Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
X. Назіранні XI. Лунныя моры
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XII. Паверхня Луны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІ

Лунныя моры

— Ці бачылі вы калі-небудзь Луну? — з іроніяй запытаў нейкі прафесар у аднаго з сваіх студэнтаў.

— Не, — адказаў той з яшчэ большай іроніяй, — але павінен прызнацца, што тое-сёе чуў пра яе.

Не памыляючыся, можна сказаць, што велізарная большасць нават падлуннага свету магла-б даць такі забаўны адказ. І сапраўды, колькі нам даводзіцца чуць пра Луну, а бачыць яе — амаль ніколі ніхто не бачыў… у падзорную трубу ці тэлескоп! Рэдка каму з нас даводзілася нават кінуць вокам на карту нашага спадарожніка!

Пры першым-жа позірку на лунную карту вас перш за ўсё здзіўляе адна асаблівасць. Мацерыкі Луны, у процілегласць размяшчэнню мацерыкоў на Зямлі і на Марсе, згрупаваны галоўным чынам у паўднёвым паўшар’і. Абрысы іх не прадстаўляюць сабой тых пэўных, рэзкіх ліній, якімі агранічана, напрыклад, Паўднёвая Амерыка, Афрыка і Індыйскі поўвостраў. Вуглаватыя і дзівосна зрэзаныя берагі маюць мноства заліваў і поўастравоў. Яны нагадваюць архіпелаг Зондскіх астравоў, дзе зямля падзяляецца на бясконцы лік частак. І калі існавала калі-небудзь мора на Луне, то плаваць па ім, пэўна можна сказаць, было вельмі небяспечна.

Да ліку асаблівасцей Луны належыць і тое, што паўднёвы полюс яе куды багацейшы мацерыкамі, чым паўночны. На паўночным полюсе існуе толькі невялікая група зямель, аддзеленых ад іншых мацерыкоў вялікімі морамі; на поўдні амаль усё паўшар’е пакрыта няроўнасцямі.

Усюды ясна відаць горныя ланцугі, асобныя горы і ўпадзіны. Увесь лунны рэльеф пакрыты такімі няроўнасцямі, так што з выгляду ён здаецца нейкай велізарнай Швейцарыяй ці бясконцай Нарвегіяй. Гэта паверхня, зрэзаная столькімі няроўнасцямі, з’явілася рэзультатам паслядоўнага сціску луннай кары ў перыяд яе астывання.

Лунны дыск прадстаўляе вялікае поле для вывучэння выдатнейшых геалагічных з’яў. Хаця ўтварэнне луннай паверхні адбылося і ў больш даўнія эпохі, чым утварэнне паверхні зямнога шара, але ў некаторых адносінах яна навейшая за апошнюю. Тут няма вады, здольнай змяніць першабытную будову і сваім пастаянным дзеяннем падвесці ўсё пад адзін агульны ўзровень; няма і паветра, выветрываючыя ўласцівасці якога здольны змяніць рэльеф мясцовасці. Сляды дзеяння вогненных сіл засталіся тут у сваёй першабытнай чыстаце. Гэта была тая-ж Зямля, але якую моры і патокі яшчэ не паспелі засыпаць наноснымі слаямі.

Пасля агляду шырокіх лунных мацерыкоў позірк накіроўваецца на яшчэ больш абшырныя «моры». Не толькі абрысы берагоў, палажэнне і знадворны выгляд іх нагадваюць зямныя акіяны, але і тут, таксама як і на Зямлі, яны займаюць большую частку паверхні шара. Але яшчэ раз заўважым: гэта зусім не вадазборы, а проста раўніны, уласцівасці якіх нашы падарожнікі спадзяваліся ў хуткім часе высветліць.

Цікава, што старажытныя астраномы далі гэтым выабражальным морам самыя дзіўныя назвы, якія, аднак, захаваліся ў навуцы і па сёнешні дзень.

«Мора Воблакаў» здавалася падарожнікам вялізнай ўпадзінай, на якой пасаджана некалькі буйных гор; «Акіян Бур» — самая абшырная раўніна на ўсім лунным дыску; пасярод яго ўзвышалася цудоўная гара «Кеплер».

Крыху на поўнач знаходзіцца «Мора Дажджоў», маючае амаль круглую форму. Па берагах гэтага круга абрысоўваюцца тры залівы, даволі значных размераў: заліў «Знойны», «Расы» і заліў «Радуг» — гэта невялікія раўніны, сціснутыя між высокімі горнымі ланцугамі.

Паўднёвае паўшар’е, яшчэ больш дзівоснае, мае вялікую колькасць мораў, затое значна меншых размераў. На поўначы, па-першае, «Мора Холаду»; яно падыходзіць да «Возера Смерці» і да «Возера Сноў». Далей — «Мора Яснасці», «Мора Крызісаў», ахопленае горным ланцугом. Бліжэй да экватара — «Мора Спакою». Яно на поўдні злучаецца з «Морам Нектара», а на ўсходзе — з «Морам Урадлівасці», самым вялікім у паўднёвым паўшар’і.

Вось у якім выглядзе паўстала перад Ніколем і Барбікенам паверхня зямнога спадарожніка, якая рассцілалася перад іх вачыма. Калі яны падлічылі ўсе вымярэнні, аказалася, што хаця паверхня паўшар’я ў 13½ разоў меншая за паўшар’е зямное, усё-ж вучоныя налічылі на ім больш 50 000 кратэраў. Можна сабе ўявіць, як перакапана лунная паверхня. Барбікен, вядома, быў праў, паўтарыўшы тут вельмі непаэтычную мянушку «зялёны сыр», даную Луне англічанамі. Ардан нават падскочыў, пачуўшы ад старшыні Пушачнага клуба такую непахвальную назву.

— Ну, прызнаюся, — усклікнуў Мішэль, — добра называюць англасаксы ХІХ стагоддзя красуню Дыяну, залатакудрую Фебу, чароўную Ізіду, прыгожую царыцу ночы Астарту, дачку Латоны і Юпітэра, юную сястру прамяністага Апалона!..