Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. Пытанні і адказы VII. Хвіліна ап‘янення
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
VIII. У пункце роўнага прыцяжэння

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VІІ

Хвіліна ап’янення

Толькі пры незвычайных умовах можна было назіраць такую нябачаную, дзіўную, але, разам з тым, і лёгка вытлумачальную з’яву. Гэта так захапіла нашых падарожнікаў, што яны ні аб чым больш і не гаварылі ўвесь вечар. Трывога іх павялічвалася разам з набліжэннем да мэты. Яны чакалі чагосьці незвычайнага, чакалі новых з’яў і былі ў такім настроі, што нішто не магло-б іх здзівіць. Думкі іх далёка адляцелі ад снарада, скорасць якога ўжо значна аслабла, непрыкметна для саміх пасажыраў. Луна з кожнай хвілінай усё павялічвалася перад іх вачыма: часам здавалася, што дастаткова працягнуць руку, каб зачапіць за яе…

На другі дзень, 5 снежня, з пяці гадзін раніцы ўсе ўтраіх былі на нагах. Калі вылічэнні былі правільныя, то ў гэты дзень павінна было закончыцца падарожжа, самае дзіўнае і незвычайнае з усіх, якія толькі бывалі ў даўнейшыя і новыя часы. Так, іменна ў гэты дзень, роўна а поўначы, у самы момант поўніка, яны павінны былі сустрэцца з бліскучым дыскам Луны. З самай раніцы глядзелі яны ў вокны, асветленыя яркімі праменнямі начнога свяціла, і віталі яго радаснымі воклічамі:

— Ура!

Луна велічна рухалася па зорнаму небу; яшчэ некалькі градусаў — і яна апыніцца іменна ў тым пункце, дзе павінна адбыцца сустрэча. Барбікен гаварыў, што снарад упадзе ў паўночным паўшар’і, дзе паўсюды відаць былі прасторныя раўніны і толькі зрэдку трапляліся горы. Гэтыя акалічнасці былі надзвычай важныя, бо кісларод луннай атмасферы, як меркавалі, павінен быў сабрацца ў далінах і цяснінах.

— Раўніна больш выгадна для нашай пасадкі, чым гара, — заўважыў Ардан. — Жыхар Луны, якога высадзілі-б у Еўропе на Манблане ці ў Азіі на верхавіне Гімалаяў, не мог-бы яшчэ сказаць, што знаходзіцца на зямлі.

— Ёсць і іншая выгада, — дадаў Ніколь: — калі снарад упадзе на плоскую паверхню, ён застанецца на месцы, а калі дзе-небудзь на схіле гары, то пакоціцца, як мячык, і нельга ручацца, што мы застанемся цэлымі і непашкоджанымі. Гара, значыцца, наогул будзе зусім недарэчы.

Падарожжа ўвесь час праходзіла так удачна, што нельга было сумнявацца ў поспеху смелай справы. Старшыня Пушачнага клуба, аднак, чамусьці не быў спакойны: відаць, яго хвалявала нейкая думка, але якая — гэтага ён таварышам не гаварыў, каб заўчасна іх не ўстрывожыць.

Усе матэматычныя разлікі Кембрыджскай абсерваторыі вялі да таго, што снарад павінен быў папасці ў самы цэнтр луннага дыска. Сапраўды-ж выходзіла, што ён ляцеў да паўночнага паўшар’я; значыцца, першапачатковы напрамак змяніўся, адбылося адхіленне. У выніку якіх-жа прычын? Барбікен гэтага не мог адгадаць, а галоўнае — не мог вызначыць велічыні гэтага адхілення. Ён, аднак, да гэтага часу падзяляў са сваімі таварышамі думку аб выгадах пасадкі на паўночным паўшар’і.

Барбікен і далей вельмі ўважліва назіраў за Луной і, колькі мог, стараўся даследаваць, ці не змяніўся напрамак снарада. Можна ўявіць сабе жах становішча, калі-б снарад, не дасягнуўшы мэты, раптам быў прыцягнуты якой-небудзь сілаю ў міжпланетную прастору.

У гэты час Луна ўжо не здавалася плоскім кружком: злёгку вырысоўвалася яе выпукласць, і калі-б Сонца асвятліла яе ўскоснымі праменнямі, то вельмі ясна можна было-б адрозніць высокія горы, ззяючыя глыбіні кратэраў і дзівосныя выгіны, спярэшчваючыя нязмерную прастору раўнін. Але ўсё гэта злівалася пры яркім сонечным асвятленні, і ледзь можна было адрозніць толькі тыя шырокія плямы, якія надаюць гэтаму светламу кругу падобнасць да чалавечага твара.

— Твар, ды і годзе, — сказаў Ардан. — Адно вельмі прыкра за любую сястру Апалона: рабаваты ён у яе!

Падарожнікі ўсё глядзелі бесперастанку на гэты, нікім нябачаны, зусім новы для іх свет. Выабражэнне заносіла іх то на высокія пікі, то ў глыбіню шырокіх цяснін. Там і сям здаваліся ім шырокія моры і струмені вады, якія прыносілі з гор пасільную даніну. Лунаючы над бяздоннем, яны спадзяваліся пачуць шум гэтага вечна маўклівага свяціла.

Апошні дзень пакінуў самыя моцныя ўспаміны. Ні адной драбніцы не згладзілася з памяці падарожнікаў. Няпэўная трывога авалодвала імі па меры набліжэння да мэты. Гэта трывога магла яшчэ больш ўзмацніцца, калі-б яны здольны былі адчуць, наколькі паменшылася скорасць руху снарада: скорасць здалася-б вельмі недастатковай для таго, каб ён мог даляцець да Луны.

У гэты час снарад ужо амаль нічога не важыў. Па меры аддалення ад Зямлі вага яго паступова змяншалася і павінна была стаць роўнай нулю ў тым пункце, дзе прыцяжэнні Луны і Зямлі роўны і, значыцца, уроўнаважваюцца.

Аднак, не гледзячы на ўсе трывогі, Ардан не забыў згатовіць снеданне са звычайнай акуратнасцю. Усе елі з вялікім апетытам. Снеданне сапраўды было на славу: смачней за гэты бульён, звараны пры дапамозе газа, і гэтае мяса ў кансервах, здавалася, нічога не магло быць. У давяршэнне ўсяго гэтага выпілі некалькі шклянак добрага французскага віна, прычым Ардан не забыў заўважыць, што лунныя вінаграднікі — калі яны толькі былі, — сагрэтыя пякучымі праменнямі сонца, павінны даваць высокаякасныя віны.

На ўсякі выпадак прадбачлівы фрэнцуз захапіў з сабою некалькі каштоўных лоз Медока і Кот-д’Ора, на якія ён галоўным чынам спадзяваўся.

Апарат, які ўвесь час дастаўляў новыя запасы паветра, дзейнічаў з надзвычайнай акуратнасцю. Ні адна часцінка вуглекіслаты не магла ўстаяць супроць едкай шчолачы, а кісларод, як казаў капітан Ніколь, быў «першага сорту». Невялікая колькасць вадзяной пары, што была ў снарадзе, змешваючыся з гэтым паветрам, змяншала яго сухасць; вельмі многія кватэры ў Парыжы, Лондане і Н’ю-Йорку, многія тэатральныя залы, вядома, не былі ў такіх спрыяючых, у гігіенічных адносінах, умовах.

Але для правільнага дзеяння неабходны быў вельмі старанны догляд за апаратам. Таму Мішэль кожную раніцу аглядаў рэгулятары, прабаваў краны і рэгуляваў тэмпературу газа.

Да гэтага часу ўсё ішло як нельга лепш; падарожнікі, падражаючы ў гэтым выпадку паважанаму Мастону, пачыналі не на смех таўстець. І хто ведае, што-б з іх вышла, калі-б іх зняволенне прадаўжалася некалькі месяцаў. З імі, адным словам, адбывалася тое, што бывае з куранятамі, пасаджанымі ў клетку, — яны тлусцелі.

Гледзячы ў акно, Барбікен бачыў труп вернага сабакі і іншыя прадметы, выкінутыя з снарада, якія неадлучна следавалі за імі. Дыяна нудліва заскавытала, убачыўшы астанкі Спутніка. Але ўсе гэтыя рэчы, разам з ядром, здаваліся такімі нерухомымі, як быццам ляжалі на зямлі.

— Ведаеце, сябры мае, — сказаў Ардан, — калі-б хаця адзін з нас не перанёс таго штуршка, якім нас пачаставаў снарад пры вылеце з калумбіяды, то было-б вельмі сумна яго хаваць, ці, дакладней кажучы, кінуць у прастору! Труп нябожчыка праследаваў-бы нас, як пакуты сумлення.

— Так, нявесела, — адказаў Ніколь.

— Ах! — ускрыкнуў Мішэль. — Аднаго шкадую, што нельга цяпер прайсціся! Якая-б асалода плаваць у гэтай прамяністай прасторы, лунаць у сонечных праменнях! О, калі-б толькі Барбікен узяў з сабою каучукавую фуфайку ды паветраны насос, я адважыўся-б высунуцца з ядра… Я стаў-бы на яго нагою — у выглядзе статуі «Хімеры»…

— Эх, мілы Мішэль, — сказаў Барбікен, — нядоўга-б ты быў статуяй, таму што, не гледзячы на гэту фуфайку, ты лопнуў-бы, як граната ці паветраны шар, які падняўся занадта высока. Пакуль мы будзем плаваць у гэтай беспаветранай прасторы, табе давядзецца адмовіцца ад усякіх сантыментальных пагулянак!

Ардан згадзіўся, што гэта было-б справай цяжкой, але не немагчымай — слова «немагчыма» ён ніколі не прызнаваў.

Ажыўленая гутарка пераходзіла з аднаго прадмета на другі і не спынялася ні на хвіліну.

Тром прыяцелям здавалася, што розныя ідэі растуць у іх, як маладое лісце пад праменнямі вясенняга сонца.

Між мноствам пытанняў і адказаў, абмеркаваных за гэту раніцу, Ніколь прапанаваў адно, на якое ніхто не даў простага вырашэння. — Вось што, — сказаў капітан, — на Луну ляцець вельмі прыемна, але як мы вернемся назад?

Таварышы глянулі на яго са здзіўленнем.

— Як вас разумець, Ніколь? — важна спытаў Барбікен.

— Гаварыць аб звароце з краіны, у якую яшчэ не прыляцелі, мне здаецца зусім недарэчы, — дадаў Мішэль.

— Я, вядома, не з тым кажу гэта, каб адступаць ад пачатай справы, — засупярэчыў Ніколь, — мне проста цікава ведаць, якім чынам мы вернемся.

— Я гэтага не ведаю, — сказаў Барбікен.

— А я, — сказаў Мішэль, — калі-б і ведаў, то ні за што не вярнуўся-б.

— Вось гэта адказ! — усклікнуў Ніколь.

— Я яго ўхваляю, — сказаў Барбікен. — І дадам з свайго боку, што пытанне ваша ў сучасную хвіліну не мае ніякага інтарэсу. Пазней, бадай, калі знойдзем, што прышоў час вяртацца, то і падумаем аб гэтым. Калі калумбіяды там не будзе, то снарад усё-ж застанецца з намі.

— Ну, у гэтым яшчэ мала ўцешлівага! Куля без ружжа!

— Ружжо заўсёды можна зрабіць, — засупярэчыў Барбікен, — порах таксама: ні ў металах, ні ў селітры, ні ў вугалі не можа быць недахопу ў нетрах Луны. Каб вярнуцца, трэба перамагчы толькі луннае прыцяжэнне, якое значна меншае за зямное: дастаткова будзе падняцца над Луной на адлегласць якіх-небудзь трыццаці тысяч кілометраў, каб затым, па законах цягацення, упасці на Зямлю.

— Даволі, — сказаў Мішэль, натхняючыся. — Каб і размовы больш не было пра зварот! Мы ўжо і без таго многа аб ім гутарылі. А вось наконт зносін з нашымі землякамі — дык гэта будзе зусім няцяжка.

— А якім-жа чынам?

— Ды хоць пры дапамозе тых-жа балідаў, што выкідваюцца луннымі вулканамі.

— Вельмі дасціпная ідэя, Мішэль, — сказаў пераканаўчым тонам Барбікен. — Лаплас вылічыў, што для адпраўлення баліда з Луны на Зямлю зусім дастаткова ўжыць сілу, якая ў пяць разоў большая за сілу нашых пушак. А вулканы-ж маюць куды большую сілу вывяржэння.

— Ура! — закрычаў Мішэль. — Якая цудоўная рэч гэтыя баліды, а галоўнае — яны нічога не будуць нам каштаваць! Можна будзе пасылаць пісьмы без марак, без распісак. І ўжо як мы пасмяемся тады з паштова-тэлеграфных правілаў! Але я думаю…

— Што ты думаеш?!

— Выдатная ідэя! Як нам не прышло ў галаву прычапіць да снарада дрот? У нас-бы тады наладзіліся правільныя тэлеграфныя зносіны з Зямлёй!

— Тысячу д’яблаў! — крыкнуў Ніколь, — а вагі дроту на 400 тысяч кілометраў даўжынёю ты не прызнаеш?

— Як не прызнаю? У калумбіяду можна было-б пакласці зарад у тры, чатыры, пяць разоў большы! — крыкнуў Мішэль з узрастаючай палкасцю.

— Супроць гэтага праекта, — сказаў Барбікен, — я зраблю адну невялікую заўвагу. Гэты дрот, пры вярчэнні снарада, накручваўся-б на яго, як ланцуг на вал, і, значыцца, вярнуў-бы нас на Зямлю.

— Што за ліха, — закрычаў Мішэль, — у мяне сёння ўсё непрактычныя думкі! Думкі, вартыя Мастона! Але мне здаецца, што калі мы не вернемся на Зямлю, Мастон здольны з’явіцца на Луну, каб нас наведаць.

— Так, ён пойдзе, — сказаў Барбікен, — ён паважаны і храбры чалавек. Ды і што яму перашкодзіць гэта зрабіць? Хіба калумбіяда ўцячэ з Фларыды? Хіба можа аказацца недастача ў баваўнянай паперы і ў азотнай кіслаце для вырабу піраксіліна? Хіба Луна не пройдзе зноў цераз зеніт Фларыды? Хіба праз восемнаццаць гадоў не зойме яна таго-ж палажэння, якое займае цяпер.

— О, вядома, — уторыў Мішэль, — вядома, Мастон з’явіцца да нас, а з ім і нашы прыяцелі, усе члены Пушачнага клуба… А ўжо як мы іх сустрэнем! А там установяцца правільныя рэйсы снарадаў між Луной і Зямлёй. Ура Мастону!

Калі высокашаноўны Мастон і не мог пачуць гэтых «ура», выгукваемых у гонар яго, то ўсё-ж можна было ручацца, што ў яго звінела ў вушах. Што ён рабіў у гэты час? Без сумнення, стаяў на Скалістых гарах, у абсерваторыі Лонгспіка, і стараўся знайсці снарад калумбіяды ў бязмежнай прасторы. Калі ён думаў у гэтую хвіліну аб сваіх любых таварышах, то трэба прызнацца, што і яны не заставаліся вінаватымі перад ім і, пад уплывам нейкай асобай прычыны, прысвячалі яму лепшыя свае думкі.

Але што гэта за ажыўленне, якое з кожнай хвілінай узрастала ў пасажыраў снарада? Твары іх пачырванелі, нібы яны сядзелі, не адыходзячы, некалькі гадзін супроць гарачай печы; дыханне паскорылася, лёгкія дзейнічалі, як кавальскія мяхі, вочы незвычайна блішчэлі, галасы сталі нейкімі дзіўнымі гукамі; падарожнікі не гаварылі, а стралялі словамі: кожны гук вылятаў, як пробка з бутэлькі шампанскага, рухі цела станавіліся небяспечнымі.

І што за ўсё страшней, яны самі не заўважалі гэтага ўзбуджанага стану.

— Цяпер, — адрывіста сказаў Ніколь, — калі мне невядома, калі і як мы вернемся з Луны, я хачу ведаць, што мы будзем там рабіць.

— Што мы будзем рабіць, — ускрыкнуў Барбікен, грозна тупаючы нагою, нібы знаходзіўся ў фехтавальнай зале, — я гэтага не ведаю!

— Дык ты не ведаеш? — зароў Мішэль страшным голасам.

— Нават і ўявіць не магу! — адказаў Барбікен такім-жа гнеўным тонам.

— А я дык ведаю! — прароў Мішэль.

— Кажы-ж, што ведаеш! — закрычаў Ніколь, які таксама не здольны быў стрымліваць свой голас.

— А вось на зло не скажу! Скажу, калі мне ўздумаецца! — адказаў Мішэль, з сілаю хапаючы руку таварыша.

— Мы жадаем, каб табе ўздумалася гэта зараз-жа, — сказаў Барбікен, пабліскваючы вачыма і робячы рукою пагражальны жэст. — Ты ўцягнуў нас у гэта страшнае падарожжа, і мы хочам ведаць, навошта?

— Так, — дадаў капітан, — калі я не ведаю, куды іду, то хачу ведаць, навошта я іду!

— Навошта? — закрычаў Мішэль, падскакваючы на цэлы метр, — ты хочаш ведаць навошта? На тое, каб імем Злучаных Штатаў заўладаць Луною! Каб далучыць новы штат да Саюза. Каб каланізаваць лунныя вобласці, апрацаваць іх, засяліць, перанесці туды ўсе цуды навукі, мастацтва і прамысловасці! Зрабіць селенітаў адукаванымі людзьмі, калі яны ўжо не разумнейшыя за нас, і… арганізаваць у іх рэспубліку!

— Ды яшчэ пытанне, ці ёсць на свеце гэтыя селеніты? — засупярэчыў Ніколь, у якога пад уплывам незразумелага ап’янення з’явіўся новы незвычайны задор.

— Хто асмеліўся сказаць, што няма селенітаў? — шалёна закрычаў Мішэль.

— Я! — адказаў Ніколь.

— Капітан! Не спрабуй паўтараць гэтай дзёрзкасці — а не дык я заткну тваю глотку.

Праціўнікі гатовы былі кінуцца адзін на аднаго, і гэта недарэчная спрэчка закончылася-б бойкай, калі-б Барбікен не кінуўся іх разнімаць.

— Стойце, няшчасныя! — крыкнуў ён, разнімаючы іх. — Калі там няма селенітаў, мы абыйдземся і без іх…

— Так, — ускрыкнуў Мішэль, які ўжо зусім забыў пра ўсе свае ранейшыя разважанні, — мы і без іх можам абыйсціся. І што нам селеніты?.. Далоў селенітаў!

— Нам патрэбна толькі Луна! — закрычаў Ніколь.

— Мы ўтраіх арганізуем рэспубліку!

— Я буду кангрэсам! — лемантаваў Мішэль.

— А я сенатам! — гарланіў Ніколь.

— А Барбікен прэзідэнтам! — рыкаў Мішэль.

— Не павінна быць ніякага прэзідэнта, не абранага народам! — крыкнуў Барбікен.

— Прэзідэнт будзе абірацца кангрэсам, — загаласіў Мішэль, — а паколькі я сам кангрэс, то я аднагалосна выбіраю цябе прэзідэнтам!

— Ура! ура! ура прэзідэнту Барбікену! — крычаў Ніколь.

— Гіп! гіп! гіп! — рыкаў Мішэль Ардан. Затым прэзідэнт разам з «сенатам» пачалі страшным тонам пець сваю нацыянальную песню «Янка Дудл», між тым як «кангрэс» сола спяваў «Марсельезу».

Пачаліся недарэчныя скокі з дзікімі жэстамі, шалёным тупаннем ног і куляннем. Дыяна, далучыўшыся да гэтых скокаў, у сваю чаргу заскуголіла і раптам скокнула да самага верху ядра, адкуль пачуліся незразумелае хлопанне крыллямі і незвычайна звонкі петушыны крык. Пяць ці шэсць курэй, нібы звар’яцелыя кажаны, лёталі, стукаючыся аб сценкі ядра.

Нарэшце, падарожнікі, пад уплывам незразумелай прычыны ап’янення, нібы нежывыя, пападалі на дно ядра.