У спаборніцтве людзі і дні —
Дні шалёнае творчае гонкі…
Праганяюць трамваяў агні
Цемру дзён дапатопнае конкі.
Упрыгожаным колерам край
Ліхтары залатыя атуляць.
Праплывае маскоўскі трамвай
Па выбоінах менскіх вуліц.
Гэта Менск, гэта схілены Менск,
Ён адкінуў былую жалобу
І насустрач трамваю ля сьцен
Шле вітаньне колега — аўтобус
І яшчэ прывітальны паклон
Ад далёкіх і блізкіх ваколіц:
Гэта — покліч фабрычных гудкоў,
Гэта — шумы колгаснага поля.
Яны ўсе, яны ўсе прынясуць
Прывітаньне жывой навальніцай: „Убірайся, жыві і красуй,
Пролетарская наша сталіца!“
Трамвай праплывае
далей і далей,
Ўрываецца броняю ў натаўп,
З усьмешкаю ветлаю
нікне ў вакне
Трамвайны вагонаважаты.
Трамвай праплывае!
Гады перамог!
Часіны шалёнае гонкі!
Зьнікаюць у днёх
будаўнічых трывог
Часы дапатопнае конкі.
І кожны наш дзень —
гэта новы вагон —
Нясе нас у гэткія шыры,
Дзе ўсе напярэдадні сонечных дзён
Важатыя і пасажыры.
А горад ня ціхне…
Узбуджаны шум
Цудоўныя песьні сьпявае.
І вось праплыла
цераз гоман і тлум
Павеўная постаць трамваю.
Гады дзіваваньняў!
Гады перамог!
Гады нячуванае гонкі!
Ў асфальт убіраем прасьцягі дарог,
Зьмялі дапатопную конку.
І сэрца калоціцца
б‘ецца за край,
І хочацца крыкнуць заўзята,
Каб пільна прыводзіў
наш першы трамвай
Таварыш вагонаважаты.
1929
|