Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XI. Лунныя моры XII. Паверхня Луны
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIII. Лунныя ландшафты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІІ

Паверхня Луны

Прыняты снарадам напрамак, як мы ўжо заўважылі раней, цягнуў яго да паўночнага паўшар’я Луны. Падарожнікі даўно праляцелі той пункт, у якім снараду належала ўпасці, калі-б лінія яго палёту не мела адхілення ўбок.

Было ўжо за паўночы. Па думцы Барбікена, снарад знаходзіўся на адлегласці 1 400 кілометраў ад Луны — адлегласць крыху большая за лунны радыус; яна павінна была памяншацца па меры набліжэння снарада да паўночнага полюса.

Снарад ляцеў у гэты час не паблізу экватара Луны, а перасякаў дзесятую паралель паўночнай шыраты; ад гэтай шыраты і да самага полюса Барбікен і абодва яго таварышы маглі назіраць за Луной пры самых спрыяючых умовах.

І сапраўды: пры назіранні ў падзорныя трубы Луна здавалася ад іх на адлегласці ўсяго чатырнаццаці кілометраў. Тэлескоп Скалістых гор мог-бы яшчэ больш наблізіць Луну, але зямная атмасфера значна аслабляе яго аптычныя ўласцівасці.

Барбікен, засеўшы ў снарадзе з падзорнай трубой у руках, паспеў ужо заўважыць некаторыя падрабязнасці, амаль не даступныя для зямных назіральнікаў.

— Сябры мае, — сказаў старшыня Пушачнага клуба сур’ёзным тонам, — не ведаю, куды мы нясемся, не ведаю, ці ўдасца нам убачыць яшчэ калі-небудзь наш зямны шар… Тым не менш мы будзем весці справу так, каб працамі нашымі маглі карыстацца землякі. Пакінем у баку ўсё, што нас можа чакаць. Мы перш за ўсё астраномы. Снарад — гэта той-жа кабінет Кембрыджскай абсерваторыі, толькі перанесены ў прастору. Возьмемся за назіранні!

Сказаўшы гэта, ён узяўся за работу з падвоеным стараннем і, наколькі магчыма, правільна абрысаваў розныя дэталі Луны.

У гэты час снарад усё яшчэ трымаўся дзесятай паралелі паўночнай шыраты і, як відаць, ішоў па мерыдыяну 20° усходняй даўгаты.

Тут будзе дарэчы зрабіць адну важную заўвагу наконт карты, якой падарожнікі карысталіся пры сваіх назіраннях.

На лунных картах, з прычыны адваротнага ізабражэння ўсіх прадметаў у падзорных трубах, поўдзень трэба лічыць уверсе карты, а поўнач унізе. Здавалася-б, што па той-жа прычыне ўсход павінен знаходзіцца налева, а захад направа. У сапраўднасці гэтага няма. Калі якую-небудзь лунную карту перавярнуць так, каб той край, які раней быў унізе, стаў верхнім, то ізабражоная на ёй Луна здалася-б нам у такім выглядзе, як і пры назіранні простым вокам, і тады, значыцца, усход быў-бы налева, а захад направа — у процілегласць таму, як гэта бывае на зямных картах. І вось прычына гэтай няправільнасці: назіральнікі, якія знаходзяцца ў паўночным паўшар’і, дапусцім у Еўропе, бачаць поўную Луну адносна сябе на поўдні. Назіраючы за ёю, яны спіною павернуты к поўначы — палажэнне адваротнае таму, якое яны займаюць, разглядаючы зямную карту. Паколькі яны павернуты спіною к поўначы, усход у іх злева, а захад — справа. Для назіральнікаў-жа, якія знаходзяцца ў паўднёвым паўшар’і, — у Патагоніі, напрыклад, — захад аказаўся-б, вядома, злева, а ўсход справа, таму што яны звернуты тварам к поўначы, а спіною к поўдню.

Такая прычына ўяўнага перамяшчэння ўсхода і захада, і трэба яе заўсёды памятаць, каб, не збіваючыся, сачыць за назіраннямі Барбікена.

З дапамогаю карты падарожнікі беспамылкова маглі пазнаваць тую частку Луны, якая знаходзілася ў полі зроку іх трубы.

— Што мы бачым ў даную хвіліну? — спытаў Мішэль.

— Паўночную частку «Мора Воблакаў», — адказаў Барбікен. — Мы яшчэ вельмі далёка ад яго, і таму цяжка распазнаць яго прыроду. Ці ўтвораны гэтыя раўніны з сыпучых пяскоў, як сцвярджалі першыя астраномы, ці гэта вялізныя лясы — аб усім гэтым мы пасля даведаемся. Але пакінем здагадкі, тым больш, што яны заўсёды могуць быць памылковыя.

«Мора Воблакаў» даволі няпэўна паказана на картах. Мяркуюць, што гэта вялікая раўніна, пакрытая масамі лавы, вывергнутай суседнімі вулканамі, якія ляжаць на заходнім беразе гэтага мора.

Снарад пасоўваўся і прыкметна падыходзіў бліжэй да Луны: ужо можна было заўважыць вяршыні, якія складаюць граніцу гэтага мора з паўночнага боку.

Уперадзе ва ўсёй прыгажосці ўзвышалася бліскучая гара; вяршыня яе нібы танула ў моры яркіх сонечных праменяяў.

— Гэта што? — спытаў Мішэль.

— «Капернік», — адказваў старшыня Пушачнага клуба.

— А! Ну, паглядзім, што за «Капернік»!

Гэта гара ўзвышаецца на 3 440 метраў над узроўнем луннай паверхні. Яе добра відаць з Зямлі, і астраномы могуць даследаваць яе ўсебакова, асабліва калі назіранні робяцца між апошняй квадрай і маладзіком. У гэты час адсвечаны ёю цень цягнецца далёка ад усхода на захад, і таму вельмі зручна мераць яго даўжыню.

Пасля гары «Ціхо», якая ляжыць у паўднёвым паўшар’і, «Капернік» — самая вялікая вяршыня на ўсім лунным дыску. Ён стаіць адзінока, як велічэзны маяк, на мяжы «Мора Воблакаў» і «Акіяна Бур» і сваім яркім блескам адразу асвятляе дзве раўніны. Нічога не магло быць цудоўней за яго доўгія светланосныя палосы, асабліва прыгожыя у час поўніка, — палосы, якія, пераходзячы к поўначы за пагранічныя горныя ланцугі, тухлі, нарэшце, у «Моры Дажджоў». У час зямной раніцы снарад, нібы аэрастат, падняты ў прастору, лунаў над гэтай маляўнічай гарой.

Барбікен дакладна мог разгледзець яе абрысы. «Капернік» належыць да разраду кольцападобных гор першага парадку, г. зн. вялікіх цыркаў. Падобна «Кеплеру» і горам, якія пануюць над «Акіянам Бур», ён здаецца часам бліскучай кропкай, чаму яго лічылі дзеючым вулканам. Але гэта — вулкан патухшы, таксама як і ўсе вулканы на гэтым баку Луны. Акружына яго мае каля 80 кілометраў у дыяметры.

— На Луне шмат такіх цыркаў ці кругавых гор, — сказаў Барбікен, — і вельмі лёгка бачыць, што цырк «Каперніка» належыць да прамяністых. Калі-б мы яшчэ бліжэй падышлі, то можна было-б заўважыць конусы, якія тырчэлі з яго сярэдзіны і былі некалі дзеючымі кратэрамі. Вось яшчэ адна вельмі выдатная з’ява, якая сустракаецца на ўсім лунным дыску: унутраная паверхня гэтых цыркаў значна ніжэйшая за знешнія раўніны, адваротна таму, што назіраецца ў зямных кратэрах.

— У чым-жа прычына такой асаблівасці? — запытаў Ніколь.

— Гэтага яшчэ ніхто не ведае, — адказаў старшыня Пушачнага клуба.

— Які цудоўны бляск! — паўтараў Мішэль. — Бадай ці можна сустрэць дзе-небудзь малюнак больш цудоўны!

— Што-ж скажаш ты, калі якія-небудзь выпадковасці закінуць нас да паўднёвага паўшар’я? — спытаў Барбікен.

— Я? Скажу, што там яшчэ прыгажэй! — адказаў, не запінаючыся, Мішэль Ардан.

У гэту хвіліну снарад праносіўся над самым цыркам «Каперніка». Цырк меў форму амаль поўнага круга, і яго крутыя акраіны выразна выдзяляліся. Можна было нават заўважыць падвойную кольцападобную граду. Навокал рассцілалася дзікая з выгляду, шэраватага колеру раўніна, рэльеф якой рысаваўся на жоўтым фоне. На дне цырка два ці тры конусы, падобныя вялізным брыльянтам асляпляючай ігры, бліснулі на момант і зноў зніклі, як-бы замкнёныя ў скрынцы. Берагі цырка к поўначы паніжаліся. Пралятаючы над вакольнай раўнінай, Барбікен мог адзначыць вялікую колькасць дробных гор. К поўдню раўніна ішла гладка, без усякіх узвышэнняў. К поўначы, наадварот, да таго месца, дзе яна падыходзіць да «Акіяна Бур», яна была падобна на водную паверхню, усхвалёваную ўраганам; верхавіны гор і ўзгоркаў здаваліся на ёй радамі ўздыбленых хваль. Усюды і ў розныя напрамкі беглі светлавыя палосы, якія ўсе сходзіліся ў адну кропку на верхавіне «Каперніка». Некаторыя з іх мелі да трыццаці кілометраў у шырыню, а па даўжыні займалі нязмерныя прасторы.

Падарожнікі гаварылі аб паходжанні гэтых праменняў, але для іх, таксама як і для зямных назіральнікаў, прычына гэтай дзіўнай з’явы заставалася нерастлумачанай.

— А чаму-ж не дапусціць, што гэта зусім не праменні, а адгор’і, здольныя ярчэй адсвечваць сонечнае святло? — запытаў Ніколь.

— Не, — засупярэчыў Барбікен, — калі-б сапраўды было так, як ты гаворыш, то гэтыя адгор’і пры некаторым палажэнні Луны адносна Сонца адкідалі-б цень, чаго ў сапраўднасці няма.

І сапраўды, светлыя палосы з’яўляліся толькі ў той час, калі Сонца стаяла прама супроць Луны; пры ўскосных-жа праменнях святла яны знікалі.

— Няўжо не прыдумалі яшчэ тлумачэння для гэтых светлавых палос? — спытаў Мішэль. — Я не дапускаю, каб вучоныя маглі раптам вычарпаць тлумачэнні.

— Так, — адказваў Барбікен. — Гершэль выказаў сваю думку аб гэтым, але не выдае яе за праўду.

— Няма патрэбы. У чым-жа заключаецца яго думка?

— Ён дапускаў, што светлавыя палосы не што іншае, як патокі застыглай лавы, якія ззяюць у той час, калі Сонца кідае свае праменні прама на іх. Гэта, бадай, магчыма, але ручацца за правільнасць такога тлумачэння нельга. Аднак, калі мы падыйдзем бліжэй да гары «Ціхо», то, можа, нам і ўдасца знайсці прычыну гэтага бляску.

— А ці ведаеце, сябры, на што падобна гэта раўніна, калі глядзець на яе з вышыні, на якой мы цяпер знаходзімся? — спытаў Мішэль.

— Не ведаю, — адказаў Ніколь. — З усімі гэтымі абломкамі лавы, выцягнутымі накшталт верацяна, яна здаецца вялізнай кучай цацак, раскіданых у беспарадку. Так і хочацца кручком павыцягваць іх адну за адной!

— Паважаны сябра, — сказаў глыбокадумна Барбікен, — што гаварыць аб тым, на што гэта падобна, калі ў гэту хвіліну мы не ведаем нават, што гэта такое?

— Грунтоўны адказ! — усклікнуў Мішэль. — Будзеш ведаць, прынамсі, як разважаць з вучонымі.

Снарад між тым рухаўся ўдоўж луннага дыска з нязменнай скорасцю. Кожны зразумее, што падарожнікі не думалі цяпер аб адпачынку. Кожную секунду мяняўся ландшафт, які праносіўся ў іх перад вачыма. Раніцой, каля паловы другой, яны заўважылі верхавіну другой гары. Барбікен заглянуў у карту: аказалася, што гэта быў «Эратасфен».

Гэта кольцападобная гара, вышынёй у чатыры тысячы пяцьсот метраў, была адной з надзвычай шматлікіх на луннай паверхні. Тут, між іншым, Барбікен паведаміў прыяцелям даволі дзіўную думку Кеплера аб паходжанні лунных цыркаў наогул. Славуты астраном сцвярджаў, што кратэрападобныя упадзіны — справа чалавечых рук.

— З якой-жа мэтаю? — спытаў Ніколь.

— Мэта зразумелая! — адказаў Барбікен. — Селеніты пачалі гэтыя бясконцыя работы і выкапалі прасторныя пячоры, каб, хаваючыся ў іх, абараняць сябе ад Сонца, якое пячэ іх па два тыдні падрад.

— Селеніты зусім не такія дурныя! — заўважыў Мішэль.

— Па-мойму, гэта дзіўная думка, — сказаў Ніколь. — Трэба меркаваць, Кеплеру не былі вядомы сапраўдныя размеры гэтых цыркаў, таму што выкапаць такія гіганцкія нізіны — рэч абсалютна немагчымая.

— Але-ж цяжар там у шэсць разоў меншы, чым на паверхні Зямлі, — засупярэчыў Мішэль.

— А ты забыў, што затое селеніты самі ў шэсць разоў меншыя за жыхароў Зямлі, — засупярэчыў Ніколь.

— Ды ці існуюць яшчэ гэтыя селеніты? — заўважыў Барбікен.

Словы прэзідэнта спынілі пачатыя спрэчкі. «Эратасфен» знік раней, чым снарад паспеў падыйсці да яго настолькі, каб можна было зрабіць больш дакладнае яго даследаванне. Гэта гара аддзяляла ланцуг «Апенін» ад «Карпатаў».

Падарожнікам удалося толькі мільком глянуць на верхавіны «Апенін».