З пушкі на Луну/Навакол Луны/X
← IX. Вынікі адхілення | X. Назіранні Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XI. Лунныя моры → |
РАЗДЗЕЛ Х
Назіранні
Барбікен, відавочна, знайшоў адзіную колькі-небудзь магчымую прычыну адхілення. Якой ні малой яна здавалася, усё-ж толькі яна адна пацягнула за сабою адхіленне снарада ад належнага напрамку. Але якія-ж адсюль вынікі? Смелая спроба павінна была закончыцца няўдачаю зусім выпадкова, і калі зноў не здарыцца чаго-небудь незвычайнага са снарадам, то ўжо дасягнуць Луны не будзе ніякай магчымасці.
Ці праляцяць яны, прынамсі, у такой ад яго адлегласці, каб вырашыць некаторыя навуковыя пытанні, нікім яшчэ не вырашаныя? Вось што галоўным чынам займала нашых падарожнікаў цяпер. Аб сваім будучым яны і думаць не хацелі. А між тым і над гэтым, варта было падумаць: што з імі будзе сярод бязмежных пустынь, калі не стане паветра, неабходнага для падтрымання жыцця? Яшчэ якіх-небудзь некалькі дзён — і яны задыхнуцца ў снарадзе, які нёсся цяпер у невядомае. Але гэтыя некалькі дзён здаваліся ім стагоддзямі, і яны прысвяцілі ўвесь дарагі час назіранням за Луной, на якую яны ўжо не разлічвалі папасці.
Уся паверхня Луны ззяла і гарэла, як расплаўленае срэбра, асляпляючы вочы. Адлегласць снарада ад Луны вельмі хутка змяншалася: скорасць снарада хаця і стала меншаю за пачатковую, але ўсё-ж перавышала ў восем ці дзевяць разоў тую скорасць, якую маюць экспрэсы чыгунак.
Снарад меў ускосны напрамак, і гэта давала Ардану некаторую надзею дакрануцца хаця да якога-небудзь месца на лунным дыску. Ён ніяк не мог змірыцца з тым, што снарад туды не пападзе, і бесперапынна паўтараў сваё. Барбікен, з свайго боку, не пераставаў пераконваць яго строгай логікай.
— Не, Мішэль, не! Папасці на Луну мы можам толькі падаючы на яе, а мы-ж не падаем. Мы знаходзімся пад уплывам двух сіл: дацэнтрабежнай, якая прыцягвае нас да Луны, і адцэнтрабежнай, якая стараецца аддаліць нас ад яе.
Гэтыя словы былі сказаны так пераканаўча, што Мішэль больш не супярэчыў.
Той часткаю Луны, да якой накіроўваўся снарад, было яго паўночнае паўшар’е, якое на лунных картах змяшчаюць знізу, бо гэтыя карты наогул здымаюцца з ізабражэння, дастаўляемага тэлескопамі, а разглядваемыя ў іх прадметы атрымліваюцца ў адваротным выглядзе. Адна з такіх карт — Бэра і Медлера — у сучасны момант ляжала перад вачыма Барбікена. Гэта паўшар’е прадстаўляла абшырныя раўніны, на якіх усюды тырчэлі асобныя горы.
А поўначы настаў поўнік. У гэты момант яны былі-б ужо на Луне, калі-б няпрошаны госць — балід — не адхіліў іх ад першапачатковага шляху. Луна між іншым ужо прышла на месца, дакладна вызначанае Кембрыджскай абсерваторыяй. Месца вызначана было абсалютна верна. Назіральнік, размясціўшыся ў гэты час на дне велізарнай калумбіяды, убачыў-бы Луну проста над сабою. Калі правесці ваабражальную прамую лінію, называемую воссю гарматы, то працяг яе прайшоў-бы праз цэнтр Луны.
Зразумела, нашы падарожнікі ў гэту ноч, з 5-га на 6-ае снежня, не заплюшчвалі вачэй. Ды ці можна было спаць, знаходзячыся так блізка ад гэтага новага свету? Яны — прадстаўнікі Зямлі, і праз іх род чалавечы пранікаў у тайны невядомага свету. У моцным хваляванні яны моўчкі пераходзілі ад аднаго акна да другога.
Назіранні, якія рабіў пераважна Барбікен, праводзіліся вельмі дакладна; у гэтым ім дапамагалі падзорныя трубы, а праверкай назіранняў служылі карты.
Галілей быў першым назіральнікам Луны. У яго распараджэнні быў слабы тэлескоп, які павялічваў прадметы толькі каля 30 разоў. Не гледзячы на гэта, яму ўдалося распазнаць, што плямы, якія спярэшчваюць лунны дыск, «падобна вочкам, што ўсейваюць даўгі хвост павы», — не што іншае, як горы; ён змераў нават іх вышыні, якія, згодна яго разлікаў, аказваліся роўнымі адной дваццатай радыуса дыска, ці 8 800 метрам. Аднак, ён не пакінуў пасля сябе карты сваіх назіранняў.
Некалькі гадоў пасля таго данцыгскі астраном Гевелій даказваў, што вышыня лунных гор павінна быць меншай, іменна — менш адной дваццаць шостай луннага дыяметра. Ён-жа склаў і першую карту Луны. Круглыя і светлыя плямы на ёй азначаюць горы, а цёмныя — вялікія моры (якія ў сапраўднасці не што іншае, як раўніны). Ён даў ім такія-ж назвы, якія сустракаюцца на Зямлі. Там аказаліся, напрыклад, Сінай пасярод Аравіі, Этна ў цэнтры Сіцыліі, Альпы, Апеніны, Карпаты, а таксама і моры: Сяродземнае, Мрамарнае, Чорнае і Каспійскае. Назвы гэтыя для лунных гор і мораў вельмі няўдалыя: ні горы, ні моры ніколькі не падобны па абрысах на сваіх зямных аднайменнікаў. Назвы Гевелія не захаваліся.
Другі картограф, які ведаў лепш слабыя струны чалавецтва, прапанаваў свае назвы, якія ахвотна ўсімі і былі прыняты. Гэта быў Рычыёлі, сучаснік Гевелія. Яго карта мела безліч грубых памылак. Затое лунныя горы, напрыклад, ён назваў імёнамі вялікіх людзей, старажытных і сучасных, што і прынята было для ўсеагульнага карыстання.
У ХVІІ стагоддзі французскі астраном Касіні склаў трэцюю лунную карту; яго работа хаця была зроблена з большай дакладнасцю, чым рычыёлеўская, але карта наогул няправільна адносна вымераў. Разышлося некалькі яе выданняў, але потым медная дошка, якая заляжалася ў друкарні, была прадана на лом, як непрыгодная рэч.
Лагір, другі выдатны французскі матэматык, склаў лунную карту велічынёю ў чатыры метры, але яна не была надрукавана.
Пасля яго нямецкі астраном Табіяс Мейер каля паловы ХVІІІ стагоддзя пачаў быў рыхтаваць карту па дакладных, ім самім правераных вымерах; але смерць у 1762 годзе спыніла гэту выдатную працу. Многія потым браліся за гэтую справу, але толькі ў 1830 годзе Бэр і Медлер склалі сваю выдатную „Mappa selenoh grapca“. На ёй зусім правільна паказаны лунны дыск у тым выглядзе, як ён уяўляецца зямному назіральніку: усе падрабязнасці ў абрысах гор і раўнін правільны толькі ў цэнтральнай частцы Луны, астатнія-ж часткі — паўднёвая, паўночная, усходняя і заходняя, — паказаныя ў паменшаным выглядзе, не могуць быць параўнанымі з цэнтральнымі. Гэта карта, велічынёю ў дзевяноста пяць сантыметраў і падзеленая на чатыры часткі, з’яўляецца верхам дасканаласці ў луннай картаграфіі.
Пасля гэтых вучоных можна ўпамянуць аб карце нямецкага астранома Юліуса Шмідта, аб выдатных доследах англійскага аматара Дэлару і, урэшце, аб карце Лекуцюр’е і Шапюі, зробленай у 1860 годзе з дзіўнай дакладнасцю і выразным размяшчэннем[1].
У Барбікена былі дзве карты: Бэра і Медлера і Шапюі і Лекуцюр’е. Яны павінны былі дапамагаць яму ў рознастайных назіраннях і вылічэннях.
Акрамя таго, у яго распараджэнні былі выдатныя марскія трубы, назнарок прыстасаваныя да гэтага падарожжа. Яны павялічвалі прадметы ў сто разоў і, значыцца, маглі на Зямлі набліжаць Луну да 4 000 кілометраў. Але тут, на адлегласці, якая хутка дасягне некалькіх сот кілометраў, і ў асяроддзі, дзе паветра не магло мець ніякага ўплыву — таму што яго і не было — гэтыя інструменты павінны былі наблізіць Луну да адлегласці ўсяго на некалькі кілометраў.
- ↑ У сучасны момант астраномы маюць падрабязныя фатаграфіі луннай паверхні.