Перайсці да зместу

З палёў Заходняй Беларусі (1927)/III/Восень (О, хараство асеньніх дзён празрыстых…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Чырванее заход ад марозу… Восень (О, хараство асеньніх дзён празрыстых…)
Санэт
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
Зімовае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (О хараство асеньніх дзён празрыстых…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ

О, хараство асеньніх дзён празрыстых,
Бязгутарнасьць прыроды і спакой.
Ўрачыста польмі з пушчаў залацістых
Прайшла туга і пала над вадой.

А там застыгла яснасьць даляй чыстых
Над цёмнай руньню й чорнай цаліной,
І холад лёгкі ў косах прамяністых
Разьліла сонца хваляй няжывой.

Наўкол сьляды павольнага кананьня
І веліч нятутэйшага маўчаньня.
Прымаю корна сон зямлі азурны,

І лятуціцца сьцішанай душы
Такі-ж спакой халодны і бязбурны
І адцьвітаньне яснае ў цішы.

1925 г.