца ўспамін
Над нашым страшным ліхалеццем
І над капцом далёкіх днін.
(1926)