Перайсці да зместу

Каб жыць, сьпяваць і не старэць… (1931)/Фабрычная вясна/Мараку…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трамвай… Мараку…
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1931 год
Аргентынскаму сябру…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мараку (Таўбін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРАКУ

У цябе ў вачох і ў твары
Бачу простае, сваё.
Раскажы ты мне, таварыш,
Пра матроскае жыцьцё.

Зьмеркнуў дзень. Агні-пялёсткі
Ўжо разьвеяла зара…
Дробных літараў матроскі
Не магу я разабраць.

Раскажы, адкуль ты, браце,
І з якіх такіх марэй…
У Адэсе ці ў Кронштаце
Стаў апошні раз на рэйд?

Дальняўсходніх водаў мёртвых
Акіянскае дзіця,
Ці ваяку-чорнаморца
Маю гонар бачыць я?

Ці даўно, баец адданы,
Кінуў родныя палі?
Хто чырвоным капітанам
Стаў на вашым караблі?

Ці кіруюць шэфы вамі,
Ці ня чуць у вас пра іх,
Ці даўно вы заплывалі
Ў буржуазныя краі?

І… калі ня будзеш зморан
Раскажы ты мне пасьля,
Ці прыгожа тое мора,
Так, як нашая зямля.

Ці ўзьбівае вал за валам
З гучным рогатам прыліў?
Разьбіваецца аб скалы
Ў бурштыновы пераліў?

Раскажы мне пра прыбоі,
Пра няўпынны плёск і шум,
Пра жыцьцё, дзе бой за боем
Поўняць радасьцю душу.

Раскажы пра цуды-верфі,
Пра каралевую гаць,
Каб я мог у звонкіх вершах
Ўсё, што скажаш, перадаць.

1928