Перайсці да зместу

З палёў Заходняй Беларусі (1927)/IV/«Вершы спадзяваньня»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Ня трывож мае самоты… „Вершы спадзяваньня“
Цыкль вершаў
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Лятунковасьць, нерашучасьць…
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Вершы спадзяваньня».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ВЕРШЫ СПАДЗЯВАНЬНЯ“

I

Ля ног тваіх маўчаць трывогі
І думкі маліцьвенна строгі,
Як мнішкі белыя гурбой
Ў цішы пуціны лесавой.
О, соладка ля ног тваіх,
У плашч чароўнасьці адзеты,
Схіляюцца красою кветы.
І вецер сіверны заціх.

Бязбурны дзень — вачэй затокі,
Яны празрысты і глыбокі,
І ясны, як вясны палон,
Іх лёгкі ціхамірны сон.
Мне люба сьніць (бязбурны дні!)
Аб шчасьці гэткім квола-крохкім
І веславаць лятункам лёгкім
Па крышталёвай глыбіні.

О, мармур сьветлага чала
Пад пасмамі глухой завеі!
О, тонкіх рук, о, рук лілеі,
Што ня чынілі справы зла!
О, хараство зялёнай пальмы!
Ты ўся зьвініш напевам псальмы,
І росных траваў родны пах
Кадзіць на твой азурны шлях!

Якая слабасьць і спакой,
Якая дзіўная суточнасьць
У сьвет нясьці адну пяшчотнасьць
І ўсё змагаць аднэю ёй.
А мне маліць — мая Марыя,
Прымі малітвы маладыя
І яснасьцю душы тваёй
Маю пахмурую напой.


II

Яна пяе

Ах, што ведаю я, што змагу, —
Чую ў сэрцы вясёлку-дугу;
А дзявоцтва гады, як прадвесьня, —
Як крыніца, зьвіняць па лугу,
Разьліваюць вясёлыя песьні,

Ах, што ведаю я, што пачну;
Мляўкі пах ап‘яняе вясну, —
А ў садку маладых лятуценьняў
Усё кветы, куды ні зірну,
Усё кветы ў абоймах праменьняў.

Ах, што ведаю я, што ільга —
Гэта сэрца стрымаць не мага
Ў ім і кадзіва сноў, і ўздыханьні;
А ружовая хмарка-туга
Росіць любыя рожы каханьня.

Ах, што ведаю я, што зраблю.
Не схаваць мне таго, што люблю,
Не ўтаіць сарамязьліва-квола,
І хацела-б згубіць, ня згублю…
Сэрца, сэрца, ня біся вясёла!

III

Жыцьцём, жыцьцём, як хісткай кладкай,
Бурліцца, пеніцца вада…
Ты нада мною вееш згадкай,
Мая-ж няроўная хада.

Як месяц воблік гэны бледы,
І жах бязьлітасна жане.
Куды? Навошта? — скуль мне ведаць!
Мой лёс злажылі без мяне.

Пусьцілі — йдзі (жыцьцём, бы кладкай!)
Пакутуй гэтта хоч ня хоч.
І вось, нядужы над загадкай,
Я паклякаю ў цемру, ў ноч.

І каб ня сны ў душы прапаснай,
Які-б ён сэнс таго быцьця,
І каб ня ты з усьмешкай яснай,
Усьмешна-ясная мая!

IV

Ты спыніла мяне каля дзьвераў,
Ўзьнікшы ў памяці зоркаю вернай.
Я ў збавеньне маё не паверыў
І спусьціўся па сходах таверны.

На абрусах тут брудныя плямы
І сумота ў піяцкім абліччы: —
Мне ня выпаўзьці з гэтае ямы,
Не паслухаць далёкага клічу.

Ты жыцьцём, нібы жытняй мяжою,
Паступаеш свабодна і пэўна,
Я, агорнуты сьнежнай імглою,
На шляху маім вее завеўна.

Над табою блакітнасьці келіх
І ў вачох тваіх ціхая яснасьць,
Я прыношу апошні мой шэлег,
Каб заліць гэту злую напаснасьць.

Не схаваю сьвядомасьці млоснай
Ад цябе незраўнанага баю:
Раскрыжованы доляю злоснай,
Як-жа душу маю захаваю?

V

Памятаеш ты помны той вечар?
(Я яго захаваў назаўсёды).
На трывогу зьдзічэла дзьмуў вецер,
І крывавілі хмары заходу,
Нібы волата сэрца прабіта
І крывёй яго неба заліта.

Я казаў аб зямным бытаваньні…
О, так горкай сьвядомасьці мова!
О, духота, глухія ўспрыйманьні!
Яно грукае, цяжкае слова,
Як віхура аб шыбы, завейна,
Як цьвікі да труны, безнадзейна.

Вечар доўгі згараў хварабліва.
Доўга падалі словы-каменьні,
Ты ўважала спакойна й маўкліва
І няўзрушна была у цярпеньні.
І як сьціх я, была бястрывожна,
Як шляху свайго пэўны дарожны.

Падышла і схілілася: „Годзе!
Супакойся, маë небарача,
Гэта толькі тваё ліхагодзьдзе
Усьміхнулася дзіка й лядача.
Ціхамірнага часу над намі
Сьпеюць радасьці сьветлымі днямі“.

VI

Ледзь знаёмы пачуецца гук,
І туга, і хаўтурнае змоўкне галошаньне.
О, лілеі пяшчотныя рук,
Мая радасьць і дзень уваскрошаньня!

Спадзяваньнем апошнім ты так неспадзевана
Зазіяла ў маёй цішыні,
А я думаў, што ўсё перасьпевана
І дасьпеваны гэныя дні.

Варажы-ж, варажы нявымоўнае бачаньне!
Мне зьвінець і зьвінеці мацней.
Будзе ноч нямінучая-страчаньне
Тваіх рук незраўнаных лілей!

1925 г.