З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXI
← XX. Як француз умее ўладзіць цяжкую справу | XXI. Новы грамадзянін Злучаных Штатаў Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XXII. Снарад-вагон → |
РАЗДЗЕЛ ХХІ
Новы грамадзянін Злучаных Штатаў
Тэлеграф у той-жа дзень разнёс па ўсіх Злучаных Штатах вестку аб паядынку між старшынёй Пушачнага клуба Барбікенам і капітанам Ніколем і аб незвычайным яго канцы. Ролю, якую ў гэтай гісторыі сыграў Ардан, яго нечаканая прапанова, што адхіліла цяжкасці прымірэння двух выдатных грамадзян Злучаных Штатаў, іх адначасовая згода з гэтай прапановай, саюз прадстаўніка Францыі і прадстаўнікоў Злучаных Штатаў для паходу за Луну, — усё гэта яшчэ больш павялічыла без таго вялікую папулярнасць Мішэля Ардана.
Усім вядома, з якою палкасцю амерыканцы прывязваюцца да асобнага чалавека, які заслужыў іх павагу ці любоў. Можна ўявіць сабе буру зычлівых маніфестацый, якую ўзняў француз у краіне, дзе часам і самыя важныя чыноўнікі, у парыве захаплення, запрагаюцца ў карэту артысткі і з трыумфам вязуць яе па шматлюдных вуліцах! Калі не запрагалі коней Ардана, то толькі па адной прычыне — у француза іх не было… Затое якіх толькі ён не атрымаў доказаў пашаны і захаплення! Не было грамадзяніна, які застаўся-б да яго халодным. Не было амерыканца, які не прызнаў-бы Мішэля Ардана выдатным, «адзіным сярод многіх».
З гэтага дня Мішэль Ардан не меў ні хвіліны спакою. Штодня, з раніцы да ночы, да яго прыходзілі дэпутацыі з усіх канцоў Амерыкі, і ўсе гэтыя дэпутацыі ён, рад ці не рад, павінен быў прымаць і выслухоўваць. Немагчыма злічыць, колькі рук ён паціснуў за гэтыя дні, колькі выпіў урачыстых брудэршафтаў.
Хутка ён зусім стаміўся. Ад бясконцых, хаця і кароткіх, прывітальных прамоў горла яго да такой ступені ахрыпла, што з вуснаў выляталі ўжо нечленападзельныя гукі; ад бакалаў віна, якія Ардан павінен быў выпіць у гонар усіх графстваў асобных штатаў Паўночнаамерыканскага Саюза, ён ледзь не захварэў на моцнае запаленне страўніка і кішок.
Такі поспех у першы-ж дзень ускружыў-бы галаву іншаму чалавеку, але Мішэль Ардан здолеў утрымацца ў межах поўап’янення, якое, між іншым, выклікалася не столькі віннай парай, колькі агульнай мітуснёй і стомленасцю. Ён увесь час захоўваў сваю дасціпную і чароўную вясёласць.
З усіх дэпутацый, што з’явіліся да Мішэля Ардана, асабліва адзначылася працэсія лунатыкаў, якая палічыла сваім неадменным абавязкам пазнаёміцца з будучым заваявальнікам Луны. Лунатыкі — іх у Амерыцы даволі многа — звярнуліся да яго нават з фармальнай просьбай, каб ён узяў іх з сабою і завёз іх на лунную радзіму. Некатарыя сцвярджалі, што ведаюць «лунную мову», і прапанавалі навучыць яго гаварыць «па-селеніцку». Мішэль Ардан і іх зачараваў, даўшы згоду праслухаць некалькі лекцый луннай мовы і абяцаўшы ім выканаць усе іх маленькія даручэнні на Луне.
— Дзіўная манія! — сказаў ён Барбікену, выправадзіўшы дэпутацыю лунатыкаў. — Ты верыш ва ўплыў Луны на людскія хваробы?
— Не. Не ведаю нават, чаму тут верыць, — адказаў Барбікен.
— Я таксама не веру, — казаў далей Ардан, — аднак, вядомы дзіўныя факты ў гэтай галіне. Так, напрыклад, некаторыя медыкі знаходзілі сувязь між прыступамі падучай хваробы і фазамі луны; такая-ж сувязь назіраецца быццам-бы і пры некаторых нервовых хваробах. Напрыклад, доктар Мэд прыводзіць выпадак з дзіцем, у якога пры кожным поўніку з’яўляліся сударгі. Галь сцвярджаў, што ў слабых людзей павышаная дзейнасць назіраецца толькі два разы ў месяц і якраз у часы поўніка і маладзіка. Ёсць яшчэ мноства назіранняў такога-ж парадку адносна злоякасных ліхарадак, галавакружэнняў, прыпадкаў сомнамбулізма[1], якія, па думцы многіх, даказваюць таямгнічы ўплыў Луны на хваробы людзей.
— Але чаму-ж гэта можа быць? Якая тут прычынная сувязь? — запытаў Барбікен.
— Чаму можа быць? — паўтарыў Ардан. — Не ведаю. Магу паўтарыць табе толькі тое, што сказаў спачатку Плутарх, а праз дзевятнаццаць вякоў Араго: «таму, быць можа, што гэта няпраўда!»
Становішча «славутага чалавека» прынесла Мішэлю Ардану і ўсе непрыемнасці, якія немінуча звязаны з гэтай роляй. Яму пачалі надакучаць антрэпрэнёры. Вядомы Барнум прапанаваў яму мільён за кругавую паездку па Злучаных Штатах, каб у кожным горадзе Ардан выступаў у якасці лектара ці наогул паказваў сябе за плату. Але Ардан назваў Барнума «слонаважатым» і выправадзіў з пажаданнем, каб яго самога, Барнума, павазілі па Амерыцы напаказ.
Грамадская цікаўнасць Злучаных Штатаў павінна была абмежавацца партрэтамі Мішэля Ардана. Гэтыя партрэты хутка распаўсюдзіліся па ўсяму свету і занялі пачэсныя месцы ў альбомах. Здымкі рабіліся розных размераў, ад натуральнай велічыні да мініятур — з паштовую марку. Кожны амерыканец мог бачыць свайго героя ва ўсялякіх позах: адну галаву, ці па пояс, або ва ўвесь рост, у профіль, у тры чвэрці, анфас і, урэшце, хоць адну патыліцу і спіну. Лік партрэтаў Мішэля Ардана дайшоў да 1 500 000 экземпляраў.
У Ардана быў зручны момант пагандляваць рэліквіямі: за кожны яго волас, напэўна, далі-б па далару і больш, што, пры яго ільвінай грыве, склала-б цэлую маёмасць.
Нельга сказаць, каб гэтая папулярнасць не падабалася Ардану. Наадварот. Ён ахвотна трымаў сувязь з публікай і гатовы быў перапісвацца з цэлым светам. Усюды паўтаралі яго словы, асабліва яго дасціпныя жарты, прычым часта прыпісвалі яму і такія, у якіх ён быў зусім невінаваты. Публіка верыла ўсяму, бо запас жартаў Мішэля Ардана здаваўся невычарпальным.
Калі, нарэшце, яму пашчасціла крыху вызваліцца ад публічных ушанаванняў, ён пайшоў з бліжэйшымі сваімі сябрамі аглядаць калумбіяду. Гэта быў, можна сказаць, абавязковы для яго падзячны візіт, бо іменна калумбіяда дала яму магчымасць набыць сусветную славу.
Дзякуючы частым гутаркам з Барбікенам, Мастонам і астатнімі членамі Пушачнага клуба, Мішэль Ардан сам пачаў крыху разбірацца ў балістыцы і пазнаёміўся з некаторымі фактамі ў гэтай галіне; сур’ёзнаму разуменню балістыкі перашкаджала яго амаль поўная адсутнасць ведаў па матэматыцы. Аднак, Ардан гаварыў не столькі аб артылерыі, колькі аб прыяцелях-артылерыстах. Вышэйшай асалодай для яго было дражніцца з імі і даказваць, што яны, уласна кажучы, забойцы; праўда, вельмі вучоныя, вельмі мілыя і далікатныя, але ўсё-такі забойцы. Ардан з захапленнем аглядаў калумбіяду і апусціўся на дно гіганцкай мартыры, якая хутка павінна была закінуць яго на Луну. Аддаўшы належнае майстэрству артылерыстаў і механікаў, Ардан дадаў:
— Сапраўды, калумбіяда — усім пушкам пушка! Найлепшая ў свеце! Перш за ўсё тым, што яна нікога не заб’е, нікому не зробіць шкоды. Не тое, што вашы звычайныя пушкі, якія прыносяць толькі гора, разбурэнне, смерць!
Тут неабходна прыпомніць аб інцыдэнце з паважаным сакратаром Пушачнага клуба. Як толькі Барбікен і Ніколь згадзіліся з прапановай Ардана ляцець на Луну, Мастон тут-жа рашыў, што і ён да іх далучыцца. Таму, як толькі мінулі надзвычайныя акалічнасці пасля дуэлі, ён звярнуўся да Барбікена з патрабаваннем афіцыйна паставіць пытанне аб «паездцы ўчатырох» на Луну. Але, пры ўсёй сваёй прыхільнасці да Мастона, Барбікен, як старшыня Пушачнага клуба, выказаўся супроць удзелу Мастона ў палёце, зрабіўшы яму заўвагу, што снарад можа ўзяць толькі самы абмежаваны лік пасажыраў — не больш трох.
Зняважаны да болю ў сэрцы, Мастон пабег да Мішэля Ардана з надзеяй на яго дапамогу, але і Ардан падтрымаў думку Барбікена. Ардан, аднак, не абмежаваўся звычайным адмаўленнем, а імкнуўся пераканаць, уцешыць паважанага сакратара Пушачнага клуба ўсякімі довадамі як грамадскага, так і асабістага, так сказаць, характару.
— Ведаеш што, браток Мастон… Ты, калі ласка, не гневайся і не вытлумач маіх слоў у дрэнны бок, але, па праўдзе кажучы, згадзіся, дзедка, між намі, што ты вельмі, так сказаць, недасканалы, каб з’явіцца на Луну…
— Недасканалы? — усклікнуў буяны інвалід.
— Але, мілы! Уяві сабе, што там, на Луне, мы сустрэнем жыхароў… Што яны пра цябе падумаюць? Ды хіба табе самому прыемна будзе паказаць на сваёй няпоўнай, так сказаць, персоне, што творыцца тут, у нас, на Зямлі, — дэманстраваць сабою сумную ілюстрацыю вынікаў вайны? Дзякуючы табе селеніты даведаюцца, што людзі Зямлі трацяць лепшы свой час на тое, каб разбіваць адзін аднаму галовы, рукі і ногі, адзін аднаго знішчаць! Яны тады даведаюца, чаму на нашай планеце няма і паўтара мільярда жыхароў, хаця яна магла-б пракарміць цэлых сто мільярдаў. Адным словам, яны атрымаюць такое дрэннае паняцце аб Зямлі, што — ведаеш, мой браце — могуць яшчэ паказаць нам на дзверы…
— Ну, а калі вы самі даляціце да Луны ў выглядзе кавалкаў? — засупярэчыў Мастон. — Вы тады будзеце яшчэ менш «дасканалыя», чым я.
— Гэта вядома… — адказаў Мішэль Ардан, — але я ўпэўнен, што мы даляцім туды цэлымі.
Ардан меў падставу сцвярджаць гэта. Не толькі тэарэтычныя меркаванні Барбікена, прыдумаўшага, як знішчыць сілаю пругкасці вады «аддачу» снарада, але і дослед, пастаўлены 18 кастрычніка, пераканаў яго ў гэтым.
Барбікен выпісаў з арсенала Пенсаколы 32-дзюймовую мартыру і паставіў яе на канцы рэйда Гілісборо, каб бомба, падаючы назад, папала ў мора; гэта павінна было значна аслабіць сілу ўдара. Для таго-ж, каб вытрымаць дзеянне першага штуршка, г. зн. напор парахавых газаў на снарад, бомба была зроблена асобым спосабам, а іменна: у ёй зрабілі падвойныя сценкі, між якімі размясцілі сетку спружын з лепшай сталі.
— Сапраўднае гняздзечка! — заўважыў Мішэль Ардан. — Толькі-б яшчэ аблажыць ваткаю!
— Ды сесці туды! — дадаў Мастон. Ён шкадаваў, што бомба вельмі малая, а то ён-бы сам у яе сеў.
Адвінціўшы верх бомбы, пасадзілі ў яе вялікага ката. Некаму прышло ў галаву, што бомба будзе круціцца, і таму кот можа не вытрымаць галавакружэння. Тады Мастон прапанаваў пасадзіць за кампанію сваю маленькую ручную вавёрку, якую ён вельмі любіў. Вавёрка, прывыкшы заўсёды круціцца ў коле, не павінна была баяцца галавакружэння.
Мартыру зарадзілі 160 фунтамі пораху, а затым у яе апусцілі снарад. Далі сігнал, пачуўся стрэл.
Бомба, прыгожа апісаўшы сваю парабалу, дасягнула вышыні некалькіх сот метраў, затым грацыёзнаю крывою паляцела назад уніз і нырнула ў хвалях бухты. Тады, не губляючы ні хвіліны, да месца падзення бомбы паімчалася лёгкая лодка. Мора было там неглыбокае. Вопытныя нырцы амаль адразу знайшлі бомбу і, прывязаўшы вяроўку да яе вушак, уцягнулі ў лодку.
На ўсё гэта — ад моманту стрэлу да зняцца крышкі бомбы — прайшло не больш пяці мінут.
У лодцы былі Ардан, Барбікен, Ніколь і Мастон. Са зразумелым хваляваннем сачылі яны за адвінчваннем крышкі… Не паспелі яе падняць, як з бомбы выскачыў кот, крыху памяты, але поўны жыцця.
Вавёркі не маглі знайсці, хаця абмацалі ўсе куточкі. Яна нібы знікла, не пакінуўшы ніякага следу. Давялося згадзіцца, што кот з’еў свайго спадарожніка…
Паважаны Мастон быў вельмі засмучоны пагібеллю сваёй любіміцы-вавёркі. Аднак, ён хутка ўцешыўся меркаваннем, што вавёрка загінула ў імя навукі.
Пасля гэтага доследу зніклі апошнія апасенні. Заставалася толькі выправіцца ў дарогу.
Праз два дні Мішэль Ардан атрымаў ад прэзідэнта Злучаных Штатаў пакет, які ўзрадаваў яго больш, чым усе ранейшыя пашаны.
Урад надаваў яму званне ганаровага грамадзяніна Злучаных Штатаў.
- ↑ Сомнамбулізм — тое-ж, што лунатызм.