З пушкі на Луну/Навакол Луны/VIII
← VII. Хвіліна ап‘янення | VIII. У пункце роўнага прыцяжэння Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
IX. Вынікі адхілення → |
РАЗДЗЕЛ VIII
У пункце роўнага прыцяжэння
Што-ж здарылася? Адкуль узялося дзіўнае ап’яненне, вынікі якога маглі быць гібельнымі?
Прычынаю была няўважлівасць Мішэля, якую Ніколь, на шчасце, паспеў своечасова абясшкодзіць.
Поўная непрытомнасць прадаўжалася некалькі хвілін; капітан раней за ўсіх апрытомнеў і стараўся прывесці да парадку свае думкі.
Не гледзячы на тое, што ён толькі што паснедаў, ён адчуў страшэнны голад, які мог мучыць толькі чалавека, які не браў у рот нічога на працягу некалькіх дзён.
Ён устаў і патрабаваў у Мішэля дадатковага снедання. Знясілены Мішэль не адказаў ні слова. Тады Ніколь рашыў сам згатаваць некалькі шклянак чаю і тузіну скібачак падсмажанага хлеба. Перш за ўсё, зразумела, трэба было запаліць агонь, і ён чыркнуў запалкай.
Можаце сабе ўявіць яго здзіўленне, калі запалка загарэлася такім незвычайна яркім агнём, што аж закалола ў вачах! З газавага ражка, які ён запаліў, шуганула страшнае полымя.
Раптам у Ніколя прасвятлела ў галаве. Ён адразу зразумеў прычыну незвычайна яркага полымя і таго расстройства, якое ён адчуваў, і моцнага ўзбуджэння ўсіх сваіх псіхічных і фізічных здольнасцей.
— Кісларод! — ускрыкнуў ён.
І, нахіліўшыся да паветранага апарата, ён пераканаўся, што з крана б’е фантанам струмень гэтага газу, бескаляровага, не маючага ні смаку, ні паху, але які ў чыстым выглядзе можа вельмі шкодна дзейнічаць на арганізм. Бесклапотны Мішэль па няўважлівасці пакінуў кран адкрытым. Падарожнікаў чакала смерць: яны не задыхнуліся-б у кіслародзе, а згарэлі-б у ім!..
Ніколь хутка зачыніў кран.
Праз гадзіну паветра ачысцілася, і тры спадарожнікі апрытомнелі ад ап’янення, але не маглі адразу апамятацца ад дзеяння кісларода; яшчэ некаторы час яны былі ў стане п’яніц, у якіх праходзіць хмель.
Адважны Мішэль ніколькі не збянтэжыўся, даведаўшыся аб адказнасці, якая ўскладалася на яго ў гэтым здарэнні. Праўда, нечаканая оргія парушыла аднастайнасць падарожжа; шмат бязглуздзіцы нагаварылі пад яе ўплывам, але ўсё гэта прайшло ўжо.
— Ну, што-ж, — дадаў весяльчак-француз, — я ніколькі не каюся, што паспрабаваў гэтага хмельнага газу. Па-мойму, сябры мае, зусім нядрэнна было-б арганізаваць установу з кіслароднымі кабінетамі, дзе людзі са слабым арганізмам маглі-б некалькі гадзін пажыць жыццём, поўным энергіі і дзейнасці. Уявіце сабе, напрыклад, які-небудзь сход, дзе паветра было-б насычана гэтым кіслародам, або, дапусцім, тэатр, куды адміністрацыя ўпускала-б яго ў вялікай колькасці: які бы бы запал у душы актораў і гледачоў, колькі агню, колькі радасці! А калі-б не адзін сход, а цэлая нацыя прапіталася ім! Як закіпела-б там дзейнасць! Знясіленую нацыю можна было-б ператварыць у вялікую і сільную. Ведаеце, я думаю, што з мэтай палепшання здароўя некаторым дзяржавам нашай бабулі Еўропы вельмі карысна было-б ужыць кіслароднае лячэнне[1].
Мішэль разважаў пра ўсё гэта з такім натхненнем, нібы кран апарата быў яшчэ адкрыты. Але адна фраза Барбікена стрымала яго захапленне.
— Усё гэта вельмі прыемна, мілы Мішэль, — сказаў старшыня Пушачнага клуба, — але ці не растлумачыш ты нам, адкуль узяліся гэтыя куры, якія прынялі дзейны ўдзел у нашым канцэрце сваім кудахтаннем?
— Куры?!.
Сапраўды, поўтузіны курэй разам з велічным пеўнем расхаджвалі па снараду, штохвілінна ўзлятаючы і кудахтаючы на ўсё горла.
— Ах, нягодніцы! — ускрыкнуў Мішэль, — кісларод і на іх падзейнічаў. — Што ты думаеш з імі рабіць? — спытаў Барбікен.
— Я іх, вядома, буду разводзіць на Луне.
— Навошта-ж ты хаваў іх?
— Жарты, мой паважаны прэзідэнт, звычайныя жарты! Я хацеў выпусціць іх на Луне, не сказаўшы вам ні слова. Уяўляю ваша здзіўленне, калі-б вы ўбачылі, што гэтыя зямныя пярнатыя вольна разгульваюць па лунных раўнінах!
— О, жартаўнік! Вечны жартаўнік! — усклікнуў Барбікен. — Табе не трэба ніякага кісларода, ты і без яго вечна ў такім стане, у якім мы былі пад уплывам гэтага газу. Ты заўсёды нібы вар’ят.
— Ну, гэта яшчэ пытанне! Можа, мы толькі тады і былі па-сапраўднаму разумнымі! — засупярэчыў Мішэль Ардан.
Пасля такога філасофскага разважання прыяцелі ўзяліся наводзіць ранейшы парадак унутры снарада. Куры і певень зноў занялі свае месцы ў клетцы. Тут Барбікен і яго таварышы заўважылі новую дзівосную з’яву.
І куры, і певень, і ўсе навакольныя прадметы — нават уласныя іх целы, рукі і ногі — сталі незвычайна лёгкімі, як быццам страцілі ўсю ранейшую вагу…
Але так і павінна было здарыцца.
З той самай хвіліны, як яны пачалі аддаляцца ад Зямлі, іх уласная вага, вага снарада і ўсіх прадметаў, што былі ў ім, паступова змяншалася.
Звычайныя вагі не змаглі-б паказаць гэтага змяншэння цяжару, таму што гіры, якімі ўзважваецца які-небудзь прадмет, губляюць у гэтым выпадку такую-ж частку сваёй вагі, як і сам прадмет. Іншая справа — пружынавыя вагі, якія дзейнічаюць пругкасцю металічнай спіралі. Сіла пругкасці не залежыць ад зямнога прыцяжэння: такія вагі адразу паказалі-б памяншэнне вагі.
Прыцягальная сіла прама прапарцыянальна масам і адваротна прапарцыянальна квадратам адлегласці. Шлях снарада праходзіў між Зямлёй і Луной. Па меры таго, як снарад аддаляўся ад Зямлі, зямное прыцяжэнне змяншалася адваротна прапарцыянальна квадрату адлегласці, луннае-ж прыцяжэнне павялічвалася. У якім-небудзь пункце шляху абодва прыцяжэнні — луннае і зямное павінны былі зраўняцца, і тады снарад не меў-бы ніякай вагі. Калі-б масы Луны і Зямлі былі аднолькавыя, гэты пункт знаходзіўся-б якраз на сярэдзіне адлегласці між абодвума планетамі. Але паколькі масы іх розныя, то пункт гэты знаходзіцца на 9/10 усёй адлегласці.
У гэтым месцы цела, не маючае ніякай скорасці, вечна заставалася-б нерухомым, таму што Зямля і Луна прыцягвалі-б яго з аднолькавай сілай, і нішто, значыцца, не магло-б прымусіць яго рухацца ў той ці іншы бок.
Да гэтага часу падарожнікі, хаця і ведалі, што зямное цягаценне памяншаецца па меры аддалення ад Зямлі, аднак, яшчэ не маглі заўважыць поўнай яго адсутнасці. У гэты-ж дзень раніцою, каля 11 гадзін, Ніколь незнарок упусціў шклянку, і, на агульнае здзіўленне, шклянка не ўпала на падлогу, а павісла ў паветры, не рухаючыся з месца.
— Вось табе і на, — ускрыкнуў Ардан, — якая пацешная з’ява!
І сапраўды, розныя прадметы: зброя, бутэлькі, пакінутыя без нагляду, трымаліся ў паветры. Мішэль падняў уверх Дыяну, і тая заняла дзіўнае палажэнне ў прасторы. Аднак, жывёліна, здавалася, не здагадвалася, што плавае ў паветры.
Самі падарожнікі, здзіўленыя, уражаныя, не гледзячы на ўсе свае мудрыя разважанні, адчувалі, што целу іх нехапае вагі. Калі яны працягвалі рукі, — рукі не апускаліся самі. Галовы няпэўна матляліся на плячах. Ногі не прыцягваліся к падлозе снарада. Гэта быў стан п’яных людзей, якія пачынаюць адчуваць, што трацяць устойлівасць.
Мішэль раптам падскочыў і, адлучыўшыся на некаторую адлегласць ад дна снарада, павіс у паветры. У адзін момант абодва яго прыяцелі далучыліся да яго, і ў цэнтры снарада ўтварылася дзіўная карціна.
— Ці мысліма ўсё гэта? Ці праўдападобна гэта? Ці магчыма гэта? — крычаў здзіўлены Мішэль. — Не! Але, аднак, як бачыце, сапраўды гэта ёсць!..
— На гэту карціну нядоўга прыдзецца любавацца, — адказаў Барбікен. — Як толькі снарад пяройдзе за нейтральны пункт, зараз-жа пачне дзейнічаць луннае прыцяжэнне, і мы будзем падаць на Луну.
— Тады мы, значыць, будзем прахаджвацца па верху снарада дагары нагамі? — запытаў Мішэль.
— Не, гэтага не будзе, — адказаў Барбікен, — таму што снарад, цэнтр цяжару якога ляжыць параўнальна нізка, пачне пакрыху паварочвацца дном да Луны.
— Значыць, і ўся наша гаспадарка перавернецца ўверх дном: вось табе і на!
— Супакойся, мілы, — сказаў Ніколь. — Баяцца няма чаго. Ні адзін прадмет не кранецца з месца, таму што снарад павернецца зусім непрыкметна. —Але, гэта зусім правільна, — дадаў Барбікен, — і зараз-жа пасля пераходу праз гэты пункт ніз снарада, як больш цяжкая яго частка, стане перпендыкулярна да паверхні Луны. Але каб гэта стала, нам неабходна перайсці нейтральны пункт.
— А, значыць мы пераходзім цераз нейтральны пункт! — ускрыкнуў Мішэль.
— У такім разе нам варта зрабіць так, як робяць маракі, пераходзячы цераз экватар: вып’ем за наш пераход!
Мішэль падышоў да сцяны ядра, дастаў з шафы бутэльку і шклянкі, паставіў іх у «прасторы» перад прыяцелямі, і, весела асушваючы шклянкі, яны віталі свой пераход трохразовым «ура».
Гэта дзіўная роўнавага прыцяжэнняў Луны і Зямлі працягвалася не больш гадзіны. Падарожнікі адчувалі, што паволі апускаюцца на дно, і Барбікен у той-жа час стаў заўважаць, што пярэдняя частка снарада пачынае ўхіляцца ад лініі, накіраванай да Луны, а дно — набліжацца да яе. Значыць, луннае прыцяжэнне пачало ўжо дзейнічаць мацней за зямное. Падзенне на Луну, спачатку вельмі нязначнае, пачалося ўжо, — непрыкметнае таму, што скорасць гэтага падзення ў першую секунду раўнялася ўсяго толькі міліметру з лішнім. Але калі прыцягальная сіла пачала паступова павялічвацца, то снарад, павернуты ўжо канічнаю часткаю да Зямлі, павінен быў з узрастаючай скорасцю ляцець да паверхні Луны. Значыцца, і мэта будзе дасягнута. Нішто не магло ўжо больш пашкодзіць поспеху запаветнай справы. Ніколь і Ардан цалкам падзялялі радасць Барбікена.
Доўга яшчэ гаварылі яны пра ўсе гэтыя з’явы, здольныя кожнага здзівіць. Поўны захаплення Ардан рабіў з усяго гэтага самыя фантастычныя заключэнні.
— О, мілыя сябры, — выкрыкваў ён, — які прагрэс адбыўся-б на зямным шары, калі-б магчыма было якім-небудзь чынам пазбавіцца ад цяжару, ад гэтага цяжкага ланцуга, якім мы прыкаваны да Зямлі! Гэта — тое самае, што палоннаму стаць вольным чалавекам… Ніякай стомленасці — ні рук, ні ног.
— Так, — заўважыў Ніколь, смеючыся, — калі-б можна было дайсці да таго, каб знішчыць цяжар таксама лёгка, як знішчыць боль прывядзеннем хворага да непрытомнасці, то многа чаго змянілася-б у нашым жыцці!
— Знішчым цяжар! — крычаў Мішэль з узрастаючым захапленнем. — Тады не трэба будзе ніякіх пад’ёмных машын, таму што не было-б чаго ім падымаць.
— Добра сказана, — заўважыў Барбікен, — але калі-б нішто не мела вагі, то нішто-б само па сабе не трымалася: ні трымаўся-б капялюш на тваёй галаве, мілы Мішэль, не ўстаяў-бы і твой дом на месцы, таму што яго каменне толькі і трымаецца сваім цяжарам! Не існавала-б лодак, якія трымаюцца на вадзе толькі сілаю зямнога прыцяжэння. Не было-б нават і акіяна, вада якога трымаецца ў роўнавазе толькі сілаю цягацення! Урэшце, ад нас адышла-б і сама атмасфера, таму што яе частачкі, нічым больш не стрымліваемыя, рассеяліся-б у бязмежнай прасторы…
— Ну, гэта ўжо, разумеецца, прыкра, — сказаў Мішэль. — Што значыць практычныя людзі: куды ні зайдзі, зараз выведуць цябе на ранейшую дарогу. — Але супакойся Мішэль! Калі не існуе планеты, з якой былі-б выгнаны законы прыцяжэння, то хутка ты наведаеш такую планету, на якой гэта прыцяжэнне непараўнальна меншае за зямное.
— Гэта на Луне?
— Так, на Луне. Усе прадметы на ёй важаць у шэсць разоў менш, чым на Зямлі.
— І мы зможам пераканацца ў гэтым?
— Зразумела, таму што сто нашых кілограмаў на паверхні Луны важаць толькі каля шаснаццаці.
— А сіла нашых мускулаў там не стане меншай?
— Ніколькі. І калі ты напружыш сілу, неабходную для таго, каб падакочыць на метр ад зямлі, то на Луне, пры такой-жа сіле, ты падскочыш на цэлых шэсць метраў.
— Мы, значыцца, на Луне будзем сапраўднымі геркулесамі! — закрычаў Мішэль.
— Гэта тым больш магчыма, — сказаў Ніколь, — што калі рост селенітаў прапарцыянальны масе іх планеты, то яны будуць здавацца нам проста карлікамі, ростам каля трэці метра.
— Ліліпуты! — ускрыкнуў Мішэль. — Вось тады я буду іграць роль Гулівера! Мы здзейснім байку аб веліканах! Гэта, слова гонару, вельмі важная выгада: пакінуць сваю планету і вандраваць па сонечнаму свету!
— Не вельмі спяшайся! — засупярэчыў Барбікен. — Калі ўжо табе абавязкова хочацца быць Гуліверам, я параіў-бы табе наведваць толькі такія планеты, як Меркурый і Марс, маса якіх меншая за масу Зямлі. А на такіх вялікіх планетах, як Юпітэр, Сатурн, Уран, ролі змяніліся-б: там ты сам быў-бы толькі ліліпутам.
— А на Сонцы? — І на Сонцы ты быў-бы ліліпутам: прыцяжэнне на ім у дваццаць сем разоў сільнейшае, чым на нашым шары. Прыняўшы гэта пад увагу, выходзіць, што тамашнія жыхары павінны быць прынамсі ростам метраў у пяцьдзесят.
— Тысячу д’яблаў! — закрычаў Мішэль. — Значыцца, я сам быў-бы там пігмеем, малюткай?
— Гуліверам у гасцях у веліканаў, — сказаў Ніколь.
— Іменна так! — засупярэчыў Барбікен.
— Тады ўжо нялішне было-б узяць з сабою для абароны некалькі артылерыйскіх гармат.
— Ну, гэта, бадай, дарэмна! — сказаў Барбікен. — Ядры твае на Сонцы не мелі-б ніякай сілы; яны маглі-б ляцець усяго некалькі метраў.
— Чаму?
— А вельмі проста! На гэтым велізарным целе прыцяжэнне такое сільнае, што не дасць ядру далёка заляцець, а прымусіць яго хутка знізіцца. Май на ўвазе, што прадмет, які важыць на Зямлі 70 кілограмаў, на паверхні Сонца важыць 1930 кілограмаў. Твой капялюш, напрыклад, важыў-бы восем кілограмаў, цыгара — чвэрць кілограма. Нарэшце, калі-б ты сам упаў на сонечны мацярык, то твая вага была-б каля 2 500 кілограмаў, г. зн. такая вялікая, што ты не мог-бы крануцца з месца без старонняй дапамогі!
— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў Мішэль. — Значыцца, там заўсёды трэба было-б насіць у кішэні пад’ёмную машыну? Ну, мілыя сябры, на першы раз задаволімся Луной. Там, па крайнасці, мы будзем велічнымі персонамі! А пасля ўжо мы пабачым, ці варта накіроўвацца на Сонца, дзе патрэбна пад’ёмная машына нават для таго, каб паднесці шклянку да рота.
- ↑ Гэта ідэя служыць сюжэтам аповесці Жуль Верна „Доктар Окс“.