З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XX
← XIX. Атака і абарона | XX. Як француз умее ўладзіць цяжкую справу Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
XXI. Новы грамадзянін Злучаных Штатаў → |
РАЗДЗЕЛ ХХ
Як француз умее ўладзіць цяжкую справу
Пакуль старшыня Пушачнага клуба і капітан Ніколь выпрацоўвалі ўмовы сваёй амерыканскай дуэлі (гэта самая страшная форма дуэлі, пры якой адзін праціўнік «палюе» за другім: высочвае яго, падкрадваецца і страляе, як у дзікага звера), Мішэль Ардан соладка спаў на сваёй пасцелі, адпачываючы ад трывог мітынга і трыумфальнага шэсця. Аднак, слова «спаў» — не зусім дакладны выраз, таму што амерыканскія пасцелі па мяккасці і выгоднасці больш падобны на мрамарныя ці гранітныя пліты, чым на добра ўпарадкаваныя еўрапейскія ложкі.
Таму, не гледзячы на ўсю сваю стомленасць, Ардан спаў даволі кепска, усё варочаўся з боку на бок між прасцінамі, размер якіх быў крыху большы за вялікія сарвэткі. Ардан заракаўся, што у сваім будучым снарадзе ён зробіць мяккенькую і зусім выгодную пасцельку. Раптам праз сон пачуўся неймаверны шум — бесперапынны стук у дзверы; стукалі нібы нейкім інструментам. Да гэтага, безумоўна вельмі ранняга, стуку далучыліся гучныя крыкі.
— Адамкні! — крычалі з карыдора. — Хутчэй адамкні!
Ардан вельмі неахвотна згадзіўся на гэту дзіўную просьбу, але ўсё-ж устаў і адамкнуў дзверы ў тую-ж хвіліну, калі яны ледзь не зляцелі з завесаў пад напорам упартага наведвальніка. У пакой, нібы бомба, уляцеў шаноўны сакратар Пушачнага клуба, Дж. Т. Мастон.
— Учора ўвечары на мітынгу, — крыкнуў, Мастон без прадмоў, — нашага старшыню публічна зняважылі! Ён выклікаў зневажальніка на дуэль, і гэты зневажальнік — не хто іншы, як капітан Ніколь. Яны сёння раніцою б’юцца ў лесе каля горада. Я аб усім даведаўся ад самога Барбікена. Калі яго заб’юць — загінула наша справа! Трэба перашкодзіць гэтай дуэлі! Але адзін толькі чалавек можа спыніць, угаварыць Барбікена, і гэты чалавек — вы, Мішэль Ардан!
Ардан не перапыняў, не распытваў Мастона. Ён адразу схапіў свае шырокія панталоны, і менш чым праз дзве хвіліны абодва прыяцелі Барбікена беглі з горада ў прадмесце і адтуль — у лес Скрэсно.
У час гэтага паспешнага бегу Мастон паспеў растлумачыць Ардану сапраўднае становішча рэчаў. Ён расказаў, хто такі капітан Ніколь, пра яго даўняе саперніцтва і варожасць да Барбікена, і чаму яны, Барбікен і Ніколь, дзякуючы захадам сваіх прыяцеляў, ні разу да гэтага часу не сустракаліся. Мастон дадаў, што асабістых адносін у сапернікаў ніколі не было, і ўся іх варожасць вырасла з прафесіянальнага саперніцтва, з саперніцтва між ядром і броняй. Сцэна на мітынгу была толькі зачэпкай для Ніколя, каб палічыцца за даўняе з Барбікенам.
Мішэля Ардана асабліва абуралі ўмовы амерыканскай дуэлі.
І сапраўды, цяжка прыдумаць што-небудзь больш жахлівае. Калі наогул жахліва, што два чалавекі свядома маюць намер забіць адзін аднаго, то яшчэ больш агідна, што іх паядынак ператвараецца ў паляванне на дзікага звера. Праціўнікі чакаюць адзін аднаго, схаваўшыся за якое-небудзь дрэва ці крадучыся між кустамі, і стараюцца напасці знянацку, перш чым праціўнік заўважыць.
Тут відавочна пераемнасць ад нораваў ранейшых чырвонаскурых, ад іх спосабаў вайны. Для поспеху ў амерыканскай дуэлі патрэбны іменна дзіўныя якасці чырвонаскурых: незвычайная вастрыня іх зроку і слыху, іх здрадлівая хітрасць, надзвычайнае ўменне высочваць і «чуць» ворага. Неабходна таксама і быстрая індзейская кемлівасць у гэтым «паляванні», бо найменшая памылка, несвоечасовы паварот, лішні крок могуць закончыцца смерцю.
Нарэшце, — чаго ўжо ніяк не мог перанесці Ардан, — амерыканцы на гэтыя паядынкі бяруць часам сваіх паляўнічых сабак, і тады кожны праціўнік, з’яўляючыся адначасова і паляўнічым і дзічынаю, цэлымі гадзінамі высочвае другога па ўсіх правілах паляўнічага майстэрства.
— Чэрці вы, а не людзі! — усклікнуў Мішэль, калі Мастон закончыў сваё вобразнае і энергічнае апісанне карціны гэтай амерыканскай дуэлі.
— Ужо якія ёсць… — скромна адказаў Мастон. — Аднак, трэба спяшацца!..
Але як яны не спяшаліся, пайшоўшы нацянькі цераз поле, яшчэ мокрае ад расы, цераз равы, пераскокваючы цераз ручаі, — яны дайшлі да лесу толькі к палове шостай. Значыцца, Барбікен ужо цэлыя поўгадзіны быў у лесе.
На ўзлеску працаваў стары дрывасек, звязваючы пасечаныя дровы. Мастон падбег да яго, крычучы:
— Ці не бачылі вы, як у лес увайшоў чалавек са стрэльбаю? Барбікен, старшыня… мой лепшы друг…
Паважаны сакратар Пушачнага клуба прастадушна думаў, што ўсе ў Амерыцы ведаюць яго старшыню. Аднак, твар дрывасека не пацвярджаў яго меркаванняў.
— Паляўнічага! Са стрэльбаю! — паясніў тады Ардан.
— Паляўнічага? Так, паляўнічага бачыў, — адказаў дрывасек.
— Даўно?
— Ды з гадзіну будзе.
— Спазніліся! — роспачна ўсклікнуў Мастон.
— Ну, а страляніну чулі? — запытаў Ардан.
— Страляніну? Не, не чуў.
— Ніводнага стрэлу?
— Ніводнага. Відаць, дзічыны няма, ці паляўнічы няважны…
— Што-ж рабіць? Што-ж рабіць? — паўтарыў машынальна Мастон некалькі разоў.
— Што рабіць? Адзін сродак: ісці ў лес і шукаць іх, — адказаў Ардан. — Нічым не рызыкуем, акрамя таго, што могуць у нас пусціць кулю, хаця і не нам прызначаную.
— Ах, лепш-бы дзесяць куль мне ў чэрап, чым адну ў галаву Барбікена! — усклікнуў Мастон такім голасам, што шчырасці яго нельга было не паверыць.
— Калі так, то пойдзем! — моцна паціскаючы руку таварышу, усклікнуў у адказ Ардан.
Праз некалькі секунд абодва прыяцелі ўжо зніклі ў лесе. Гэта быў гушчар кіпарысаў-веліканаў, клёну, тульпанавага дрэва, тамарындаў, алівы, дубу і магнолій. Дрэвы раслі так блізка адно каля аднаго, што іх галлё спляталася самым дзівосным чынам, і праз яго нічога не было відаць нават за некалькі крокаў. Доўга не сустракалі ніводнай прагаліны.
Мішэль Ардан і Мастон ішлі поруч, маўкліва пераступаючы цераз высокую траву. Раз-по-разу даводзілася з вялікімі цяжкасцямі пракладваць сабе дарогу праз магутныя ліяны, пільна ўглядаючыся ў кусты і сплеценае галлё, чакаючы на кожным кроку страшнага гуку стрэла са стрэльбы.
Індзеец можа змог-бы адшукаць сляды, якія павінен быў пакінуць Барбікен, прабіраючыся праз лес, — месцамі былі і сцежкі, слаба бачныя і хутка знікаючыя, — але Ардан і Мастон ішлі наўздагад, навослеп, ледзь прабіраючыся па немагчыма цяжкаму шляху.
Так патрацілі цэлую гадзіну на бескарысную хаду. Прыяцелі прыпыніліся. Трывога іх узрастала ўсё хутчэй і хутчэй.
— Не! Мусіць, усё скончана! — сказаў зусім збянтэжаны Мастон. — Такі чалавек, як Барбікен, не будзе хітраваць. Ён не зробіць ні засады, ні пасткі! Ён вельмі смелы, вельмі сумленны! Напэўна, Барбікен пайшоў прама насустрач небяспецы, і… ужо знайшоў смерць…
— Але сказаў-жа табе дрывасек, што не было ніводнага стрэлу!
— Дрывасек мог не пачуць… Вецер мог аднесці гук.
— Ну, а мы самі? — засупярэчыў Ардан. — Хіба мы не пачулі-б: ужо цэлую гадзіну ходзім…
— А калі мы прышлі вельмі позна? — сказаў Мастон у роспачы.
Ардан не знайшоў, што адказаць. Яго самога палохала гэтая думка.
— Аднак, няма чаго тут стаяць! Пойдзем зноў! Давай крычаць, клікаць іх па імёнах! — сказаў Ардан.
Але на крыкі іх не адказвалі ні Барбікен, ні капітан Ніколь. Між тым лес быў невялікі, і абодва прыяцелі хутка агледзелі большую палавіну яго. Нішто не напамінала аб прысутнасці ў ім Барбікена ці Ніколя. Ардан сам пачаў сумнявацца ў правільнасці слоў дрывасека і хацеў ужо кідаць бескарысныя пошукі ці, прынамсі, адпачыць, як раптам Мастон, дайшоўшы да адной паляны, прыпыніўся і ўхапіў Ардана за руку.
— Тсс! — прашаптаў ён. — Нехта там!..
— Хто?
— Мужчына! Ён стаіць. Стрэльбы ў яго няма.
— Што-ж ён там робіць? — запытальна шапнуў Мастон.
— Ты яго пазнаеш? — тым-жа шэптам запытаў Ардан. — Я блізарукі: кепска бачу…
— Так, так! Ён аглянуўся!
— Хто-ж хто?
— Капітан Ніколь.
— Ніколь! — усклікнуў Ардан і адчуў, што сэрца яго балюча сціснулася.
— Ніколь без зброі! Значыць, яму няма чаго ўжо баяцца свайго ворага!..
— Пойдзем да яго! — рашуча сказаў Ардан. — Прынамсі, будзем ведаць праўду!
Крыху прайшоўшы, яны спыніліся, каб лепш разгледзець капітана. Яны ўяўлялі сабе, што ўбачаць чалавека, задаволенага крывёю, святкуючага перамогу, але, угледзеўшыся ў яго, былі надзвычай здзіўлены.
Між двума вялікімі тульпанавымі дрэвамі было нацягнута сіло з густымі дробнымі петлямі, і ў гэтым сіле, са страшэнным піскам, білася, заблытаўшыся крыллямі, малюсенькая птушачка. Птушкалоў, паставіўшы гэта бязлітаснае сіло, быў не чалавек: гэта была справа атрутнага фларыдскага павука, велічынёю з галубінае яйцо і з вялікімі клюшнямі. Ён ужо бег па сілу да сваёй афяры…
Агіднае насякомае не паспела, аднак, укусіць і атруціць няшчасную птушку. Перад тым як падбегчы да яе, павук убачыў страшнага ворага і паспешна схаваўся ў высокім галлі дрэва.
Гэтым ворагам атрутнага павука быў не хто іншы, як капітан Ніколь. Паклаўшы стрэльбу на зямлю і забыўшы небяспечнасць свайго становішча, ён стараўся як мага асцярожней вызваліць птушку з заблытаных вузлоў сіла. Нарэшце, гэта яму ўдалося, ён выпусціў птушку з рук, і тая, весела ўзмахнуўшы крыллямі, хутка знікла ў паветры.
Ніколь расчулена сачыў за яе палётам між дрэвамі. Раптам над самым яго вухам прагучэлі словы, сказаныя ўсхваляваным, расчуленым голасам:
— Вы добры чалавек! Проста добры чалавек!
Ніколь азірнуўся. Перад ім стаяў Мішэль Ардан, паўтараючы на ўсе лады:
— Велікадушны, мілы чалавек!
— Мішэль Ардан! — выкрыкнуў Ніколь. — Чаго вы тут? Што вам тут трэба?
— Паціснуць вам руку, Ніколь, а потым не даць вам забіць Барбікена, і Барбікену не даць забіць вас.
— Барбікен! — усклікнуў капітан. — Я ўжо дзве гадзіны шукаю яго. Куды ён схаваўся?
— Ніколь! — перапыніў яго Ардан. — Гэта ўжо недалікатна з вашага боку… Трэба заўсёды паважаць праціўніка. Не трывожцеся: калі Барбікен жывы, мы хутка яго знойдзем. І гэта тым лягчэй, што і ён вас шукае… калі толькі не заняўся, як вы, вызваленнем птушак, папаўшых у бяду. Але калі мы яго знойдзем, — успомніце слова Мішэля Ардана, — дуэлі не будзе…
— Між старшынёй Пушачнага клуба, містэрам Барбікенам, і мной такая варожасць, — сур’ёзна адказаў капітан Ніколь, — што канец ёй можа быць пакладзен толькі смерцю аднаго з нас.
— Ну, вось яшчэ! Даволі, калі ласка, — спыніў яго Ардан. — Такія добрыя, выдатныя людзі, як вы і Барбікен, могуць, праўда, ненавідзець адзін аднаго, але абодва вы варты вялікай павагі: павінны і вы адзін аднаго паважаць. Дуэлі між вамі, ва ўсякім выпадку не будзе.
— Не, будзе! Я буду біцца!
— Не будзеце біцца!
— Капітан! — усклікнуў Мастон ад усёй душы, — я блізкі друг старшыні нашага клуба. Калі вам абавязкова трэба каго-небудзь забіць, страляйце ў мяне: гэта будзе зусім адно і тое-ж.
— Падобныя жарты!.. — усклікнуў капітан, сударгава сціскаючы стрэльбу.
— Майму другу Мастону зусім не да жартаў, — перапыніў Мішэль Ардан, — і я разумею яго жаданне памерці за чалавека, якога ён вельмі любіць. Але ні ён, ні Барбікен не загінуць ад куль капітана Ніколя, таму што вам і Барбікену я ўнясу такую прапанову, такую спакуслівую прапанову, што вы абодва ні на секунду не затрымаеце адказу згоды.
— А дазвольце даведацца, якая гэта прапанова? — запытаў Ніколь з яўнай недаверлівасцю.
— Крыху пацярпіце, — адказаў Ардан, — я магу яе сказаць толькі ў прысутнасці Барбікена.
— Ну, у такім выпадку давайце хутчэй яго шукаць! — усклікнуў Ніколь.
Адразу ўсе утраіх накіраваліся шукаць. Капітан разрадзіў сваю стрэльбу і пайшоў нервоваю хадою, не гаворачы ні слова.
Ужо цэлых поўгадзіны дарэмна шукалі. Мастон не мог вызваліцца ад чорных думак. Ён панура ўглядаўся ў Ніколя і запытваў у сябе, ці не прыкінуўся гэты страшны чалавек, задаволіўшы сваю крывяжэрную помсту, — ці не пакінуў ён пад якім-небудзь скрываўленым кустом цела Барбікена, насмерць прастрэленае куляй? Часам здавалася, што і Мішэля Ардана трывожыць такая-ж маркотная дума. Абодва пільна ўглядаліся ў капітана Ніколя, нібы збіраючыся патрабаваць ад яго яснага адказу…
Раптоўна Мастон прыпыніўся.
У траве відаць быў чалавек. Ён сядзеў, прысланіўшыся да ствала вялікага дрэва.
— Гэта ён! — крыкнуў Мастон.
Барбікен сядзеў нерухома. Мішэль Ардан падбег да яго і паглядзеў яму ў вочы. Але Барбікен не варушыўся.
Ардан крыкнуў:
— Барбікен! Барбікен!
Ніякага адказу. Ардан памкнуўся да другога і гатоў ужо быў ухапіць яго за руку, але раптоўна спыніўся з крыкам здзіўлення.
Барбікен вадзіў алоўкам па сваёй запісной кніжцы: пісаў формулы, чарціў геаметрычныя фігуры.
На зямлі каля яго ляжала незараджаная стрэльба.
Захоплены работай, зусім забыўшы аб дуэлі і аб помсце, вучоны нічога не бачыў, нічога не чуў. Калі Мішэль Ардан паклаў сваю руку ў яго руку, Барбікен схамянуўся і здзіўлена паглядзеў на Ардана.
— Ах! — усклікнуў ён, нарэшце. — Гэта ты? Ты? Тут? Я знайшоў! Ведаеш, мой друг, я знайшоў.
— Што знайшоў?
— Спосаб!
— Які спосаб?
— Знішчыць страсенне!
— Няўжо? — знарок перапытаў Ардан, пазіраючы ў той-жа час на Ніколя.
— Так! Вада! Вада, якая будзе дзейнічаць, як спружына!.. Ах, Мастон! — усклікнуў Барбікен. — І вы тут!
— Ён самы! — адказаў Ардан. — А, дарэчы, дазволь пазнаёміць цябе з капітанам Ніколем.
— Ніколь! — ускрыкнуў старшыня Пушачнага клуба, устаўшы адразу на ногі. — Прабачайце, капітан, — дадаў ён, — я зусім забыў… Цяпер я гатовы!
Ардан адразу-ж умяшаўся, каб не даць праціўнікам магчымасці гаварыць.
— Ліха на яго! Сапраўды, шчасце, што вы, панове, раней не сустрэліся! Давялося-б нам цяпер аплакваць смерць аднаго з вас… Але, дзякуй богу, усё добра. Цяпер я вам абодвум скажу: ну, якія-ж вы дуэлісты, якія ворагі? Адзін убачыў птушку ў павуціне — завязаў бойку з павуком, забыўшы ворага Барбікена, а другі, замест таго каб шукаць ворага і забіць яго, сеў каля дрэва рашаць задачы!.. Ну, скажыце, калі ласка, якія вы ворагі? Каму ваша варожасць патрэбна?
Затым, звярнуўшыся да Барбікена, ён расказаў яму, што рабіў Ніколь, калі яго заўважыў Мастон.
— Ну, яшчэ раз я ў вас абодвух пытаюся, — казаў далей Ардан, — няўжо вы абодва для таго створаны, каб прастрэліць адзін аднаму галовы?
Усё гэта было так нечакана і часткова так недарэчна, што і Барбікен і Ніколь проста разгубіліся, не ведаючы, як выйсці з такога становішча.
Мішэль Ардан зразумеў іх настрой і рашыў безадкладна іх памірыць.
— Прыяцелі мае, — сказаў ён з лепшай сваёй чароўнай усмешкай, — між вамі простае непаразуменне. Нічога больш! Вы даказалі, што не дрыжыце за свае скуры… Дакажыце цяпер, што звялі ўсе свае старыя рахункі: прыміце прапанову, якую я хачу вам унесці.
— Кажыце! — сказаў Ніколь.
— Друг Барбікен верыць, што яго снарад даляціць проста да Луны…
— Безумоўна, даляціць! — усклікнуў Барбікен.
— А друг Ніколь думае, што ядро ўпадзе назад на Зямлю.
— Зразумела! Я ў гэтым цалкам упэўнены! — усклікнуў капітан.
— Добра! — казаў далей Мішэль Ардан. — Адзін думае так, другі — наадварот! Я не маю намеру пераконваць вас у адваротным, але проста вам прапаную: паляцім усе разам, а там убачым чыя праўда…
— А? Што? — усклікнуў збянтэжаны Мастон.
Пры гэтай раптоўнай прапанове абодва праціўнікі глянулі адзін на аднаго. Барбікен глядзеў ва ўпор на капітана, чакаючы яго адказу; Ніколь утаропіўся на Барбікена, падсцерагаючы першае яго слова.
— Ну, дык што-ж? — казаў далей Мішэль Ардан самым ветлівым тонам. — Страсення-ж цяпер няма чаго баяцца…
— Згодзен! — закрычаў Барбікен.
Але, не гледзячы на ўсю хуткасць адказу старшыні Пушачнага клуба, з вуснаў капітана Ніколя адначасова вырвалася тое-ж самае слова.
— Ура! Брава! Гіп-гіп! — закрычаў Мішэль Ардан, падаючы рукі абодвум праціўнікам. — Ну, цяпер, калі гэта справа ўладжана, дазвольце, прыяцелі, па французскаму звычаю, пачаставаць вас… Пойдзем снедаць!